Раман пра старога дыктатара і «Хронікі Нарніі». Назвалі лепшыя пераклады на беларускую за апошнія два гады
3 декабря 2023 в 1701584520
«Зеркало»
Пачатак зімы супаў з абвяшчэннем лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Карласа Шэрмана, якой узнагароджваюць найлепшыя пераклады кніг на беларускую мову. Прозвішчы пераможцаў з'явіліся на афіцыйнай старонцы прэміі ў сацыяльных сетках.
Лаўрэатамі прэміі за 2022 год сталі:
- У намінацыі «Пераклад паэзіі» − «за віртуозны падыход да старадаўняй інтымна-рэлігійнай тэматыкі» − Сяргей Шупа, пераклад са старажытнагабрэйскай «Песьні песьняў» (выдавецтва «Vesna Books», 2022).
- У намінацыі «Пераклад прозы» «за дасканаласць перадачы мовы надзвычай актуальнага шматпланавага польскага бестселера» атрымлівае Мікола Раманоўскі і яго пераклад рамана Шчэпана Твардаха «Кароль» («Янушкевіч», 2022).
- Спецыяльны прыз журы за «смелы перакладчыцкі дэбют» атрымаў Андрэй Строцаў за пераклад з англійскай мовы кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян» («Пазітыў-цэнтр», 2022).
Лаўрэатамі Прэміі за 2021 год сталі:
- У намінацыі «Пераклад паэзіі» − «за дзёрзкае пераўвасабленне фундаментальнага твора сусветнай класікі» − Яўген Папакуль, які пераклаў са старажытнаісландскай кнігу «Эда. Песні пра багоў» («Галіяфы», 2021).
- У намінацыі «Пераклад прозы» − «за бліскучую эквівалентнасць і набліжанасць да аўтарскай задумы» − Сяргей Шупа з перакладам з іспанскай мовы рамана Габрыеля Гарсіі Маркеса «Восень патрыярха» («Янушкевіч», 2021).
- У намінацыі «Пераклад дзіцячай кнігі» − «за глыбокае прачытанне складанай казкі і майстэрскае захаванне міфалагічных элементаў» − Сяргей Матырка з перакладам з нямецкай кнігі Отфрыда Пройслера «Крабат. Легенда Чорнага млына» («Янушкевіч», «Koska», 2021).
Літаратар Карлас Шэрман нарадзіўся ва Уругваі, маладосць правёў у Буэнас-Айрэсе, а пасля пераехаў у Беларусь, адкуль быў родам яго бацька. Шэрман з'яўляўся перакладчыкам, дзякучы якому, у тым ліку, на беларускай мове выйшаў раман Габрыэля Гарсіі Маркеса «Каханне падчас халеры». Дарэчы, адным з самых славутых твораў гэтага пісьменніка з'яўляецца раман «Восень патрыярха», які стаў адным з пераможцаў за 2021 год - галоўным героем твора з'яўляецца стары дыктатар.
Сёлета суарганізатарамі прэміі выступалі Bellvory Stiftung (Switzerland), Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.