На статус найлепшай беларускай кнігі за 2022 год прэтэндуюць шэсць выданняў. Расказваем пра іх
13 ноября 2023 в 1699867980
«Зеркало»
25 лістапада 2023 года ў польскім Гданьску ў славутым Двары Артуса (Dwór Artusa, Długi Targ 43−44) а 19.00 будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця - найбуйнейшай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Расказваем, хто сёлета прэтэндуе на ўзнагароду.
Прэмія Гедройця ўручаецца з 2012 года. Сярод лаўрэатаў мінулых сезонаў - Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамог пісьменнік, гісторык і журналіст Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая».
Сёлета журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы, выдадзеныя ў 2022 годзе. Усе трое пераможцаў атрымаюць узнагароды. На перамогу прэтэндуюць шасцёра прэтэндэнтаў.
Алег Дашкевіч з кнігай «З вышыні птушынага палёту»
Алег Дашкевіч прайшоў цікавы шлях ад трэнера па боксе да аўтара, чыя кніга трапіла ў сёлетні кароткі спіс прэміі імя Ежы Гедройця. Матэрыял для кнігі збіраўся на працягу дваццаці гадоў! «З вышыні птушынага палёту», што выпусціў выдавец Раман Цымбераў, - першая кніга аўтара. У ёй сабраныя творы, што друкаваліся на працягу больш як дваццаці гадоў у розных перыядычных выданнях. Гэта апавяданні, створаныя ў розных жанрах, але аб'яднаныя адной атмасферай. Містыка ў іх суседнічае з рэальнасцю, унутраныя адчуванні - з вонкавым дзеяннем. Праўдзівыя рэпартажы з нашага жыцця ў такім вірлівым, складаным і рознакаляровым часе.
Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт»
Сяргей Лескець - фатограф, гісторык, этнограф. У творчасці надае перавагу тэмам традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцей, паўсядзённага жыцця. Збірае архіў аматарскай фатаграфіі. Дзевяць гадоў таму ён пачаў вялікае падарожжа ў свет беларускай вясковай магіі. Вандруючы ад вёскі да вёскі, Сяргей Лескець шукаў чараўніц, знахарак і траўніц.
У кнізе «Шэпт» (выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з выдаўцом Раманам Цымберавым) чытач зможа адчуць смак падарожжа і пабачыць амаль зніклы свет традыцыі. Жыццёвыя споведзі, лекавыя практыкі і ўсе дыялогі перададзеныя на гаворках, якімі знахаркі карыстаюцца ў жыцці.
Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы»
Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Свярубская) нарадзілася ў Кутлоўцы на Падляшшы. З 1993-га працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і англійскую мовы.
«Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі… Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў», - напісаў пра кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» Уладзімір Арлоў (кнігу выпусціла Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»).
Сцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя»
Сцяпан Стурэйка нарадзіўся і вырас у Гродне. Гісторык і культурны антраполаг, доктар гуманітарных навук, дацэнт ЕГУ. З 2007 года актыўна публікуе даследаванні, прысвечаныя пытанням гісторыі і культурнай спадчыны. «Пасажыры карабля Тэсэя», што выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч», - першая мастацкая кніга аўтара.
«Усе творы, змешчаныя ў кнізе, складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў - мы губім тое, што любім. Усё апісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях», - кажа пісьменнік пра сваю кнігу.
Іна Снарская з кнігай «Зачараваны скарб»
Іна Снарская ў сваёй кнізе, што выйшла ў выдаўца Рамана Цымберава, пераносіць нас у вёску на Полаччыне. Як кажа сама аўтарка, кожную гісторыю яна пісала сэрцам. Яна нарадзілася ў Полацку, а цяпер жыве ў Палтаве. Сябра Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (ранейшы СБП), Нацыянальнага таварыства пісьменнікаў Украіны.
«Зачараваны скарб» - аповесць, якая складаецца з кароткіх аповедаў. «Галоўная гераіня - маленькая дзяўчынка, якой была я сама, а цяпер, хоць і вырасла, у душы ёю застаюся. І гэтая дарослая "я" таксама апавядае, знаходзіцца нібы за кадрам. Месца дзеі - вёскі Сястронкі, Варонічы Полацкага раёна, горад Полацк, час дашкольнага маленства», - расказвае Іна Снарская пра сваю кнігу.
Макс Шчур з кнігай «Там, дзе нас няма»
Кніга «Там, дзе нас няма» (выдавецтва Логвінаў) - добры прыклад таго, як літаратура набывае сваю вагу і пераасэнсоўваецца цягам часу. Макс Шчур - паэт, перакладчык, празаік і эсэіст. Нарадзіўся ў Брэсце. «Я пісаў раман пра сваю мінскую маладосць гадоў шэсць запар у 1999−2004-м, ужо ў эміграцыі. Даслаў рукапіс на прэмію Юхнаўца, выйграў - пасля чаго пра кнігу, аўтара і саму прэмію тут жа забылі. Аднак 2020 год нечакана зрабіў мой раман ізноў актуальным, а 2022 год канчаткова прымусіў мяне яго адрэдагаваць і ўрэшце - амаль праз 20 гадоў - апублікаваць».
Аўтар ужо атрымліваў прэмію імя Ежы Гедройця - у 2016 годзе за раман «Завяршыць гештальт».
На цырымоніі ўзнагароджання выступіць гурт Relikt, які спалучае ў сваёй творчасці сучасныя музычныя плыні з глыбінным беларускім фальклорам.
Таксама 25 лістапада ў Гданьскай філіі (Filia Gdańska, Mariacka 42) перад узнагароджаннем можна будзе наведаць дзве літаратурныя сустрэчы.
14.00 - прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі» пра палітзняволенага праваабаронцу, нобелеўскага лаўрэата. Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі - і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў гэтага руху. Чытач зможа пабачыць Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць. Кнігу прадставіць адна з аўтарак праекта - Таццяна Нядбай.
16.00 - сустрэча з журналісткай, пісьменніцай і рэдактаркай, аўтаркай кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Святланай Курс, якая піша пад псеўданімам Ева Вежнавец. За гэтую кнігу Святлана атрымала прэмію Ежы Гедройця ў 2021 годзе.
На ўсіх імпрэзах можна будзе набыць беларускія кнігі.