«Мы дойдзем да Беларусі і скажам разам: „Жыве Беларусь!“» Камандзір палка Каліноўскага выступіў з прамовай да Дня Волі
25 марта 2023 в 1679738880
«Зеркало»
25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі. Са святам ужо павіншавала лідар дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская. Сваё віншаванне беларусам апублікаваў і полк Кастуся Каліноўскага. Ад імя байцоў падраздзялення з прамовай выступіў камандзір палка - Кіт.
- Сто пяць гадоў таму нашы смелыя продкі змаглі сказаць сваё слова. Змаглі заявіць аб тым, што беларусы маюць права на незалежную ва ўсіх сэнсах дзяржаву. І вось ужо 105 гадоў барацьба за гэтую дзяржаву працягваецца. Полк Каліноўскага са зброяй у руках працягвае гэтае змаганне.
Мы кажам у нашым зароку на вернасць Беларусі: «Хай рукі мае сціскаюць зброю, пакуль шыбеніцы не скончаць сціскаць шыі сыноў тваіх». Мы сціскаем у руках зброю - вы надаяце набоі.
У гэты святочны дзень мы ўдзячныя вам за тое, што можам працягваць барацьбу за вызваленне. З такім надзейным тылам мы як стаялі, так і будзем стаяць.
Наша агульная мэта - Беларусь. Беларусь свабодная, незалежная і дэмакратычная. Наша агульная мэта - Беларусь шчаслівая. І мы дойдзем да Беларусі і скажам разам: «Жыве Беларусь!»
This browser does not support the video element.
Яшчэ адно агульнае віншаванне апублікавалі ў тэлеграм-канале палка Каліноўскага. Да святочнага дня байцы разам з Вольным хорам заспявалі гімн «Пагоня».
«Гэта вялікае свята для ўсіх беларусаў па ўсім свеце, а для нас яшчэ і знакавае. Менавіта 25 сакавіка ў Кіеве, пад кананаду расейскіх войскаў, тады яшчэ батальён Каліноўскага прыняў свой першы зарок на вернасць Беларусі і беларускаму народу. А праз год мы ўжо атрымалі ўзнагароды з рук Рады БНР - першыя баявыя ўзнагароды за стагоддзі! Мы з гонарам лічым сябе спадкаемцамі тых, хто больш за сто гадоў таму, пад акупацыяй, заявіў пра незалежную Беларусь. Заявіў аб тым, што беларусы могуць і павінны мець сваю дзяржаву…
Аднак не ўсе з гэтым згодны. Нас спрабавалі і спрабуюць сцерці з зямлі. Спрабуюць сцерці нашу беларускасць, спрабуюць сцерці нацыю, спрабуюць сцерці волю, спрабуюць сцерці гонар нашага народа. Спрабуюць гэта зараз. За стагоддзі мы праходзілі войны, катаванні, выгнанні, расстрэлы і голад. Але мы заўсёды працягваемся. Мы працягваемся ў песнях і творах нашых пісьменнікаў, у адкрыццях нашых навукоўцаў, у перамогах нашых спартсменаў, у працавітасці нашых людзей і ў мужнасці нашых ваяроў.
І што б ні было, мы ідзём да нашай свабоды! Так, часам кошт нашай свабоды - гэта жыццё… Але мы гатовыя плаціць гэты кошт!
Пакуль мы жывём - Жыве Беларусь!»