Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне


Беларусь і Расія вырашылі працягнуць сумесную праверку сіл рэагавання з-за абвастрэння на Данбасе. Іншымі словамі, расійскія войскі застануцца ў нашай краіне на нявызначаны час. У айчыннай гісторыі ўжо здараліся такія выпадкі. Расказваем, калі яны мелі месца і чым скончыліся.

Беларусь у Паўночнай вайне і знішчэнне Сафійскага сабору

З сотняў еўрапейскіх канфліктаў розных гадоў ды стагоддзяў Паўночная вайна (1700−1721) усё ж выклікае ў беларусаў пэўныя асацыяцыі. Шведы ды рускія, кароль Карл ХІІ і імператар Пётр І, а яшчэ і гетман Мазэпа, Палтаўская бітва і заснаванне Санкт-Пецярбурга… Нават калі не чытаць падручнікі па гісторыі, на дапамогу прыйдзе літаратура: згадаем пушкінскую «Палтаву» ды раман Аляксея Мікалаевіча Талстога «Пётр Першы».

Між тым тая вайна мела для Беларусі лёсавызначальны характар. Тады Вялікае Княства Літоўскае (беларуска-літоўская дзяржава) ўваходзіла ў федэратыўную Рэч Паспалітую (РП). Кіраваў ёй саксонскі курфюрст Аўгуст ІІ. Данія, Расія і Саксонія ўтварылі саюз супраць Швецыі. Рэч Паспалітая ваяваць не збіралася. Але гэтай сітуацыяй спрытна скарысталіся суседзі. Карл ХІІ абвінаваціў нашых продкаў, што тыя прапусцілі саксонскія войскі праз сваю тэрыторыю — і напаў на тэрыторыю РП. Бо хацеў, каб яна стала буфернай зонай паміж Швецыяй ды Расіяй.

Ход Северной войны в 1700—1709 годах. Фото: wikipedia.org
Ход Паўночнай вайны ў 1700−1709 гадах. Жоўтым колерам пазначана тэрыторыя Рэчы Паспалітай. Выява: wikipedia.org

Карл XII пасадзіў на пасад свайго стаўленіка — Станіслава Ляшчынскага. Пэўны час у краіне дзейнічалі адначасова два каралі. Між тым Аўгуст ІІ і яго прыхільнікі звярнуліся па дапамогу да рускіх. У 1704-м была падпісана Нарвская дамова, згодна з якой РП уступала ў вайну са Швецыяй. Цяпер расійская армія магла дзейнічаць на нашай тэрыторыі супраць агульнага суперніка.

У выніку Беларусь стала арэнай баявых дзеянняў шведскай і рускай армій, а таксама месцам крывавых падзей. Найбуйнейшыя з іх адбыліся ў Магілёве, Віцебску і Полацку.

У ліпені 1708-га шведы занялі Магілёў. Яны разрабавалі горад, садзілі гараджан у склепы, марылі іх голадам, голых кідалі ў халодную ваду і падвешвалі на бэльках пад столлю. Рускія войскі прыбылі ў верасні. Па загадзе Пятра I Магілёў разбурылі і спалілі, хоць вайсковай неабходнасці не было.

Король Речи Посполитой Август ІІ. Изображение: wikipedia.org
Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ. Выява: wikipedia.org

З 1700 па 1708 гады праз Віцебск неаднаразова праходзілі войскі супрацьлеглых бакоў. І тыя, і тыя рабавалі жыхароў. У верасні 1708 года рускія спалілі горад, пасля чаго той збяднеў, яго насельніцтва зменшылася.

У маі 1710-га Пётр І са сваім фаварытам Аляксандрам Меншыкавым і світай забіў пяць манахаў Сафійскага сабору ў Полацку. Пасля гэтай падзеі храм закрылі, а ў яго прытворы размясцілі парахавы склеп. У тым жа месяцы адбыўся выбух, у выніку якога Сафійскі сабор часткова разбурыўся і ляжаў у руінах да 1738 года — толькі тады яго аднавілі ў сучасным выглядзе.

Маленькая армія і карная экспедыцыя ў Ветку

Наступление русских войск в 1757—1761 годах во время Семилетней войны. Изображение: wikipedia.org
Наступ рускіх войскаў у 1757−1761 гадах падчас Сямігадовай вайны. Светлым колерам пазначана тэрыторыя Рэчы Паспалітай. Выява: wikipedia.org

Але не варта рабіць ва ўсім вінаватымі толькі суседзяў. У Рэчы Паспалітай існавала велізарная колькасць сваіх унутраных праблем. Напрыклад, сумнавядомае правіла liberum veto: усе пастановы на сейме мусілі прымацца адзінагалосна. Падкупіць хаця б аднаго ўдзельніка сейму было няцяжка, таму парламент гадамі не мог прыняць рашэнняў. У краіне ўсё больш узрастала анархія, з-за кансерватызму і нежадання праводзіць рэформы яна адставала ад суседзяў. Таму яны толькі скарысталіся нашымі слабасцямі.

Аўгуст ІІ імкнуўся ўсталяваць абсалютную манархію, а аказаўся слабым палітыкам. Шляхта яму актыўна супрацьстаяла. У канфлікт уцягнулася Расія, якая прымусіла абодва бакі да перамоў. Іх вынікі замацавалі ў 1717-м на «Маўклівым сейме». Яго назвалі так, бо кароль маўкліва прыняў усе патрабаванні. Дарэчы, пасяджэнне ахоўвалася рускімі войскамі.

За шэсць гадзін быў прыняты шэраг рашэнняў. Звернем увагу толькі на адно з іх — абмежаванне ў колькасці арміі. Войска Рэчы Паспалітай скарачалася да 24,2 тысяч. Польская армія магла мець 18 тысяч, войска ВКЛ — 6,2 тысячы. Для параўнання — расійская армія тады налічвала каля 300 тысяч чалавек.

Па адной з версій, Расія выступіла гарантыяй пагаднення, па другой — у рэальнасці такога палажэння не існавала. Але на практыцы з таго часу нашы ўсходнія суседзі рабілі на тэрыторыі РП усё, што хацелі.

Офицер российского пехотного полка (1700 - 1732 годы). Изображение: wikipedia.org
Афіцэр расійскага пяхотнага палка (1700 — 1732 гады). Выява: wikipedia.org

Першы прыклад — са стараверамі. Яшчэ ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя адбылася рэформа Рускай праваслаўнай царквы. Грамадства раскалолася. Тых, хто не прыняў змены, пачалі называць стараверамі. Супраць іх праводзілася палітыка рэпрэсій, таму частка збегла ў Рэч Паспалітую. Частка з іх пасяліліся вакол Веткі (аднайменны раённы цэнтр Гомельскай вобласці). Вяртацца на радзіму стараверы ўпарта не жадалі. Вырашылі вярнуць іх прымусам.

У 1735 годзе рускія зладзілі карную экспедыцыю палкоўніка Сыціна. Вайскоўцы спустошылі веткаўскія слабоды і выселілі большую частку насельніцтва (каля 14 тысяч) у Расію. Пазней экспедыцыю паўтарылі ў 1764-м. Ніякага дазволу палкоўнік не браў, хоць дзейнічаў на тэрыторыі чужой краіны. Але ніякіх пратэстаў не прагучала.

Другі прыклад звязаны з Семігадовай вайной 1756−1763 гадоў (калі вы — аматар савецкага прыгодніцкага кіно, то гэта ў яе бітвах удзельнічалі героі трэцяга, апошняга пакуль фільма пра гардэмарынаў). У канфлікце ўдзельнічала і Расія, хоць не мела агульных межаў з супернікамі. Але яе войскі прайшлі праз тэрыторыю РП. Як пісаў Фрыдрых Энгельс, «замежныя войскі бесперапынна акупавалі ўсю краіну або праходзілі праз яе; яна служыла ім заезным дваром і карчмой».

«Маўчанне — знак згоды», або як ухвалілі падзел

«Рейтан — упадок Польши», картина Яна Матейко (1866). Изображение: wikipedia.org
«Рэйтан — упадак Польшчы», карціна Яна Матэйка (1866). Тадэвуш Рэйтан пратэстуе супраць першага падзела. Уверсе — пасол Рапнін з дзвюма каханкамі. Выява: wikipedia.org

Сітуацыя не палепшылася пасля прыходу да ўлады ў 1764-м Станіслава Аўгуста Панятоўскага, былога каханка расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Паслом Расіі ў Рэчы Паспалітай тады з’яўляўся князь Мікалай Рапнін. Апошні настойваў на тым, каб ураўняць правы ўсіх вернікаў (у РП перавагамі карысталіся каталікі). Але сейм адмовіўся, Рапнін загадаў увесці ў Варшаву рускія войскі. Таксама ён арыштаваў, а пазней выслаў у расійскую Калугу лідараў апазіцыі. У выніку сейм атрымаў неафіцыйную назву «сейм Рапніна», які з’яўляўся там галоўнай фігурай.

У 1768-м Рапнін навязаў РП Варшаўскую дамову, згодна з якой Расія стала гарантам недатыкальнасці ўладанняў і асноўных законаў. Напрыклад, дамова гарантавала захаванасць на вечныя часы права liberum veto. Гэта давала магчымасць увесь час умешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, якая фактычна стала пратэктаратам Расіі.

Праз чатыры гады здарыўся першы падзел РП. Расія не з’яўлялася яго ініцыятарам — ініцыятыва сыходзіла ад Прусіі. Але апошняй атрымалася перацягнуць на свой бок Аўстрыю, пасля чаго Кацярына ІІ не змагла адмовіцца. РП страціла 200 тысяч квадратных км і 4 млн чалавек.

Эліта Рэчы Паспалітай паспрабавала рэфармаваць краіну. Была прынята Канстытуцыя 1791 года (першая ў Еўропе і другая ў свеце пасля амерыканскай), якая ўзмацняла ўладу караля. Таксама рэфарматары вырашылі павялічыць армію да 100 тысяч (хоць неўзабаве з-за фінансавых цяжкасцяў лічбу давялося скараціць да 65 тысяч). На той момант яна налічвала ўсяго 16.

Яков Сиверс, посол России в Речи Посполитой. Портрет работы Иосифа Грасси, 1790-1795 гг. Изображение: wikipedia.org
Якаў Сіверс. Выява: wikipedia.org

Але ў справу зноў умяшаліся Расія і Прусія, якія ўвялі свае войскі. РП супраціўлялася нядоўга, і справу Рапніна падхапіў ужо іншы пасол Расіі, Якаў Сіверс. У 1793-м у гродзенскім Новым замку быў скліканы сейм, які мусіў зацвердзіць дамову з Расіяй і другі падзел краіны. Замак пазапаўнялі расійскія салдаты. Дэпутаты маўчалі да раніцы, пасля чаго ім паведамілі, што «маўчанне — знак згоды», і прызналі дамову ўхваленай. Ад РП засталося 215 тысяч квадратных кіламетраў, яна стала маленькім пратэктаратам, на тэрыторыі якога стаялі замежныя войскі.

Нашыя продкі «прачнуліся» занадта позна: у наступным годзе выбухнула паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Але сілы аказаліся няроўнымі, і ў 1795-м Рэч Паспалітая спыніла існаванне.