Беларускай спявачцы і тэлевядоўцы Кацярыне Ваданосавай не трэба плаціць больш за 78 300 злотых (каля 21 300 даляраў) за лячэнне і шпіталізацыю памерлай маці, якія праз суд спрабавала спагнаць з беларускі медустанова. Пра тое, чым скончылася гісторыя, яна расказала на сваёй старонцы ў Facebook.
Гаворка ідзе пра выдаткі на аперацыю, лячэнне ў рэанімацыі і пасмяротныя працэдуры пасля смерці маці Ваданосавай Нэлі ў студзені гэтага года. Усе медыцынскія выдаткі мусіла кампенсаваць польская сістэма медыцынскага страхавання. Для гэтага Упраўленне па справах замежнікаў мусіла даслаць у бальніцу неабходныя дакументы. Аднак ужо 2 сакавіка медустанова падала на беларуску ў суд з патрабаваннем кампенсаваць 78 313,99 злотага выдаткаў на лячэнне памерлай маці.
19 чэрвеня Кацярына Ваданосава напісала, што пытанне вырашылася станоўча і ёй не трэба выплачваць велізарную суму.
«Аказваецца, шпіталь ужо даўным-даўно ўсе дакументы ад Ужэнду да спраў уцекачоў атрымаў, і ўсё заплачана, але яны падалі на мяне ў суд раней, чым дакументы аб забеспячэнні мамы прыйшлі, і… забыліся скіраваць у суд адкліканне позвы», — напісала тэлевядоўца.
Яна дадала, што гэтыя перыпетыі моцна знясілілі яе эмацыйна.
«Я тры ночы не спала, мяне ванітавала, прылівы кожныя 10 хвілін, рукі калоцяцца, як у паралітыка, скінула 3 кг (гэта плюс, вядома), але гэта ж няважна, бо хто я? — усяго толькі эмігрантка, якая зусім не перажывае пасля смерці маці і, канешне, мае ў кішэні 78 тысяч злотых, каб паўторна на запыт суда заплаціць рахунак за яе інсульт і смерць!» — адзначыла Ваданосава.
Яна дадала, што магла б скіраваць сустрэчны пазоў у суд, калі б была «моцная і помслівая, мела гару здароўя і імпэту».
«У гэтыя дні ў мяне, да кучы, былі маніпуляцыі ў маім, анкалагічным, шпіталі, і я бегала па ўжэндах паміж уколамі ды кропельніцамі. Проста молах, жорны. А ў дадатак, нягледзячы на тое, што плаціць мне не трэба, у суд усё роўна трэба падаць стос дакументаў, бо справу ж не адклікалі!» — напісала беларуска.
Нагадаем, маці тэлевядоўцы і спявачкі Кацярыны Ваданосавай больш за год таму з’ехала з Беларусі і падалася на міжнародную абарону. Пасля гэтага яна жыла з сям’ёй дачкі ў Беластоку.
У канцы верасня 2025 года Памежная служба Польшчы прыняла рашэнне пра дэпартацыю беларускі ў выніку бюракратычных затрымак. Аказалася, там проста не ведалі, што разгляд справы жанчыны яшчэ ідзе, а на 28 кастрычніка прызначаны суд. У выніку дэпартацыю адмянілі.
Прычынай, з якой жанчыну хацелі выправадзіць з краіны, стала тое, што ў Польшчу яна заехала па літоўскай візе. Рэч у Дублінскім рэгламенце — дакуменце, які вызначае, якая краіна нясе адказнасць за прадстаўленне бежанства, прытулку або міжнароднай абароны.
23 снежня 2025 года ў Нэлі Ваданосавай здарылася кровазліццё ў мозг. 1 студзеня 2026 года яна памерла.




