«Маці думала, што я амаль тры гады быў за мяжой на заробках». Правозащитник Леонид Судаленко дал первое интервью после освобождения
21 июля 2023 в 1689944220
Народная Воля, ⠀
Правозащитник гомельской «Весны» Леонид Судаленко 21 июля освободился из колонии «Витьба», отбыв весь срок. Он был задержан 18 января 2021 года и осужден по ст. 342 УК за организацию протестов на три года лишения свободы в условиях общего режима. Всего он провел за решеткой 2,5 года (день в СИЗО считаются за 1,5 в колонии). Первое интервью бывший политзаключенный дал «Народной Воле».
- Сёння вызвалілі прыкладна ў 9 гадзін раніцы, - говорит Леонид Судаленко. - У 5 гадзін быў пад'ём, у 5.30 сняданак прынеслі - гарбату, хлеб, кашу…
Але трэба адзначыць, што апошнія дзевяць дзён я знаходзіўся ў ШІЗА і вызваляўся менавіта са штрафнога ізалятара.
- За што туды патрапілі?
- За тое, што ў спартыўную форму несвоечасова пераапрануўся. Напрыклад, на стадыён трэба ісці ў 14.00, а я ў 13.30 знаходзіўся ў бараку ў спартыўнай форме.
Цікава, што далі менавіта дзевяць сутак, пад вызваленне, таму, мяркую, што зрабілі так спецыяльна. У тых месцах, дзе я быў, павесіць парушэнне на чалавека досыць проста.
- Апошнія дні перад вызваленнем былі для вас хвалюючымі?
- Гэта былі такія дні, што я сядзеў у сырым падвале, на свежае паветра мяне не выводзілі. Толькі трохразовае харчаванне прыносілі - і ўсё.
А так дзевяць сутак спаў на падлозе, без бялізны, без нічога. Спачатку пад галаву падкладваў паперу для прыбіральні, а затым і яна закончылася. Тады ўжо даводзілася пад галаву кулак падкладваць.
Вось такія «хвалюючыя» дні былі перад маім вызваленнем.
- Што для вас было самым складаным падчас знаходжання ў няволі?
- Самае складанае - гэта адсутнасць інфармацыі. Гэта дакладна. І, лічу, не толькі для мяне, але і для многіх іншых вязняў.
Дарэчы, за кратамі я сустрэў вельмі шмат людзей, якія гатовы ахвяраваць сабой дзеля сваіх перакананняў. Гэта дапамагала і падтрымлівала.
- З іншымі вязнямі вы маглі размаўляць ці вас ізалявалі?
- Я жыў у бараку, і ў мяне не было такой ізаляцыі, як у таго ж Максіма Знака, які таксама адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба».
- Да турэмнай ежы з часам прызвычаіліся?
- З часам прызвычайваешся да ўсяго. Калі лепш кармілі, калі горш, але есці можна. Адным словам, у калоніі харчаванне дапамагае чалавеку выжыць нават, калі ён не атрымлівае перадачы з волі.
- Была інфармацыя, што ў калоніі вы працавалі на дрэваапрацоўцы…
- Палову тэрміна і на самай справе быў заняты на дрэваапрацоўцы рознарабочым, а затым мяне перавялі ў цэх разборкі метала. Разбіралі правады, каб дастаць адтуль каляровыя металы - медзь, свінец, алюміній. Да апошняга дня быў заняты на гэтай працы.
- Нейкія грошы за працу плацілі?
- Ні за капейку не распісваўся. Мне паступалі грошы на асабісты рахунак толькі ад маёй сям'і, ад іншых было нельга.
А вось, калі знаходзіўся ў СІЗА, мяне падтрымлівалі грашовымі пераводамі вельмі шмат людзей.
- Мясцовую бібліятэку ў калоніі, напэўна ж, наведвалі?
- У калоніі неблагая бібліятэка, кожны чацвер можна было мяняць кнігі. Дарэчы, вельмі шмат вязняў чытаюць у вольны час, некаторыя займаюцца спортам.
Зрэшты, тая літаратура, што ёсць у бібліятэцы калоніі, мяне не цікавіла. У першую чаргу мяне цікавіла юрыдычная літаратура. Я прасіў, каб мне дасылалі пастановы пленумаў Вярхоўнага суда, змяненні ў Крымінальны кодэкс… І дасылалі.
Адным словам, мой вольны час быў цалкам заняты. Я або чытаў ці пісаў, або займаўся спортам.
- Была магчымасць для спартыўных заняткаў?
- Галоўнае, каб у чалавека было жаданне. Я, напрыклад, кожны дзень праходзіў не менш 5−6 кіламетраў, займаўся на стадыёне.
- Дзе вам было складаней: у СІЗА ці ў калоніі?
- Адназначна скажу, што ў калоніі лепш, бо тут ёсць пэўная свабода. Ты бачыш неба, можаш дыхаць свежым паветрам, чаго не было ў гомельскім следчым ізалятары.
У СІЗА Гомеля, дзе я быў больш за год, у камеры было 12 чалавек. І акрамя мяне, усе смалілі цыгарэты. Хтосьці прачынаецца ў 6 гадзін раніцы і адразу выкурвае тры цыгарэты запар.
Для мяне гэта было проста катаванне і катастрофа. Я нават прасіў адміністрацыю ізалятара, каб мяне перавялі ў камеру, дзе не паляць.
- Не пайшлі насустрач?
- Мне адказалі так: «У нас няма VIP-камер». У выніку я быў вымушаны паліць прымусова, можна сказаць, па дзесяць пачак цыгарэт у дзень. Кожны вязень выкурваў толькі свой пачак, а я - усе разам. Я ж дыхаў гэтым паветрам. І гэта было самае горшае для мяне ў СІЗА.
Хаця ёсць у следчым ізалятары і пэўныя плюсы. Сям'я рэгулярна магла мне перадаваць свежае харчаванне, лісты добра даходзілі. Я вёў актыўную перапіску, у дзень атрымліваў ад 10 да 15 лістоў нават ад незнаёмых людзей. Вось гэта быў плюс!
А ў калоніі былі свежае паветра і блакітнае неба, забарона на паленне цыгарэт у бараку, але не было інфармацыі і перапіскі. Лісты даходзілі толькі ад сям'і. У СІЗА атрымаў каля тысячы паштовак, а ў калоніі не было ніводнага ліста ад іншых людзей. Адным словам, у інфармацыйным плане была пэўная блакада.
Можна было кожны дзень глядзець тэлебачанне, але толькі тыя каналы, якія ўключала адміністрацыя.
- Калі вярнуцца да вашага затрымання і прысуда, ці стала гэта для вас нечаканасцю? Або ўнутрана былі падрыхтаваны да горшага?
- Першыя дні пасля затрымання я знаходзіўся ў шокавым стане. Мяне затрымалі, калі я выходзіў з пад'езда ўласнага дома, паклалі тварам у снег.
Ужо пасля ў ізалятары пакрысе пачаў прыходзіць у сябе і разумець, што прысуд мне, напэўна, будзе максімальны - тры гады зняволення (зараз, дарэчы, па гэтым жа артыкуле максімальна даюць ужо чатыры гады). Так яно і атрымалася.
Але, калі параўноўваць з сёняшнім днём, то я бачу, што атрымаў не самы вялікі тэрмін. Ужо ў лагеры бачыў, якія вялікія прысуды зараз выносяцца людзям - за нейкія лайкі, каментары ці перапосты ў сацыяльных сетках.
Так што можна сказаць, што мне ў пэўным сэнсе «пашанцавала», што я быў у першых шэрагах асуджаных пасля падзей 2020 года.
- Вы, наколькі вядома, абскарджвалі прысуд…
- Безумоўна, абскарджваў. У мяне былі адвакаты, хаця з імі я меў сувязь толькі дзеля таго, каб атрымліваць навіны з волі. Я разумеў, што адвакат мне не дапаможа, тым больш, што я сам - юрыст, спецыяліст у галіне права.
Я сам сабе казаў: «Паедзеш ты, Лёня, на тры гады куды-небудзь у Магілёў». Дарэчы, да гэтага часу не разумею, чаму мяне адправілі ў калонію «Віцьба», дзе, як правіла, сядзяць міліцыянеры, пракуроры, ваенныя, дзяржаўныя служачыя. І іх там вельмі багата. Чаму я аказаўся ў такой кампаніі? Да гэтага часу не разумею.
Але прысуд быў для мяне чаканы. У апошнім слове я сказаў суддзі, што для мяне ўсё зразумела, што адбываецца па гэтай справе. Атрымалася, што я - чалавек, які дапамагаў іншым людзям, дзеля гэтай дапамогі ахвяраваў сваёй свабодай.
- Вы, напэўна ж, неаднойчы пракручвалі сітуацыю, калі закончыцца тэрмін зняволення, і вы выйдзеце на волю. Былі нейкія запаветныя жаданні?
- Найперш я марыў пабачыць сваю сям'ю - жонку, дзяцей. Дзякуй Богу, яны зараз побач. Сям'я ўвесь гэты час вельмі дамагала мне і матэрыяльна, і маральна, прыязджалі на спатканні.
Хаця адзначу, што за ўвесь час у калоніі не атрымаў ніводнага доўгатэрміновага спаткання ні з жонкай, ні з дзецьмі.
Я стаяў на прафілактычным уліку, да такіх вязняў была асаблівая ўвага з боку адміністрацыі.
- Сёння вас сустракала не ўся сям'я…
- Сустракалі жонка і старэйшы сын. Малодшы сын Мікіта застаўся дома, сказаў, што будзе ў Гомелі рыхтавацца да сустрэчы з бацькам. А сярэдні сын зараз знаходзіцца ў Польшчы, мы з ім віртуальна абняліся па відэасувязі. Думаю, у хуткім часе і з ім сустрэнемся.
- Малодшага сына, напэўна, ужо і не пазнаеце?
- Так, за гэты час змяніўся, пасталеў. Калі я размаўляў з ім па сувязі, у мяне проста выступалі на вачах слёзы. Мікіта - гэта маё ўсё! Я ў гэтым плане вельмі сентыментальны. Самае вялікае жаданне зараз - абняць Мікітку, пабыць побач з ім.
- Вечарам будзе сямейны святочны стол?
- Безумоўна, накрыем стол, прыедзе цешча. У нядзелю я збіраюся з'ездзіць да маці, якая мяне таксама чакае. Ёй 84 гады, жыве ў вёсцы ў Брагінскім раёне, і да гэтага часу не ведала, дзе я знаходжуся.
Не казалі мы маме пра гэта, каб яна не хвалявалася і берагла здароўе. Паведамілі толькі, што я на некалькі гадоў з'ехаў за мяжу на заробкі. І вось зараз - вярнуўся!
- Якія планы ў вас пасля вяртання з «заробкаў»?
- Трэба аглядзецца, здароўем заняцца. Зразумела, што неабходна шукаць нейкую працу, бо тыя арганізацыі, з якімі я раней супрацоўнічаў, ужо ліквідаваны.
Мне 57 гадоў, я тры гады не прынёс у сям'ю ні капейку, таму нешта буду вырашаць. Галава і рукі ёсць - думаю, і праца знойдзецца…