Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьму Чорнага, Максіма Танка і Міхася Стральцова, Янку Брыля і Алеся Разанава. Герой гэтага тэксту — Янка Маўр.
1. Пачаў пазней за ўсіх, але гэта яму не перашкодзіла
Кожны з пісьменнікаў прыходзіць у літаратуру ў свой час. Натуральна, сустракаюцца вундэркінды, як Алесь Разанаў: ён ужо з шостага класа актыўна друкаваўся ў раённай газеце, а ў дзясятым трапіў з вялікай нізкай сваіх вершаў у «дарослае» профільнае выданне. Аднак часцей сур’ёзна пісаць пачынаюць у маладосці, пасля атрымання адукацыі. Сусветна вядомы прыклад выключэння з гэтага правіла — італьянскі навукоўца Умберта Эка, які ва ўзросце 48 гадоў выпусціў свой першы раман «Імя ружы».
Іван Фёдараў — сапраўднае імя Янкі Маўра — дэбютаваў не нашмат раней. Яго першыя сатырычныя фельетоны з’явіліся ў друку, калі яму было 40, а першую аповесць «Чалавек ідзе» ён надрукаваў у 42. Гэта былі 1923−1925 гады, яго равеснікі Янка Купала і Якуб Колас, пачаўшы ў юнацтве, ужо даўно сталі галоўнымі пісьменнікамі эпохі, жывымі класікамі, а Янка Маўр толькі дэбютаваў — пазней, чым любы іншы са значных беларускіх літаратараў. Але гэта не перашкодзіла яму выдаць багата твораў, здабыць прызнанне, славу і народную любоў.
Адкуль узяўся экзатычны псеўданім? Бацьку пісьменніка, Міхаіла Фёдаравіча Ільіна, пры перапісванні дакументаў, паблытаўшы, запісалі як Міхаіла Фёдарава. Яго сын яшчэ на пачатку пісьменніцкага шляху зразумеў, што імя рускага першадрукара Івана Фёдарава, цёзкай якога ён з’яўляецца, не надта пасуе для дэбюту ў беларускай літаратуры. Патрабавалася, як часта рабілі тады, прыдумаць псеўданім. Пошукі забралі многа часу.
«І раптам, калі ён ужо страціў надзею <…>, яму прыгадалася ходкая шылераўская фраза: „Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці“. І ён міжвольна паўтарыў гэтую фразу ўголас, потым другі і трэці раз адно толькі слова „маўр“. Слова „маўр“ у яго выразным вымаўленні загучала ярка, прыгожа, мнагазначна і, што самае важнае, таямніча. Гэтая таямнічасць і загадкавасць, хутчэй за ўсё, і ўразіла яго самога», — згадваў пісьменнік Пятро Рунец. Але імя Іван да слова «Маўр» не пасавала, а вось «Янка Маўр» гучала меладычна і адметна. І да таго ж адпавядала любові аўтара да геаграфіі, далёкіх краін і іншых культур. Выбар быў зроблены.
Што ж прывяло гэтага творцу ў літаратуру ў сталым узросце? Калі коратка — любоў да дзяцей і настаўніцтва. Вось як выглядаў гэты шлях.
Фёдараў-Маўр нарадзіўся ў 1883 годзе ў Лібаве (цяпер — Ліепая ў Латвіі), куды яго сям’я паехала на заробкі. Бацька-беларус рана памёр, Янка разам з маці пераехаў на яе радзіму — у адну з літоўскіх вёсак. Пазней паступіў у настаўніцкую семінарыю ў Панявежы, але на апошнім годзе, у 1902-м, яго выключылі за вальнадумства і «сумненні ў рэлігіі». Аднак пазней юнак, здаўшы экзамены ў профільным інстытуце экстэрнам, усё ж стаў настаўнікам геаграфіі. Працаваў ён спачатку ў школах на тэрыторыі Літвы, пазней у Беларусі — у вучэльні пад Барысавам, у мінскіх школах. Нават закончыўшы выкладаць у 1930-м, ён і потым заставаўся настаўнікам у душы, адзначала даследчыца Эсфір Гурэвіч.
Яшчэ ў 1900-х на Барысаўшчыне ён уладкаваўся ў адну сям’ю хатнім настаўнікам і вельмі палюбіў дзяцей свайго «гаспадара», якіх было чацвёра. Але раптоўна той памёр.
«І Маўр застаўся жыць з яго ўдавой [Варварай] і дзецьмі. Але тут пайшлі чуткі: маўляў, як гэта так, малады чалавек жыве з удавой. <…> І было пастаўлена пытанне: ці ён з’язджае, ці трэба жаніцца. Янка Маўр ажаніўся з гэтай жанчынай. Але, як ён сам казаў, што не на ёй, а на яе дзецях, бо ён да іх прывык», — расказвала ўнучка класіка Марыя Міцкевіч. Будучаму пісьменніку тады было 26 гадоў.
У шлюбе ў пары нарадзілася яшчэ трое дзяцей, але потым жонка памерла. Івану спатрэбілася дапамога з дзецьмі. «Прыходзіла адна жанчына дапамагаць, потым яна прывяла і сваю сястру. І вось якраз апошняя і была Стэфаніда, наша бабуля. Дык яны з дзедам потым узялі шлюб. Затым старэйшыя дзеці, якія нарадзіліся не ад Янкі Маўра, ужо выраслі і разышліся. А бабуля гадавала траіх дзяцей Маўра, а потым у іх нарадзілася толькі мая маці Наталля», — дадавала Марыя Міцкевіч.
Усіх васьмярых дзяцей — няродных у тым ліку — пісьменнік лічыў сваімі і любіў адпаведна.
Гэтая любоў пераносілася і на вучняў. Літаратар Аляксандр Міронаў, які вучыўся ў Івана Міхайлавіча, згадваў яго ўрокі геаграфіі: «Нібы знікалі сцены класа, і вакол, як кінуць вокам, рассцілалася бязмежная прастора мора з цёмнай палоскай яшчэ нікім не адкрытай зямлі на гарызонце…» Спецыяльна для вучняў Янка Маўр прыдумваў навукова-фантастычныя нарысы, якія пазней і сталі асновай яго першых аповесцей.
Такім чынам, па словах Гурэвіч, літаратурная праца напачатку выспявала «з жадання захапіць вучняў прагай ведаў аб бязмежнасці свету і няспыннасці развіцця чалавецтва». Але ў хуткім часе стала «ўнутранай неабходнасцю, выкліканай загадкай самога феномена дзіцяці, што прыцягвала яго як бацьку, як настаўніка, як чалавека наогул і, нарэшце, як пісьменніка».
Адданасць дзецям літаратар захаваў да старасці. Так, у 72 гады Янка Маўр, ужо амаль сляпы (у яго знайшлі катаракту, але ў той час аперацыю рабілі толькі тады, калі катаракта выспее), адпачываў з сям’ёй на Чорным моры. Непадалёк пяцігадовая дзяўчынка пачала тануць. Пісьменнік кінуўся ў мора на крык і выратаваў яе.
2. Стаў бацькам айчыннай дзіцячай літаратуры
Натуральна, творы для дзяцей і падлеткаў з’яўляліся ў Беларусі і да Янкі Маўра. Але менавіта ён сфарміраваў беларускую дзіцячую літаратуру як асобны жанр і вывеў яе на высокі ўзровень.
«Калі старэйшыя беларускія пісьменнікі Колас, Купала, Бядуля служылі як бы мастком паміж „дарослай“ і дзіцячай літаратурамі, дык з прыходам Янкі Маўра і Алеся Якімовіча (вядомы творам „Эльдарада просіць дапамогі“. — Заўв. рэд.), якія звязваюць свой творчы лёс выключна з літаратурай для дзяцей, апошняя пачала выходзіць на самастойны шлях», — адзначала Эсфір Гурэвіч. Даследчыца называла Маўра бацькам беларускай дзіцячай літаратуры. Да апошняй ён ставіўся сур’ёзна, вывяраў кожную дэталь, бо лічыў, што юны чытач — самы жорсткі крытык, які адразу заўважыць падман і хлусню.
Дарэчы, Янка Маўр стварыў і першыя ў беларускай літаратуры навукова-фантастычныя творы для дзяцей: «Вандраванне па зорках» (1927) і іншыя.
Пачаць гэты шлях творчасці для дзяцей Маўр вырашыў літаральна ад самага пачатку — ад першабытнасці: ёй была прысвечана яго першая аповесць «Чалавек ідзе» (1925).
«[Ён] звярнуўся да жыцця першабытнага чалавека на той стадыі яго развіцця, калі той толькі станавіўся на ногі, нічога яшчэ не ўмеўшы — не вырабляў прылад, не ствараў новых рэчаў, а толькі вучыўся карыстацца гатовымі, прыроднымі, не валодаў агнём, не ўмеў ні смяяцца, ні плакаць, ні гаварыць. Таму тое, чаго ён дасягае, — усё ўпершыню: першы раз ён падымае ўзброеную руку на звера, распальвае першае вогнішча, на яго вачах з’яўляецца першая слязінка, на вуснах першая ўсмешка. Усё ўпершыню — такі ўдала знойдзены аўтарам мастацкі ход, што як мага лепш адпавядае бачанню і ўспрыманню дзіцяці, яго прадчуванню першаадкрыцця, чаканню ім навізны, незвычайнасці», — пісала Эсфір Гурэвіч.
Далей былі напісаныя аповесці так званага майнрыдаўскага цыкла (адсылка да папулярнага ў мінулым пісьменніка Майн Рыда): «У краіне райскай птушкі» (1926) і «Сын вады» (1927). Іх дзеянне разгортваецца ў Азіі, у тагачасных калоніях еўрапейскіх краін. Як адзначала Гурэвіч, у аповесцях Маўр абвяргаў уяўленне аб туземцах як аб крыважэрных людаедах, пазбаўленых чалавечнасці. І адначасова пазбягаў рамантызацыі іх жыцця, замоўчвання іх дзікіх нораваў і звычак.
Аўтар пісаў у традыцыі заходняй прыгодніцкай класікі: яго творам была ўласцівая загадкавасць і таямнічасць, напружанасць і частая змена сітуацыі (небяспека і яе пераадоленне). Але пры гэтым палемізаваў з яе штампамі. Напрыклад, у «Сыне вады» мясцовы жыхар выратоўваў белага чалавека (тады як у заходніх творах гэтага жанру белых звычайна ратавалі ад дзікіх туземцаў).
Сярод твораў, якія былі асабліва папулярнымі адразу пасля выхаду, можна згадаць «ТВТ» (1934). Абрэвіятура расшыфроўваецца як «Таварыства ваяўнічых тэхнікаў»: героі твора ўласнымі сіламі ліквідавалі разнастайныя няспраўнасці.
«Памятаю, як у дзяцінстве <…> кінулася рамантаваць прас, праводку, будзільнікі… На ўсё жыццё ўвабраўшы феміністычны пафас кнігі: дзяўчынка, якая рамантуе боты і можа закляпаць патэльню, і хлопчык, які можа залатаць сабе шкарпэтку, — гэта нармальна», — згадвае сучасная пісьменніца Людміла Рублеўская.
Аповесць настолькі зацікавіла чытачоў, што з’явіўся цэлы рух тэвэтэтаўцаў, адпаведныя гурткі для школьнікаў запрацавалі ў Брэсце, Пінску, Кобрыне, асобных гарадах Расіі: дзеці супольна рамантавалі рэчы для сябе і ў дапамогу іншым, «рабілі добрыя справы». Але чыноўнікам тое прыйшлося не даспадобы (рух узнік стыхійна, без узгаднення зверху), таму гурткі даволі хутка спынілі існаванне.
3. Стварыў першы беларускі прыгодніцкі раман
«Вы бачыце перад сабой чалавека, які дваццаць гадоў вывучаў геаграфію, не выходзячы з кабінета, і нарэшце вырашыў заняцца ёй практычна», — менавіта так прадставіў сябе Жак Паганель, герой рамана Жуля Верна «Дзеці капітана Гранта». Бадай, нешта аналагічнае мог сказаць пра сябе і Янка Маўр. Нягледзячы на доўгі век — 88 гадоў, ён ніколі не выязджаў за межы дзяржавы, у якой жыў: спачатку гэта была Расійская імперыя, потым Савецкі Саюз. Аднак гэта не замінала яму ў падрабязнасцях апісваць экзатычныя краіны. «Ён, як той Жуль Верн, нідзе не быў, а ўсё ведаў да драбнiц — гадзінамі мог расказваць пра Інданезію, Барнэа, Суматру, Новую Зеландыю ці Аўстралію», — згадваў пісьменнік Сяргей Грахоўскі.
Цікава, што Янка Маўр нават ладзіў спірытычныя сеансы, спрабуючы зразумець іх механізм, аднак у «духаў» не верыў: вылічыў, што калі «духі» і давалі нейкую інфармацыю, дык яе раней ведаў хтосьці з удзельнікаў сеанса.
У Маўра былі энцыклапедычныя веды. Дапоўніць іх жыццёвым матэрыялам дапамагалі аповеды аднаго з былых вучняў, які стаў мараком. Важным працоўным інструментам для пісьменніка стала штучная мова эсперанта. Янка Маўр, які на піку яе папулярнасці, у сярэдзіне 1920-х, вёў на беларускім радыё перадачу для эсперантыстаў і прымаў іх у сябе дома, добра ведаў гэтую мову і ліставаўся са многімі эсперантыстамі па ўсім свеце. Тыя расказвалі яму пра свае краіны, дасылалі звесткі з мясцовых кніг, недаступныя ў СССР.
Але галоўным памочнікам пісьменніка была ўласная фантазія. Ён меў лецішча ў вёсцы Турын (цяпер аграгарадок Пухавіцкага раёна) і там пабудаваў на беразе Свіслачы «кабінет» — шалаш з лазы. Імправізаваны пісьменніцкі стол стаяў проста на мастках над ракой — каб можна было звесіць ногі ў ваду і складаць новыя творы, уяўляючы сябе на беразе акіяна.
Акурат такім чынам быў напісаны раман «Амок» — яго называюць першым прыгодніцкім раманам у беларускай літаратуры і першым айчынным раманам для дзяцей. Сюжэт засноўваўся на паўстанні 1926 года, якое адбылося на інданезійскім востраве Ява (тады гэта была калонія Нідэрландаў). Твор быў апублікаваны ў 1929-м, па гарачых слядах гэтага паўстання. Назву Маўр запазычыў ад нашумелай у тыя гады аповесці аўстрыйскага пісьменніка Стэфана Цвэйга, які ўклаў у слова «амок» містычны сэнс, але ўвогуле пад ім разумеюць праяву бурнай сляпой ярасці. Для Маўра ж гэта была сацыяльная хвароба, вынік таго, што даведзены да галечы народ знаходзіцца пад уладай чужынцаў.
На старонках «Амока» — класічнага прыгодніцкага твора — паўстаюць высакародныя мясцовыя жыхары і каланізатары-галандцы, якія ўвасабляюць зло ў чыстым выглядзе. «Ёсць і добрыя галандцы, і паскудныя яванцы, але прапорцыі вытрымліваюцца строга. Законы жанру, што паробіш. „Амок“ — тыпова хлапечае чытво; можа, нават празмерна. Свет рамана — чыста мужчынскі, забаўна, але тут няма ніводнага значнага жаночага персанажа», — адзначае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. На жаль, адсутнасць значных, добра распрацаваных жаночых персанажаў была хутчэй нормай, чым выключэннем для літаратуры папярэдніх часоў.
Пры гэтым Маўр, зрабіўшы галоўнымі станоўчымі героямі рамана яванцаў, на думку Бахарэвіча, «закладваў у неакрэплыя душы падлеткаў разуменне чалавечай роўнасці і свабоды». «Атрымалася даволі моцнае антырасісцкае пасланне», — лічыць сучасны аўтар.
У «Амоку» яго стваральнік параўноўваў экзатычны жывёльны і раслінны свет з флорай і фаўнай Беларусі, даючы ўрокі талерантнасці: «Нашы людзі кажуць, што ўсе гэтыя штукі (мясцовая садавіна. — Заўв. рэд.) нявартыя адной добрай антонаўкі. Мусіць, яванец таксама не аддаў бы свайго дур’яну за ўсе нашы яблыні і грушы».
Бадай, сакрэт поспеху «Амока» быў яшчэ і ў тым, што раман ствараўся з любоўю да ўласнай зямлі. «У пэўным сэнсе, пішучы пра Яву, ён апісвае беларускае Палессе — малюе далёкія джунглі, а бачыць перад сабой айчынныя краявіды», — адзначае Бахарэвіч.
4. Напісаў бестселер — і па ім нават стварылі рымейк
Дзеянне першых твораў Маўра, напісаных у 1920-х, адбывалася за мяжой, у экзатычных краінах. Але ў 1930-я атмасфера ў савецкім грамадстве змянілася, замест інтэрнацыяналізму стала рабіцца стаўка на патрыятызм. Адгукаючыся на гэта, пісьменнік перанёс дзеянне твораў у беларускія рэаліі. Так з’явілася аповесць «Палескія рабінзоны» — вострасюжэтная гісторыя пра двух юнакоў, якія апынуліся адрэзанымі ад цывілізацыі на востраве пасярод палескіх балот. Яна стала самым папулярным творам пісьменніка і сапраўдным бестселерам, яе і сёння ахвотна чытаюць і перавыдаюць.
Даследчыца Марына Казлоўская называе гэты твор узорам прыгодніцкай літаратуры. З яго дзеці, якія сёння звычайна не ўяўляюць жыцця без смартфона, атрымліваюць курс выжывання. Героі «Рабінзонаў» выбіраюцца з багны, майструюць будан, лепяць посуд, здабываюць агонь, ваду і ежу. У тым ліку, як таго патрабуе выжыванне ў дзікай прыродзе, не саромеюцца забіваць жывёл — ніякага сюсюкання з чытачамі (што ў гэтым творы, што ў іншых) у пісьменніка няма.
У дадатак, як адзначае Казлоўская, кніга яшчэ і выводзіць юнага чытача ў сусветную культуру: «Пасля „Палескіх рабінзонаў“ дзіця можа ўспомніць, што павінен быць яшчэ нейкі Рабінзон, і, пасталеўшы, можа ўзяцца за аднайменны раман [Даніэля] Дэфо. Альбо пачаць цікавіцца літаратурай такога кшталту і адкрыць на смартфоне Жуля Верна. То-бок Маўр — першы каменьчык, каб выбудаваць зацікаўленасць гэтым жанрам».
На старонках «Палескіх рабінзонаў» Маўр дае добры ўрок патрыятызму, расказваючы пра галоўных герояў: «Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх — Жуля Верна, Майн Рыда, [Джэймса Фенімора] Купера і г. д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60−80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера, якое ляжала за кіламетраў дваццаць ад іх. <…> У Беларусі наогул, а ў іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры».
На жаль, у рэаліях 1930-х кніга мусіла адпавядаць духу часу, трэба было выяўляць адданасць савецкаму ладу. Так з’явілася лінія са злоснымі кантрабандыстамі-антысаветчыкамі з-за заходняй мяжы, каля якой, паводле сюжэту, знаходзілася месца дзеяння. Сёння чытаць гэтыя старонкі даводзіцца прымружыўшы вока. На шчасце, гэтыя эпізоды не занялі шмат месца ў творы, а змаганне з «антысавецкімі элементамі» пазбаўлена рамантызацыі, уласцівай літаратуры таго часу.
Культавы твор Маўра натхніў сучаснага пісьменніка Ягора Конева на стварэнне аповесці «Новыя палескія рабінзоны». У ёй герояў-падлеткаў стала трое (дадалася сястра аднаго з іх), кантрабандысты ператварыліся ў «чорных археолагаў», але агульны матыў захаваўся. У беларускай літаратуры гэта, бадай, адзіны прыклад рымейку класічнага твора, што толькі робіць гонар Янку Маўру.
Рымейкаў было нямала ў рускай літаратуры, але тое было перапісванне заходніх твораў, невядомых савецкім чытачам за жалезнай заслонай, і без узгаднення з уладальнікамі аўтарскіх правоў: «Чараўнік Смарагдавага горада» Аляксандра Волкава (арыгінал — «Дзіўны чараўнік з краіны Оз» Лаймена Фрэнка Баўма), «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» Аляксея Талстога (арыгінал — «Прыгоды Пінокіа» Карла Калодзі). Працягнулася гэта і ў постсавецкай Расіі: напрыклад, была вядомая серыя кніг «Таня Гротэр», якую напісаў у двухтысячных Дзмітрый Ямец па матывах серыі Джоан Роўлінг «Гары Потэр».
5. Стаў сябрам, сваяком і героем твора Якуба Коласа
Фрагменты рамана Якуба Коласа «На ростанях»:
«Тадорык тупаў па пакоі босы, бо так вальней нагам, казаў ён, і амаль не зварачаў увагі на шумны настаўніцкі натоўп, запоўніўшы ўсю кватэру <…>. Зрэдку перакідаючыся з тым ці з іншым закавырыстымі рэплікамі, ён зняў са сцяны скрыпку, прысеў на цвёрдую канапку з абдзёртаю абіўкаю і выігрываў нейкія мелодыі. Манера трымаць скрыпку і смык і сама ігра сведчылі аб тым, што Іван Тадорык быў добрым скрыпачом. Лабановіч з прыемнасцю слухаў музыку, углядаўся ў твар скрыпача, крыху пануры і злёгку васпаваты, з насупленымі брывамі, са шчыльна сціснутымі губамі. Шырокі лоб і авал твару з вастраватым падбародкам казалі за тое, што Іван Тадорык, як відаць, чалавек з выдатнымі здольнасцямі».
…
«Садовіч як гаспадар школы і як чалавек, прыняўшы кіраўніцтва сходам, хоць яго ў лідары ніхто не выбіраў, выступіў з прамоваю. Пры гэтым ён стаў у належную позу, падаў наперад грудзіну і прыняў сурʼёзны выгляд.
— Таварышы! — пачаў ён з баса. — Мы сышліся і зʼехаліся для важнай справы. Усе чэсныя перадавыя людзі Расіі выступаюць за арганізаванае змаганне са злом і несправядлівасцю…
— А называюцца яны царскім самадзяржаўем, — падказаў Іван Тадорык і збіў прамоўцу з панталыку.
— Не лезь у пекла раней за бацьку, — жартліва і ў той жа час досыць строга заўважыў Садовіч».
Расказваецца тут пра рэальны эпізод — нелегальны з’езд настаўнікаў Мінскай губерні, які ў 1906-м прайшоў у родных мясцінах аўтара, каля вёскі Мікалаеўшчына (цяперашні Стаўбцоўскі раён). На ім сярод іншага абмяркоўвалася неабходнасць навучаць дзяцей па-беларуску і ўвесці бясплатнае навучанне ў пачатковых школах. Сярод удзельнікаў былі як сам Колас — тады настаўнік Канстанцін Міцкевіч, — так і Іван Фёдараў (будучы Янка Маўр), які і стаў прататыпам Івана Тадорыка. Аднак сход выкрыла паліцыя. Міцкевіч, як адзін з арганізатараў, урэшце атрымаў тры гады зняволення, якое правёў у Пішчалаўскім замку (мінская турма, цяпер вядомая як Валадарка). А Фёдарава пазбавілі права выкладаць у школе і ўзялі пад нагляд паліцыі.
Пазней іх сяброўства працягнулася. Падчас Другой сусветнай вайны абодва літаратары аказаліся ў эвакуацыі ў Цэнтральнай Азіі. Якуб Колас жыў у Ташкенце, Янка Маўр — у Алма-Аце. Для апошняга тое аказалася няпростым выпрабаваннем — вайну ён, як піша Эсфір Гурэвіч, перанёс як «псіхічную траўму». У лісце Коласу Маўр неяк паскардзіўся, што дачку выганяюць са школы, бо няма грошай заплаціць за навучанне (тады ў СССР навучанне ў старэйшых класах, а таксама ВНУ было платным), а на працу яго не бяруць. Сябар даслаў патрэбныя грошы.
Дапамог ён і вырашыць фармальнасці з працай. «Да заняткаў у школе прыступіў я таксама прыватным чынам, без дакументаў і афармлення. Ёсць толькі настаўніцкая пенсійная кніжка, — пісаў Маўр Коласу напрыканцы 1942-га. — Таму, калі табе не ў цяжар, зрабі мне на ўсякі выпадак такую паперку: „Ведаю Фёдарава І.М. 36 гадоў. Ведаю, што ён трымаў экстэрнам экзамен пры Віленскім настаўніцкім інстытуце і на працягу многіх гадоў быў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў сярэдніх навучальных установах“».
Пасля вайны Колас узяўся за трэцюю частку трылогіі «На ростанях», дзе і апісаў Івана Тадорыка. А іх дзеці — сын Коласа Міхась Міцкевіч і дачка Маўра Наталля Фёдарава — узялі шлюб, у іх нарадзілася дзіця. Яны шчасліва пражывуць разам амаль 65 гадоў, да смерці Наталлі ў 2012-м. Атрымалася, што аўтар «На ростанях», не парушыўшы гістарычнай праўдзівасці, пісаў пра сваяка.
«Калі я жаніўся на дачцэ Маўра, жартаваў: калым ужо заплаціў», — каментаваў сын Коласа тую гісторыю з грашовай дапамогай.
Іх дзеці і ўнукі працягнулі культурную дынастыю. Васіліна Міцкевіч, праўнучка абодвух класікаў, цяпер працуе ў Коласаўскім музеі ў Мінску, нямала піша пра свайго прадзеда. Унутры музея, на сцяне, вісіць скрыпка Янкі Маўра.
Чытайце таксама

