Сёлета ўлады прыбралі магчымасць атрымання платнай медыцынскай адукацыі. Чарговыя тлумачэнні слушнасці гэтага рашэння ў эфіры дзяржтэлеканала СТБ агучылі першая намесніца кіраўніка Мінздароўя Алена Богдан і рэктарка Гомельскага медуніверсітэта Ірына Назаранка. Чыноўніца адзначае «мізэрную колькасць тых, хто бярэ сёння свабодныя дыпломы», а кіраўніца рэгіянальнага ВНУ кажа пра «вельмі пісьменнае рашэнне».
«Разумееце, калі б нашыя выпускнікі платнай формы не бралі размеркаванне і не з’язджалі на два гады па размеркаванні… У нас мізэрная колькасць тых, хто бярэ сёння свабодныя дыпломы — гэта першае. Другое — мы павялічылі колькасць месцаў больш чым на 700. Хочаш бюджэт? Калі ласка, ідзі на бюджэт. Хочаш мэтавае скіраванне? Бяры мэтавае скіраванне», — лічыць Богдан.
Паводле яе, на якасць выкладання ніяк не ўплывае тое, платна ці бясплатна вучацца студэнты.
Назаранка лічыць, што магчымыя праблемы сярод тых, хто паступае, — гэта «абсалютны міф». З яе словаў, адмена платнага навучання — «гэта вельмі пісьменнае рашэнне Міністэрства аховы здароўя». Успомніла яна і пра расіян.
Рэктарка мяркуе, што ўсё зроблена для таго, «каб нашыя высокаматываваныя абітурыенты маглі на роўных умовах паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, не баючыся, што платныя месцы пяройдуць для іншых установаў альбо пойдуць платныя месцы для расіян, бо звычайна яны таксама займалі гэтыя месцы».
«А так у нас усё будзе для нашых грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі слушна», — адзначыла яна.
Нагадаем, у сакавіку стала вядома, што з гэтага года ў Беларусі нельга паступіць у медВНУ на платнае дзённае. У Мінадукацыі растлумачылі гэта тым, што колькасць месцаў для абітурыентаў вызначаюць зыходзячы з патрэбы ў кадрах у розных сферах, а таксама нагадалі: навучанне для будучых медыкаў пасля ўніверсітэта не заканчваецца. У Мінздароўя крыху зрушылі акцэнты, падкрэсліўшы, што замест 200 платных месцаў у 2026-м дадалі 760 бюджэтных.
У 2026 годзе ведамства выступае «заказчыкам, зацікаўленым у мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, службоўцаў з вышэйшай адукацыяй па спецыяльнасцях напрамку адукацыі „ахова здароўя“». Мінздароўя хоча прыцягнуць 2096 мэтавікоў. Большасць з іх (1098) — на спецыяльнасць «лекавая справа».




