«Не ядзернай зброі ў Беларусі!» У розных гарадах свету адбыліся акцыі «Чарнобыльскі шлях»
26 апреля 2023 в 1682535600
«Зеркало»
Акцыя «Чарнобыльскі шлях - 2023» у памяць аб катастрофе на Чарнобыльскай АЭС прайшла ў розных гарадах свету 26 красавіка, у 37-ю гадавіну трагедыі. Мітынгі і шэсці адбываліся пад агульным лозунгам «НЕ ядзернай зброі ў Беларусі» у святле новай пагрозы для краіны, якую нясуць планы па размяшчэнні расійскіх ядзерных узбраенняў. Мерапрыемствы прайшлі як мінімум у 14 гарадах, дзе ёсць беларускія дыяспары.
У Вільні удзельнікі акцыі сабраліся на Лукішскай плошчы, разгарнулі вялікія беларускі і літоўскі сцягі і прайшлі шэсцем да пасольства Расіі, а пасля да сквера імя Барыса Нямцова. Фота апублікаваў Motolko.Help.
У галоўным мітынгу ўзяла ўдзел лідар дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская. Яна параўнала дзеянні ўладаў пасля Чарнобыльскай аварыі з дзеяннямі падчас выбуху эпідэміі каранавірусу: і тады, і тады сапраўдныя маштабы праблемы ўтойваліся, улады прадэманстравалі, наколькі мала для іх значаць жыцці людзей.
- Нам і сёння замоўчваюць праўду пра Чарнобыль. Замоўчваюць праўду пра Астравецкую АЭС, і пра вайну ва Украіне. Замоўчваюць магчымыя наступствы размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. Яны кажуць, што ядзерная зброя - гэта парасон, які нас абароніць. Але гэта не парасон - гэта мішэнь. І гэта прамы шлях да страты Беларуссю суверэнітэту. Мы не павінны гэтага дапусціць!
Чарнобыль нам даў вельмі важны ўрок. Чарнобыль навучыў нас не разлічваць на ўладу, а разлічваць на сябе. І дэмакратычны свет зможа дапамагчы нам толькі тады, калі пабачыць, што гэта патрэбна нам самім. … Ад нас залежыць вельмі шмат! Мы павінны дэманстраваць, што мы супраць ядзернай зброі. Мы супраць паўтарэння новага Чарнобыля. Мы супраць расійскіх войскаў на сваёй зямлі! Мы супраць вайны! - заявіла Святлана Ціханоўская ў сваім выступе.
Таксама палітык разам з дыпламатамі Польшчы, Літвы, Украіны, Эстоніі, ЗША, Фінляндыі, Ірландыі, Вялікабрытаніі ўсклала кветкі да помніка «Маці Чарнобыля» у Вільні.
- Чарнобыль паказаў нам, да якіх жахлівых наступстваў можа прывесці безадказная і непадсправаздачная ўлада. Няма нічога больш важнага, чым чалавечае жыццё, - адзначыла Ціханоўская.
Акрамя таго, як паведамляе «Радыё Свабода», у цэнтры Вільні адбыўся флэшмоб, прымеркаваны да дня стварэння праваабарончага цэнтра «Вясна». Ён быў заснаваны менавіта 26 красавіка 1996 года, у 10-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС і ў дзень найбуйнешай акцыі «Чарнобыльскі шлях», якая ператварылася ў маштабную акцыю пратэсту з сутыкненнямі з сілавікамі.
Удзельнікі флэшмобу трымалі плакаты з лозунгамі «Чарнобыльскага шляху» з розных гадоў, якія атрымалася аднавіць дзякуючы фотаздымкам. На ўдзельніках былі майкі з фотаздымкамі праваабаронцаў «Вясны», якія сёння знаходзяцца за кратамі: гэта Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк.
Акцыя ў Варшаве адбылася ў цэнтры Старога горада - ля помніка Каперніку ў Кракаўскім прадмесці, піша Reform.by. На мітынту выступалі кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, палітыкі Віталь Рымашэўскі і Вячаслаў Сіўчык, ксёндз Вячаслаў Барок. Ад імя ўладаў Польшчы выступіў віцэ-спікер Сената Міхал Каміньскі.
Пасля мітынга ўдзельнікі прайшлі шэсцем да помніка Марыі Складоўскай-Кюры.
Таксама акцыі «Чарнобыльскі шлях - 2023» прайшлі ў Гданьску, Кракаве, Уроцлаве, Шчэціне, Берліне, Капенгагене, Нью-Ёрку, Таронта.