Наста Дашкевіч збірала сумку на выпадак, калі яе забяруць у калонію проста з суда, паклала туды малакаадсос і таблеткі для спынення лактацыі. Яе малодшаму сыну тады быў месяц, а позву ў суд яна атрымала яшчэ ў раддоме. Насту судзілі разам з мужам Змітром Дашкевічам, пракурор патрабаваў для абодвух па паўтара года калоніі. Жанчыну ўгаворвалі з’ехаць з Беларусі, але яна вырашыла застацца. Наперадзе былі «хатняя хімія», начныя праверкі, гады чакання каханага і лісты, якія дапамагалі ім не страціць адно аднаго. У вялікай размове з «Люстэркам» Наста ўпершыню так падрабязна расказала, як адна гадавала чацвярых дзяцей ва ўмовах абмежавання волі, што дапамагло ёй вытрымаць разлуку з мужам і якой была іх доўгачаканая сустрэча — амаль як у рамантычным кіно.
Наста і Зміцер рыхтуюць да публікацыі некалькі кніг і аб’явілі збор, каб іх выдаць. Падтрымаць сям’ю можна па спасылцы.
«Я сяджу і думаю, што рабіць. Сядаць у машыну, браць дзяцей і гнаць адсюль альбо заставацца і прымаць гэта ўсё як ёсць?»
— Як вас затрымалі?
— Варта пачаць з таго, што Змітра папярэджвалі, што ім сур’ёзна цікавяцца сілавікі... Гэта былі людзі не з сілавых структур, але яны з імі неяк перасякаліся. І я памятаю той цудоўны дзень, калі ён сеў у машыну і расказаў, што яму перадалі. І мы сядзім, я кажу: «Зміцер, можа, з’язджаць?» Ён адказвае: «Я не магу. Я так шмат казаў пра адказнасць, на мяне многія глядзяць. І што, я пабягу? Не, не магу».
Яшчэ нас напярэдадні клікалі на допыты. Я тады была з жыватом, на пятым-шостым месяцы хадзіла па гэтых допытах. Зміцер, я памятаю, вельмі, вельмі хваляваўся. А ў мяне пазіцыя заўсёды адна: я адмаўляюся проста даваць паказанні, як бы яны там ні ціснулі. Таму што я сядзела свой час у «амерыканцы», я ведаю, што такое размаўляць з сілавікамі. І я выходжу, і мне штосьці там гаркнулі: «Мы яшчэ пабачымся, вы што, думаеце, што вам гэта сыдзе з рук?» Памятаю, саджуся ў гэтую машыну, і мы едзем, і я, канешне, разумею, што ўсе гэтыя хмары згушчаюцца над намі. Прытым — над абодвума. Я некалькі разоў у Змітра спыталася: «Можа, паедзем?» А ён адказвае: «Не, мы не паедзем». «Ну не паедзем, дык не паедзем», — падумала я, бо і сама не была вельмі ўпэўненая ў гэтым рашэнні.
І вось настала 23 сакавіка 2022 года. Той дзень я помню як у запаволеных здымках. Звычайная раніца, мы дзяцей збіраем у садкі. Зміцер адчыняе дзверы, выходзяць спачатку дзеці, садзяцца ў машыну, потым Зміцер, а пасля я чую нейкія гукі, падымаю вочы — і ў мяне ўжо ў кватэры чалавек пяць мужчын, у калідоры — яшчэ столькі ж. Ну і ўсё, мне не трэба тлумачыць, я разумею, што гэта значыць.
Я глянула ў вочы Змітра: ён таксама ў шоку. Безумоўна, больш баіцца за мяне: шосты месяц. І ён адразу: «Выклікай хуткую! Выклікай хуткую!» Я адказваю: «Хуткую? Мне нармальна!» А ў самой ціск бяжыць угару. Я знерваваная хаджу па кватэры, парывалася за дзецьмі ісці, а яны ж у машыне (дзецям пары на той момант было шэсць, чатыры і амаль два гады. — Заўв. рэд.). Сілавікі мне: «Сядзіце тут, зараз прывядзем дзяцей». Нас са Змітром на канапу пасадзілі, запатрабавалі дастаць тэлефон: «Разблакуйце». Ну а Зміцер — гэта ж Зміцер: «Я не буду». Яму адразу па твары ўдарылі. Я сяджу побач, крычу: «Што вы робіце?!» А яны да мяне: «Цяпер ты давай тэлефон».
Тут яны надзелі Змітру кайданкі, а ён мне ўсё паўтарае пра хуткую гэтую: «Выклікай, выклікай!» Потым прывялі дзяцей. Канешне, гэта ўсё вельмі было балюча, бо дзеці бачылі, як яго ў кайданках, рукі дагары, выводзяць з хаты. Потым я сказала: «Мне трэба тэлефон, я ўключу дзецям мульцікі». Яны аддалі — і дзеці сядзелі і глядзелі мульцікі ў спальні. А з імі глядзець мульцікі паставілі такога амбала, каб я там што-небудзь не ўключыла там паралельна.
Вобшук працягваецца, а ў мяне мандраж — не магу стаяць на месцы. Памятаю, што перад гэтым я перамыла ўсю зімовую вопратку, і яна ляжала, сохла там паўсюль. Хаджу і гэтую вопратку складваю і вешаю. Яны: «Можаце супакоіцца?» Пайшла нейкія таблеткі выпіла — вітаміны, фенібуціку. Яны: «Што вы п’яце?»
— А гэта быў ГУБАЗіК?
— Так. Але што мяне ўразіла ва ўсёй гэтай абстаноўцы — я першы раз пабачыла людзей, каторыя не робяць работу, бо так трэба і ўсе ўсё «панімаюць». А тых, каторыя рэальна нас ненавідзяць: «Вось вы такія-сякія, вы расхістваеце лодку, вы не можаце жыць нармальна, ды яшчэ дзяцей падбухторваеце…» Знайшлі лісты, якія дзеці пісалі, па-мойму, Марыі Калеснікавай, пісалі, нейкія сэрдулькі там малявалі. Вось, і ён крычыць: «Што гэта? Што вы дзяцей вучыце гэтаму!»
І быў адзін момант, калі мой Давід падышоў, кажа: «Мама, а тата хутка прыйдзе?» І я гляджу на яго, кажу: «Давід, я не думаю. Я думаю, што не хутка».
Забралі мой тэлефон. І на развітанне кажуць: «У нас няма ўстановак на вас на дадзены момант, так што заставайцеся дома».
— Як вы сябе адчувалі ў той момант?
— Я сяджу і думаю, што рабіць. Сядаць у машыну, браць дзяцей і гнаць адсюль альбо заставацца і прымаць гэта ўсё як ёсць?
Мяне паклікалі сведкай на суд. А там абвінавачванне, што мы не адчынялі дзверы, перашкаджалі сілавікам, — такое ўсё фармальнае. А ў мяне наогул думкі не там, мяне калоціць.
У Змітра запытваюцца: «Ці ёсць у вас пытанні да жонкі?» А ён кажа: «Наста, я цябе вельмі кахаю. Усё будзе добра». І мяне прама накрывае, ледзь сябе стрымала, каб не расплакацца. Потым Зміцер расказваў, што ледзь прамовіў гэта, каб не расплакацца там таксама.
Ужо пасля адвакат Змітра перадаў, што мне трэба прыйсці на следчыя дзеянні, маўляў, мы не будзем яе арыштоўваць.
— То-бок ужо было ясна, што крымінальную справу завялі і на вас?
— Так. Я ўжо маральна падрыхтавалася. І як толькі я прыняла рашэнне, што застаюся, то ўсё ўжо было спакойна.
— Чаму вы прынялі менавіта такое рашэнне?
— Я чалавек веруючы, многа малілася. У нас, у веруючых людзей, ёсць такое разуменне, што з Богам можна размаўляць і атрымліваць адказы. І на той момант я чытала Біблію, і там было слова, што Ісуса арыштоўваюць у Гефсіманскім садзе, а ён кажа: «А тых, хто са мной, вы не чапайце». У мяне на гэтым слове быў такі супакой, што са мной усё будзе добра. Нібыта я атрымала 100% Божае абяцанне. І я імкнулася памятаць пра гэтае абяцанне ў цяжкія часы. І я на гэтай упэўненасці, з гэтым Божым абяцаннем, што са мной усё будзе добра, ішла далей.
«На мяне ціснулі свае і чужыя, і ўсе пісалі і казалі: „Ды ты эгаістка! Падумай пра дзяцей!“»
— Вы нараджалі малодшае дзіця фактычна пад следчымі дзеяннямі. Як гэта было?
— Я нарадзіла раней на паўтара месяца з-за стрэсу. У мяне такога не было з мінулымі цяжарнасцямі, а гэта ж чацвёрты дзіцёнак. Плюс я не змагла нарадзіць яго сама: не было родавай дзейнасці. А я заўсёды дагэтуль нараджала сама. У мяне ўлівалі аксітацын — па нулях. Смяюся, кажу: «Ведаеце, у мяне тут столькі адрэналіну, што ён, напэўна, не можа перабіць». А медыкі хадзілі каля мяне ўсю ноч. Да гэтага збіралася таксама весела: трэба ж распіхаць усіх дзяцей, адправіць іх да цёткі, усё вырашыць.
— А ў той момант вы ўжо нараджалі?
— Так, родавая дзейнасць ідзе. А збіраю сабе сумку, а мне яшчэ нешта трэба дакупіць, нейкі перакус сабе ўкінуць. Канечне, такой гісторыі нікому не пажадаю. Я стаўлюся да гэтага ўжо з гумарам, але калі паглядзець на гэта збоку, канечне, усё вельмі сумна.
Дык вось, я паступіла ў бальніцу, напэўна, гадзін у 12–13, і да шасці раніцы на мяне дактары глядзелі ў шоку: «Ты нараджаць-та будзеш? Воды ідуць, усё ідзе»… А родавай дзейнасці няма. Памятаю, доктар падыходзіць да мяне ў шэсць ранку і кажа: «Слухайце, каб мне нехта сказаў, што чацвёртыя роды не разрадзяцца на гэтых вёдрах аксітацыну, я б не паверыў у жыцці!»
І мяне на кесарава павезлі. То-бок, сапраўды, усё гэта моцна адбіваецца на целе. Нават сам не асэнсоўваеш, тысячу блокаў паставіў у галаве, сябе настроіў… Але ёсць рэчы, каторыя вяртаюць цябе ў рэальнасць і грукаюць табе ўнутры: ненармальна ўсё, што ты зараз праходзіш. Дарэчы, я і позву сваю ў суд атрымала, знаходзячыся ў раддоме.
— Як вы выпісваліся з раддома? Звычайна гэта святочнае мерапрыемства.
— Так, звычайна сябры прыходзяць, муж, уручаюць гэтаму мужу дзіця… А калі я выпісвалася, то медсёстры не ведалі, каму аддаць немаўля. Я кажу, паказваючы на сяброўку: «Машы дайце». Яны: «Маша, прымайце!»
Дома сябры ўжо мяне чакалі. Але такое сабе адчуванне, скажу шчыра: сядаеш у аўтамабіль і едзеш са сваім дзіцёнкам… А потым з гэтай жа люлькай я паехала ў суд, распісалася, што я атрымала позву, што я ў курсе і мне трэба прыйсці.
— На момант суда малодшаму дзіцёнку толькі-толькі споўніўся месяц. Вы ў суд з ім таксама прыходзілі?
— Не, я пакідала яго дома, сцэджвала малако — і хадзіла на паседжанні адна. Я палічыла, што гэта таго не варта. Ды і такая танная камедыя — я з дзіцём буду стаяць, а яны мяне будуць судзіць. Канечне, можа быць, у суддзяў бы там і нешта ёкнула, але я маральна не была гатовая. Я падумала, што гэта ўсё вынесу, а дзеці хай жывуць сваё лепшае жыццё.
— Вас судзілі разам са Змітром. Наколькі было цяжка маральна?
— Ён — у клетцы, я — у зале. У нас яшчэ былі ілюзіі, што ўсё, можа быць, будзе добра, што дадуць абодвум «хімію»… Ужо быў 2022 год, была такая тэндэнцыя. І тут пракурор папрасіў паўтара года калоніі кожнаму. І я, канечне, ад’ехала… Вельмі цяжка было Змітру. Ён, памятаю, адразу гэтаму адвакату: «Хай з’язджае! Хай з’язджае! Не, ні ў якім разе, мы не будзем рызыкаваць». І многія са мной звязваліся, казалі: «Давай, усё». Але на той момант у малодшага яшчэ не было дакументаў. І я падумала: куды я з дзецьмі, лясамі, палямі? Не, нікуды не паеду. Хоць, канешне, гэта было вельмі цяжкае рашэнне, я вагалася да апошняга.
У дадатак на мяне ціснулі свае і чужыя, і ўсе пісалі і казалі: «Ды ты эгаістка! Падумай пра дзяцей!» Маўляў, цябе пасадзяць, як будуць дзеці? Падумай пра іх. І такія атакі з усіх бакоў былі. А мне трэба было перажыць тры дні да вынясення прысуду. Я вельмі ўдзячна сябрам, якія былі побач, за ручку мяне вадзілі, заставаліся са мной дома. Я не была адна на працягу гэтага часу. Але было вельмі страшна, цяжка было прыняць рашэнне. Я ўкладваю дзіцёнка побач і адчуваю, што мяне проста фізічна калоціць. Сабрала сумку, памятаю, з сабой на выпадак, калі раптам у калонію адправяць. Многія пакуюць каўбасы, сала. А ў мяне там малакаадсос, я і таблеткі сабе купіла, каб лактацыю спыняць.
— Ці быў у вас план, з кім дзеці застануцца, калі вас усё ж адправяць у калонію?
— Так, у мяне былі дамоўленасці. Больш за тое, у мяне былі выпісаныя ПІН-коды ад усіх картачак, грошы на іх пакладзеныя. І ведаеце, чым бліжэй да часу, тым я была ўсё больш і больш спакойная. А вось наконт апекі тады не ведала, ці зможа мой тата гэта зрабіць, але потым даведалася, што ўсё б атрымалася. Дарэчы, мне пісалі нават нейкія шматдзетныя мамы: «Мы гатовы ўзяць вашых, калі раптам што…»
— Вы выдыхнулі, калі суддзя сказаў пра паўтара года «хатняй хіміі»?
— Так, канечне. Я памятаю, мяне пацягнулі сябры адзначаць. У мяне муж на паўтара года ў турму паехаў, а радасці было, нібыта мы джэкпот выйгралі. Я з імі пабыла трошкі, потым сабрала невялікую перадачу мужу на Валадарскага: тое, што ён любіць, у маленькіх пакуначках, каб падтрымаць яго ў гэты час. Ну я ведала, што яму таксама адлягло, што ў гэты момант ён адчуваў сябе добра.
«Першае правіла „хатняга хіміка“: пачысціў зубы — пачысці тэлефон»
— Чула меркаванне, што «хатняя хімія» — гэта ўвогуле, лічы, як свабода. А як насамрэч?
— «Хатняя хімія» — гэта няпроста. Вельмі шмат абмежаванняў. І ты пастаянна ва ўразлівым становішчы: да цябе ў любы момант могуць прыйсці, праверыць, што ты робіш, узяць твой тэлефон (першае правіла «хатняга хіміка»: пачысціў зубы — пачысці тэлефон). Мае асноўныя ўражанні ад гэтага ўсяго — мандраж. Асабліва перад сном.
Мы жылі на першым паверсе, у двухпавярховым доміку, дзверы адчыняліся без дамафона. А званок я выключыла, каб дзяцей не будзілі сярод ночы. І таму ты заўсёды хвалюешся, што моцна заснеш і прыйдуць праверыць. З-за гэтага, дарэчы, я перастала прымаць фенібут. Я піла яго, каб сон наладзіць. І аднойчы была сітуацыя, калі мяне пабудзіла дачушка і кажа: «Мама, там грукаюць». Тады мяне дачка выратавала ад 15 сутак. Ды і ўвогуле ў 90% выпадкаў мяне правяралі ўначы.
— Навошта? Яны ж ведалі, што ў вас маленькі дзіцёнак.
— Канечне, можна ўсё рабіць па-людску. У мяне знаёмыя адбывалі «хатнюю хімію» ў іншых нейкіх месцах — там было па-іншаму. Мне падаецца, яны ўсе самі навыперадкі, хто круцей, хто лепш. Таму на месцах і выпендрываюцца.
Напрыклад, праверка магла прыйсці два разы на дзень. Бывала, прыходзілі роўна ў 19.00 (паводле арт. 48-1 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Беларусі, асуджаныя да «хатняй хіміі» павінны знаходзіцца дома з 19.00 да 06.00. — Заўв. рэд.). Адзін раз я нават участковаму сказала: «Ведаеце, непрыстойна прыходзіць у 19.00. Так, я ў гэты час павінна быць дома, але ў мяне, блін, чацвёра дзяцей…»
Было шмат сітуацый, калі ў дзяцей другая змена, я лячу праз горад, стаю ў заторах, проста сівею, пацеюць рукі — а ўсё праз тое, каб паспець да гэтых грэбаных 19.00. Ці лячу з паліклінікі, ад доктара, выскокваю з машыны і бягом з паркоўкі да дома. А яны ўжо самі шустранька за мной.
Бывала, нешта гатуеш на выходных, дробязі не хапае, то дзеці, няважна, што першакласнікі, вучацца хадзіць у краму, купляць, што трэба (у выхадныя і святочныя дні асуджаным да «хатняй хіміі» забаронена без уважлівай прычыны аддаляцца ад дому далей, чым вызначыла крымінальна-выканаўчая інспекцыя. — Заўв. рэд.). Давід у сваім першым класе ўмеў даехаць сам да ўсіх гурткоў, каторыя яму трэба. Я яго вучыла, дзе перасаджвацца, як і куды ехаць…
— А бацькоўскія сходы?
— Ніякіх бацькоўскіх сходаў. Гэта плюс, канешне. Але ніякіх дзіцячых выступаў — гэта мінус. Дзеці стараюцца, рыхтуюцца, я не магу пабачыць, толькі ў запісе, калі папрашу дзядулю ці сяброў завітаць. Канешне, гэта шмат усё накладваецца, вось такіх вось момантаў, калі ты адчуваеш пачуццё віны перад дзіцёнкам, які просіць: «Мама, паехалі пагуляем». А ты не можаш туды паехаць.
— Вам трэба было заставацца толькі ў межах Мінска?
— Не проста ў межах Мінска, але нельга наведваць нейкія ўстановы забаўляльнага характару. На батуты ці яшчэ кудысьці ты не можаш паехаць. Цікава, што ў той момант, калі я толькі стала на «хімію», мне нават дазвалялі па дзве гадзіны на выходных з дзецьмі гуляцца ў двары. Гэта ўвогуле нонсэнс па цяперашніх часах. А тады мы яшчэ папалі ў першую хвалю. Але потым пасля інцыдэнту з самалётам у Мачулішчах сітуацыя пагоршылася. Выклікалі ўсіх пенсіянераў, людзей у дэкрэце і сказалі: «Вы не працуеце? Не працуеце. Дзеці? Дзве гадзіны — на выхад з дома».
— Гэта як?
— Вось я магла выйсці з дома з 9 да 11 раніцы. У краму схадзіць, штосьці купіць, калі што — у паліклініку, а так сядзіш дома.
— А дзеці?
— Нікога не хвалюе. Прыйшло пастанаўленне. І я памятаю, сяджу ў начальніка РАУС і кажу: «Слухайце, ну ў мяне чацвёра дзяцей, я адна, як вы сабе гэта бачыце?» А яны разумеюць недзе, што сітуацыя абсурдная… Але разводзяць рукамі, што мы нічога не можам зрабіць. А тады толькі з’явілася магчымасць аформіць самазанятасць. Я спампавала дадатак, аформілася, прыходжу да начальніка з 9 да 11. І кажу: «Усё. Я не ў дэкрэце, я працую». І ён такі: «Окей. У 19.00 дома». Але я ведаю, што так не ва ўсіх можна было. Дзесьці патрабавалі толькі працу па дамове.
— Як дзеці ўспрымалі ваш хатні арышт і тое, што таты няма?
— Спачатку, канешне, было цяжка. Цяжка патлумачыць дзецям, чаму ты не можаш выйсці з імі пагуляць. Усе выходныя мы былі дома, і ты нічога не можаш зрабіць. Нават на вуліцу ў двор адных не можаш выпусціць. Канечне, ім было цяжка. Тут вельмі выручалі мае сябры. Яны прыязджалі, бралі дзяцей пагуляць, забіралі да сябе пагуляць, бывала, з начоўкамі. Мне здаецца, адна я б у гэтай сітуацыі не справілася.
— Вы пранікнёна пісалі ў Facebook, як па сканчэнні тэрміна Змітра чакалі яго, накрылі на стол, а яго не адпусцілі. Як вы той дзень перажылі?
— Была дата, калі мы чакалі тату. І я, канечне, так мякка адзначала, што ўсё ў Божых руках, мы дакладна не ведаем, як будзе. Але дата была, і мы спадзяваліся.
Дзеці чакалі, мае сябры паехалі да калоніі чакаць (Зміцер Дашкевіч адбываў пакаранне ў ПК-14, што ў вёсцы Навасады Барысаўскага раёна. — Заўв. рэд.).
Памятаю момант, калі мне сябры тэлефануюць, я пытаюся, што там адбываецца, і яны кажуць: «Нічога не адбываецца, міліцэйскі бусік паехаў на тэрыторыю». І ўсё, я разумею, што Зміцер сёння не выйдзе. І потым ужо сапраўды мне тэлефануе следчы: «Мяне папрасіў пазваніць вам Зміцер, ён арыштаваны па такой-та справе». Тады дзеці плакалі проста наўзрыд. Вельмі расстроіліся. Асабліва старэйшыя. Пасля гэтага я ні разу дзецям не сказала, калі вызваліцца тата. Яны не ведалі ніводнага тэрміна, яны ўжо не ведалі, што былі яшчэ суды, яны ўжо нічога не ведалі.
— А вы як самі гэта ўспрынялі?
— Я доўга сябе збірала па частках. Напэўна, на год проста выпала, як акамянелая нейкі час жыла. Трэба было прыдумаць нейкую новую стратэгію для выжывання. І тады прыйшло асэнсаванне (мабыць, найбольш складанае), што гэтыя перазатрыманні будуць пастаянна паўтарацца, што ўсё, я не ведаю цяпер, калі яго пабачу. І калі такое адбылося другі раз, а потым і трэці, я ўжо ўспрымала гэта спакойна.
— Чацвёра дзяцей, дапамога Змітру — як фінансава ўсё выцягнуць?
— З Божай дапамогай, інакш я не магу сказаць. Людзі прыходзілі і падтрымлівалі. Нават абсалютна незнаёмыя проста прыходзілі ў кватэру, казалі, маўляў, мы там пра вас чыталі, і клалі грошы ў рукі: «Усё, усяго добрага, трымайцеся». Такіх было шмат. Прыносілі і вялікія сумы, а бывалі і зусім дробныя. Але людзям было важна прыйсці і падтрымаць.
Прыходзілі жанчынкі і казалі: «Вось вам, прабачце, не можам болей». Былі сітуацыі, калі мне званілі ў дзверы, адкрываю — а там вядро клубніцаў стаіць… І шарык да яго прывязаны. Наогул, салідарнасць вельмі адчувалася. Я засталася дома з дзецьмі фактычна без працы, але не было ні дня, калі я адчувала фінансавую патрэбу.
Былі сябры, каторыя прыходзілі: «Колькі табе трэба на месяц? На, усё». І так перадавалі грошы на кожны месяц. А была і іншая дапамога. Адна сяброўка жыла са мной дзесьці тры-чатыры дні на тыдзень. І гэта шмат у чым выратавала мяне. Бо дзеці — гэта вялікае напружанне. І яна была з тых, з кім можна было вечарам сесці і проста размаўляць пра тое, як дзень у яе прайшоў, што адбылося, яна нешта раскажа, я паслухаю, напішу лісты. І гэта мяне вельмі ратавала. Проста чалавечая прысутнасць такога дарослага чалавека, з каторым можна пагаварыць, нешта абмеркаваць, — гэта было вельмі файна.
А на святы ў мяне ўвогуле дом быў перапоўнены. Я нікуды не магу пайсці, а да мяне прыходзілі ўсе: Каляды, Вялікдзень — усё забіта. Дзень народзінаў — пастаянна хтосьці ідзе.
Але былі і іншыя, падсадныя. Запытваліся: «А вось як ты грошы адвакату плаціш?» Я ўсё адразу: «Блін, мінус чалавек з жыцця, ну ладна».
«Толькі ўстаю каля запраўкі, Зміцер да мяне бяжыць. Гэта было вельмі кінематаграфічна»
— У вас у той час было актыўнае ліставанне. Пра што вы пісалі адзін аднаму і як падтрымлівалі каханне на адлегласці?
— Калі Змітра арыштавалі адзін раз, потым другі раз, і я чытала ягоныя лісты і разумела, што мне проста шкада, што іх чытаю адна я. Там было вельмі шмат і мудрасці, і скоранасці, і свайго тлумачэння таго, што адбываецца як з нашай сям’ёй, так і з народам у цэлым, праз якія цяжкасці мы праходзім.
Там многа рэчаў, каторыя адгукнуцца многім людзям, каторыя прайшлі ці праходзяць цяжкія часы. І яшчэ чаму я была перакананая, што кніга з лістамі будзе глыбокай, цэласнай і цікавай, таму што ён меў магчымасць пісаць толькі мне адной. Усю канцэнтрацыю болю, радасці, надзеі ці адчаю ў кожным ягоным дні, калі ён мог пісаць, ён адрасаваў мне. Гэта фактычна дзённік Змітра, напісаны для каханай жонкі. Каб ён меў магчымасць перапісвацца з 70–100 людзьмі, у мяне б не атрымалася такая кніга.
— Што ў гэтых лістах ёсць такога, чаго не пачуеш у інтэрв'ю чалавека пасля вызвалення?
— Гэта турма без гераізацыі. Таму што калі ты выходзіш з турмы, праходзіць нейкі час, ты даеш інтэрв'ю і дзесьці трошку можаш сябе паказаць. Хочаш абараніцца ад таго, што было, ты хочаш прааналізаваць гэта, ты хочаш сказаць, што ты маладзец.
А тут чалавек у моманце. Яму голадна, і ён піша, што яму голадна, што яму там сніцца ежа, што ён бы там гатаваў, пра што марыць. Калі холадна, значыць, ён апісвае, колькі ён робіць практыкаванняў, колькі ён паднімаецца, каб сябе сагрэць, як ён навучыўся, якія тапкі куды падкладваць, каб які бок у цябе ў ізалятары не адмярзаў. А калі табе вельмі кепска, ты пішаш: «Мне вельмі кепска, мне вельмі кепска. Я не бачу проста прасвету, я не бачу святла». І ў Змітра таксама хапала такіх перыядаў.
— Ці думалі вы, што яго адпусцяць дзякуючы амерыканцам? Увогуле, ці былі нейкія перадумовы?
— Я думала, што будуць вывозіць лідараў пратэсту 2020-га, а тых, хто асабліва ў 2020-м не ўдзельнічаў, пакінуць у Беларусі. Што нас вывозіць? Мы ціхенька бізнес рабілі, я на «хатняй хіміі» сядзела, мы ўсё адбылі. Зараз мне бывае сорамна трошкі, але, калі Змітра вывозілі, я прарыдала ўвесь гэты час. Бо разумела, што за гэтым будзе: мне трэба будзе ад усяго адмовіцца, усё пакінуць, сабраць жыццё ў валізкі і з’ехаць. Гэта было, канешне, цяжка. Для яго гэта быў таксама цяжкі выбар, для яго гэта была пакутная ноч у «амерыканцы», калі ён думаў, што рабіць…
— Рваць пашпарт, як Марыя Калеснікава, ці рабіць як спадар Мікола Статкевіч?
— Гэта было цяжкае рашэнне. Але ён кажа, што выбіраў сям’ю. Потым, канечне, я разумела, што калі муж змог прынесці такую ахвяру, тады і я мушу. Канешне, усё выветрылася, калі я яго пачула, убачыла нават праз Telegram, мы паразмаўлялі. Я са страхам думаю: што было б, калі б ён яшчэ год сядзеў?
— Вы пісалі пра мядовы месяц у Літве. Як вы сустрэліся? Што вы адзін аднаму сказалі?
— Ой, гэта было цудоўна. Гэта быў мядовы месяц, лепшы, чым мой першы. Тады мы былі маладыя і дурныя, а зараз ужо ты разумееш каштоўнасць гэтага часу, зважаючы на ўсё, праз што мы прайшлі. Гэта быў вельмі цудоўны час, калі можна было нагаварыцца, набыцца разам.
А сустрэча прайшла так: ён спачатку пазваніў і сказаў, які ў яго адрас. Я кажу: «Пачакай, пачакай. Я еду да цябе, я цябе не бачыла 3,5 года, ты мне скінуў адрас?!» Са смехам кажу: «Ты павінен стаяць на мяжы суткі, пакуль я еду, стаяць, мёрзнуць і чакаць мяне!» Ён пасмяяўся. Я пасмяялася. Але ўбіла адрас у навігатар і паехала.
Ён спачатку з сябрамі прыехаў на першую запраўку ад мяжы, але я доўга яе праходзіла. Сябры ўжо раз’ехаліся, а ён чакаў мяне адзін. Расказаў супрацоўнікам ужо ўсе байкі, я думаю, там усе ўжо чакалі гэтага гістарычнага моманту.
Я ехала і паставіла трансляцыю геалакацыі ў сябе ў Telegram, і Зміцер мне адправіў. І так было класна назіраць, як гэтыя метры да яго памяншаюцца. І я толькі ўстаю каля гэтай запраўкі, і Зміцер да мяне бяжыць. Гэта было вельмі кінематаграфічна, канечне. Мы пацалаваліся, я вось у гэты рамантычны момант кажу: «Зміцер, так я хачу ў прыбіральню, можна я вазьму і выйду ў гэты рамантычны момант, таму што я ўсё-такі маці чацвярых дзяцей!» (Смяецца.) І калі я ўжо заходзіла ў гэтую запраўку, супрацоўнікі стаялі са слязьмі на вачах. Я кажу: «Зміцер, я гляджу, ты тут шмат часу правёў з гэтымі людзьмі». Ён: «Так, я ўсё расказаў ужо. Знаёмцеся, гэта мая жонка». Там пазнаёміліся з супрацоўнікамі запраўкі, усе нас павіншавалі, сфатаграфавалі. А дома ў кветках усё было.
«Рабі, што ты лічыш патрэбным, абы ты была шчаслівай»
— Як вы змяніліся за той час, пакуль не бачыліся?
— Мне здаецца, Зміцер памякчэў, стаў больш уважлівым. Ліставанне, дзе ты дастаеш з сябе ўсе эмоцыі, усе пачуцці, яно, канешне, вельмі збліжае. Ты больш пазнаеш унутраны свет чалавека. Ён вельмі цэніць мяне, калі я ў нечым там засумняюся, заўжды кажа: «Столькі прайшла, ты там і тое, і гэта змагла, і гэта змагла, і гэта зможаш!»
Але сказаць, што турма кардынальна змяніла Змітра, — не. У яго ёсць цудоўная ўласцівасць, якая характэрная не для ўсіх вязняў. Ён выходзіць з турмы і фактычна забывае ўсё як страшны сон. У яго як бы… у яго такое адчуванне, што турмы ніколі не было, ты заўсёды быў на свабодзе. Ягоны ўнутраны свет, ягоная псіхіка ратуюць яго ад многіх перажыванняў.
— Ёсць такое стэрэатыпнае ўяўленне пра веруючых людзей, што яны досыць патрыярхальныя і строгія ў дачыненні да жанчын. А які Зміцер?
— Ён такі мужчына, мужчына, якога ў прыклад я стаўлю свайму сыну. Ён шляхетны, мудры, умее прасіць прабачэння, у яго вельмі прыгожае разуменне жонкі і сужэнства ў цэлым. Ён казаў: «Рабі, што ты лічыш патрэбным, абы ты была шчаслівай». У нас няма жорстка падзеленых «мужчынскіх» і «жаночых» абавязкаў. Хто можа, той падхопіць — пасцірае, ежу прыгатуе. І я магу таксама спакойна ляжаць сабе на канапе, чытаць кніжку, а Зміцер будзе займацца справамі.
— А дзеці не папракаюць, што ім з-за вас давялося перажыць?
— Зараз, у Вільні, ім, канечне, цяжка. Яны б хацелі быць дома, са сваімі сябрамі. Я ім таксама шмат тлумачу: вінаватых у гэтай сітуацыі няма. Так склалася жыццё. Дома было шмат небяспекі, ад якой я іх абараняла, калі яны былі маленькія. Яны не ўбачылі ўсёй жэсці, каторую маглі б убачыць. Яны былі ахінуты любоўю і бацькоў, і сяброў, і блізкіх, і родных. Што было б далей, хто ведае. А зараз мы мусім быць разам як сям’я.
— У вас не было крыўды на Бога за такі лёс? Турэмныя тэрміны, рэпрэсіі і вымушаная эміграцыя — усё гэта цяжкія выпрабаванні…
— Крыўдаў на Бога? Не, не было. Вера ў Бога не значыць, што ты будзеш жыць без нягод і праблем. Вера ў Бога значыць, што пасярод усіх выпрабаванняў, што абавязкова будуць суправаджаць тваё жыццё, ён будзе з табою і будзе дапамагаць табе іх прайсці.












