У 2021 годзе Вераніка Цапкала, якая разам з Марыяй Калеснікавай дапамагала з перадвыбарнай кампаніяй Святлане Ціханоўскай, стала старшынёй праўлення некамерцыйнай арганізацыі «Беларускі дэмакратычны фонд». Яна зарэгістраваная ў Польшчы, яе скарбнікам запісаны Генадзь Манько, які са жніўня мінулага года кіруе місіяй дэмакратычнай Беларусі ва Украіне. Але як здолела даведацца «Люстэрка», больш за 10 гадоў таму арганізацыю заснаваў Вячаслаў Дзіянаў — адзін з арганізатараў маўклівых акцый пратэсту ў 2011-м, які пазней стаў прыхільнікам ідэй «рускага свету». Расказваем, што мы даведаліся.
Што вядома пра арганізацыю?
Паводле звестак Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы, арганізацыя «Беларускі дэмакратычны фонд» (Białoruska Fundacja Demokratyczna) заснаваная ў 2012 годзе і першапачаткова называлася «Фонд „Інтэграцыйны мост“». Першым старшынёй праўлення «Інтэграцыйнага моста» быў Вячаслаў Дзіянаў.
Вячаслаў Дзіянаў, 36 гадоў. У 2008 годзе ўваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алеся Міхалевіча. У 2009 годзе стаў актывістам арганізацыі «Рух будучыні». У 2010-м балатаваўся ў Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, а на прэзідэнцкіх выбарах таго ж года далучыўся да каманды кандыдата Яраслава Раманчука і быў яго даверанай асобай. Пасля разгону пратэстаў 2010 года з’ехаў з Беларусі ў Польшчу, дзе атрымаў палітычны прытулак. У 2011 годзе Дзіянаў стаў мадэратарам групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», якая займалася каардынацыяй масавых маўклівых акцый пратэсту ў нашай краіне.
У 2014 годзе, пасля анексіі Расіяй Крыма і пачатку вайны на Данбасе, Вячаслаў Дзіянаў перагледзеў свае погляды. Ён заявіў пра жаданне змяніць грамадзянства на расійскае, а таксама выказаў гатоўнасць супрацоўнічаць з прапагандыстамі з Расіі.
Пра дзейнасць Фонду «Інтэграцыйны мост» інфармацыі практычна няма. Былыя чальцы праўлення гэтай арганізацыі на ўмовах ананімнасці расказалі «Люстэрку», што яна займалася наладжваннем сувязяў беларусаў, якія жывуць у Польшчы, з суайчыннікамі, якія застаюцца ўнутры краіны.
Старшынёй праўлення «Інтэграцыйнага моста» Дзіянаў быў да 2015 года. Як вынікае са звестак Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы, потым з нейкай прычыны на гэтай пасадзе яго памяняў актывіст Павел Вінаградаў (палітвязень, якога затрымалі ў канцы 2021 года, а 16 сакавіка 2022 года асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі). Віцэ-старшынёй фонду быў запісаны былы лідар дэмакратычнай арганізацыі «Свабодная моладзь» Мікіта Красноў, а скарбнікам — Фёдар Масленнікаў. Паводле яго словаў, усе гэтыя гады «Інтэграцыйны мост» не працаваў.
— Фактычна пасля 2015 года арганізацыя таксама не вяла дзейнасці, ды і з 2012 да 2015 года не мела сродкаў, баланс быў заўсёды нулявым, — расказаў «Люстэрку» Масленнікаў. — Недзе ў 2015 годзе, калі яна зусім павісла мёртвым грузам, я пагадзіўся ўвайсці ў праўленне, бо маю досвед у падрыхтоўцы штогадовай справаздачнасці для такіх установаў. Гэта не было складана і займала пару гадзін на год. Здаецца, «Інтэграцыйны мост» проста не быў патрэбны хлопцам.
Як з’явіўся «Беларускі дэмакратычны фонд»?
У студзені 2021 года адбываецца змена назвы арганізацыі. Замест «Інтэграцыйнага моста» з’явіўся «Беларускі дэмакратычны фонд» (гэтыя змены зафіксаваныя ўсё ў тым жа Нацыянальным судовым рэестры Польшчы). Змяняецца і склад праўлення. Так, старшынёй становіцца Вераніка Цапкала. Жонка Валерыя Цапкалы, які збіраўся стаць прэзідэнтам Беларусі, а таксама былая паплечніца Святланы Ціханоўскай.
Таксама ў праўленне ўваходзяць актывісты выбарчага штаба Цапкалы — Аляксандр Раманюк (віцэ-старшыня) і Генадзь Манько (скарбнік). Цікава, што ў жніўні 2023 года Манько стаў чальцом Аб’яднанага пераходнага кабінета — Святлана Ціханоўская прызначыла яго кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне.
У каментары «Люстэрку» Генадзь Манько заявіў, што ў склад праўлення «Беларускага дэмакратычнага фонду» яго ўключылі без згоды.
— У студзені 2021 года я яшчэ быў у Беларусі, са мной ніхто нічога не абмяркоўваў, і я нідзе не ставіў свайго подпісу, — кажа палітык.
— Як можна стаць скарбнікам арганізацыі, не выказаўшы на гэта згоды і не паставіўшы подпісу?
— Не ведаю, але за свае словы я адказваю — майго подпісу там нідзе няма. Я не ведаю, як гэта робіцца. Але паводле Валерыя Цапкалы, у якога я пазней пытаў пра гэта, арганізацыю яны купілі ў нейкага грамадзяніна Беларусі за 100 еўра.
Кім быў гэты грамадзянін, Генадзь Манько не памятае.
Што кажа Вячаслаў Дзіянаў?
Прыняць рашэнне памяняць праўлення мог афіцыйны заснавальнік арганізацыі. Але ў адкрытым доступе польскіх рэгістравальных органаў інфармацыі пра яго няма. Даведацца пра гэта можна толькі са статута арганізацыі. Аднак ён не публічны.
Зыходзячы з практыкі, заснавальнікам, як правіла, з’яўляецца асоба, якая стала першым старшынёй праўлення пасля рэгістрацыі арганізацыі. У «Інтэграцыйным мосце» такім чалавекам быў Вячаслаў Дзіянаў. Аднак невядома, ці заставаўся ён ім у 2021 годзе, калі ў склад праўлення ўвайшлі Вераніка Цапкала і яе паплечнікі.
Па каментар «Люстэрка» звярнулася да самога Дзіянава. Ён заяўляе, што з 2015 года дачынення да арганізацыі не мае і нікому нічога не прадаваў:
— Арганізацыю нельга прадаць. З 2015 года я ніяк не ўплываю ні на гэты фонд, ні на яго рашэнні. А пачынаючы з 2019 года наогул не займаюся палітычнай ці грамадскай дзейнасцю. Згодна з польскім заканадаўствам, я з 2015 года не меў ніякага дачынення да гэтай арганізацыі.
Дзіянаў таксама адзначыў, што ад грамадскай дзейнасці адышоў у 2019 годзе. Цяпер жыве ў Польшчы, працуе менеджарам адной з кампаній.
Што кажа Вераніка Цапкала?
«Люстэрка» звярнулася па каментар да Веранікі Цапкала, але змястоўнага дыялогу не атрымалася.
— Гэтай арганізацыі не існуе, — заявіла Вераніка. — Яна была толькі зарэгістраваная, але ў яе няма ні банкаўскага рахунку, ні офіса, ні супрацоўнікаў, наогул нічога.
— Навошта тады вы яе купілі?
— Я яе не купляла, па-першае. А па-другое, я не магу цяпер з вамі размаўляць, я па бізнесе, па сваёй асноўнай працы, знаходжуся ў камандзіроўцы, — адказала суразмоўніца і паклала слухаўку.
Як патлумачыла «Люстэрку» крыніца, якая знаёмая з працэсам рэгістрацыі грамадскіх арганізацый у Польшчы і папрасіла захаваць яе канфідэнцыйнасць, купіць альбо прадаць некамерцыйную арганізацыю сапраўды нельга.
— Але такія рэчы могуць рабіцца неафіцыйна. Прадавец атрымлівае патрэбную суму ў канверце, пасля чаго ў рэгістрацыйных дакументах змяняецца склад праўлення, і арганізацыя пераходзіць у іншыя рукі, — кажа наш суразмоўца.
Чытайце таксама