Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьму Чорнага, Максіма Танка і Міхася Стральцова, Янку Брыля, Алеся Разанава, Янку Маўра і Рыгора Барадуліна. Герой гэтага тэксту — Змітрок Бядуля.

1. Стаў, бадай, першым беларускім класікам іншай нацыянальнасці

Амаль усе вядомыя дзеячы нашай літаратуры былі беларусамі па нацыянальнасці. Гэта натуральна: беларуская мова была для іх роднай, тады як тым, хто выхоўваўся ў іншым культурным і моўным асяроддзі, было цяжэй авалодаць ёю на належным узроўні. З выключэнняў згадваецца хіба Наталля Арсеннева (аўтарка рэлігійнага гімна «Магутны Божа»), якая нарадзілася ў азербайджанскім Баку ў рускай сям'і, але пасля пераезду сям'і ў Вільню вучылася ў беларускай гімназіі і пачала пісаць па-беларуску. Аднак першым вядомым беларускім пісьменнікам іншай нацыянальнасці стаў Самуіл Плаўнік — ён жа Змітрок Бядуля, які нарадзіўся ў яўрэйскай сям'і на тэрыторыі сучаснага Лагойскага раёна. Сярод прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці былі і іншыя вядомыя пісьменнікі, напрыклад, ураджэнец Смаргоні Майсей Кульбак, які, аднак, пісаў на ідыш.

Бацькі хацелі, каб Бядуля стаў равінам, таму адправілі яго ў пачатковую яўрэйскую школу (хедэр), потым у духоўную семінарыю (ешыбот). Вучняў у апошнім маглі бязлітасна біць толькі за тое, што яны цікавіліся граматыкай рускай мовы. Чытанне свецкіх кніг лічылася злачынствам, нават напісаных на стараяўрэйскай мове (менавіта яна стала асновай для адраджэння іўрыту). Бядуля збег з аднаго ешыбота, бацька перавёў яго ў іншы, але там панавалі тыя ж норавы. На адной з талмудычных чытак (чытанне і разбор тэкстаў Талмуда, галоўнай кнігі ў іўдаізме) Змітрок пачаў цытаваць уласны верш, пасля чаго яго з ешыбота выгналі.

Змітрок Бядуля. 1914 год. Фота: Радыё Свабода, commons.wikimedia.org
Змітрок Бядуля. 1914 год. Фота: «Радыё Свабода», commons.wikimedia.org

Давялося пачаць працу хатнім настаўнікам, пасля канторшчыкам на лесараспрацоўках у свайго бацькі. Адначасова хлопец пісаў вершы, спачатку на стараяўрэйскай мове, потым — на рускай, але іх не публікавалі. У 1909-м ён даведаўся пра існаванне беларускай газеты «Наша Ніва» і ў наступным годзе апублікаваў там пяць карэспандэнцый і адно апавяданне. Частка з гэтых публікацый была падпісана псеўданімам Змітрок Бядуля.

Узаемадзеянне беларусаў і яўрэяў стала адной з цэнтральных тэм у яго творчасці.

«Гэта дзіўны, даўно страчаны намі свет, беларуска-габрэйскі, таму так арганічна выглядае ягонае апісанне па-беларуску, хаця ён поўны кабалістаў, талмудыстаў, карчмарак, канфліктаў і звычаяў, якія ўжо не зразумець сучаснаму чытачу», — дзяліўся пісьменнік Альгерд Бахарэвіч уражаннямі ад аўтабіяграфічнага твору Бядулі «У дрымучых лясах».

Па словах Змітрака, у яго грудзях біліся два сэрцы — беларускае і яўрэйскае. Яго натхнялі дзве музы, ён разрываўся паміж любоўю да Палестыны і Беларусі (гаворка пра Эрэц-Ісраэль — Зямлю Ізраіля, гістарычную радзіму яўрэяў, якую ў пачатку XX стагоддзя называлі Палестынай і куды накіроўваліся першыя рэпатрыянты з усяго свету — у тым ліку з нашай краіны).

«Без гэтай беларускай прыроды, што завалодала іхнай душой ад нараджэння, яны б не маглі ў фантазіі сваёй маляваць Палестыну, каторую яны малююць, маючы ўзорам беларускую зямлю», — пісаў Бядуля пра беларускіх яўрэяў. Ён дадаваў, што яго пачуццё любові да Беларусі як да новай (у адрозненне ад гістарычнай для яўрэяў) бацькаўшчыны — «нервовае, балючае і незразумелае прадстаўнікам іншых нацый».

Злева направа: браты Мацвей, Самуіл, Ізраіль Плаўнікі (Самуіл Плаўнік - сапраўднае імя Змітрака Бядулі). Фота: sb.by, commons.wikimedia.org
Злева направа: браты Мацвей, Самуіл, Ізраіль Плаўнікі (Самуіл Плаўнік — сапраўднае імя Змітрака Бядулі). Фота: sb.by, commons.wikimedia.org

У 1915-м літаратар напісаў паэму «Жыды» (апублікавалі яе больш чым праз два дзесяцігоддзі, і тое са скарачэннямі). Падзеі ў ёй адбываліся падчас Першай сусветнай вайны і былі прысвечаныя пагромам, якія ладзілі казакі расійскай арміі.

Ляманты і крыкі.
Востры свіст нагаек.
Лаянкі і рогат.
Звоны балалаек.

На крывавым гэтым,
На шалёным балі
Шмат чаго «героі»
Тут патрабавалі:

«Дай перш-наперш выпіць!
Дзе жанкі і дочкі?
Будзеце вы помніць
Нашы дні і ночкі…

А жыццё і грошы
Возьмем у вас самі.
Мы-жа немалыя —
Бачыце — з вусамі…

Германы! Жыды вы!
Нутраны наш вораг!
Дзеля вас на фронце
Нюхаем мы порах.

Голаў ды за голаў.
Можаце маліцца…
Сам казаў наш сотнік —
Нехрысці вы, гіцлі…»

Фрагмент паэмы «Жыды»

Пазней, у 1919-м, Бядуля заклікаў беларускіх яўрэяў прымаць актыўны ўдзел у пабудове Беларусі. У 1930-я стаў адным з суаўтараў «Кішэннага яўрэйска-беларускага слоўніка», пераклаў з ідыш на беларускую некалькі твораў (у тым ліку раман Шолам-Алейхема).

Аднак праявы антысемітызму даліся Бядулю ў знакі. «Адно было дзіўна: дома з сёстрамі гаварыў па-беларуску, пісаў па-беларуску, але, відаць, не ўсім беларусам давяраў. Можа, баяўся, што знойдуцца паміж намі людзі, якія аднясуцца да яго непрыхільна? Адным словам, антысеміты… Бо ніколі не прымаў удзелу ў ніякіх паседжаннях, сходах, з’ездах, вечарынах і г. д. Сёстры, асабліва малодшая Чэрня, бывалі ўсюды на людзях, ён — ніколі. З паасобнымі людзьмі <…> адносіны былі як найлепшыя, але ў грамадзе, у таварыстве, агульна з усімі, яго ніхто ніколі не бачыў», — згадвала пісьменніца Зоська Верас. Літаратар Барыс Мікуліч таксама пісаў пра «адзіноту» Бядулі: «Адны бягуць ад яго, а іншых цураецца ён сам».

Выхаванне ў вельмі кансерватыўным асяроддзі паўплывала на светапогляд Самуіла Плаўніка. Па ўспамінах яго сына, у бацькі быў даволі «дамастроеўскі» склад розуму: напрыклад, сястра пісьменніка Рэня, якая была малодшай за яго на пару дзясяткаў гадоў, цудоўна спявала і хацела вучыцца ў кансерваторыі, але Бядуля не дазволіў, а пазней выдаў яе замуж за ваеннага. «Конечно, он с трепетом и уважением относился к женщине… Но считал, что та обязательно должна выйти замуж и быть основой семьи, родить детей», — казаў сын пісьменніка Яфім Плаўнік.

2. Адкрыў для айчыннай літаратуры імпрэсіянізм

Змітрок Бядуля пачынаў свой шлях у беларускай літаратуры як паэт, якому, пісаў даследчык Іван Навуменка, была блізкая «паэзія ночы, змроку, сутоння, захадаў сонца і ўзыходу на неба бледнага, таямнічага месяца». Дарэчы, у «Нашу Ніву» тыя раннія творы так і не трапілі, хоць Бядуля там працаваў, і былі надрукаваныя толькі пазней.

Вісіць серп залаты над спалоханым борам,

Жне вершаліны хвой гэты серп залаты.

У нізінах туман, бы кудзельнае мора.

У тумане паніклі платы і кусты.

Каля млына вада «кап» і «кап» з чорнай скрыні.

Кропля кожная стрэл, у паўночнай цішы.

Чулы аір дрыжыць, як птушыныя крыллі.

Стаіць дуб-вартаўнік на расістай мяжы.

Змітрок Бядуля. 1920-я гады. Фота: Беларускі дзяржаўна архіў-музей літаратуры і мастацтва, commons.wikimedia.org
Змітрок Бядуля. 1920-я гады. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, commons.wikimedia.org

Навуменка звяртае ўвагу, што шмат якія вершы Бядулі пачатку стагоддзя напаўняюць «матывы няяснай самоты, смутных імкненняў, прадчуванняў». «Бядулеўскі талент вельмі чуйны да гукаў, фарбаў, пераліваў і пераходаў пачуцця. Ягоную лірыку з поўнай падставай можна назваць імпрэсіяністычнай. <…>. Для Бядулі вельмі важна пачуццёва занатаваць фарбы, гукі акаляючага свету на дадзены момант. Часта пачуцці, эмоцыі выказваюцца праз адцягненую, метафарычную лексіку», — дадае ён.

Б’ецца восень халодная ў рэчную шыбу.

Безупынку трасе адзінокай вярбой.

Я далёкі вандроўца.

Хачу да сялібы.

Па калена ў гразі на дарозе глухой.

Як падкрэслівае Навуменка, Бядуля прынёс у беларускую літаратуру «адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця, замілаванасць да прыгажосці, разлітай у навакольным свеце».

Да ранняй паэзіі гэтага творцы належыць і яго першы зборнік лірычных мініяцюр у прозе «Абразкі» (1913). Даследчыца Беата Сівэк называла яго аўтара «самым выдатным прадстаўніком беларускага імпрэсіянізму» і звяртала ўвагу, наколькі ён мае шмат агульных рыс з лірычным героем мініяцюр.

«Бядуля быў чалавек эмацыянальны, уражлівы і няўстойлівы, схільны да мімалётных захапленняў. <…> Чалавек настрою, Бядуля амаль кожны дзень быў не такі, як учора. Сёння ён ахоплены энтузіязмам і прадбачыць вялікія перспектывы ў літаратурным жыцці, а заўтра скардзіцца на свой лёс і шкадуе, што стаў пісьменнікам», — згадвалі яго знаёмыя.

«Абразкі» — першы зборнік Змітрака Бядулі, выдадзены выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Санкт-Пецярбургу лацінкай, 1913 год. Фота: commons.wikimedia.org
«Абразкі» — першы зборнік Змітрака Бядулі, выдадзены выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Санкт-Пецярбургу лацінкай, 1913 год. Фота: commons.wikimedia.org

Затое «з усіх пісьменнікаў бадай адзін Бядуля чытаў свае творы так па-майстэрску <…>. У яго сказ неяк варушыўся, і я выразна сабе ўяўляў не толькі падзеі <…>, але і рух — настолькі скульптурна ўсё было пададзена. Здавалася, Бядуля не чытае, а проста бачыць і расказвае, што адбываецца», — згадваў скульптар Заір Азгур.

Менавіта гэтыя лірычныя мініяцюры і зрабілі Бядулю імя.

«Вытапталі мы сабе месца сярод высокай травы на лузе ля ракі і селі, нібы ў шатры. Млела блізка рэчка сярод цішы летняй ночы, і праменні месяца залацілі нямы чарот…

Маўчала яна… Толькі сэрца маё не маўчала. Мне хацелася нешта казаць ёй, але не ведаў я што.

— Загадай загадку! — выпаліў я раптам ні з таго ні з сяго.

Зірнула яна на мяне, а ў гэты самы момант месяц зірнуў на яе. Шаўковымі хвалямі былі распушчаны валасы па плячах. Ад іх ляглі на твары паўцені, і вочы глыбокімі зрабіліся, а яна зрабілася таемнай — здаецца, любіла і не любіла, жартавала і не жартавала, не то клікала да сябе, не то адганяла… І я не мог разгадаць…

Нямела ноч. Чорныя вольхі драмалі. Адны зоркі гаслі, другія запаліліся.

Я не ведаў, ці мне ў нейкім забыцці, быццам мармуровую багіню, цалаваць яе, ці адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае пачуццё…

Яна загадала загадку…»

Лірычная мініяцюра «Загадка»

3. Быў супраць бальшавікоў і амаль не запляміў сумленне падчас рэпрэсій

Айчынныя пісьменнікі з выразнай нацыянальнай пазіцыяй хутка сталі ворагамі для савецкай улады. Бядуля быў з іх ліку. Ён працаваў адказным сакратаром газеты «Наша Ніва» (яе галоўным рэдактарам тады быў Янка Купала). У 1917-м прысутнічаў на Першым Усебеларускім з’ездзе, на якім сабраліся дэлегаты з усёй Беларусі, і напісаў адтуль карэспандэнцыю, у якой называў бел-чырвона-белы сцяг «нацыянальным штандарам» і абараняў яго.

Да прыходу бальшавікоў да ўлады ён паставіўся з расчараваннем. «О, воля, ты толькі, як промень, зірнула, // О, воля, ты нас абманула…» — пісаў Бядуля ў пачатку 1918-га. А праз пару месяцаў вітаў абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — нашай першай нацыянальнай дзяржавы.

Гэта яму прыгадвалі ўсё жыццё. «У яго біяграфіі ў падручніках нават было напісана: „Ён не адразу прыняў рэвалюцыю“. Калі я быў школьнікам і на ўроку зачытвалі гэтую фразу, аднакласнікі паварочваліся ў мой бок і асуджальна глядзелі: як жа, маўляў, ты не змог з бацькам разабрацца?..» — згадваў сын пісьменніка.

Змітрок Бядуля з жонкай Марыяй. 1929 год. Фота з кнігі «Успаміны пра Змітрака Бядулю» (1988), TUT.BY
Змітрок Бядуля з жонкай Марыяй. 1929 год. Фота з кнігі «Успаміны пра Змітрака Бядулю» (1988), TUT.BY

У 1920-м у Беларусі канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, і Самуілу давялося прыстасоўвацца да новых умоў. Зрэшты, пра непрыняцце дарэвалюцыйных рэалій ён пісаў шчыра і даўно, яшчэ ў сваіх творах 1910-х ён паказваў забітую і цёмную вёску. Напрыклад, у класічным апавяданні «Пяць лыжак заціркі», якое праходзяць у школе дагэтуль (ад дзяцей сёння тыя рэаліі занадта далёкія, але на іх можна патлумачыць «філасофію адноснасці шчасця»). Тыя ж рэаліі царскага часу ён паказаў і ў аповедзе «Ашчаслівіла» пра жыццё жабракоў — апісанае там (маці наўмысна рабіла інвалідам дачку) дазволіла Альгерду Бахарэвічу назваць Бядулю «майстрам бытавой жудасці».

1920-я, гады бурнага росквіту беларускай культуры, сталі для Змітрака Бядулі надзвычай паспяховымі. Па агульным накладзе выдадзеных кніг ён знаходзіўся на трэцім месцы (пасля Якуба Коласа і праўладнага творцы Цішкі Гартнага) з 77,5 тысячы асобнікаў. Бядуля стаў сябрам згуртавання «Узвышша», у якім аб’ядналіся лепшыя айчынныя творцы. Сімвалічна, што першы нумар аднайменнага альманаха адкрываўся бядулевай аповесцю «Салавей», прысвечанай жыццю прыгоннага селяніна, якога зрабілі артыстам. Перад тым аўтар чытаў твор сябрам па згуртаванню на кватэрным сходзе, яго няшчадна крытыкавалі, але ён улічыў заўвагі і перапрацаваў аповесць.

Тым часам спецслужбы ўжо збіралі на Бядулю дасье. У 1924-м чэкісты называлі яго адным з «інтэлігентаў-шавіністаў», якія «ўносяць у літаратуру настроі, непрыхільныя рэвалюцыі, а часамі контррэвалюцыйныя тэндэнцыі». Магчыма, гэтыя маніпуляцыі і дапамаглі псіхалагічна зламаць Змітрака на рубяжы 1920−1930-х, калі «Узвышша» стала аб’ектам цкавання з боку ўлады. Адны сябры арганізацыі (напрыклад, Уладзімір Дубоўка) займалі бескампрамісную пазіцыю і не жадалі прызнаваць «памылак» у творчасці. Бядуля ж аказаўся сярод тых, хто вырашыў «пакаяцца» і пайсці на кампраміс.

У выніку, калі Дубоўку і частку «ўзвышаўцаў» у 1930-м арыштавалі, Змітрок аказаўся сярод тых, хто публічна асудзіў нядаўніх сяброў, назваў іх «агентамі міжнароднай буржуазіі» і запатрабаваў ім «жорсткай кары». Разам з ім такі ліст падпісалі і Кандрат Крапіва з Пятром Глебкам, якія ў далейшым працягнулі гэты шлях і назаўжды знішчылі сваю рэпутацыю даносамі на калег. Але Бядуля ўсё ж здолеў прайсці «паміж кропелек» і больш нічым падобным сябе не праявіў.

«Здаецца, ён нават і не спрабаваў у трыццатыя неяк супрацьпаставіць сябе сістэме, але ж і такога перараджэння, як ад Купалы, ад яго не патрабавалася», — адзначаў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Зрэшты, супрацьстаяць сістэме тады было амаль немагчыма — галоўным было ацалець.

Литературное объединение «Узвышша». Минск. 1929 г. Фото: Белорусский государственный архив-музей литературы и искусства
Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Мінск. 1929 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Гэта не значыць, што ад Змітрака Бядулі ўлады проста адчапіліся, — зусім не.

«Купала, Колас, Бядуля не зразумелі значэнне Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Не зразумелі яны і таго, што толькі пралетарская рэвалюцыя прынесла беларускаму народу сапраўдную свабоду», — абвінавачвалі яго ў прэсе ў 1937-м. Літаратара некалькі разоў выклікалі ў НКУС, казалі яму, што ён польскі шпіён, і пагражалі пасадзіць яго і ўсю сям’ю. Ён спаў не распранаючыся і трымаў падрыхтаваным вузельчык з бялізнай. У лістападзе 1938-га кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка даслаў Іосіфу Сталіну фактычна прамы данос, у якім пісаў, што васьмёра літаратараў — у тым ліку і Бядуля — «безумоўна падлягаюць арышту і суду як ворагі народа».

Нейкім цудам Змітрок застаўся на свабодзе (ёсць непацверджаныя звесткі, што і яго на непрацяглы час арыштоўвалі). А ў 1939-м па яго аповесці «Салавей» у беларускім Оперным нават паставілі першы нацыянальны балет.

4. Адлюстраваў у казцы сталінскія рэпрэсіі

У ліхія гады рэпрэсій Бядуля знайшоў выратаванне ў дзіцячай літаратуры, якой, зрэшты, займаўся і раней. Яго самым вядомым творам для гэтай узроставай аўдыторыі стала аповесць-казка «Сярэбраная табакерка». Лёс яе незвычайны. Напісаная ў 1940-м, яна была ўпершыню надрукавана ў 1953-м пасля смерці аўтара. Рукапіс знайшлі ў вызваленым ад нацыстаў Мінску сярод руін дома, дзе жыў Бядуля, — старонкі ацалелі нейкім дзівам. Тое, што Змітрок не апублікаваў яе пры жыцці, невыпадкова.

Беларускія пісьменнікі. Сядзяць (злева направа): Змітрок Бядуля, латыш Яніс Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць (злева направа): Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны. 19 лістапада 1926 года. Фота: Беларускі дзя
Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янісам Райнісам (сядзіць другі злева). Побач з ім першы злева Змітрок Бядуля. 19 лістапада 1926 года. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Паводле сюжэту, Дзед-заяц расказваў сваім малым унукам пра прыгоды далёкага прашчура, прапрапрапрадзеда, якога ён называе Дзіда-дзедам (перанос падзей у далёкае мінулае дазваляў пазбегнуць аналогій з сучаснасцю). Той злавіў Смерць і зачыніў у сваёй сярэбранай табакерцы.

«За зайцам, пераможцам смерці, дарэчы, самым палахлівым з лясных звяроў, можна без асаблівага намагання ўбачыць забіты, затурканы народ», — пісаў Навуменка, на думку якога ў казцы «ў завуаліраванай форме адлюстраваны сталінскі дэспатызм, жорсткія, бесчалавечныя рэпрэсіі 1937−1938 гадоў».

Дык вось пасля той перамогі над Смерцю ў свеце пачаліся цуды.

«Беласнежная авечка ляжыць на воўчай спіне, гойдаецца, як на пярыне, і зусім не баіцца. Вочы яе лагодныя. Яна не бляе, а пазірае з цікавасцю на белагрудыя бярозкі, колеру яе шэрсці.

Вочы ў ваўка, спачатку злыя, з драпежніцкім жоўтым бляскам, пакрысе робяцца добрымі, спакойнымі, бадай што такімі, як у авечкі. Нібы нутро звера пачынае астываць ад таго страшнага пекла і смагі ў крыві, якое паліла яго самога, яго бацькоў і дзядоў. Воўк змяншае свой гон, пакуль зусім не спыняецца. Крыху прыхіляе пярэднія ногі, і з яго спіны павольна, нібы пані з карэты, злазіць авечка.

І авечка і воўк пачынаюць з цікавасцю абнюхваць адно аднаго. У іх выгляд брата і сястры, якія дагэтуль шмат год не бачыліся. Яны ліжуцца, кладуць галовы адно аднаму на карак з нязведанай дагэтуль пяшчотай. У ваўка пачынаюць нараджацца новыя, незнаёмыя яму самому гукі: ён варкуе, як голуб».

Фрагмент казкі «Сярэбраная табакерка»

Аднак знайшліся тыя, каму не даспадобы новыя павевы. Іх пералік героі зачытваюць доўга — у спісе «суддзі, адвакаты, пракуроры, следчыя». Тыя скардзяцца, што цяпер людзі будуць жыць вечна, значыць, пакаранне смерцю больш немагчымае. «Юрыстам астанецца адна толькі праца — пасвіць камароў на балоце», — каментуе адзін з герояў роспач сілавікоў, якіх пазбавілі манаполіі на гвалт. Але найбольш такія навіны выклікаюць абурэнне ў эліты той казачнай краіны, якая чакае смерці сваіх кіраўнікоў, каб заняць іх месца. Паралелі з рэчаіснасцю даволі красамоўныя.

Змітрок Бядуля. 1940 год. Фота: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, commons.wikimedia.org
Змітрок Бядуля. 1940 год. Фота: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, commons.wikimedia.org

Сюжэт гэты Бядуля распрацаваў сам, без якіх-кольвек фальклорных першакрыніц, падкрэслівае Навуменка: «У аснове „Сярэбранай табакеркі“ <…> — барацьба паміж дабром і злом. <…> Яна ўяўляе сабой добрую прозу, без фальклорнай ідэалізацыі, абагульненасці. У адрозненне ад казкі традыцыйнай „літаратурная казка“ Бядулі <…> вызначаецца канкрэтызацыяй карцін, з’яў, псіхалагізацыяй паводзін і ўчынкаў герояў».

Твор раней праходзілі ў пачатковых класах школы, сёння ён уваходзіць у праграму дадатковага чытання. Але, на думку Івана Навуменкі, аповесць адрасаваная хутчэй дарослым, чым дзецям. У нашы ж часы менавіта для дарослых такі твор застаецца надзвычай актуальным.

5. Аказаўся адзіным класікам, урачыста перапахаваным на радзіме

Магілы многіх беларускіх творцаў раскіданыя па розных гарадах і краінах: адны памерлі ў эміграцыі, другія сталі ахвярамі ГУЛАГу, трэція па збегу абставін апынуліся далёка ад радзімы. Аднак практычна ўсе з іх спачываюць там, а не ў Беларусі, бо традыцыі перапахавання нашых дзеячаў на радзіме ў нас амаль няма.

Партрэт Змітрака Бядулі на яго перапахаванні. 3 лістапада 2020 года. Фота: TUT.BY
Партрэт Змітрака Бядулі на яго перапахаванні. 3 лістапада 2020 года. Фота: TUT.BY

Ці не адзіным выключэннем быў выпадак Янкі Купалы, які толькі праз два дзесяцігоддзі пасля загадкавай смерці ў Маскве знайшоў апошні спачын у Мінску ў 1962-м. Але адкрытай публічнай цырымоніі, якую маглі б наведаць усе шанавальнікі паэта, не было.

«Перапахаванне праху Янкі Купалы адбывалася ў сакрэтнасці ў духу сталіншчыны. Потайна з Масквы урну з прахам прывезлі ў музей паэта. Дзяжурылі адабраныя людзі і блізкія нябожчыка, калі так можна сказаць. Невялічкай купкай людзей было абмежавана жалобнае шэсце. Па званках з адпаведных устаноў. Вянкі ад заводаў, арганізацый было дадзена ўказанне на могілкі несці з пэўнымі інтэрваламі. Каб не было „большого стечения народа“. Уся дзяржаўная машына баялася праху паэта. А раптам што выбухне», — згадваў паэт Рыгор Барадулін.

Гучалі прапановы перапахаваць у Мінску Максіма Багдановіча, але пліта над яго магілай у Ялце ссунулася падчас землятрусу, таму не было стопрацэнтнай пэўнасці, што з-пад яе дастануць менавіта цела Багдановіча. Прапаноўвалі вярнуць на радзіму і Кастуся Каліноўскага, калі парэшткі таго знайшлі ў Вільні і рыхтавалі да перапахавання. Але афіцыйнага звароту з боку Беларусі не было, а перазахоўваць частку рэшткаў літоўскае заканадаўства забараняе.

Змітрок Бядуля стаў першым з айчынных класікаў, якога перапахавалі адкрыта і ўрачыста.

Смерць ён сустрэў на тэрыторыі Казахстана, куды трапіў пасля нападу нацыстаў на Беларусь. Эшалон з пісьменніцкімі сем’ямі накіроўваўся ў эвакуацыю ў Алма-Ату і ў пачатку лістапада 1941-га спыніўся на станцыі за 12 кіламетраў ад горада Уральска. Ежы не было. Беларусы, выйшаўшы з цягніка, аддавалі якія заўгодна рэчы за хлеб. Абмен ужо заканчваўся, калі цягнік даў гудок. Бядуля спалохаўся, што з’едуць без яго, і пабег. Цягнік ён дагнаў, але ўнутры 55-гадоваму пісьменніку стала кепска, ён пачаў задыхацца і памёр.

Помнік Змітраку Бядулю на Усходніх могілках. Фота: belta.by
Помнік Змітраку Бядулю на Усходніх могілках. Фота: belta.by

Пахавалі творцу там жа, ва Уральску. «Бацьку хаваў віцебскі Коласаўскі тэатр, які ў гэты час там гастраляваў. Развітанне абставілі па-тэатральнаму, труна — на чырвоным узвышшы… Акцёры чыталі творы бацькі. Мяне падштурхнулі, каб я развітаўся… Раптам стала вельмі холадна, хоць восень была цёплая», — згадваў яго сын Яфім Плаўнік, які быў тады малым.

Сваякі шэсць разоў спрабавалі перавезці парэшткі ў Беларусь, але ўлады не давалі згоды. І толькі ў 2020-м, калі за справу ўзяўся Аляксандр Сапега, кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі, тое было рэалізавана. Парэшткі даставілі ў Мінск у лютым. Развітанне са Змітраком Бядулем праходзіла ў сталічнай «Беларускай хатцы», дзе ён калісьці жыў разам з Максімам Багдановічам (дом на вуліцы Талстога з таго часу ацалеў, і цяпер там музей). Трэцяга лістапада 2020 года пісьменніка ўрачыста перапахавалі на Усходніх могілках.

Тая падзея, бадай, аказалася ў цені пратэстаў. Але з дыстанцыі яе маштаб відавочны: айчынны класік, які пакінуў нашчадкам заклік «Будзь сам сабой, беларус…», урэшце вярнуўся дадому. Тое ж яшчэ чакае яго калег, пахаваных удалечыні ад радзімы.