«Мы паўставалі зноў». Беларусы замежжа пачалі святкаванне Дня Волі
опубликовано: 24 марта 2024 в 20.52
обновлено: 24 марта 2024 в 21.49
«Зеркало»
Беларуская дыяспара за мяжой адзначае Дзень Волі. Паколькі 25 сакавіка сёлета выпала на панядзелак, у некаторых гарадах святочныя мітынгі вырашылі правесці ў нядзелю, 24 сакавіка. Публікуем здымкі з Варшавы, Беластока, Гданьска, Познані і Лодзі, а таксама з Прагі, дзе шэсце адбылося з удзелам Святланы Ціханоўскай.
Прага
У Празе ў гэтыя дні адбываецца III Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету, удзел у якой бяруць многія палітычныя і грамадскія дзеячы. У нядзелю пасля мерапрыемстваў канферэнцыі адбылося шэсце беларусаў з нагоды Дня Волі.
This browser does not support the video element.
This browser does not support the video element.
Таксама ў Празе адкрылі памятны знак беларускаму першадрукару Францыску Скарыну.
Варшава
Беларусы прайшлі шэсцем па цэнтры горада ад плошчы Трох Крыжоў да помніка Мікалаю Каперніку, дзе адбыўся мітынг. Удзел у мерапрыемстве прынялі каля 1000 чалавек.
This browser does not support the video element.
На мітынгу выступілі прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета - Павел Латушка, Валерый Сахашчык.
«Мы паўставалі зноў. Нашых лідараў і эліту каралі смерцю на эшафоце, расстрэльвалі ўначы ў Курапатах, а яны паўставалі зноў. Дзяржаўнасць разбуралі, а яна паўставала зноў. Менавіта нацыянальная свядомасць прывяла ў Мінск больш за 1800 дэлегатаў на Першы Усебеларускі з'езд. І хоць з'езд быў разагнаны бальшавікамі, 106 гадоў таму паўстала БНР. Зерне нацыянальнай свядомасці, перажыўшы бальшавіцкі тэрор, сталінскія рэпрэсіі, Курапаты, дзесяцігоддзі СССР, прарасло і дало ўсходы.
… Я дзякую беларусам і беларускам, дзе б вы ні былі сёння, за тое, што вы не здаліся, не скарыліся і працягваеце барацьбу.
Схіляю галаву перад мужнасцю нашых герояў-партызанаў, што спынялі рух расійскіх цягнікоў, нашых герояў-каліноўцаў, якія ўжо два гады бароняць Украіну ад расійскай навалы.
Нашая нацыя бачыла безліч складаных часоў. Але ж мы жывём. Жывуць нашыя свядомасць, воля. І жыве Беларусь!» - сказаў Павел Латушка.
«Чарговы Дзень Волі Беларусь сустракае ў няволі. Ці апошні? Найлепшыя людзі Беларусі - у турмах. Многіх забілі. Многія працягваюць з'язджаць з Радзімы - і нібы губляюцца па свеце. Лукашэнка вельмі хацеў б зрабіць выгляд, што ён перамог, - і гэта ўсё навекі. Але мы ўсе вельмі добра разумеем, што ніякай сілы ў яго няма. Ён не абапіраецца на свой народ. Ён не з'яўляецца палітычным суб'ектам, ён - закладнік Крамля.
Ці так добра ўсё сёння ў Маскве? На нашых вачах адбываецца калапс сістэмы ў сувязі з тэрактам. Мы бачым, што Расія паспрабавала "пераламаць" сітуацыю на фронце, але нічога не атрымалася.
Найлепшыя нашыя мужчыны зараз змагаюцца на баку Украіны. Змагаюцца за гонар нашай нацыі і яе будучыню. Падтрымлівайце іх, адзін аднаго, трымайцеся разам, не вядзіцеся на правакацыі спецслужбаў, якія спрабуюць убіць паміж намі клін. І перамога будзе за намі. Жыве Беларусь!» - выказаўся Валерый Сахашчык.
Пасля беларусы накіраваліся ў самае сэрца польскай сталіцы - на Замкавую плошчу, дзе адбыўся святочны канцэрт. Выступалі Піт Паўлаў, гурты Atesta, Dzieciuki і іншыя музыкі.
Беласток
У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт на плошчы Касцюшкі з удзелам Кацярыны Ваданосавай, Ігара Палынскага і гурта Kurwadziki, выступам гістарычнага клуба рэканструкцыі Invictus 1863.
Гданьск
Беларусы Гданьска раніцай нядзелі ўсклалі кветкі дзеячам БНР на Гарнізонных могілках. Пасля адбыўся марш у цэнтры горада - ад фантана Нептуна да Еўрапейскага цэнтра салідарнасці.
This browser does not support the video element.
Познань
У Познані прайшло шэсце ў цэнтры горада і мітынг.
This browser does not support the video element.
This browser does not support the video element.
Лодзь
Невялікі марш пад бел-чырвона-белымі сцягамі адбыўся і ў Лодзі.
This browser does not support the video element.
Святочныя мерапрыемствы працягнуцца 25 сакавіка ў Вільні, Кракаве і іншых гарадах свету.