Сталі вядомыя пераможцы найбуйнейшай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Глядзіце, што варта пачытаць
25 ноября 2023 в 1700944620
«Зеркало»
Найбуйнейшую беларускую незалежную літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця сёлета ўручалі 12-ы раз. Цырымонія прайшла ў Гданьску. А пераможцай стала пісьменніца і журналістка з Падляшша Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценцы старога лесу. Гісторыі людзей Белавежскай пушчы», піша «Наша Ніва». Журы конкурса назвала яе кнігу «добра задакументаваны цуд шматгалосся беларускага памежжа».
Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Свярубская) нарадзілася ў Кутлоўцы на Падляшшы. З 1993 працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і англійскую мовы.
«Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі… Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў», - адзначыў яе кнігу Уладзімір Арлоў.
Другое месца - у Сцяпана Стурэйка і яго кнігі «Пасажыры карабля Тэсея».
Сцяпан Стурэйка нарадзіўся і вырас у Гродна. Гісторык і культурны антраполаг, доктар гуманітарных навук, дацэнт ЕГУ. З 2007 года актыўна публікуе даследаванні, прысвечаныя пытанням гісторыі і культурнай спадчыны. «Пасажыры карабля Тэсэя» - першая мастацкая кніга аўтара.
- Усе творы, змешчаныя ў кнізе, складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў - мы губім тое, што любім. Усё апісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях, - кажа пісьменнік пра сваю кнігу.
Трэцяе месца дасталася Сяргею Лескецю за кнігу «Шэпт».
Сяргей Лескець - фатограф, гісторык, этнограф. У творчасці надае перавагу тэмам традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцяў, паўсядзённага жыцця. Збірае архіў аматарскай фатаграфіі. Дзевяць гадоў таму ён пачаў вялікае падарожжа ў свет беларускай вясковай магіі. Вандруючы ад вёскі да вёскі, Сяргей Лескець шукаў чараўніц, знахарак і траўніц. У кнізе «Шэпт» чытач зможа адчуць смак падарожжа і пабачыць амаль зніклы свет традыцыі. Жыццёвыя споведзі, лекавыя практыкі і ўсе дыялогі перададзеныя на гаворках, якімі знахаркі карыстаюцца ў жыцці.
У кароткім спісе прэміі былі:
-
Алег Дашкевіч, «З вышыні птушынага палёту»,
-
Сяргей Лескець, «Шэпт»,
-
Ганна Кандрацюк, «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы»,
-
Сцяпан Стурэйка, «Пасажыры карабля Тэсэя»,
-
Іна Снарская, «Зачараваны скарб»,
-
Макс Шчур, «Там, дзе нас няма» .
Сёлета творы ўдзельнікаў ацэньвалі шасцёра літаратурных экспертаў:
Андрэй Хадановіч - паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры, аўтар дзесяці кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей.
Катажына Дрозд-Урбаньска - кандыдат філялягічных навук, літаратуразнаўца, ад'юнкт кафедры беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага унівэрсітэта. Даследуе гісторыю беларускай літаратуры, сучасную беларускую літаратуру, культуразнаўства.
Ціхан Чарнякевіч - літаратар, крытык, галоўны рэдактар сайта bellit.info.
Ева Вежнавец (Святлана Курс) - пісменніца, лаўрэатка прэміі імя Ежы Гедройця 2020 года за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».
Сяргей Кавалёў - літаратуразнаўца, крытык, драматург. Прафесар, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
Прэмія імя Ежы Гедройця - найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца з 2012 году. Яе лаўрэатамі ў розныя гады станавіліся Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамог журналіст «Радыё Свабоды» Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікненьня. Кніга першая».