Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Падаткі на карысць Люстэрка
  1. Золотова отказывала Захарову, а Зиссер — директору МТС. Бывшие журналисты и редакторы — о силе TUT.BY
  2. В Украине отложили выборы из-за войны — теперь пропаганда РФ пытается подорвать легитимность Зеленского. Эксперты рассказали, как именно
  3. «Опечатано. КГБ». В Витебске сотрудники КГБ со спасателями пришли в квартиру журналиста-фрилансера, который уехал из страны
  4. ПМЖ за 3 года, а не за 5, усиление санкций и очереди на границе. Интервью «Зеркала» с главой Европарламента Робертой Метсолой
  5. Нацбанк озадачен, что может не удержать рубль, и предупреждал, что, возможно, запустит печатный станок. Что это такое и чем грозит
  6. Находящаяся в розыске в Беларуси Анжелика Агурбаш объявила о новом этапе творчества и возмутила российских пропагандистов
  7. На рынке труда — новый антирекорд. Дефицит кадров нарастает такими темпами, что о проблеме говорит даже Лукашенко
  8. «Список из 200 человек». Силовики приходят в квартиры уехавших из страны беларусов — что они говорят
  9. С июля вам могут перестать выдавать пенсию и пособия на детей, если не совершите одно действие
  10. У Лукашенко новый слоган, который он постоянно повторяет. Вот как пропаганда раскручивает его слова и что было раньше в репертуаре
  11. Посольство Беларуси в Эстонии приостановило работу консульской службы
  12. Одна из крупнейших сетей дискаунтеров бытовой химии и косметики в Беларуси ликвидирует свои юрлица
  13. «Его охраной занимаются все силовые подразделения Беларуси». Поговорили с офицером, который обеспечивал безопасность Лукашенко
  14. Власть изымает недвижимость беларусов, но те, кто поучаствует в процессе, сами могут остаться без жилья. Вспоминаем опыт соседних стран
Читать по-русски


Ён вядомы трэнер па каратэ з 23-гадовым стажам, заснавальнік фізкультурна-спартыўнага клуба «Волат», які пасля дзесяці гадоў працы ўлады закрылі ў пачатку 2022 года. Але ў Польшчы, куды Віталь Рак пераехаў з некаторымі выхаванцамі, клуб адрадзіўся. 4 верасня ў Варшаве адкрыўся Volat 2.0. Мы пагаварылі з Віталём пра каштоўнасці, якія прышчапляюцца ў «Волаце», характар беларусаў, свабоду і дух пераможцаў.

Виталий Рак. Фото: личный архив героя
Віталь Рак. Фота: асабісты архіў героя

Варшава, «Волат», азоўцы

— Што ўяўляе сабой «Волат» у Польшчы?

— Мы арандавалі будынак у Варшаве ў раёне Макотаў. Зрабілі дзве залы. У рамонце многія ўдзельнічалі добраахвотна, што лішні раз сведчыць пра беларускую салідарнасць. Будзе яшчэ пакой, дзе пад наглядам педагога бацькі змогуць пакінуць дзяцей на час сваіх трэніровак. Хутка адкрыем і кавярню пры клубе. Нам важна, каб была сацыялізацыя. Не проста патрэніраваліся і разышліся, але і размаўлялі, больш даведваліся адно пра аднаго. Таксама арганізуем розныя гульні, актыўнасці, звязаныя з гісторыяй Беларусі, асобасным ростам, развіццём інтэлекту. Збіраемся ахапіць у Варшаве максімальную колькасць людзей, якія пройдуць нашую падрыхтоўку. Найперш — беларусаў. Усё ж многія суайчыннікі вымушана апынуліся ў Польшчы. Але ў нас трэніруюцца і ўкраінцы, і палякі. Пакуль у «Волаце» некалькі дзясяткаў чалавек. Аднак гэта толькі пачатак — рэклама ідзе па ўсіх напрамках, кожны дзень хтосьці запісваецца. Так што ў планах адкрыццё і іншых залаў.

— Пра якія віды спорту гаворка?

— У асноўным прапануем аднаборствы: каратэ, класічны і тайскі бокс, джыу-джытсу, ММА. Плюс функцыянальны трэнінг, карэкцыйная гімнастыка. Мы падбяром актыўнасць у залежнасці ад мэтаў чалавека: выступаць сярод прафесіяналаў, аматараў ці проста палепшыць здароўе.

— У чым асаблівасць вашай падрыхтоўкі?

— Для нас у «Волаце» важнае гарманічнае развіццё асобы. Гэта чатыры складнікі. Першы — цела чалавека, функцыянальныя магчымасці, якія даюць фізкультура і спорт. Другі — інтэлект. Трэці — камунікацыя, сацыялізацыя. То-бок адносіны з сям’ёй, сябрамі, калегамі. Сюды залічваю і ўсведамленне прыналежнасці да беларускага народа. Чацвёрты — матывацыя. Калі выпадзе хаця б адзін кампанент, як кола ў машыны, то рух спыніцца. Чалавек не зможа цалкам раскрыць свой патэнцыял.

— Прапаганда скажа, што вы рыхтуеце «экстрэмістаў» ці «баевікоў» для паходу на Мінск.

— «Волат» перад закрыццём у Беларусі прамым тэкстам абвінавачвалі ў падрыхтоўцы азоўцаў. Так, сярод тых, хто раней займаўся ў клубе, былі і ёсць людзі, што ваююць на баку Украіны. У прыватнасці, у палку Каліноўскага. Але гэта іх свядомы выбар. Прыхільнікі Лукашэнкі прывыклі, што кіраўнік увесь час аддае каманды, прымае рашэнні. Сказалі з’явіцца на велапрабег ці хакей — усе кучай запісаліся. А тут людзі палічылі галавой і сэрцам, што так правільна — абараняць блізкі нам народ ад акупантаў. Паўтаруся: мы развіваем чалавека як асобу, а не толькі яго цела.

Мова, беларусы, справядлівасць

— Цытата з клубнага «Інстаграма» за 2 жніўня гэтага года: «На працягу ўсёй сваёй дзейнасці „Волат“ супрацьстаяў генацыду беларускай нацыі». Якім чынам?

— Праз мову, культуру. Усе мерапрыемствы мы праводзілі на беларускай. Памятаю, што ледзь не першымі ў краіне адпраўлялі заяўкі на спаборніцтвы ад клуба на беларускай мове. Паперы высылалі назад — маўляў, перакладайце на рускую. Гэта і быў той самы элемент генацыду. Але мы настаялі, каб выкарыстоўвалася беларуская — адна з дзвюх дзяржаўных моваў.

Што сёння спрабуе зрабіць рэжым Лукашэнкі? Сцерці мяжу паміж намі і расіянамі. Скарачаецца колькасць беларускамоўных школ, знішчаюцца помнікі, забараняецца сімволіка. У Мінску ў «Волаце», напрыклад, арганізоўвалі гістарычныя заняткі, запрашалі выкладчыкаў. Нельга забываць, што мы былі моцнай нацыяй, якая магла пастаяць за сябе. Ваявалі пастаянна, абаранялі сваю зямлю. Але гэта афіцыйная прапаганда любіць замоўчваць, абмяжоўваючы гісторыю Беларусі з’яўленнем БССР і подзвігамі партызан у Другой сусветнай вайне.

Такая місія «Волата» і ў Польшчы — захаваць беларусаў беларусамі. Важна, каб людзі хацелі вярнуцца дадому ў будучыні. Вядома, трэба быць удзячнымі за гасціннасць палякам. І супрацоўнічаць з імі, украінцамі, краінамі Балтыі — бо нас усіх атачае вялікі неадэкватны сусед. Але беларусы мусяць не растварыцца ў Еўропе, а зберагчы нацыянальную ідэнтычнасць.

— Што нас адрознівае ад астатніх?

— Беларусы наогул крутыя! Прычым у розных сферах. Справядлівыя людзі, эмпатычныя. Нам не ўсё роўна! Чаму былі масавыя пратэсты ў 2020-м? Не толькі праз тое, што Лукашэнка чаргов раз фальсіфікаваў выбары, хоць і гэта мела месца, але ў першую чаргу [людзі хацелі] выказацца супраць гвалту, катаванняў, зверстваў сілавікоў. Не лічу, дарэчы, што ў 2020-м прыхільнікі пераменаў прайгралі. Не! Выйшлі і супраціўляліся як маглі. Прайгралі б, калі б народу плюнулі ў твар, а ўсе засталіся дома, выцерліся і пайшлі на наступны дзень на працу, нібы так і трэба. Беларусы ж паказалі, што свабода, справядлівасць, чалавечае жыццё — не пусты гук для нас.

Амбіцыі, «троечка», памяць

— Чаго не хапае нашым спартоўцам?

— Веры ў свае сілы, агрэсіі і амбіцый. Калі не ставіць высокія мэты, то і не дасягнеш іх. Беларускія атлеты нічым не горшыя за прадстаўнікоў любой нацыі! Мы можам перамагаць у кожным відзе спорту. Але трэба менавіта выходзіць на спаборніцтвы з задачай выйграваць, а не проста ўдзельнічаць. Я здзіўляюся, калі чалавек радуецца пятаму месцу на чэмпіянаце свету, напрыклад. Так, могуць быць расчаравальныя старты, праверка сіл, розныя фактары. Але ў цэлым… Для выхаванцаў «Волата» існуюць толькі залатыя медалі. Можна быць часткова задаволеным другой або трэцяй пазіцыяй. Аднак нікому не прыйдзе ў галаву ў нашым клубе віншаваць з пятым месцам.

— Вось і малады форвард клуба «Крылы Саветаў» Ягор Карпіцкі, які лічыцца вельмі перспектыўным футбалістам, нядаўна сказаў, што ў нас няма пераможнага менталітэту.

— Усё зводзіцца да выхавання. У адукацыі сёння амаль не засталося моцных асобаў — яны падвергліся рэпрэсіям. Працуюць толькі прыстасаванцы. Тое самае і ў спорце. Як трэнер па каратэ, я выдатна знаёмы з поглядамі калегаў. Памятаю, ездзілі на міжнародныя спаборніцтвы, і некаторыя трэнеры хваляваліся больш, чым іх вучні. Казалі спартоўцам: «Ну, нам бы за троечку зачапіцца». Я размаўляў па-беларуску, а яны ставілі ў аўтобусе дагестанскую музыку, калі дабіраліся з гатэля ў залу. Сур’ёзна! Не нешта нацыянальнае — нібыта мы зборная Дагестана. І вось як пасля гэтага перамагаць? Украіны прыязджаюць, абдымуцца: «Слава Украіне! Героям слава!» Спартоўцы адчуваюць прыналежнасць да нацыі. А нашыя ў 2021 годзе пабаяліся проста крыкнуць «Беларусь!» за мяжой, калі былі на моладзевым чэмпіянаце Еўропы ў Фінляндыі.

— У «Волата» наогул вельмі жыццесцвярджальныя сацсеткі, што напэўна адпавядае вашым перакананням. Як захаваць сябе, калі вакол беларусаў столькі негатыву?

— Часам кажу на трэніроўках, што можна ўпасці целам, але не маральна. Я б не займаўся ўсім гэтым, калі б не верыў у перамогу народа і захаванне беларускай нацыі. Мы будзем жыць!

Не буду даваць універсальных парадаў. Скажу толькі, што мяне матывуе. Па-першае, памяць, як нашыя продкі змагаліся за свабоду, за права быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Падумайце, колькі людзей удзельнічала ў гэтым! Па-другое, не магу даваць слабіну, чытаючы, праз што праходзяць палітвязні ў Беларусі. Іх сітуацыя значна цяжэйшая, чым у мяне. Таму нельга здавацца. Перамога — гэта абавязак!