Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў новым праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа. Герой гэтага тэксту — Максім Гарэцкі.

Апярэдзіў Рэмарка

З ліста Франца Кафкі Эрыху Марыі Рэмарку: «Дарагі Эрых, вы напісалі выдатны раман „На заходнім фронце без перамен“. Я ў захапленні. І найперш я захоплены тым, што і па-нямецку магчымы такі твор, якім здзівіў нас усіх Максім Гарэцкі. Разумею, што ваша кніга натхнёная яго раманам „На імперыялістычнай вайне“. Я зусім не ведаю, што там адбываецца ў таямнічай краіне пад назвай Беларусь, але шчыра рады, што і наша літаратура можа вырабляць такія штукі ў жанры ваеннай прозы».

Максим Горецкий. Фото: commons.wikimedia.org
Максім Гарэцкі. Фота: commons.wikimedia.org

Насамрэч такога ліста Кафка Рэмарку ніколі не пісаў, а пра існаванне Гарэцкага абодва відавочна не ведалі. Цытата вышэй — містыфікацыя, створаная літаратарам і крытыкам Сяргеем Дубаўцом. Параўноўваць айчынных пісьменнікаў з кімсьці з замежнікаў так сабе ідэя, бо гэтак мы нібы змяншаем іх вартасць і вартасць усёй беларускай культуры, прывязваючыся да кагосьці больш паспяховага і славутага з іншых краін. Таму мы наўмысна не называем Гарэцкага «беларускім Рэмаркам». Аднак Дубавец абыгрывае відавочны факт: два творы напісаныя на адну і тую ж тэму, у падобным стылі і з агульным пасылам, але менавіта Гарэцкі быў першы.

«Ha iмпepыялicтычнaй вaйнe (Зaпicкi caлдaтa 2-й бaтapэi N-cкaй apтылepыйcкaй бpыгaды Лявoнa Зaдyмы)» апублікавалі ў 1926-м, а «На заходнім фронце без перамен» — на некалькі гадоў пазней. Аднак для Рэмарка яго раман стаў прыступкай для сусветнай славы: у першы ж год у Германіі прадалі больш за мільён асобнікаў, англамоўны пераклад разышоўся накладам у 800 тысяч. А Гарэцкага праз чатыры гады пасля выхаду кнігі арыштавалі, адправілі ў ссылку, а пасля і расстралялі.

Яднаў абодвух пісьменнікаў ваенны досвед. Гарэцкага — хлопца з вёскі, які атрымаў адукацыю ў вучэльні ў Горках і толькі пачаў працаваць каморнікам (землямерам) — прызвалі ў расійскую армію, калі яму быў 21 год. Ён стаў сувязістам артылерыйскай брыгады за некалькі тыдняў да пачатку Першай сусветнай вайны і адразу трапіў у баі. Узнагароджваўся Георгіеўскім крыжам ІV ступені за бездакорную службу, быў паранены, лячыўся, пасля яшчэ двойчы трапляў на фронт і ўрэшце быў камісаваны па стане здароўя.

Максім Гарэцкі з жонкай Леанілай, дзецьмі Галінай і Леанідам, 1920-я гады. Фота: bdamlm.by, commons.wikimedia.org
Максім Гарэцкі з жонкай Леанілай, дзецьмі Галінай і Леанідам, 1920-я гады. Фота: bdamlm.by, commons.wikimedia.org

«Паводзіны, думкі і перажыванні ўчарашняга вяскоўца, апранутага ў салдацкі шынель, батальныя сцэны, акопныя будні ўзноўлены Гарэцкім з гранічнай дакладнасцю і прынцыповым непрыманнем паэтызацыі вайны і ўслаўлення гераічных подзвігаў. Уражвае перш за ўсё псіхалагічная пераканальнасць абмалёўкі паводзінаў салдата-акопніка, глыбіня пранікнення ў яго ўнутраны свет. Вось сцэна пасля бою, калі камандзір «асабліва ўрачыстым голасам» абяцае прадставіць тэлефаністаў за іх «маладзецкую работу» да высокай узнагароды. «А я сядзеў і горка разважаў: „Якія ж мы героі… Георгіеўскія кавалеры? Каб не баяліся кары, каб не вайсковая дысцыпліна, ніводзін бы з нас, ні я, ні Пашын, ні Беленькі, пэўна, з месца не зрушыліся б“», — адзначаў літаратуразнаўца Міхась Мушынскі.

На яго думку, наватарства Гарэцкага было і ў тым, што ён не толькі шкадаваў салдата і спачуваў яго пакутам, але і ставіў пытанне пра маральную адказнасць кожнага за ўласныя ўчынкі і паводзіны. Празаік паслядоўна праводзіў думку пра неабходнасць заставацца чалавекам нават у экстрэмальных сітуацыях ваеннага часу — можна сказаць, апярэдзіў еўрапейскі экзістэнцыялізм, прадстаўніком якога ў Беларусі пазней стане Васіль Быкаў.

Найяскравейшы прыклад: «Кароткае, на тры старонкі, апавяданне Максіма Гарэцкага пад назваю „Рускі“ — узор медычнай па сваёй дакладнасці прозы. Маленькае й глыбокае, як Марыянская ўпадзіна. Тут няма ніводнага лішняга слова», — адзначае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

У гэтым апавяданні (прачытайце яго тут) галоўны герой, беларускі селянін, салдат расійскай арміі, шукаючы бульбу на паласе паміж франтамі, якая раней была полем, сутыкаецца з салдатам аўстрыйскай арміі — украінцам. Паразумеўшыся на амаль адной мове і выпіўшы з ім гарэлкі, беларус успамінае, што ён «рускі» салдат, страляе «аўстрыяку» ў спіну. Гэта назаўжды змяняе яго, і, захварэўшы і трапіўшы ў шпіталь, трызнячы ў ліхаманцы, беларус будзе ўвесь час ўзгадваць гэтую гісторыю і крычаць: «Я рускі! Я рускі!»

«Ягоны хваравіты лямант „Я рускі!“ — спроба знайсці сабе апраўданне. Я рускі — гэта значыць „я меў права стрэліць, бо ваюю ў расейскім войску“. Я рускі — значыць, „я не маю з тым, чужым, нічога агульнага“. Я рускі — значыць, „мне можна“. Я рускі — значыць, „я меў прычыну“. Я рускі — значыць, „рускія мяне апраўдаюць“. Я рускі — значыць, „свой“. Я рускі — значыць, „я не ведаю, хто я“. Бо прызнаць сябе нярускім — значыць пазбавіцца нават ілюзіі на магчымасць апраўдання. <…> Рускі — гэта абагульненне. Але рускі — гэта яшчэ і пракляцце», — пісаў Бахарэвіч.

Максім Гарэцкі ў вайсковым шпіталі, 1914 год. Фота апублікавана ў кнізе Радзіма Гарэцкага «Браты Гарэцкія» (Мінск, 2008), Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, commons.wikimedia.org
Максім Гарэцкі ў вайсковым шпіталі, 1914 год. Фота апублікавана ў кнізе Радзіма Гарэцкага «Браты Гарэцкія» (Мінск, 2008), Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, commons.wikimedia.org

Паказаў дзве душы беларуса

«Калі б у мяне спыталіся, што пачытаць з беларускай літаратуры, каб адразу атрымаць уяўленне пра ўсё: пра нас, пра краіну, пра гісторыю, менталітэт, а галоўнае, пра беларускую душу і чаму яна такая, — я б параіў аповесць Гарэцкага. Тут сказана ўсё», — адзначаў Сяргей Дубавец пра твор «Дзве душы». Ён жа сцісла нагадвае і завязку сюжэта: «У пана Абдзіраловіча жонка нарадзіла сына Ігната. Неўзабаве злосныя мужыкі забіваюць жонку. Да немаўляці пан наймае сялянку з такім самым дзіцёнкам, раўналеткам. І тая корміць двух дзетак разам. Ну і аднойчы карміліца мяняе немаўлят месцамі, каб свайму кроўнаму даць шанец пражыць панскае жыццё… Такое сабе індыйскае кіно на беларускі лад. Але кіно нечакана абрываецца. Рэвалюцыя, бальшавікі, камбеды (камітэты беднаты. — Заўв. рэд.), паўстанні, забойствы і расстрэлы».

Напісаная больш за сто гадоў таму, у 1919-м, гэтая аповесць адлюстравала эвалюцыю ў поглядах Гарэцкага. Спачатку, яшчэ да Першай сусветнай вайны, ён ускладаў вялікія надзеі на асветніцтва, кнігі, гуманістычныя ідэі. Потым паверыў, што новая бальшавіцкая ўлада зможа вырашыць асноўныя сацыяльныя і нацыянальныя праблемы. Выратаванне для Беларусі пісьменнік бачыў у камунізме і саюзе з Савецкай Расіяй, таму ў 1918 годзе паставіўся крытычна да абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рукапіс драматычнага абразка Максіма Гарэцкага «Памінкі», 1922 год. На аркушы пячатка савецкіх часоў з надпісам «забаронена». Фота: archives.gov.by, commons.wikimedia.org
Рукапіс драматычнага абразка Максіма Гарэцкага «Памінкі», 1922 год. На аркушы пячатка савецкіх часоў з надпісам «забаронена». Фота: archives.gov.by, commons.wikimedia.org

Падобныя ілюзіі ў той час падзялялі многія прадстаўнікі інтэлігенцыі. Так, 1 студзеня 1919-га ў якасці контрмеры ў адказ на абвяшчэнне БНР пад кантролем Масквы, якая не хацела згубіць свой уплыў на нашу краіну, была створана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (пазней БССР). Навуковец Гаўрыла Гарэцкі, брат пісьменніка, згадваў, як яны з Максімам з радасцю чыталі Маніфест аб абвяшчэнні БССР: «Мы радаваліся, што прычакаліся такога дня. Асабліва радаваўся Максім. <…> Абвяшчэнне БССР — гэта ж была нібыта і яго перамога, увасабленне і яго мар і жаданняў». Але вельмі хутка прыйшло расчараванне ў бальшавіцкай палітыцы. Спробай па-мастацку патлумачыць падзеі рэвалюцыі і іх наступствы стала аповесць «Дзве душы».

У творы Гарэцкі адкрыта раскрытыкаваў эксплуатацыю беларусаў царскай Расіяй, для якой нашы суайчыннікі былі разменнай манетай. «Беларус у белай кашулі здабываў царам Сярэднюю Азію, і йшоў на вечныя часы за сваю веру ў Сібір, і вызваляў балканскіх „браткоў“ з турэцкай няволі, і насыпаў чыгункі па ўсяму ўсходу Эўропы, і дзе толькі, дзе толькі, апроч хіба свае бацькаўшчыны, ні капаў у горах руду, ні спушчаў ваду з гнілых балот», — адзначаў аўтар у «Дзвюх душах». Аднак далейшую рэвалюцыю з прыходам бальшавікоў Гарэцкі ў сваім творы таксама трактаваў як нацыянальную трагедыю. І ў тым, і ў тым не было нічога добрага для Беларусі. Аповесць сімвалічна пачыналася забойствам пана, а сканчалася забойствам камуніста. «Забойствы, ахвяры, крывавая помста — усё гэта і складала, паводле аўтарскіх поглядаў, змест рэвалюцыі», — заўважаў Міхась Мушынскі.

Назва «Дзве душы» таксама была сімвалічнай. У 2014-м твор пераклалі на нямецкую мову, і, як адзначала тады нямецкая крытыкеса Джудыт Ляйстэр, «Беларусь заўсёды была тэрыторыяй, якую Усход і Захад разглядалі як аб’ект распараджэння. Максім Гарэцкі распавядае пра глыбокі разлад, які не даваў спакою яго суайчыннікам пасля Першай сусветнай вайны. <…> Ігнат застаецца раздвоеным паміж шляхецкім паходжаннем і блізкасцю да народа, Расіяй як «айчынай» і беларускім адраджэннем».

Кніга Максіма Гарэцкага «Дзве душы» у перакладзе на англійскую мову (злева) і сам пісьменнік (справа). Выява: bellit.info
Кніга Максіма Гарэцкага «Дзве душы» у перакладзе на англійскую мову (злева) і сам пісьменнік (справа). Выява: bellit.info

Адносна «Дзвюх душ» выказаўся і пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка. Ён быў адным з аўтараў інсцэніроўкі гэтага твору, якую ў 2016-м паставілі ў Купалаўскім тэатры: «Мяне ва Украіне часта пытаюцца, ці магчымыя ў Беларусі свой Данецк і свая Галічына (рэгіёны, дзе большасць насельніцтва была адпаведна прарасійскай і антырасійскай. — Заўв. рэд.). І я адказваю, што ў галовах большасці беларусаў Данецк і Львоў могуць суіснаваць адначасова. Гэта і ёсць, па вызначэнні Гарэцкага, „дзве душы“ беларуса. <…> Пакуль што ў кожным з нас — дзве душы, у кожным з нас жыве свой Ігнат Абдзіраловіч».

Напісаў першую «Гісторыю беларускай літаратуры»

Максім Гарэцкі меў дзве адукацыі: педагагічную (скончыў двухкласную настаўніцкую школу) і аграрную (выпусціўся з каморніцка-агранамічнай вучэльні ў Горках). Каморнікам, то бок землямерам, ён працаваў усяго год перад арміяй, пасля дэмабілізацыі займаўся журналістыкай, але пазней вярнуўся да першай адукацыі і стаў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Віленскай гімназіі.

Група 2-га выпуску 1-й Віленскай беларускай гімназіі, 1921 год. Максім Гарэцкі — настаўнік гімназіі, сядзіць у першым шэрагу справа. Фота: skorina.info, commons.wikimedia.org
Група 2-га выпуску 1-й Віленскай беларускай гімназіі, 1921 год. Максім Гарэцкі — настаўнік гімназіі, сядзіць у першым шэрагу справа. Фота: skorina.info, commons.wikimedia.org

Пісьменнік-педагог сутыкнуўся з тым, што падручнікі па яго прадмеце адсутнічаюць, і вырашыў праблему самастойна — напісаў «Гісторыю беларускай літаратуры». Кніга, арыентаваная на шырокае кола чытачоў (у тым ліку вучняў), стала надзвычай запатрабаванай. Яна тройчы перавыдавалася ў Вільні (1920, 1921, 1924), далей у тым жа 1924-м значна дапоўненае выданне выйшла ў Расіі, а ў 1926-м кнігу апублікавалі і ў Мінску, куды Гарэцкі перабраўся праз рэпрэсіі з боку новых польскіх уладаў у Вільні.

Цягам цэлага дзесяцігоддзя яго «Гісторыя беларускай літаратуры» заставалася адзіным падручнікам па гэтым прадмеце. Але разам з тым яна ж была і ўвогуле першым поўным навуковым аглядам развіцця нашай літаратуры. Раней з’яўляліся артыкулы і некаторыя выданні па гэтай тэме, але гэта былі няпоўныя працы, якія апісвалі толькі асобных аўтараў ці толькі адзін бок іх спадчыны (пераважна сацыяльны). «Гісторыя беларускай літаратуры» першай запоўніла гэты прабел.

«Мастацкія творы без гісторыі яшчэ не літаратура, а нібыта будоўля, дзе матэрыял нарыхтаваны, але дом не ўзведзены», — трапна адзначаў даследчык Уладзімір Мархель.

У «Гісторыі» Гарэцкі ўпершыню прасачыў развіццё беларускага пісьменства ад старажытнасці да сучаснасці, закрануў пытанні ўтварэння беларускай народнасці і фарміравання беларускай літаратурнай мовы. Да беларускіх творцаў ён прылічваў тых нашых суайчыннікаў розных эпох, якія пісалі на царкоўнаславянскай, старабеларускай і беларускай мовах. Выключэнне Гарэцкі зрабіў толькі для Яна Баршчэўскага, уключыўшы як яго беларускамоўныя вершы, так і польскамоўнага «Шляхціца Завальню». А вось лацінамоўныя творы (як «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага) засталіся па-за ўвагай падручніка.

Максім Гарэцкі (справа) са сваім братам Гаўрылам Гарэцкім, 1926 год. Фота: commons.wikimedia.org
Максім Гарэцкі (справа) са сваім братам Гаўрылам Гарэцкім, 1926 год. Фота: commons.wikimedia.org

Цікава, што ў раздзеле «Маладзейшыя пісьменнікі» фігуравалі Якуб Колас, ён жа Тарас Гушча (адзін з яго псеўданімаў), Янка Купала, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля (ён жа Ясакар), Алесь Гарун і Францішак Аляхновіч. Пазней гэтыя людзі будуць успрымацца як класікі або выбітныя асобы свайго часу, але для Максіма Гарэцкага гэта былі сучаснікі і людзі яго кола — як сённяшнія беларускія літаратары для нас. Таму Гарэцкі, будучы даволі суворым крытыкам, часам не стрымліваўся ў ацэнках. Не ў падручніку, але ў іншых тэкстах ён пісаў пра «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы: «…гэта мешаніна рэалізму з сімвалізмам. <…> Да заган драмы <…> трэба залічыць доўгія маналогі, непатрэбны ў іных выпадках лішак багацця на словы»; пра Якуба Коласа: «…піша дужа многа. <…> піша проста недазволена многа для паэта»; пра паэзію Змітрака Бядулі: «Што да рэвалюцыйных вершаў Бядулі, <…> лепей бы пісаў Бядуля толькі апавяданні і аповесці».

Не ўсе гэтыя ацэнкі былі апраўданымі, пра гэта сведчыць і лёс «Раскіданага гнязда», якое стала бясспрэчнай класікай. Але, магчыма, калі б іншыя аўтары былі такімі ж прынцыповымі, як Гарэцкі, узровень беларускай літаратуры быў бы яшчэ больш высокім.

Стварыў «Біблію Беларусі часоў сталінскага генацыду»

Як і пераважная большасць айчынных пісьменнікаў, Гарэцкі стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. У 1930 годзе яго арыштавалі і абвінавацілі ў прыналежнасці да міфічнага «Саюза вызвалення Беларусі» (гэтай арганізацыі ніколі не існавала, яе прыдумалі спецслужбы, каб правесці зачыстку нацыянальна настроенай беларускай інтэлігенцыі). Творцу асудзілі і выслалі ў лагер у раёне расійскай Вяткі (неўзабаве перайменаванай у Кіраў). Там ён працаваў будаўніком, чарцёжнікам, тэхнікам-каштарыснікам і г. д. У 1935 годзе яго вызвалілі, але Гарэцкі не рызыкнуў вярнуцца ў Беларусь, ведаючы, што там улады не дадуць яму спакою. Два гады ён жыў і працаваў настаўнікам на Смаленшчыне, але ў лістападзе 1937-га быў па надуманых «контррэвалюцыйных» абвінавачаннях арыштаваны зноў. У лютым 1938 года ў Вязьме яго расстралялі.

Максім Гарэцкі, 1937 год. Фота: commons.wikimedia.org
Максім Гарэцкі, 1937 год. Фота: commons.wikimedia.org

У такой жа сітуацыі (арышт — высылка — новы арышт) у тыя часы знаходзіліся сотні айчынных літаратараў. Кагосьці з іх у выніку расстралялі, іншым «пашанцавала» з тэрмінам у ГУЛАГу, які даваў шанец выжыць. Нават у такіх цяжкіх умовах многія, пакуль была магчымасць, спрабавалі пісаць. Іх творы таго часу каштоўныя тым, што адлюстроўвалі атмасферу рэпрэсій, страху і абсурду, якая апанавала краіну. Аднак значная частка рукапісаў, створаных у трыццатыя, да нашага часу не дайшла. Многія былі знішчаныя ці пахаваныя ў закрытых архівах. Напрыклад, ва Уладзіміра Дубоўкі пры чарговым арышце забралі рукапісы другой часткі паэмы «І пурпуровых ветразяў узвівы» і пераклад «Чайльд-Гарольда» Байрана, і дзе яны — да сёння невядома.

З усіх айчынных творцаў першай паловы XX стагоддзя архівы толькі двух атрымалася выратаваць ад спецслужбаў — гэта архівы крытыка Адама Бабарэкі і, уласна, Максіма Гарэцкага. Вырашальную ролю адыгралі сваякі. У выпадку Максіма — яго жонка, пісьменніца Леаніла Чарняўская. З адным з твораў дапамог выпадковы цуд. Пісьменнік не любіў пакідаць чарнавікоў, таму з іх засталіся толькі тыя, што ў далейшым маглі спатрэбіцца для працы і што зберагла жонка. Але сшытак з чарнавым рукапісам рамана «Віленскія камунары» захаваўся, бо Гарэцкі аддаў яго малому сыну для малявання на чыстых адваротных старонках.

«Усё, што напісана Гарэцкім <…> на гэтым этапе, дазваляе адчуць, як хвалі абсурду, наплываючы адна на адну, адбіваліся на мастацкіх намерах пісьменніка і з кожным разам павялічвалі сілу яго ўнутранага бунту», — адзначала літаратуразнаўца Тэрэза Голуб і называла праявай найвышэйшай ступені гэтага бунту філасофскую прытчу «Скарбы жыцця». Працу над ёй, а таксама над аўтабіяграфічным творам «Лявоніус Задумекус» Голуб параўноўвала з вядзеннем дзённіка салдатам-франтавіком, калі яго кожную хвіліну падпільноўваюць небяспека і смерць. «Розніца ў тым, што ў першым выпадку (на фронце) непасрэдны вораг вядомы, у другім (у ссылцы) ён схаваны, і невядома, пад якой маскай і калі можа з’явіцца: „Падазрона гляджу па бакох, асцярожна рыхтую запас тлумачэнняў: можа, госці залучаць, а хто яны будуць?“», — цытуе Голуб Гарэцкага.

Максім Гарэцкі, 1928 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, эл. архіў, commons.wikimedia.org
Максім Гарэцкі, 1928 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, эл. архіў, commons.wikimedia.org

У «Скарбах жыцця» пісьменнік імкнуўся разабрацца, чаму так сталася, што «чалавек чалавеку — звер» і «навошта гэта патрэбна». Адна з першапрычын ім бачылася ў страце самастойнасці Беларусі ў межах СССР. Пра гэта Гарэцкі расказваў у алегарычна-сімвалічнай гісторыі пра «баль у хаце-пяцісценцы». На пачатку святкаванне ішло як мае быць, але пазней пісьменніку адкрылася праўда, у якое атачэнне трапіла яго краіна: «І вось прыгледзеўся я — і скура сшорхла ў мяне ад жаху… Жоўтыя, мёртвыя твары… Мерклыя, згаслыя вочы… Ходзяць — трупы жывыя…»

Атмасферу сталінскіх рэпрэсій Гарэцкі ўвасобіў у сімвалічным вобразе пажару: «На высокім узвышшы я стаяў. Далёка-далёка вакол сябе балотную даліну і саламяныя вёсачкі бачыў… Дымы дымяць па даліне… Многа вёсак гарыць… Страшныя клубкі агнявыя з вёскі на вёску пералятаюць… Дзіўна і страшна мне стала. І прыляцеў агонь да самага жытла майго. Загарэлася пунька ля дому. Гукаў я семядолю сваю і парасткаў сваіх — дарагія рэчы хапаць, дарагія рэчы вынасіць… І страшныя думкі былі ў мяне ў галаве, што ўсё жывое загарыцца, задыміцца, і дым задушыць усё жывое…»

Нездарма пісьменнік Анатоль Кудравец назваў «Скарбы жыцця» Гарэцкага «Бібліяй Беларусі часоў сталінскага генацыду».

Пісаў праўду пра ГУЛАГ, знаходзячыся ў ГУЛАГу

Акрамя прозы і крытыкі Гарэцкага, ён зрабіў яшчэ нямала таго, што дае падставы ім ганарыцца:

  • распрацоўваў лексіку для беларускай мовы — працаваў у Iнстытуце беларускай культуры (з якога вырасла Акадэмія навук), дзе ўзначальваў Слоўнікавую камісію, пасля мовазнаўчую і літаратуразнаўчую секцыі;
  • удзельнічаў у складанні некалькі беларуска-рускіх слоўнікаў;
  • выкладаў — кіраваў кафедрай беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў Горацкай сельгасакадэміі, якая ў тыя часы была вельмі папулярнай навучальнай установай;
  • збіраў фальклор і г. д.

Але Максім Гарэцкі заслугоўвае пашаны не толькі за здзейсненае, але і за тое, што не здолеў давесці да канца.

Тры яго завершаныя творы — аповесці «У чым яго крыўда?», «Меланхолія» і «На імперыялістычнай вайне» — яднае скразны герой Лявон Задума. Яны, адзначаў літаратуразнаўца Мушынскі, складаюць «своеасаблівую трылогію, прысвечаную пакутлівым блуканням беларускай інтэлігенцыі напярэдні рэвалюцыі, у гады абуджэння нацыя­нальнага руху беларускіх працоўных і ў час [Першай сусветнай] вайны». Аднак Гарэцкі не спыніўся на гэтым і вырашыў зрабіць сям’ю Задумаў героямі свайго новага твору — «Камароўскай хронікі», якая мусіла стаць галоўным творам яго жыцця.

Фота Максіма Гарэцкага з асабістай справы НКУС, 1930 год. Пісьменніка асудзілі за ўдзел у прыдуманым «Саюзе вызвалення Беларусі». Фота: lit-bel.org, commons.wikimedia.org
Фота Максіма Гарэцкага з асабістай справы НКУС, 1930 год. Пісьменніка асудзілі за ўдзел у прыдуманым «Саюзе вызвалення Беларусі». Фота: lit-bel.org, commons.wikimedia.org

Працаваць над «Хронікай» Гарэцкі пачаў яшчэ да высылкі і працягваў у лагеры ў Вятцы. Гэты твор, па словах Мушынскага, не мае аналагаў у беларускай мастацкай прозе. Паводле планаў Гарэцкага, «Хроніка» мусіла стаць пяцікніжжам, і вызначальным момантам кожнай кнігі была б пэўная гістарычная падзея: паўстанне 1863 года, рэвалюцыі 1905 і 1917 гадоў, Рыжскі мір 1921-га, які падзяліў Беларусь на дзве часткі, і забойчы 1937 год. Апісваліся ў ёй і самі рэпрэсіі (падабенства з беларускімі рэаліямі апошніх гадоў не можа не ўражваць):

«Фактычна гэта першая па часе ў беларускай літаратуры спроба мастацкага асэнсавання тэмы ГУЛАГа, тэмы палітычнай бяспраўнасці, неабароненасці чалавека ў савецкім грамадстве. Для [героя кнігі] Лаўрыка сімвалам жыцця ў беламорскай высылцы з’яўляліся бела-шэрыя марскія чайкі, якія ўвесь час „крычаць, як бы плачуць, страждаюць“, — разважаў Мушынскі. — У адным з дзённікавых запісаў [іншы герой] Кузьма зрабіў своеасаблівы падрахунак пражытаму: „І вось што мы маем… Ён [Лаўрык] там. Я тут. Бацькі адны. Жонка без працы“».

У неспрыяльных умовах высылкі Гарэцкі не здолеў дапісаць гэты эпахальны твор. Але ўжо каб фіксаваць праўду пра ГУЛАГ у таталітарным СССР, калі сам знаходзішся ў ГУЛАГу і рызыкуеш галавой за такую творчасць, — для гэтага патрабавалася неймаверная мужнасць (той жа Францішак Аляхновіч стварыў «У капцюрох ГПУ» ў бяспецы). Гісторыя недапісанай «Камароўскай хронікі» — не першы і не апошні, але вельмі яскравы прыклад таго, што беларуская літаратура магла б дасягнуць яшчэ большых вышыняў, калі б масавыя рэпрэсіі 1930-х не перарвалі яе ўзлёт.