Перад віленскай ратушай адкрылася выстава Цэслера — з Ціханоўскай, прадстаўнікамі мэрыі і «Пагоняй»
7 июля 2022 в 1657225800
«Зеркало»
Сусветныя дні беларускай культуры адкрыліся 7 ліпеня ў Вільні выставай плакатных прац беларускага мастака Уладзіміра Цэслера. Экспазіцыя размясцілася проста на плошчы перад ратушай літоўскай сталіцы і застанецца там да 31 ліпеня ўключна.
На адкрыцці выставы прысутнічала Святлана Ціханоўская і чальцы каманды палітыка, а таксама прадстаўнікі віленскай мэрыі - пад іх патранатам і пры падтрымцы Аддзела ЗША па справах Беларусі ў Літве і была арганізавана выстава.
Павітаў наведнікаў па відэасувязі і сам Уладзімір Цэслер. Мастак адказаў на шэраг пытанняў, у тым ліку прызнаўся, што самай эмацыйна складанай для яго была карціна Loading, якую ён апублікаваў 13 жніўня 2020 года.
Вечар завяршыўся выступам мужчынскага хору «Унія», які разам з наведнікамі выканаў знакаміты гімн «Пагоня».
У рамках Дзён беларускай культуры ў Вільні цягам ліпеня таксама будуць паказваць беларускія спектаклі, ствараць перформансы, некаторыя рэстараны прапануюць спецыяльнае беларускае меню.
Больш за тое, мерапрыемствы пройдуць у многіх іншых гарадах па ўсім свеце. З поўнай картай падзей можна азнаёміцца на сайце Дзён беларускай культуры. Як тлумачаць у Радзе беларускай культуры, дата 7 ліпеня была абрана для пачатку форума нездарма: у гэты дзень нарадзіліся Янка Купала, Марк Шагал і Ян Чачот, а таксама ў ноч з 6 на 7 ліпеня многія беларусы святкуюць Купалле.