Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьму Чорнага, Максіма Танка і Міхася Стральцова. Герой гэтага тэксту — Янка Брыль.

1. У адзіным рамане паказаў Другую сусветную, а не Вялікую Айчынную

Дарогамі Другой сусветнай вайны прайшлі дзясяткі беларускіх пісьменнікаў. Для пераважнай большасці з іх змаганне з нацыстамі пачалося 22 чэрвеня 1941-га, калі Германія напала на Савецкі Саюз. Для Брыля ж — на два гады раней. Польскія ўлады (Заходняя Беларусь, дзе ён жыў, тады ўваходзіла ў склад гэтай краіны) узялі двухметровага Янку ў наноў створаную марскую пяхоту. Таму пачатак Другой сусветнай ён сустрэў у раёне Гдыні, адбіваючы атаку немцаў. Нездарма ў гэтым горадзе з 2009 года ёсць вуліца, названая ў яго гонар, а сам ён як ветэран атрымліваў выплаты ад Польшчы.

Пасля нядоўгіх баёў Брыль трапіў у палон, збег адтуль, але быў спайманы. У жніўні 1941-га яго адпусцілі дадому. Ужо пад нямецкай акупацыяй Янка працаваў у Мінску, у Гістарычным музеі. Потым збег з горада, вярнуўся дадому і стаў партызанскім сувязным, пазней — разведчыкам. Таксама ён удзельнічаў у знакамітым партызанскім парадзе, што праходзіў у сталіцы Беларусі. Але аж да 1952-га, калі ён атрымаў Сталінскую прэмію трэцяй ступені за аповесць «У Забалоцці днее», пісьменнік баяўся арышту за сваё «антысавецкае» мінулае: службу ў польскім войску, нямецкі палон, працу пад акупацыяй.

Янка Брыль. 1952 год. Фота: TUT.BY
Янка Брыль, 1952 год. Фота: TUT.BY

На гэтых фактах з біяграфіі Брыля мы спыніліся наўмысна: яны знайшлі ўвасабленне ў яго адзіным рамане. Наогул пасля Другой сусветнай ён як літаратар імкнуўся хутчэй прыстасавацца да новых рэалій. У 1961-м, чытаючы ў польскім перакладзе раман Эрнеста Хемінгуэя «Па кім б’е звон» (у СССР яго тады яшчэ не наважыліся выдаць), ён разважаў: «„Вучобай“ ды паслухмянствам прыпсаваўся быў і я… і цяпер трэба назад адвучвацца. Мала таго — шкадаваць трэба горка, колькі дарма напсаваў і дзён, і паперы». Менавіта ў той момант ён пачаў асэнсоўваць задуму рамана «Птушкі і гнёзды» (1962—1964), названага аўтарам «кнігай адной маладосці». Сюжэт твора грунтуецца на біяграфіі самога Брыля: галоўны герой Алесь Руневіч родам з Заходняй Беларусі, служыць у польскім войску, трапляе ў палон, уцякае. Яго лёс сімвалізуе гісторыю цэлага пакалення беларусаў, чыя маладосць прыйшлася на вайну.

Што ж такога выбітнага ў гэтым рамане? Наогул пасля завяршэння Другой сусветнай галоўнымі героямі твораў у савецкай літаратуры станавіліся маршалы і генералы, падзеі паказваліся маштабна, пафасна — такім чынам адбывалася міфалагізацыя вайны. Патрабаваўся новы, праўдзівы ракурс. Сярод тых, хто прапанаваў яго, быў Васіль Быкаў, які даў слова звычайным салдатам ці малодшым афіцэрам і паставіў іх перад неабходнасцю маральнага выбару. Брыль, які ствараў свой твор у гэтыя ж часы, таксама вядзе гаворку ад імя чалавека «знізу», але прыдумляе свой ракурс. Галоўнае адрозненне ў тым, што «Птушкі і гнёзды» — лірычны раман. Тэкст падзяляецца на асобныя эпізоды-кадры, сувязь паміж якімі ствараюць асацыяцыі і вобразы, што было нетыпова для тагачаснай літаратуры.

Вось, напрыклад, як аўтар перадае ўцёкі на волю галоўнага героя (нагадаем, Брыль сам уцякаў з палона) і яго аднадумца: «Усё гэта было — і ўпартае жалеза кратаў, якія ім удалося ўсё ж такі знізу сарваць з гваздоў і адагнуць уверх, каб праціснуцца; і дрот, пад які яны падграбліся, нібы па-пастушынаму ўбіваючыся ў чужыя яблыкі; і першы след на сыраватай мякаці дарожнага пяску; і ласкавыя дотыкі вецця з лістотай, калі ішлі пад бярозамі; і казытлівыя каласы пад расстаўленымі, як да лёту, рукамі…» Такія дэталі і ўвогуле перадача сцэны ў першую чаргу праз эмоцыі былі прарыўнымі для тагачаснай літаратуры.

«Самі дзеянні не паказаны ва ўсіх падрабязнасцях. Зафіксаваныя толькі эмацыянальныя вобразы, уражанні <…>, — апісвала раман даследчыца Вольга Нікіфарава. — Адчуванні неспрактыкаваных уцекачоў выдатна перадае нечаканае параўнанне з дзіцячага свету, а заключны эмацыянальны акорд уліваецца ў адзіную мелодыю, галоўны вобразна-сімвалічны лейтматыў рамана: вольная птушка ляціць да роднага гнязда».

Янка Брыль (першы злева) разам з іншымі пісьменнікамі падчас Дэкады беларускай літаратуры і мастацтва ў Латвіі. Рыга, 1960 год. Фота: А. Переход, БДАКФФД, TUT.BY
Янка Брыль (першы злева) разам з іншымі пісьменнікамі падчас Дэкады беларускай літаратуры і мастацтва ў Латвіі. Рыга, 1960 год. Фота: А. Переход, БДАКФФД, TUT.BY

У рамане па-новаму быў паказаны і нацызм — праз нетрадыцыйны для савецкай літаратуры ракурс. Носьбіты гэтай ідэалогіі паказваліся не на фронце, а ў тыле. Апроч таго, Брыль даволі смела збліжаў постаці Гітлера і Сталіна — як пісалі даследчыкі, «не дэкларацыйна, а праз вобразна-асацыятыўныя сувязі». Зразумела, інакш у тыя часы напісаць і нельга было.

Там не менш твор і так быў падвергнуты цэнзуры — пра гэта ўзгадваў сам Брыль. Тут трэба вярнуцца да моманту, калі будучага пісьменніка выпускалі з нямецкага палону. Тады нацысты, рыхтуючыся да нападу на СССР, вызвалялі свае лагеры ад захопленых падчас вайны з Польшчай. 4 чэрвеня 1941-га Брыля перавялі на завод пад нагляд паліцыі, а таксама дазволілі запоўніць анкеты для вяртання дахаты. «А анкеты поштай жа не пашлеш — мы па чарзе мусілі вазіць іх у Берлін, — згадваў Брыль. — І вось апошняя чарга прыпала мне — я быў у [савецкім] консульстве 21 чэрвеня, за дзень да вайны. Я глядзеў на партрэт Сталіна на сцяне й думаў: Божа, куды я вяртаюся і што там са мной будзе?! Усё гэта адбываецца й з героем рамана Алесем Руневічам. І кожнага разу сцэна ў консульстве выкідалася цэнзарамі». Толькі ў гады незалежнасці ён нарэшце выдаў «Птушкі і гнёзды» ў тым выглядзе, як задумваў.

2. Стаў папярэднікам набелісткі Алексіевіч і натхніў яе на працу

У 2015-м літаратурнага Нобеля атрымала беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч. Фармулёўка была наступная: «За яе шматгалосную творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час». Творы Алексіевіч грунтуюцца на рэальных гісторыях — яна размаўляла з жанчынамі-ўдзельніцамі Другой сусветнай вайны («У вайны не жаночы твар»), удзельнікамі вайны ў Афганістане («Цынкавыя хлопчыкі»), ахвярамі і ліквідатарамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС («Чарнобыльская малітва»), выхадцамі з СССР («Час сэканд-хэнд»).

Янка Брыль быў адным з тых, хто ў свой час даў рэкамендацыю Алексіевіч для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў. Але, натуральна, мы згадваем яго зусім не з-за гэтага. Сярод сваіх настаўнікаў сама яна называла пісьменніка Алеся Адамовіча — і ў гэтым не было нічога дзіўнага. Менавіта апошняму належалі дзве этапныя кнігі, напісаныя ў суаўтарстве, якія, відавочна, натхнілі Алексіевіч. Разам з расійскім пісьменнікам Даніілам Граніным Адамовіч стварыў «Блакадную кнігу» (1977—1982), у якой запісаў успаміны людзей, што падчас Другой сусветнай выжывалі ў блакадным Ленінградзе. А да гэтага разам з якраз з Брылём і літаратуразнаўцам Уладзімірам Калеснікам напісаў легендарную кнігу «Я з вогненнай вёскі».

Злева направа: Піліп Пястрак, Янка Брыль і Іван Навуменка падчас 5-га Усесаюзнага з'езда пісьменнікаў. Масква, 2 ліпеня 1971 года. Фота: БДАКФФД, TUT.BY
Злева направа: Піліп Пястрак, Янка Брыль і Іван Навуменка падчас 5-га Усесаюзнага з’езда пісьменнікаў. Масква, 2 ліпеня 1971 года. Фота: БДАКФФД, TUT.BY

У пачатку 1970-х цягам трох гадоў яны ездзілі па населеных пунктах, якія падчас вайны нацысты знішчылі разам з жыхарамі, і пагаварылі з больш чым трыма сотнямі ацалелых людзей. Іх маналогі і ўвайшлі ў кнігу. Сярод іх у тым ліку былі аповеды бабуль, якія жылі з прабітымі галовамі (ім стралялі ў патыліцу, але нятрапна) і дзяцей, якія выжылі ў брацкіх магілах пад целам кагосьці са сваякоў.

Праца была калектыўная. «У аналітычным раздзеле пра фашызм выразна адчуваецца рука Адамовіча — яна адчуваецца ў кожным радку, — згадваў рэдактар кнігі Васіль Сёмуха. — Адамовіч у большай ступені публіцыст. Але калі ідуць невялікія каментарыі, тут ужо разгадаць, дзе Калеснік, дзе Брыль, а дзе Адамовіч, вельмі цяжка. Аднак ва ўступах да апавяданняў Брыль пазнаецца лёгка, бо так пісаць ён умеў, умее і будзе ўмець пісаць! Але яны так і не выдалі, хто што канкрэтна напісаў. Больш за тое: адзін пісаў, а другі чытаў і правіў, і — наадварот. Таму, я б сказаў, тут адзін аўтар у трох асобах. Плюс чацвёрты — гэта кожны апавядальнік».

«Мы ўтрох і запісвалі ўспаміны тых, хто ацалеў падчас палення беларускіх вёсак, і плакалі, і маўчалі, усё было перажыта намі разам», — казаў сам Брыль.

Працуючы над кнігай, асэнсоўваючы свой досвед, Брыль прыйшоў да крамольнай па савецкіх часах высновы, што для беларусаў Другая сусветная была грамадзянскай вайной. «Тут, на Лагойшчыне, — адзначаў ён у палявых нататках, — яшчэ раз моцнае, агіднае пацвярджэнне таго, чаго мы „не хочам падкрэсліваць“: вайна, па сутнасці, грамадзянская. Процьма паліцыі, падзел вёсак на тых і тых, жорсткасць жахлівая, ажно пытаешся: адкуль яна такая?»

Злева направа: Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Янка Брыль. Фота: асабісты архіў Юліі Чарняўскай, TUT.BY
Злева направа: Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Янка Брыль. Фота: асабісты архіў Юліі Чарняўскай, TUT.BY

Нчіога дзіўнага, што і тут аўтары сутыкнуліся з савецкай цэнзурай. Напрыклад, ім давялося прыбраць гісторыю гвалту з боку партызанскага камандзіра, шматлікія гісторыі расстрэлаў мірных жыхароў партызанамі, партызанскіх рабаванняў. Усяго ж у Міхаіла Дзяльца, старшыні Дзяржкамітэта па друку, было 96 заўваг да кнігі. Адна з іх: «Героі кнігі бедныя, неахайныя і няголеныя». «Прыходзім мы да чалавека, ён не голены, і мы павінны яму прапанаваць: ідзі пагаліся, а потым ужо будзеш расказваць, як у агні гарэў?» — іранічна запытваў Адамовіч. Кнігу выратаваў сакратар беларускай кампартыі па ідэалогіі Аляксандр Кузьмін, у мінулым ваенны лётчык. Дзякуючы яму з 96 заўваг засталося ўсяго дзве.

Але нават нягледзячы на купюры, кніга стала бестселерам. Пісьменнік Міхась Стральцоў назваў яе «хаджэннем па чалавечых пакутах, па вогненных кручах зямнога пекла». «Гэта вялікая кніга, — адзначала Алексіевіч. — <…> Нельга было ставіць знак роўнасці паміж тым, што я бачыла і чула, і тым, што выходзіла з-пад майго пяра. І толькі калі прачытала кнігу „Я з вогненнай вёскі“, раптам зразумела, што я менавіта так чую свет — праз галасы. Я адразу ўбачыла адэкватнае майму светаўспрыманню. Мой далейшы шлях быў ужо больш відавочны». Без гэтай кнігі ні твораў Алексіевіч, ні яе Нобелеўскай прэміі відавочна б не было.

3. Адкрыў чытачам атмасферу вясковага карнавалу і гумару

Скончыўшы працу над кнігай «Я з вогненнай вёскі», Брыль узяўся за «карнавальную аповесць» «Ніжнія Байдуны» — адчайна вясёлую, поўную народнага гумару. Як адзначаў крытык Міхась Тычына, гэта была нібы кампенсацыйная тэрапія пасля ваеннай тэматыкі — з падобным гумарам Ісак Бабель пісаў пра Адэсу. Па супадзенні гаворка ідзе пра месца нараджэння Брыля (у гэтым украінскім горадзе працаваў яго бацька-чыгуначнік, сям’я вярнулася на радзіму, калі дзіцяці было пяць гадоў). На думку пісьменніка Уладзіміра Арлова, гэта «таксама прычынілася да ягонага нязводнага — то вытанчанага, то па-народнаму грубаватага гумару, які літаратуразнаўцы назвалі калабруньёнаўскім (ад імя галоўнага героя аднайменнай аповесці Рамэна Ралана. — Заўв. рэд.)».

Янка Брыль. Фота: сямейны архіў, TUT.BY
Янка Брыль. Фота: сямейны архіў, TUT.BY

Вось толькі адзін фрагмент, у якім яскрава відаць, што за твор напісаў Брыль.

«Жонка, увішная і даволі-такі звяглівая цётка Юста, называла яго па-вясковаму: не Захар, а Захара, нават яшчэ і па-свойму, без «р» — Захава.

Уранні, даўшы Гнедаму, карове з цялухай і авечкам, Качка любіў затрымацца ў гумне. Трасянкі на дзень натрэсці, падмесці ток, патупаць трохі паміж невысокімі тарпамі сена і саломы, раз-пораз бухукаючы неадчэпным кашлем.

Але ж якраз тады, калі чалавеку патрэбна была адзінота і цішыня, баба выбягала на парог і тонам загаду кідала цераз двор:

— Захава, есці!

— Іду! — міралюбна адгукаўся ён. Але адразу не ішоў, яшчэ ўсё патроху бухукаў. Тады яна зноў выбягала з сяней.

— За-ха-ва! Есці ідзі, каб ты наеўся чэмеву, каб ты!

— Ды іду!

Аднак яшчэ ўсё корпаўся.

За трэцім разам Юста аўтамаціла доўгай чаргой:

— Есці ідзі, сказала! Што ты там кешкаешся, каб цябе свінні пад плотам кешкалі, каб цябе! Што ты таўчэшся там, каб ты тоўкся па смеўці казою, каб ты!..

Тады ўжо гаспадар паказваўся ў чорным праёме гуменных дзвярэй.

— Распранаперакувыркутваю!.. Бу-ху, бу-ху!.. Цігра ты ўсурыйская! Я ж сказаў, што іду!..

Юста знікала ў сенцах, а ён памалу зачыняў гумно і, не спяшаючыся, ішоў у хату.

Дыялог патрабуе тлумачэння.

Лаянка цёткі Юсты заключала ў сабе два складаныя вобразы. Кешкаць гаспадара пад плотам свінні маглі не толькі п’янага — такі ж мог быць і канец чалавеку, у такім жахлівым заняпадзе. Хадзіць па смерці казою — тут ужо быў не толькі намёк на калядную батлейку, а нават нейкі ажно будызм з яго перасяленнем душ».

Фрагмент аповесці «Ніжнія Байдуны»

Справа налева: Міхась Стральцоў, Янка Брыль, Аляксандр Станюта. 1986 год. Фота: Анатоль Каляда, газета «Літаратура і мастацтва», Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Злева направа: Аляксандр Станюта, Янка Брыль і Міхась Стральцоў, 1986 год. Фота: Анатоль Каляда, газета «Літаратура і мастацтва», Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Пісьменніку Альгерду Бахарэвічу стварэнне Брылём гэтай аповесці нагадвала працу ўтрапёнага перакладчыка. «Перакладчыка, які перастварае на мове літаратуры ледзьве не кожны ўздых, лаянку і мармытанне, пачутыя ім некалі ў дзяцінстве і запомненыя містычным чынам на ўсё жыццё. Яму не столькі важна „з цэлым народам гутарку весці“, колькі гэты народ слухаць — і захоўваць пачутае, наколькі хопіць памяці. „Ніжнія Байдуны“ амаль цалкам пабудаваныя на вусным маўленні, яно тут — галоўны матэрыял для тэксту, ягонае цеста. У выніку атрымліваецца твор, дзе аўтар сціпла адыходзіць за спіны сваіх велічных герояў <…>: кожны з іх прыгожы, яркі і каштоўны, і нават гамзатасць некаторых з іх тут выразная і гучная. Аўтабіяграфія, але не аўтарская, аўтабіяграфія цэлага свету, расказаная ім самім, на розныя галасы», — пісаў ён.

4. Пісаў «фэйсбучныя посты», калі Facebook яшчэ не было

«Парастак», апошняя кніга Брыля, выйшла перад самай яго смерцю. Увайшлі туды дзённікавыя запісы і лірычныя мініяцюры. Прасцей за ўсё было б патлумачыць выбраны жанр доўгім векам — не ўсім па сілах праца над «тоўстымі» раманамі ў сталым узросце, і многія аўтары на схіле жыцця працуюць якраз у кароткіх формах. Але пісьменнік звярнуўся да лірычных мініяцюр нашмат раней. Яшчэ ў 1964-м, калі выйшла ў свет асобнае выданне «Птушак і гнёздаў», Брыль надрукаваў у адным з часопісаў сваю першую падборку мініяцюр. У наступным годзе з’явілася кніга «Жменя сонечных промняў. Лірычныя нататкі». У далейшым амаль ніводны зборнік Брыля не абыходзіўся без твораў гэтага жанру.

Янка Брыль. 1988 год. Фота: сямейны архіў, TUT.BY
Янка Брыль, 1988 год. Фота: сямейны архіў, TUT.BY

Цяпер у ім пішуць дзясяткі аўтараў — часам здаецца, што ладная частка твораў сучаснай беларускай літаратуры ўяўляе сабой нататкі з Facebook. А ў часы Брыля гэта было наватарства. Наогул у беларускай літаратуры пачынальнікам гэтага жанру можна лічыць Змітрака Бядулю. Пазней сталі з’яўляцца запісы Максіма Лужаніна, іншых аўтараў. Але доўгі час лірычныя мініяцюры ўспрымаліся як «еўрапейскія», нібыта не зусім характэрныя для беларускіх творцаў. Менавіта Брыль быў тым аўтарам, які напоўніцу адкрыў для беларусаў гэты жанр, зрабіў яго запатрабаваным і папулярным.

«Ствараючы свой раман („Птушкі і гнёзды“. — Заўв. рэд.), імкнучыся да сцісласці, кампактнасці тэксту, ён непазбежна ўступаў у палеміку з аўтарамі „псеўдаэпапей“ сацыялістычнага рэалізму і падыходзіў да высновы: „…пісаць расцягнута — першая адзнака адсталасці, несучаснасці“», — адзначала Вольга Нікіфарава. На яе думку, жаданне быць сучасным і сказаць нешта новае прывяло Брыля да такога жанру.

Па яе словах, Брыль хутка адчуў упэўненасць у сваіх сілах. «І ўсё-такі ў сваіх мініяцюрах я адчуваюся найбольш самім сабою», — цытавала пісьменніка даследчыца. «Пад пяром Брыля яны (лірычныя мініяцюры. — Заўв. рэд.) прымаюць выгляд то дзённікавага запісу, то дасціпнага афарызму, то міні-дыялога, сцэнкі ці амаль верша ў прозе. Лірычныя мікраформы прыдатныя не толькі для імгненнай фіксацыі думкі, настрою, але і для філасофскага роздуму», — пісала Нікіфарава.

На думку ж даследчыцы Ганны Кісліцынай, папярэднікам Брыля быў Кузьма Чорны з яго глыбокім псіхалагізмам, цэласным паказам герояў і іх думак, сапраўды раманным, глабальным мысленнем. Але Брыль пайшоў далей найперш ва ўменні змясціць гэты чорнаўскі «цэлы свет» чалавека ў адну асобу і, галоўнае, паказаць яго.

Янка Брыль. Фота: Mkov, commons.wikimedia.org
Янка Брыль. Фота: Mkov, commons.wikimedia.org

У гэтых творах Брыля можна знайсці вельмі тонкае апісанне прыроды — нехарактэрнае для жанра, але вельмі захапляльнае, у якім ёсць нават свой сюжэт.

Haд Hёмaнaм — тpы вeкaвыя дyбы. Пaд пepшым я ляжy, гляджy нa дpyгi i нa тpэцi. Cтaiць ix тyт, мaгyтныx ды пpыгoжыx, бoльш, aднaк мнe xaпae i тpox. Haвaт i двyx — тaгo, пaд якiм я пpылёг y цянькy, дapaгiм пacля пыльнaй, cпякoтнaй дapoгi, i блiжэйшaгa, нa якi я гляджy знaчнa бoльш. Ha бycлянкy. Ёcць янa i нa тpэцiм, дaлeйшым дyбe, нaвaт i бyceл тaм cтaiць, нepyxoмы, як пoмнiчaк, aлe нa гэтyю, блiжэйшyю бycлянкy, xoць і, cxaвaнyю ў гycтoй цёмнa-зялёнaй кpoнe, глядзiццa, лeжaчы, пpocтa чaмycьцi лeпш — нiбы чaкaючы чaгocьцi бoльшaгa, чaгocьцi нeзвычaйнaгa.

Kaнчaeццa лiпeнь. Бycляняты гэтaй пapoй aмaль зyciм yжo дapocлыя, тoлькi зблiзкy aдpoзнiш ix aд бaцькoў.

Ha дyбe мaiм, зacлoнeныя лicтoтaй, дapocлыя бycлы цi бycляняты cтaялi нябaчныя, мoўчкi, — я тoлькi здaгaдвaўcя, штo яны тaм ёcць.

Пoтым здaгaдкa cпpaўдзiлacя. Heчaкaным, вeлiкaкpылым шах-мах. Бycлы ўзнялicя з-зa лicцянoй мacкipoўкi i вocь — з’явiлicя нa блaкiцe. Блiзкa, лeдзь нe pyкaмi ix дacтaць. Дaўнo пpывычны i тaкi зaўcёды нoвы цyд.

Фрагмент твора «Трохі пра вечнае»

Хапае ў творах і гумару. Даследчык Анатоль Сідарэвіч так пераказваў сюжэт адной гумарыстычнай мініяцюры Брыля: «Напрыклад, жанчыны пераходзяць уброд Нёман, паднялі свае спадніцы, дарослыя мужыкі ляжаць на беразе і глядзяць. А адна падняла спадніцу вышэй ды пытаецца: „Хараша?“ Паварочваецца задам, пляскае і кажа: „Дык на і барыша!“ Ну як тут не зарагатаць? Падгледжанае — выдатна. Каб пісаць у такім жанры, трэба пісаць неадкладна, пад першым уражаннем, бо калі ты не запісаў пад першым уражаннем, па сьвежых слядах, што называецца, то потым пачынаецца нейкая выдумлянка».

5. Стаў галоўным доўгажыхаром сярод класікаў — і змог застацца самім сабой

«На долю яе прыйшлося чатыры вайны, тры рэвалюцыі, пяць перамен улады, семдзесят шэсць год прасніцы, сярпа і цэпа, трохі песняў ды смеху, куды больш думак, чакання і слёз, — пісаў Янка Брыль пра сваю маці ў апавяданні „Ты жывеш“ (1966). — Абедзве дачкі аўдавелі амаль услед за ёю. З пяці сыноў, што выжылі да сталага ўзросту, усе пяць былі, кожны ў свой час, салдатамі, чатыры ваявалі ў трох войнах, двух былі ў варожым палоне, двух праз памылку — сядзелі ў роднай турме, трэці, за праўду, у панскай, аднаго, найстарэйшага, з’еў трыццаць сёмы год…» Як адзначала Вольга Нікіфарава, пісьменнік бачыў у гісторыі сваёй сям'і тыповыя прыкметы лёсу беларусаў у ХХ стагоддзі, герой яго твораў — заўсёды равеснік аўтара, «герой часу».

Мітынг-рэквіем «Дзяды». Выступае Янка Брыль. Справа ад яго Зянон Пазняк. 29 кастрычніка 1989 года. Фота: Уладзімір Сапагоў, TUT.BY
Мітынг-рэквіем «Дзяды». Выступае Янка Брыль. Справа ад яго Зянон Пазняк. 29 кастрычніка 1989 года. Фота: Уладзімір Сапагоў, TUT.BY

Ды і самому Брылю давялося перажыць багата чаго. З класікаў беларускай літаратуры ён пражыў найбольш — усяго некалькі тыдняў не дажыў да свайго 89-годдзя. Зусім крыху адстаў ад яго Янка Маўр (у яго таксама поўныя 88). Зрэшты, рэкардсменам нібыта можна лічыць Кандрата Крапіву — той пражыў ажно 94. Але ён хоць і аўтар класічнага твора (п'есы «Хто смяецца апошнім»), аднак сам не класік — ды і, акрамя таго, назаўжды знішчыў сваю рэпутацыю даносамі на калег.

За гэтыя амаль 89 гадоў у біяграфіі Брыля было багата падзеяў.

Жыццё без бацькі ў вялікай сям'і ў цяперашнім Карэліцкім раёне. «Бацьку я амаль не памятаю: ён памёр, калі мне было шэсць гадоў. Гадаваўся я пры маме — меншанькі, па ліку дзясяты ў сям'і, можна сказаць, любімчык», — згадваў сам пісьменнік.

Вучоба ў польскай сямігадовай школе. Паступленне ў Навагрудскую гімназію, якую хутка давялося кінуць з-за недахопу грошай у сям'і. Больш Брыль нідзе не вучыўся, калі не лічыць пасляваенныя курсы марксізму-­ленінізму, якія ў абавязковым парадку праходзілі ўсе пісьменнікі. Даводзілася займацца самаадукацыяй.

Знаёмства яшчэ ў школе з будучай жонкай — разам яны партызанілі, зарэгістравалі адносіны ў 1945-м і былі ў шлюбе ажно 63 гады (цікава, што старэйшы брат пісьменніка ўзяў шлюб са старэйшай сястрой яго жонкі). А пасля вайны — няпростае жыццё ў савецкіх умовах.

Пры гэтым, у адрозненне ад таго ж Максіма Танка (той таксама паходзіў з Заходняй Беларусі), Брыль не меў непасрэднага дачынення да камуністычнага падполля ў міжваеннай Польшчы. Успамінаючы сваю першую паездку ў 1938-м у Беласток па кнігі, Брыль прызнаваўся: «Можна сказаць, што для сённяшняй літаратурнай біяграфіі мне трэба было б несці падпольную літаратуру, а я нёс Чэхава, Талстога, Ралана, Рэмарка… І нёс нібы толькі для сябе, вучыць толькі сябе самога». Брыль скептычна ставіўся да савецкай улады і не ўступіў у камуністычную партыю. «Няўжо гэта такая вялікая, недазволеная раскоша — самому думаць, што правільна, а што не, самому вырашаць, звяраючы правільнасць сваіх рашэнняў з самым найвышэйшым, цераз галовы інструктараў і сакратароў?..» — разважаў ён.

Янка Брыль. Фота: Анатоль Кляшчук, архіў «Нашай Нівы»
Янка Брыль. Фота: Анатоль Кляшчук, архіў «Нашай Нівы»

З-за гэтага Брыль не быў вялікім начальнікам, не займаў пасадаў. Шматгадовы кіраўнік БССР Пётр Машэраў прызнаваўся дома сямейнікам, што гэты творца «не прымае нашую сістэму». Пры гэтым ён быў не супраць, каб таму далі званне народнага — Янка атрымаў яго ўжо пасля гібелі гэтага чыноўніка.

Нягледзячы на гэтае званне, ён не ішоў на здзелку з сумленнем і, не сыходзячы ў адкрытую апазіцыю да камуністаў, заставаўся самім сабой. У савецкія часы Брыль падпісваў ліст у абарону Васіля Быкава, якога цкавалі ўлады (былі тыя класікі, хто адмовіўся падтрымаць калегу). У часы незалежнасці выступаў за бел-чырвона-белы сцяг, супраць русіфікацыі. Сваім выступам адкрываў у 1996-м Першы нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў, які імкнуўся супрацьстаяць усталяванню дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі.

Брыль нават паспеў разабраць перад смерцю ўвесь свой архіў (каб не даваць лішнюю працу дзецям). У сваім запавеце папрасіў не друкаваць у сваім будучым зборы твораў (як народны пісьменнік, ён, безумоўна, мог на гэта разлічваць) 22 раннія апавяданні, а таксама замалёўкі, фельетоны і вершы ваенных часоў, шэраг нарысаў. Рэдкі выпадак сярод літаратараў, многія з якіх лічылі каштоўнасцю кожны свой радок. А яшчэ пісьменнік валодаў іроніяй, якая дазволіла яму не забранзавець на п’едэстале.

«Калі б беларусу загадалі быць беларусам, які б гэта быў выдатны беларус!» — казаў ён, патлумачыўшы адной фразай як увесь айчынны менталітэт, так і дзяржаўную палітыку апошніх ста гадоў.