У Празе ўрачыста адкрылі памятны знак Францыску Скарыну
24 марта 2024 в 1711303740
Радыё Свабода
Напярэдадні Дня Волі і падчас Канферэнцыі беларусаў свету ў Празе ўрачыста адкрылі памятны знак Францыску Скарыну, піша «Радыё Свабода».
Менавіта ў Празе ў 1517 годзе Францыск Скарына выдаў першую друкаваную кнігу на старабеларускай мове.
Памятны знак усталявалі на Старамесцкай плошчы ў самым цэнтры чэшскай сталіцы. Яго ўсталявалі ў бруку тратуара. Ён зроблены з бронзы і важыць каля 10 кіляграмаў. На знаку лацінскі надпіс «Domvs Severini. Institoris» («Дом купца Севярына») і прамяністае Сонца з прытуленым маладзіком.
У цырымоніі адкрыцьця прыняла ўдзел дэмакратычная лідэрка Беларусі Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Менавіта на Старамесцкай плошчы, паводле некаторых даследчыкаў, месцілася друкарня, якую арандаваў Скарына. Яна была заснавана пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава. У друкарні з 1517 па 1519 гады Скарына выдаў не менш за 23 кнігі Старога Запавету.