«У салідарнасці наша найбольшая сіла». Гурт VOLSKI прэзентаваў альбом «Лісты палітвязням»
25 декабря 2023 в 1703504880
«Зеркало»
Гурт VOLSKI выпусціў альбом «Лісты палітвязням», які анансаваў на пачатку восені. Пра рэліз паведаміў лідэр Лявон Вольскі ў сацсетках на Каляды, 25 снежня. Раней паведамлялася, што гэта больш чым проста песні - гэта грамадска-музычны праект, які музыкі стваралі разам з ініцыятывамі «Палітвязынка» і «Дэсыдэнтбай».
- Калі чалавеку здаецца, што ён можа быць у баку ад тэмы палітзняволеных, то яму гэта насамрэч здаецца, бо ніхто не застрахаваны ад такога лёсу. Ёсьць безліч прыкладаў, калі «людзі не цікавіліся палітыкай», а палітыка зацікавілася імі сама. Таму лепш адразу зразумець, у якой рэчаіснасці мы знаходзімся, - такЛявон Вольскі звярнуўся да беларусаў з нагоды выхада альбома.
Ён дадаў, што зараз неабходна «рабіць усё магчымае, каб гэты перыяд як мага хутчэй скончыўся», бязвінна асуджаныя выйшлі на волю, «а тыя, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады, занялі тое пачэснае мейсца, якое ім належыць - на лаве падсудных».
У альбоме ўсяго 12 песень-лістоў. Адна з іх «Чакай мяне», на якую музыкі знялі кліп, прысвячаны палітзняволеным. У ім - больш за 30 беларусаў, якія прайшлі зняволянне самі і зараз на свабодзе, - у тым ліку Леанід Судаленка, Алег Груздзіловіч, Вольга Рытус, Кіра Баярэнка, Зміцер Гопта, Алана Гебрэмарыям, муж Паліны Шарэнда-Панасюк і іншыя.
This browser does not support the video element.
Альбом - частка аднайменнага грамадска-палітычнага праекта. Як падзяліўся Вольскі, таксама плануююца сустрэчы з былымі палітвязнямі, акцэнт будуць рабіць на «тое, што адбываецца у гэтай страшнай беларускай сістэме зняволення». Музыкі і прадстаўнікі ініцыятыў заклікаюць пісаць лісты палітычным зняволеным рэгулярна, нягледзячы на цяжкасці. Гэта праява салідарнасці, якая дае агромністую сілу як нашым героям, так і беларускаму грамадству агулам.
- Гэтыя відэа, як і альбом, з аднаго боку, ёсць дакументальным сведчаннем найноўшай гісторыі Беларусі. А з іншага - прапанова і заклік да тэрапеўтычнай салідарнасці, якая мае гаючую сілу для ўсіх беларусаў: і тых, хто за кратамі, і тых, хто іх чакае. У салідарнасці наша найбольшая сіла, - гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Паслухаць альбом можна на папулярных пляцоўках. Напісаць ліст палітвязню анлайн - праз «Майстэрню паштовак салідарнасці».