Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сваім сайце апублікаваў адкрыты ліст Уладзіміру Пуціну, у якім прапанаваў пачаць непасрэдныя перамовы паміж Кіевам і Масквой, правесці асабістую сустрэчу і ўвесці поўнае спыненне агню на час перамоўнага працэсу.
«Украіна прапануе скончыць вайну ў фармаце паміж намі і вамі. Я прапаную вам сустрэчу», — напісаў Зяленскі.
Паводле яго, Украіна гатовая цалкам спыніць агонь на перыяд перамоваў.
«Украіна гатовая спыніць агонь цалкам — на час, пакуль будуць ісці перамовы. І гэта стандартная практыка. Спроба дасягнуць рэальнай цішыні — гэта найлепшы старт, каб пачаць гаварыць адзін з адным», — гаворыцца ў лісце.
Зяленскі таксама прапанаваў правесці абмен ваеннапалоннымі па формуле «ўсіх на ўсіх» і вярнуць вывезеных падчас вайны цывільных асоб і дзяцей.
«Украіна гатовая да абмену ваеннапалоннымі па прынцыпе „ўсіх на ўсіх“, і гэта можа стаць добрым пралогам да заканчэння вайны. Трэба зрабіць сур’ёзныя крокі для вяртання цывільных асоб і дзяцей, якія былі вывезеныя падчас вайны», — напісаў украінскі лідар, назваўшы ў якасці магчымых пляцовак для перамоваў Швейцарыю, Турцыю і краіны арабскага свету.
Палітык таксама заявіў, што Расія штомесяц страчвае на фронце больш за 30 тысяч чалавек забітымі і цяжкапараненымі і што ў стратах РФ доля загінулых значна перавышае паказчыкі сучасных войскаў.
«Мы ведаем, што ў вашых стратах на фронце 63% — гэта забітыя, і толькі 37% — параненыя. У XXI стагоддзі арміі не могуць дазволіць сабе такога балансу. У далейшым доля забітых будзе расці», — заявіў Зяленскі, падкрэсліўшы, што вайна застаецца балючай і для Украіны.
Акрамя таго, украінскі лідар сцвярджае, што Кіеў валодае інфармацыяй пра планы Масквы доўжыць вайну яшчэ некалькі гадоў і пра спробв ўцягнуць у канфлікт Беларусь.
«Мы бачылі дакументы разведкі, што цяпер вы разглядаеце планы вайны таксама на 2027 і 2028 гады. Таксама мы ведаем, што вы спадзеяцеся, што балістыка зробіць для вас тое, чаго не зрабіла ўсё астатняе. Вы хочаце яшчэ больш уцягнуць у вайну Беларусь, і цяпер мы вымушаныя рыхтавацца яшчэ і да гэтага. Мы бачым, што вы разыгрываеце нейкую партыю з Прыднястроўем. Вашыя прапагандысты пагражаюць так ці інакш усім суседзям Расіі», — напісаў прэзідэнт Украіны.
У завяршэнне ён папярэдзіў, што ў выпадку адмовы ад перамоўнага шляху Украіна будзе супраціўляцца далей.
«Калі вы асабіста не прыйдзеце да думкі, што гэтую вайну час завяршаць, Украіна будзе далей змагацца за сваё існаванне. У нас будуць тыя, хто нас падтрымае», — напісаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што цяперашняя лінія фронту мусіць стаць адпраўным пунктам для дыпламатычнага працэсу.
«Лінія фронту цяпер — гэта лінія, з якой павінная пачацца дыпламатыя», — заявіў Зяленскі.
Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што Кіеў разглядае зварот Зяленскага як рэальную прапанову пра спыненне вайны.
«Гэта адкрыты ліст — сур’ёзная і змястоўная прапанова скончыць вайну. Непасрэдна ад прэзідэнта Украіны прэзідэнту Расійскай Федэрацыі. З выразнымі, выканальнымі крокамі і запрашэннем да асабістай сустрэчы», — напісаў Сібіга ў Х.
Паводле яго, ліст таксама будзе афіцыйна перададзены расійскаму боку па дыпляматычных каналах.
У Крамлі пазней пацвердзілі, што азнаёміліся з лістом, перадае ТАСС. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Уладзіміру Пуціну пра яго паведамяць пазней.
Акрамя таго, Пяскоў пракаментаваў прапанову асабістай сустрэчы лідараў дзвюх краін.
«Калі Зяленскі хоча сустрэцца з Пуціным, ён можа прыехаць у Маскву», — заявіў прадстаўнік Крамля.
«Мы чакаем змястоўнага адказу на гэтую прапанову. Прыйшоў час скончыць гэтую вайну. Прыйшоў час выбраць мір», — заявіў міністр.
Адзначым, адкрыты ліст Зяленскага быў апублікаваны ўвечары 4 чэрвеня практычна адначасова з выступам Уладзіміра Пуціна на сустрэчы з кіраўнікамі міжнародных інфармагенцтваў у рамках Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму.
Падчас гутаркі расійскі прэзідэнт чарговым разам заявіў, што Расія збіраецца ўсталяваць кантроль над усёй тэрыторыяй Данбаса і што гэта нібыта не супярэчыць магчымаму заключэнню мірнага пагаднення з Украінай.
Акрамя таго, Пуцін не выключыў выкарыстання ў будучыні ракетнага комплексу «Арэшнік» па цэялх у гарадской забудове Украіны. Паводле яго, папярэднія ўдары гэтай зброяй насілі выпрабавальны характар і былі патрэбныя для ацэнкі дакладнасці і эфектыўнасці паразы цэляў.
Таксама Пуцін заявіў, што Масква гатовая дамаўляцца з Кіевам на аснове нейкіх кампрамісаў, якія, з ягоных словаў, абмяркоўваліся падчас расійска-амерыканскіх кантактаў.





