Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. Косинец и Лукашенко поспорили о зарплатах ученых. Один предложил поднять их до уровня шахтерских, другой спросил: «А за что?»
  2. «Беларусбанк» поднял ставки по кредитам на недвижимость. Под какой процент теперь можно взять заем
  3. Министр культуры призвал тех, кто вошел «не в ту дверь», «действием доказать» свою лояльность — «просто сказать — это мало»
  4. Факт, который скрыла пресс-служба: «Бюро» узнало, что Лукашенко стал прадедом
  5. До 80 тысяч человек за два месяца. Эксперты говорят о больших потерях в российской армии в обмен на незначительные успехи на поле боя
  6. Президент Южной Кореи решил отменить военное положение
  7. «Есть надежда на „черного лебедя“». Экс-сотрудник Администрации Лукашенко об избирательных кампаниях разных лет и выборах-2025
  8. Власти скрывали данные о рождаемости с 2020 года. «Зеркало» получило непубличные цифры (ситуация пугающая)
  9. Депутат Палаты представителей досрочно прекратил полномочия. Фамилия мужчины сейчас на слуху — и не из-за его песен
  10. В Минске огласили приговор руководителям минского стартап-хаба Imaguru — более 27 лет колонии и 580 тысяч рублей штрафа на троих
  11. Минздрав установил нормы продолжительности платного приема у врачей. Когда нужно уложиться в 15 минут, а когда — в час?
  12. Минздрав установил максимальные тарифы на платные медуслуги по приемам врачей-специалистов — список
  13. «Государство меня оценило». Проверили, чем владеет подозреваемый в причастности к убийствам оппозиционеров Павличенко, — и позвонили ему


16 верасня беларуская журналістка і тэлевядоўца Аліна Коўшык стала прадстаўніцай Аб’яднага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні. Але чым менавіта яна займаецца на гэтай пасаде? Як такі чалавек можа цяпер дапамагчы беларусам унутры краіны? І што чакае Кабінет наперадзе? «Люстэрка» пагутарыла пра гэта з самой Алінай Коўшык у вялікім інтэрв'ю.

Аліна Коўшык падчас канферэнцыі Аб'яднанага пераходнага кабінета 2 снежня 2022 года. Фота: Яўген Малашкевіч, «Зеркала»
Аліна Коўшык падчас канферэнцыі Аб’яднанага пераходнага кабінета 2 снежня 2022 года. Фота: Яўген Малашкевіч, «Люстэрка»

— Пра вас амаль няма інфармацыі ў адкрытых крыніцах. Можаце крыху расказаць пра сябе?

— Я насамрэч вельмі дбаю пра сваю прыватнасць. І калі была журналісткай, а цяпер — хіба што больш. Таму пра мяне сапраўды інфармацыі не так шмат. Я раблю публічным тое, што звязана з маёй працай, — і гэта, мне падаецца, важна, каб пра мяне ведалі.

Я нарадзілася ў Гродне, але мой тата — вайсковец, таму з дзяцінства я вельмі шмат падарожнічала, мы жылі ў розных краінах. Мы пераехалі ў Брэст, потым у Германію, там змянілі два гарады. Потым я жыла ў Кыргызстане. Ужо ў пятым класе я вярнулася ў Беларусь. У мяне было інтэнсіўнае і цікавае дзяцінства, якое дазволіла паглядзець, як жывуць людзі ў іншых краінах. Калі мы жылі ў Германіі, мая мама сябравала з украінкай. Я пытала, чаму яна размаўляе па-ўкраінску, немцы — па-нямецку, мы, беларусы, — па-руску. У маёй галаве ўзнікла нейкая несастыковачка. І таму, калі мы прыязджалі ўлетку дадому на адпачынак, я прасіла маці купляць мне беларускія кнігі, чытаць казкі і спяваць калыханкі па-беларуску.

Потым, ужо ў Беларусі, калі я жыла ў Гродне, то вучылася ў школе-гімназіі. Там сфармавалася мая нацыянальная, свядомая частка. Мне пашчасціла вучыцца ў школе, дзе былі беларуская гісторыя і літаратура. У нас была цудоўная, зусім іншая атмасфера. У той час мы пачалі хадзіць на дэманстрацыі. Свядомыя беларусы тады былі ў меншасці. Але я разумела, што знаходжуся сярод асобаў, якія думаюць і адчуваюць як я. У той час мама ўгаворвала мяне пайсці на юрфак, потым — у медуніверсітэт. А я пайшла на гістфак з вывучэннем англійскай мовы. Мяне заўсёды хвалявала тэма беларускай свядомасці, я хацела ісці ў аспірантуру, але разумела, што там мне не дадуць абараніць такую працу. І таму пачала шукаць, што можна з сабой зрабіць. Паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт, потым — у польскую Акадэмію навук. Калі я была студэнткай, пабачыла абвесткі, што на «Белсаце» адбываецца кастынг на новае тэлебачанне. Я паспрабавала, прайшла яго. Вось так з першых дзён існавання канала я працавала там.

— Як вы прынялі рашэнне пайсці ў палітыку?

—  Я чалавек, які любіць складаныя задачы. Таму я ўспрыняла гэта як выклік. Плюс я выдатна разумею, насколькі гэта, з аднаго боку, важная тэма, а з іншага — быццам і непатрэбная ці нясвоечасовая (смяецца). Нават на прэс-канферэнцыі Кабінета ніхто з журналістаў не задаў мне пытання. Аднак я перакананая, што ў нашай ідэнтычнасці і культуры цяпер ёсць вельмі важная сіла. Мы павінныя яе ўзняць, і яна можа дапамагчы нам знайсці моц для змагання.

Вядома, для мяне гэта не было лёгкім рашэннем. Ты сыходзіш з працы, на якой у цябе ёсць статус, дзе ўсё стабільна. Аднак калі аналізуеш палітычныя працэсы, то разумееш, што такая структура, як Кабінет, вельмі патрэбная Беларусі менавіта цяпер.

— Ці не было ў вас прафейсійнага канфлікту? Вы былі журналісткай, а цяпер сталі палітыкам.

— У Беларусі ўсё палітыка. Незалежная журналістыка — таксама палітыка. І ў мяне яшчэ ідзе прафесійная трансфармацыя: мазгамі я яшчэ журналістка. Дагэтуль вельмі люблю размаўляць з людзьмі і задаваць пытанні. Але цяпер і сама шукаю адказы, і самае галоўнае — магчымасці рэалізаваць змены ў нашай краіне.

Я разумею: тое, што адбываецца з Беларуссю цяпер, гістарычна важнае. Гэтыя змены могуць паўплываць на лёс нашай краіны, каб урэшце завершыць справу, якую пачаў яшчэ Кастусь Каліноўскі.

Калі гэтага не адбудзецца, наступнае пакаленне можа нам гэтага не прабачыць. Як гісторык па адукацыі я разумею, што ў нашым рэгіёне ідуць тэктанічныя змены ў бяспецы. Дамовы, падпісаныя пасля Другой сустветнай вайны, перасталі забяпечваць мір. Расія, распачынаючы поўнамаштабную вайну супраць Украіны, насамрэч падпісала сабе прысуд. 

І калі мы, беларусы, збяромся і зробім рашучыя крокі, то будзем жыць у мірнай краіне, якая паважае сваіх грамадзянаў. Калі не — Расія зацягне нас у пастку. І тады я, напрыклад, ніколі не змагу вярнуцца ў Беларусь. Ды і, хутчэй за ўсё, Беларусь проста знікне з мапы свету і стане яшчэ адным рэгіёнам Расіі. Пра гэта пісаў у сваіх «Сабаках Еўропы» Альгерд Бахарэвіч.

— Здаецца, адзінае спадзяванне цяпер — гэта пройгрыш Расіі ў вайне з Украінай. А якія сцэнары перамен у вас яшчэ ёсць?

— У гісторыі ўсё здараецца па-рознаму. Нідзе дыктатуры не заканчваліся аднолькава, і ніхто не ведае, як гэта адбудзецца ў Беларусі. Але тое, што яна слабее, мы бачым. Мы рыхтуемся да розных сцэнароў. Не трэба недаацэньваць ролю сіл, якія цяпер знаходзяцца за мяжой. І гэта нашая задача: распрацоўваць план, быць гатовымі. Але важна і не страчваць кантакту з людзьмі ў краіне. Можна зразумець тых, хто глядзіць на нашыя міжнародныя паездкі і думае, што ўсё гэта ўпустую. Але гэта не так. Дзякуючы гэтым паездкам ствараюцца стыпендыі для беларусаў, праекты па падтрымцы беларускай культуры, дапамога для нашых ваяроў, гуртуюцца палітычныя сілы для зменаў. Гэта ўсё фармуецца ў інтэнсіўнай працоўнай камунікацыі.

— Я мяркую, людзі думаюць, што Кабінет адрываецца ад рэальнасці, бо вы няшмат кажаце, напрыклад, пра цэны і інфляцыю — пра тое, што можа турбаваць беларусаў нашмат больш, чым міжнародным паездкі.

— На эканоміку ніхто не можа паўпляваць, пакуль не вырашыцца палітычнае пытанне. Цяпер мы не можам правесці рэформы, каб змяніць на лепшае жыццё людзей. Але мы пастаянна на сувязі з Беларуссю і разумеем, з якімі праблемамі змагаюцца людзі, каб выжыць. І калі вам важна публічна чуць, што я разумею ваш боль і вашыя праблемы, я буду больш пра гэта гаварыць.

Усе чакаюць, што ў Беларусі ўсё здарыцца само, а мы толькі прыйдзем на гатовае, і ўсё будзе выдатна. Аднак хтосьці мусіць зрабіць перамены, і гэта чорная праца. Таму Аб’яднаны пераходны кабінет атрымлівае столькі хейту. Але і вельмі шмат падтрымкі.

Аліна Коўшык і Павал Латушка падчас канферэнцыі Аб'яднанага пераходнага кабінета 2 снежня 2022 года. Фота: Яўген Малашкевіч, «Зеркала»
Аліна Коўшык і Павел Латушка падчас канферэнцыі Аб’яднанага пераходнага кабінета 2 снежня 2022 года. Фота: Яўген Малашкевіч, «Люстэрка»

— Калі я пачула, што ў Кабінеце будзе пасада прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні, я не зусім зразумела, чым будзе займацца гэты чалавек. Можаце простымі словамі патлумачыць, над чым вы працуеце?

— Над пытаннямі адукацыі, культуры, праблемамі гістарычнай памяці, над дэкамунізацыяй, барацьбой з прапагандай і развіццём беларускай мовы. Напрыклад, я дапамагаю ініцыятывам, аб’ядноўваю беларускіх выдаўцоў і даследчыкаў. Працуем над стварэннем Інстытута беларускай кнігі, каб падтымаць выдаванне кніг беларускіх аўтараў, каб было прасцей высылаць папяровыя выданні і знаходзіць у сеціве электронныя версіі ці аўдыёбукі, каб перакладаць нашую літаратуру на іншыя мовы, каб беларускія стэнды з’яўляліся на буйных кірмашах. Бліжэй да вясны плануем агранізаваць канферэнцыю беларускай дыяспары, каб паразмаўляць, як мы разам можам дапамагчы нашай краіне.

— З вашага прызначэння на пасаду прайшло амаль тры месяцы. Што вы зрабілі за гэты час?

— Я маю вельмі шмат кірункаў працы: для сябе я зрабіла рэвізію таго, што адбываецца на гэтым полі. Я не чалавек са сферы адукацыі ці культуры, я хутчэй стваральнік і менеджар. Таму мне было важна зразумець патрэбы грамадства. Цяпер у мяне ёсць план, чым я буду займацца найбліжэйшым часам. Сферу культуры пасунулі за мяжу. Людзі, якая працуюць у краіне, не могуць рабіць гэта публічна. Мая задача — дапамагаць ім таксама.

— Кабінет часцей пачалі крытыкаваць менавіта за тое, што ён знаходзіцца за мяжой і быццам бы робіць усё толькі для дыяспары. Вы ж самі падкрэсліваеце, што вашая праца скіраваная менавіта на дапамогу тым, хто з’ехаў. А што наконт людзей у краіне?

— Мы стараемся працаваць бяспечнымі спосабамі, падтрымліваць настаўнікаў, ствараць праекты, які можна было б рэалізаваць у Беларусі, не ставячы пад пагрозу людзей. Усё ж можна рабіць пэўныя падзеі, пашыраць уплыў беларускай мовы ў штодзённым ужытку, можна рабіць невялікія супольнасці па вашых інтарэсах. Важна захоўваць магчымасць дзяліцца думкамі і досведам. Святлана Ціханоўская праводзіць сустрэчы ў Zoom, на якія можна запісацца. Я думаю, што ў новым годзе і мы можам практыкаваць падобнае, напрыклад эфіры ў Instagram.

— У Беларусі цяпер ідуць моцныя рэпрэсіі, ва Украіне — вайна. Калі стала вядома, што ў Кабінеце з’явіцца прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, узнікла пытанне, навошта ў такі час нам патрэбная такая пасада. Можаце патлумачыць?

— Думаю, што патрэбная — і даўно. Гэтая пасада — адказ на адзін з самых вялікіх выклікаў для беларусаў: 300-гадовую русіфікацыю. Сёння мы можам ставіць пытанне, ці існуе яшчэ незалежная Рэспубліка Беларусь. Нацыянальная культура і мова — эфектыўны сродак барацьбы з «рускім светам», акурат у час вайны.

— Вы самі сказалі, што на канферэнцыі журналісты не задалі вам ніводнага пытання. Але журналісты арыентуюцца на чытачоў. Атрымліваецца, што для беларусаў, магчыма, усё гэта цяпер не так важна.

— Я не думаю, што беларусам гэта нецікава. Але разумею, як працуюць медыя: калі ў вас ёсць магчымасць задаць два пытанні, вы задасце пра палітыку і войска. Але вельмі важна пісаць пра культуру больш і ўздымаць грамадскія дыскусіі на тэмы, напрыклад, ідэнтычнасці ці дэкамунізацыі.

— Вы ездзілі з Валерыем Кавалеўскім ва Украіну. Што вы там рабілі?

— Ва Украіне мы сустракаліся з парламенцкай групай «За вольную Беларусь», пазнаёміліся з дэпутатамі, якія нас часам крытыкуюць. Гэтыя сустрэчы былі прадуктыўнымі, мы дамовіліся пра супрацу. Я пазнаёмілася з прадстаўнікамі культурніцкіх ініцыятываў, у іх ёсць зацікаўленасць у Беларусі, і ва Украіне яна расце. Мы таксама пабачыліся з прадстаўнікамі палка Каліноўскага, я прывезла ім беларускія кнігі. Вас можа здзівіць, але нашыя хлопцы чытаюць нават на перадавой.

Для нас самае галоўнае — вынікі і практычная супраца. І я думаю, да афіцыйных высокіх кантактаў з Украінай мы прыйдзем, калі для гэтага будзе час.

— Святлане Ціханоўскай і яе паплечнікам аб’ектыўна няма чаго прапанаваць украінскім уладам. Вы дапускаеце, што афіцыйныя сустрэчы на высокім узроўні ўвогуле могуць не адбыцца?

— Я думаю, што не. Гэтаксама як я не дапускаю таго, што Украіна прайграе вайну. Украінцы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь стала дэмакратычнай краінай, нам пра гэта адкрыта кажуць на сустрэчах. Украінцы зацікаўленыя ў бяспечным суседзе. У нас агульная мэта, таму, думаю, у нас усё будзе добра ў адносінах.

— Падчас размовы на You-Tube-канале «Мне тоже не нравится» яшчэ да вашага прызначэння на пасаду вы казалі, што Кабінет стварылі, бо «гэтага чакалі». І таксама адзначалі, што да яго ёсць пытанні. Якія яны былі ў вас у той час?

— Я публічна пісала і казала самім чальцам Кабінета, што не хапае жанчын, што мусіць быць захаваны гендарны баланс. І я бачу, як было б добра і эфектыўна працаваць, калі б ён у нас быў. У пэўным сэнсе мы — супрацьвага мужчынам. Ад Кабінета я чакала большай празрыстасці, цяпер сама на гэта працую.

— Вы таксама казалі, што ў Кабінеце мужчынам «цяжка працаваць з жанчынамі на адным узроўні». Вы гэта цяпер адчуваеце?

— Мужчыны, якія былі выхаваныя з больш кансерватывнымі поглядамі, могуць дазваляць сабе нейкія каментары. Але я не сказала б, што мы працуем з імі не на адным узроўні. Калі, напрыклад, хтосьці звяртаецца да нас «Дзяўчаты!», я раблю заўвагі. Не ўсе добра ведаюць, як паводзіцца з феміністкамі і агулам з жанчынамі ў XXI стагоддзі. Нават калі яго часам заносіць, у мяне ёсць сілы звярнуць на гэта ўвагу і выраўняць баланс. Насамрэч у Кабінеце да ўсіх вельмі паважлівае стаўленне.

Канферэнцыя Аб'яднанага пераходнага кабінета 2 снежня 2022 года. Фота: Яўген Малашкевіч, "Зеркала"
Канферэнцыя Аб’яднанага пераходнага кабінета 2 снежня 2022 года. Фота: Яўген Малашкевіч, «Люстэрка»

— Была інфармацыя, што на вашую пасаду і на пасаду прадстаўніка па эканоміцы і фінансах шукалі менавіта жанчын. Вы ведаеце пра гэта?

— Не магу гэта пацвердзіць, я тады не была часткай працэсаў. Але калі так, гэта цудоўны сігнал, што ў нас пачалі разумець: жанчынаў мусіць быць больш. Аднак я ўсё ж за тое, каб абіраць прадстаўнікоў паводле іх прафесійных здольнасцяў. Еўракамісарка Крысціна Ёханесан расказвала, што, калі яна нарадзіла блізнятаў і ім было два месяцы, ёй патэлефанаваў прэм’ер-міністр і прапанаваў стаць міністаркай. Яна спытала ў яго, як ён гэта сабе ўяўляе. І ён адказаў, што ў выніку будуць створаныя такія магчымасці, каб яна змагла працаваць і выхоўваць дзяцей. Я таксама ўпэўненая, што ў нас мусяць быць умовы, каб даць жанчынам магчымасць праявіць сябе. І я ўпэўненая, што жанчына, якая зайшла высока па кар’ернай лесвіцы, мусіць падаць руку іншым жанчынам.

— Пасля кейса з Таццянай Зарэцкай было шмат крытычных каментароў наконт таго, што Кабінет шукаў жанчын і таму абраў сумнеўнага чалавека…

— Я думаю, што прадстаўніка шукалі найперш па якасцях. І тое, што ты жанчына, было пэўнай перавагай. У Кабінеце проста разумелі, што лепш мець баланс. Я вельмі спадзяюся, што кейс з Зарэцкай не адаб’ецца на дзеяннях Кабінета і не адаб’е ахвоты ў тых, хто хоча працаваць у гэтай структуры. І тут мы сапраўды павінныя падумаць, хто можа быць эфектыўным на гэтым месцы. Рэч у тым, што нашыя эканамісты не стаяць у чарзе на гэтае месца.

— Чаму?

— Таму што гэта рызыкі. Калі ў іх ёсць нармальная праца ў эканамічным інстытуце, яны захапляюцца ёю, то навошта гэта ім… Нашая праца — для вельмі зараджаных людзей. У нас бываюць цёркі, мы гэтага не хаваем, гэта калектыўная структура. Але ёсць дэмакратычныя працэдуры. Я перакананая, што калі хтосьці з нас выйдзе з Кабінета, то сам Кабінет застанецца. Але той, хто прыйдзе на нашае месца, проста працягне гэтую працу.

— Што вы самі думаеце наконт кейса Таццяны Зарэцкай?

— Я была ў кантакце з Таццянай, але не думаю, што варта цяпер да гэтага вяртацца.

— Падавалася, што пасля гэтага скандалу Кабінет пачаў цурацца крытыкі журналістаў…

— Я сама была журналісткай і ведаю, як працуюць медыя. Мне падаецца, што тую хвалю, якая апошнім часам ідзе на Кабінет, некаторыя называюць завышанымі чаканнямі. Праўда, мы працуем на вялікую мэту вызвалення Беларусі і робім дзеля гэтага тое, што ў нашых сілах, і нават больш. Важна падтрымліваць людзей, якія цяпер робяць рэальныя справы.

Мне падаецца, варта трошкі змяніць танальнасць наконт таго, што такое добра, а што такое кепска. Гэта не значыць, што журналісты не павінныя крытыкаваць нас, але давайце нармальна размаўляць.

— Можаце назваць галоўныя памылкі і дасягненні Кабінета?

— Аб'яднаны пераходны кабінет вельмі малады, таму вельмі цяжка падводзіць вынікі. Але цяпер ёсць некалькі вельмі цікавых праектаў, пра якія я пакуль не магу расказаць. Але мы ў хуткім часе вам агучым. Сам факт таго, што Кабінет існуе, што мы падвышаем градус палітычнай барацьбы і ціску на рэжым, кансалідуем сілы і дапамогу… Гэта досыць складана рабіць ва ўмовах, калі Беларусь прызнаная суагрэсарам у вайне. Часта ты грукаешся ў дзверы, якія табе ніхто не хоча адчыняць. Я часам пасміхаюся, калі нас называюць міністрамі. Бо ў нас няма міністэрстваў, за намі не стаіць дзяржаўная машына. Мы прадстаўнікі беларусаў, якія дамагаюцца пераменаў.

Я таксама думаю, што мы мусім часцей сустракацца з людзьмі і з’яўляцца ў публічнай прасторы, адказваць на тую крытыку, якая ёсць. Я зрабіла выснову, што мы павінныя рабіць гэта, каб паказваць людзям, што працуем для іх.

— Вы казалі, што «пытанне мовы і культуры» — гэта тое, што можа даць людзям сілы змагацца далей. Сёння падчас інтэрв'ю вы таксама гэта згадалі. Але людзі не выходзяць на пратэсты нягледзячы на тое, што ў нас ёсць іншыя трыгеры: вялікая колькасць палітзняволеных, вайна, ёсць імавернасць мабілізацыі. Да таго ж беларусы ніколі масава не пратэставалі з прычыны пытанняў мовы і гісторыі. Чаму гэта мусіць адбыцца цяпер?

— Таму што людзі самі пачалі звяртацца да мовы, ім гэта цікава. Я бачу гэта па камунікацыі з людзьмі, з аналізу сацыяльных сетак. Сам Кабінет перайшоў на беларускую мову, хаця і не ўсім яна даецца проста. Прыклады Святланы і Валерыя Сахашчыка — красамоўныя.

Мова, культура — гэта тое, што кансалідуе людзей, прычым на нейкім нябачным, глыбокім узроўні і з пазітыўным зарадам. Гэта поле з агульнымі каштоўнасцямі, дзе лёгка знаходзяць паразуменне паміж сабой. І гэта заўжды крыніца творчага падыходу да выпрабаванняў.

Вядома ж, кансалідаванае грамадства, якое мае агульныя каштоўнасці і паразуменне ў полі культуры, будзе значна больш эфектыўным у барацьбе з пагрозамі, тым больш калі гэта пагрозы тым самым каштоўнасцям, якія падзяляюць усе грамадзяне. Звярніце ўвагу, як трыгерыць людзей, калі кагосьці затрымалі або дыскрымінавалі за беларускую мову ў Беларусі. Або за гістарычныя кнігі.

На прыкладзе Украіны мы ўбачылі, як людзі масава пачалі пераходзіць на ўкраінскую мову, бо бачылі ў гэтым сэнс, імкнуліся так умацаваць сваю еднасць, што безумоўна адбіваецца на штодзённай працы, сваю адметнасць, у якой ім адмаўляе вораг і за якую яны таксама ваююць. Хаця камусьці можа падацца, што пытанне мовы зусім не важнае падчас вайны…

А калі да гэтага дадаць гістарычны фактар, успомніць пра працу папярэдніх пакаленняў, чые мэсіджы «людзьмі звацца» і «не быць скотам» сталі для нас такімі блізкімі, узнікае яшчэ і ўпэўненасць у нашай гістрычнай рацыі — і часовасці, нікчэмнай бязроднасці тых, хто супраць нас ваюе. І гэта дае сілы на барацьбу, бо яна сакралізуецца такім чынам.

Аліна Коўшык падчас прэс-канферэнцыі Аб'яднанага пераходнага кабінета 2 снежня 2022 года. Фота: Яўген Малашкевіч, "Зеркала"
Аліна Коўшык падчас прэс-канферэнцыі Аб’яднанага пераходнага кабінета 2 снежня 2022 года. Фота: Яўген Малашкевіч, «Люстэрка»

— Можаце назваць тры галоўныя рэчы, якія трэба па вашым кірунку перш за ўсё змяніць у Беларусі?

— Я перакананая, што беларуская мова мусіць стаць адзінай дзяржаўнай. Але гэта павінен вызначыць народ, павінная быць вялікая кампанія, прысвечаная гэтаму. Прыклад Украіны выдатна паказвае, наколькі мова звязаная з нашай тоеснасцю, ідэнтычнасцю і барацьбой за свабоду. Ва Украіне я шмат размаўляла пра тое, як у іх адбываўся працэс увядзення ўкраінскай мовы ва ўжытак. І я б вельмі хацела, каб беларусы да гэтага прыйшлі.

Я таксама перакананая, што мы павінныя прывесці злачынцаў да адказнасці, правесці дэкамунізацыю, адкрыць архівы, разлічыцца з камуністычным дыктатарскім мінулым. Гэта важна, каб разумець тое, што з намі здарылася. І каб гісторыя не паўтаралася.

І трэцяе — я б змяніла беларускі каляндар, дадала б туды беларускія святы. Мы таксама над гэтым працуем.

— Вы казалі, што палітыкі мусяць глядзець далей за пяць гадоў, на якія яны выбраныя. У вас таксама такі план?

— Так, палітыкі сапраўды мусяць мысліць на гады і нават на дзесяцігоддзі наперад. Гэта датычыць агульнай стратэгіі развіцця краіны. Я пераканая, што нашыя дзеянні мусяць быць звязаныя з тым, каб мы дзейнічалі ў агульным напрамку дзеля развіцця краіны. Каб яе не кідала туды-сюды, а каб была зразумелая стратэгічная мэта. Таму мы з калегамі па Аб’яднаным пераходным кабінеце распрацоўваем стратэгію зменаў і стратэгію транзітнага перыяду.

— Два гады таму беларусы думалі, што, магчыма, праз пэўны час перамены адбудуцца. Але ўсё зацягваецца, нічога не адбываецца. Персанальна ў вас няма страху, што Кабінет стане чымсьці кшталту ўрада ў выгнанні?

— Не згодная, што не адбываецца. Палітычныя працэсы ідуць вельмі інтэнсіўна. Насамрэч урады ў выгнанні могуць быць дастаткова эфектыўнымі: такія прыклады былі ў міжнароднай гісторыі. Не трэба гэтага баяцца, але, вядома, гэта не наша мэта. Мы хочам вярнуцца ў Беларусь, і цяпер той самы момант, калі мы набліжаемся да перамогі. Хоць працэсы не заўсёды такія хуткія, як нам хацелася б. 2020 год стаў годам нашага абуджэння і свядомага выбару шляху да свабоды. І мы па ім крочым далей. І мы зробім усё, каб змены ў Беларусі адбываліся цывілізавана, але трэба быць падрыхтаваным да розных сцэнароў.

— Дапусцім, праходзіць дзесяць гадоў. Пераменаў няма. Кабінет, на вашую думку, павінен існаваць?

— Я думаю так: калі рэжым застанецца і застанецца пагроза суверэнітэту, а Кабінет пакажа эфектыўнасць у барацьбе, хоць на той момант і на дасягне цалкам сваёй мэты, — то так, адназначна трэба будзе працягваць.

Калі ўзнікнуць іншыя, эфектыўнейшыя, структуры, то Кабінет сам перастане існаваць або перафарматуецца ў нешта іншае. Гісторыя сама расставіць усё на свае месцы. Усё ж для нас Кабінет — не самамэта, а сродак дасягнення мэты. А ўвогуле, я веру, што ўсё вырашыцца значна раней.

— Калі б стаць прадстаўніцай Кабінета вам прапанавалі цяпер, пасля скандалаў з Зарэцкай і ЧКБ, вы б пагадзіліся?

— Так.

— Калі заўтра наступіць Новая Беларусь, вы пойдзеце ў палітыку? І на якую пасаду?

— Я думаю, што перш за ўсё ў Беларусі мусяць прайсці свабодныя выбары. Думаю, што, напэўна, застануся ў сферы нацыянальнага адражэння. Няважна, на якой пасадзе. Важна, каб мая праца мела вынікі.

— Калі ў Беларусі адбудуцца перамены?

— Яны адбудуцца.