«Купалаўцы» пакажуць новы спектакль «37−22», прысвечаны паэзіі ў эпоху рэпрэсій. Будзе і онлайн-трансляцыя
25 октября 2022 в 1666707660
«Зеркало»
Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» на гэтым тыдні прадставіць у Беластоку прэм'еру свайго новага паэтычнага спектакля «37−22», яна адбудзецца 29 кастрычніка, паведамілі «Зеркалу» прадстаўнікі калектыва.
Галоўная ідэя твора - дыялог паміж дзвюма перыядамі рэпрэсій, трыццатымі гадамі ХХ стагоддзя і сучаснасцю, што і вынесена ў назву.
«Новы праект Купалаўцаў спрабуе супаставіць далікатную музыку тэкстаў таго часу і яе водгулле ў цяперашнім дні, сатканае з нашага жадання памятаць. У трыццатыя беларускую літаратуру хацелі знішчыць, але пакаленні даследчыкаў, паэтаў і чытачоў ратавалі яе імёны ад забыцця, разбуралі маўчанне. І вось мы на хісткай глебе 2022 года. На галасы Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Дубоўкі, Васіля Шашалевіча адкукаюцца творы сучасных аўтараў. Што будзе з намі цяпер? Адказы на гэтае і іншыя пытанні мы прапануем пашукаць разам», - паведамляецца ў прэс-рэлізе тэатральнай групы.
У спектаклі граюць Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Алег Гарбуз, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Міхась Зуй, Сяргей Чуб. Аўтарам музыкі стаў Эрык Арлоў. Паставіў спектакль Андрэй Саўчанка - беларускі кіна- і тэатральны рэжысёр, перформер, выкладчык, сцэнарыст, галоўны рэжысёр TEATRKOMPANIA і стваральнік праекта «Тутэйшы тэатр».
Прэм'ера спектакля адбудзецца ў суботу, 29 кастрычніка, а 19.30 у Беластоцкім Тэатры Лялек. Паглядзець яе можна будзе і онлайн у прамой трансляцыі, якая распачнецца на Youtube-канале «Купалаўцаў» у той жа дзень, а 20.30 паводле беларускага часу.
Паказ «37−22» адбудзецца ў рамках фестывалю беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень», які амаль 30 гадоў ладзіўся на Падляшшы і сёлета будзе адноўлены пасля двухгадовага перапынку. Яго арганізуе беластоцкі беларускі фонд «Фундацыя Tutaka». Фестываль пройдзе 28−30 кастрычніка на трох пляцоўках у Беластоку, Бельску Падляскім і Гарадку.
«Купалаўцы» на фестываль прывязуць не толькі спектакль, але і ўласна музыку. Удзельнікі калектыву прадставяць аўтарскі музычны праект «Я гавару», таксама натхнёны беларускай паэзіяй. Прагучаць кампазіцыі на вершы сучасных паэтаў: Віталя Рыжкова, Ярыны Дашынай, Вальжыны Морт, Веры Бурлак, Дар'і Бялькевіч. Аўтары і выканаўцы музыкі - чальцы «Купалаўцаў» Міхась Зуй, Андрэй Дробыш, Зміцер Есяневіч і Аляксандр Зелянко.
Паказ «Я гавару» адбудзецца 28 кастрычніка, а 18:00 ў Бельскім Доме Культуры.