Харугвы і вышкалы. Валерый Сахашчык аб'явіў аб стварэнні Паспалітага рушэння
30 сентября 2022 в 1664548920
«Зеркало»
Аб'яднаны пераходны кабінет стварае Паспалітае рушэнне. Пра гэта заявіў 30 верасня прадстаўнік Кабінета па нацыянальнай бяспецы і абароне Валерый Сахашчык. У гэтым выпадку рушэнне - гэта не пра войска, а пра нацыянальна-арыентаваную спартовую і вайсковую адукацыю, патлумачыў палітык.
«Арганізацыя ствараецца для аб'яднання беларусаў вакол мэты абароны незалежнасці Беларусі і ўзнаўлення законнасці на тэрыторыі нашай краіны, спрыяе фізічнаму і інтэлектуальнаму развіццю грамадзянак і грамадзян ды адраджэнню беларускіх вайсковых традыцый», - расказаў Сахашчык.
Рушэнне, па задуме Кабінета, будзе складацца з тэрытарыяльных аддзяленняў - харугваў. Яны атрымаюць назвы паводле гарадоў ці краін размяшчэння. Ужо ёсць Віленская, Варшаўская, Уроцлаўская і Беластоцкая харугвы, далей абяцаюць і іншыя. Паўсюль Рушэнне будзе дзейнічаць паводле мясцовых законаў. Кожную харугву ўзначаліць ротмістр.
«На дадзены момант ўжо прайшоў сбор-трэнінг для будучых кіраўнікоў аддзяленняў Рушэння, рыхтуюцца базавыя вышкалы па харугвах», - гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Беларусы, якія ўступяць у Рушэнне, змогуць удзельнічаць у трэніроўках (вышкалах), мерапрыемствах, акцыях. Далучыцца змогуць ахвотныя незалежна ад полу і ўзросту. Але для таго каб быць залічаным у харугву, давядзецца паспяхова прайсці базавы семідзённы вышкал. Тыя, хто яго не адолее, застануцца рэзервістамі. Удзел у вышкалах будзе бясплатным, абяцаюць нават выдаваць экіпіроўку.
На гэты момант адкрытага набору ў Рушэнне няма, яго аб'явяць пазней, а пакуль што працэс стварэння арганізацыі ідзе ў закрытым рэжыме. На тэрыторыі Беларусі, адзначыў Сахашчык, Рушэнне не ствараецца з-за пагрозы пераследу ўдзельнікаў з боку дзеючых уладаў.
Нагадаем, паспалітае рушэнне - гэта паняцце з гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы (і іншых краін Еўропы), якое азначае мабілізацыю ўсіх ваеннаабавязаных краіны ці нейкага рэгіёна для стварэння шляхецкага апалчэння і ўдзелу ў агульным ваенным паходзе. Паспалітае рушэнне доўгі час складала аснову ўзброеных сіл ВКЛ.