Рада БНР узнагародзіла медалём Ордэна Пагоні палітвязняў, загінулых каліноўцаў і Андрэя Зельцара
25 марта 2023 в 1679752560
«Зеркало»
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая існуе ў выгнанні, 25 сакавіка, у Дзень Волі, абвясціла пра ўзнагароджанне пятнаццаці беларусаў медалём Ордэна Пагоні. Пяцёра з іх атрымалі ўзнагароду пасмяротна.
Ганараваныя медалём дзесяць палітвязняў:
- журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава),
- прадпрымальнік, палітык Мікалай Аўтуховіч,
- актывіст Уладзімір Гундар,
- журналіст Дзяніс Івашын,
- праваабаронца Уладзімір Лабковіч,
- блогер Ігар Лосік,
- яго жонка Дар'я Лосік,
- блогер Эдуард Пальчыс,
- праваабаронца Валянцін Стэфановіч,
- журналістка Дар'я Чульцова (яна ўжо адбыла пакаранне і знаходзіцца на волі),
- актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк.
Пасмяротна ўзнагароджаныя чацвёра байцоў палка імя Кастуся Каліноўскага, якія загінулі на фронце ва Украіне:
- Аляксей Аўдзеенка,
- Эдуард Лобаў,
- Алег Панамароў,
- Міхась Шавельскі.
Таксама пасмяротна ганараваны медалём мінчук Андрэй Зельцар, які загінуў 29 верасня 2021 года ў перастрэлцы, аказаўшы збройны супраціў супрацоўнікам КДБ, якія ўварваліся ў яго кватэру для затрымання.
«Сёння мы ўжо ў другі раз абвяшчаем пра ўручэнне Медаля Ордэна Пагоні, асноўнай узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасць нашае Бацькаўшчыны, - заявіла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. - Перадусім гэта героі, якія ахвяравалі сваё жыццё ў збройнай барацьбе супраць ворагаў свабоды і незалежнасці Беларусі. Іхнія імёны ўвойдуць у гісторыю нашага народа, і ўсе мы павінны працягнуць іхнюю барацьбу.
Таксама гэтым разам Рада БНР адзначае і некалькіх нашых суродзічаў, хто паказаў і працягвае паказваць сваю непахіснасць перад чужынскім дыктатарскім рэжымам, сваю чалавечую і грамадзянскую годнасць у турме. Амаль усе гэтыя людзі дагэтуль незаконна ўтрымліваюцца ў палоне за сваю актыўную грамадскую або журналісцкую дзейнасць. Мы як найхутчэй чакаем іх на свабодзе і патрабуем неадкладнага вызвалення іх і ўсіх беларускіх палітычных вязняў, каго налічваецца больш як паўтары тысячы».
Медаль Ордэна Пагоні быў заснаваны Радай БНР у 2022 годзе для адзначэння грамадзянскіх, ваенных, культурніцкіх і іншых заслуг перад Беларуссю. Першае ўзнагароджанне адбылося з нагоды Дня Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 2022 года.
Івонка Сурвіла таксама павіншавала беларусаў з Днём Волі:
«Мы маем ледзь не стагоддзе дасведчання ўжо не як "тутэйшыя" рабы імперыі зла, а як адукаваны, разумны, развіты народ, які здольны даць сабе рады ў вольным свеце. Ад нас залежыць наша будучыня - ад кожнага й кожнай з нас!
Хацела б, каб кожны з нас задумаўся, што асабіста ён ці яна можа зрабіць, каб прыцягнуць увагу вольнага свету на Беларусь. У цяперашні час гэта надзвычай важна, з улікам таго, якую ганьбу наклікаў на Беларусь дыктатар Лукашэнка сваім саўдзелам у расійскай агрэсіі супраць Украіны. Пакуль свет захапляецца адвагай украінцаў і абураецца злачынствамі Пуціна і расійскай арміі, беларусы павінны як наймацней словам і справай дэманстраваць свету, што яны на баку сіл дабра і што Лукашэнка не прадстаўляе наш народ. Не дай Бог, каб нехта прыдумаў аддаць Беларусь крываваму тырану ўзамен за мір ва Украіне.
Цяперашні час - шмат у чым лёсавызначальны як для Украіны, так і для ўсяго свету і для Беларусі. Але разам мы не дамо ворагу разбіць нашую еднасць. Разам мы перанясём усе выпрабаванні і асягнём нашую мэту: жыць на сваёй роднай зямлі, у сваёй і незалежнай дзяржаве», - сказала старшыня Рады БНР.