Пенсійныя страхоўкі па схеме «3+3», якія з’явіліся ў кастрычніку 2022 года, аформіла крыху больш за 80 тысяч чалавек — гэта каля 1,9% тых, хто працуе. Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук патлумачыў «Люстэрку», чаму беларусы не асабліва спяшаюцца скарыстацца такой магчымасцю.
З 1 кастрычніка 2022 года работнікі пры жаданні могуць плаціць страхавы ўнёсак на дадатковую назапашвальную пенсію — да 10% ад свайго заробку. Наймальнікі абавязаныя ў такім выпадку пералічваць на гэты рахунак яшчэ да 3%. Прычым ёсць нюанс: працадаўца мусіць пералічваць такі ж працэнт, як і працаўнік, але не больш за 3%. Да прыкладу, калі спецыяліст кампаніі вырашыць уносіць на дадатковую пенсію 2% ад свайго заробку, то столькі ж мусіць дадаць і наймальнік. А калі работнік абярэ тарыф у 5%, то наймальнік «накіне» максімальныя 3%. Гэтую страхоўку можна аформіць праз кампанію «Стравіта».
Эканаміст Дзмітрый Крук у цэлым падтрымлівае саму ідэю стымуляваць пенсійныя назапашванні. Аднак таксама бачыць некалькі прычын, праз якія беларусы, што працуюць, не пайшлі масава афармляць такія страхоўкі. Іх як мінімум дзве.
Першая прычына — празмерная няпэўнасць і высокі ўзровень ацэнкі рызыкі ў будучыні.
— Для таго каб пенсійныя назапашванні разглядаліся як устойлівыя, ты мусіш быць упэўнены ў стабільнасці ўзроўню цэн і тваёй валюты — бо ўсё роўна ў нас па-ранейшаму многія праз даляравую прызму глядзяць, — кажа Дзмітрый Крук.
Аналітык тлумачыць, што дэвальвацыі і інфляцыі прышчапілі беларусам, у якіх ёсць свабодныя буйныя сумы грошай, звычку падчас доўгатэрміновага планавання спадзявацца на замежную валюту. Гэта не знікла цалкам нават цяпер, калі ў банкаўскай сферы расце доля рублёвых дэпазітаў. Калі гаворка пра доўгатэрміновыя інвестыцыі, узровень даверу да нацыянальнай валюты ўсё яшчэ нізкі.
— Патрэбная нізкая інфляцыя. Нават сёння яе нізкай не назавеш (у траўні яна была 4,8%. — Заўв. рэд.), але цяпер яна знаходзіцца ў адносна разумных межах для Беларусі. Аднак [няма] гарантыі таго, што ў наступныя пяць, а тым больш 15−20 гадоў яна будзе заставацца ў сярэднім штогод унутры пяціпрацэнтнага калідора. Думаю, вельмі мала хто б на такое паставіў. А які-небудзь сур’ёзны інфляцыйны скачок адразу падрывае падмурак гэтай схемы.
Другі фактар — прыбытковасць. Людзі разумеюць, што пры цяперашняй сітуацыі і чаканнях на будучыню разлічваць на сур’ёзны прыбытак ад такіх інструментаў не даводзіцца.
У гэтай сітуацыі насельніцтва прымае «цалкам рацыянальнае рашэнне». Бо, з аднаго боку, пенсійнае страхаванне не гарантуе высокай даходнасці, а з другога — ёсць рызыка скокаў цэн, якія яшчэ больш з’ядуць гэтыя назапашванні.
— Тады выснова можа быць дваістая: першае — што лепш я буду спажываць больш сёння. І другое — лепш я сам пра сябе паклапачуся да пенсіі і падбяру нейкі інструмент, які мне здаецца значна больш надзейным, напрыклад, куплю дадатковую кватэру, калі ў мяне ёсць грошы, у старасці буду здаваць яе ў арэнду і на гэта жыць, альбо прадам і буду выкарыстоўваць гэтыя грошы. Такая логіка пераважае, — тлумачыць аналітык.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO