Алеся Пушкіна пасмяротна ўзнагародзілі медалём «Гонар і годнасць»
13 июля 2023 в 1689231240
«Зеркало»
Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі выдаў пастанову аб пасмяротным узнагароджанні мастака і палітвязня Алеся Пушкіна медалём «Гонар і годнасць». Такой узнагародай ад імя беларускага народа адзначаюцца асобы, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі, паведамілі ў АПК.
Як адзначаецца ў пастанове, Алесь Мікалаевіч Пушкін - вядомы беларускі жывапісец-нонканфарміст, выбітны беларускі патрыёт з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, чалавек няскоранага духу, які «ўсё сваё жыццё аддаў Радзіме і беларускай мове» і які «страціў жыццё, будучы закладнікам рэжыму падчас зняволення ў турме».
Пастанова была падпісаная лідаркай дэмакратычных сіл Беларусі і кіраўніцай АПК Святланай Ціханоўскай 12 ліпеня.
Раней такую ўзнагароду атрымлівалі блізкія загінулых ва Украіне беларускіх дабраахвотнікаў.
Нагадаем, Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі ў ноч на 11 ліпеня. Сёння, 13 ліпеня, яго пахаваюць у вёсцы Бобр, дзе ён жыў.