На прайдзе ў цэнтры Вільні заўважылі ружовы аўтазак і беларускія сцягі
1 июля 2023 в 1688226600
«Зеркало»
Каля ста беларусаў узялі ўдзел у прайд-парадзе ў Вільні. Некаторыя мелі плакаты і аксэсуары, якія нагадваюць аб грамадска-палітычнай і прававой сітуацыі ў краіне, піша «Наша Ніва».
Беларуска Маргарыта цягнула за сабой цацачны аўтазак ружовага колеру.
«Думалі, які сімвал можна было б выкарыстаць, які звязаны з Беларуссю. Вырашылі выбраць аўтазак - сілавікі выкарыстоўваць яго ў якасці сімвалу страху, затрыманняў, катаванняў. Мы яго забралі да сябе, перапрацавалі і зрабілі так, каб ён расказваў пра нашы каштоўнасці, мэты», - распавяла выданню Маргарыта.
Яшчэ некалькі ўдзельнікаў неслі вясёлку, абматаную калючым дротам. «Вясёлка - сімвал ЛГБТК+ супольнасці, агарнулі яе дротам, бо ў Беларусі нават вясёлка можа быць арыштаванай», - патлумачыла дзяўчына.
«Што датычыцца вясёлкі, яе мы апранулі ў калючы дрот, таму што гэта тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. Правы ЛГБТК+ супольнасьці парушаюцца, і тыя законы, якія зараз абмяркоўваюцца, зробяць сытуацыю нашмат горшай. Яны спрабуюць арыштаваць нават вясёлку, - распавялі беларусы "Радыё Свабода". - Мы хочам прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да нядаўна падпісанай Лукашэнкам прапановы Генеральнай пракуратуры па ўвядзенні адказнасці за "прапаганду ЛГБТ, змены полу, чайлдфры і педафіліі". Улады пераўтвараюць краіну ў літаральна лагер, дзе няма месца індывідуальнасці, разнастайнасці і інклюзіі».
Нагадаем, у Беларусі Генпракуратура прапанавала штрафаваць за прапаганду «нетрадыцыйных сэксуальных адносін, змены полу і чайлдфры». Ідэю падтрымаў Лукашэнка.