Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
  1. «Практычна ў прыфрантавой зоне». Чыноўнік патлумачыў, як аўтобус з дзецьмі, што трапіў пад абстрэл, апынуўся пад Бранскам
  2. «Хочется спросить родителей: „Вы правда не видите, что происходит?“» Мнение о трагедии с беларусским автобусом под Брянском
  3. Чыноўнікі ўсклалі адказнасць за трагедыю ў Бранску на перавозчыка. Але, здаецца, такога ІП не існуе — што ўдалося даведацца
  4. Лукашэнка — пра інцыдэнт з беларускім аўтобусам, які трапіў пад удар у Бранскай вобласці: «Нам патрэбная ісціна»
  5. На гэты камп'ютар палявала ЦРУ, а рабілі яго ў Мінску. Расказваем, як Беларусь першы раз была IT-краінай — вы маглі гэтага не ведаць
  6. Кто стоит за вирусными «семейными фото» Николая Лукашенко? Изучили самые необычные фанатские аккаунты сына политика
  7. Даведаліся, хто атрымаў жыллё ў «сакрэтным» доме пад Драздамі. Сярод іх — сілавік, які «вызначыўся» ў 2020 годзе
  8. Асуджаных экс-каліноўцаў Верамейчыка і Ралько паказалі на дзяржТБ. Астатніх заклікаюць здацца добраахвотна
  9. «Інфармацыйная правакацыя Крамля». У Генштабе УСУ пракаментавалі «Люстэрку» ўдар па аўтобусе з беларускімі дзецьмі ў РФ
  10. «Мы перадалі зброю, магутнейшую за ядзерную бомбу». Амерыканская разведка назвала перавагу, якую атрымаў Іран у выніку вайны
  11. «Няма кадраў здалёк». Экс-вайсковец пра тое, чаму афіцыйная інфармацыя пра атаку на аўтобус з беларускімі дзецьмі выклікае сумневы
Читать по-русски


/

Жыццё плітачніка з Пінска Сяргея Маўшука за апошнія шэсць гадоў крута паварочвалася некалькі разоў. Першы — у 2020-м, калі яны з жонкай выйшлі на пратэсты ў родным горадзе і сутыкнуліся з міліцыяй. Другі — калі абое сталі палітвязнямі. І трэці — калі перамовамі па іх вызваленні заняўся дарадца прэзідэнта ЗША Джон Коўл і абаіх цягам года выправадзілі з краіны. Так Сяргей упершыню трапіў у Еўрасаюз, дзе за свае 47 гадоў не быў ні разу. Пра ўражанні ад Літвы, дзе ён цяпер жыве, адносіны з дзецьмі і ўмовы на радзіме экс-палітвязень расказаў «Люстэрку».

Сергей и Елена Мовшук в Вильнюсе. Литва, весна 2026 года. Фото: личный архив
Сяргей і Алена Маўшукі ў Вільнюсе. Літва, вясна 2026 года. Фота: асабісты архіў

Галоўны боль для Сяргея і Алены цяпер — дзеці, якія застаюцца ў Беларусі. Пара спрабуе перавезці дваіх няпоўнагадовых да сябе. Акрамя таго, Сяргей мае вялікую патрэбу ў пратэзаванні зубоў. BYSOL абвясціў збор для сям'і. Дапамагчы ім можна па спасылцы.

Амаль тры месяцы Сяргей жыве ў Вільнюсе. Разам з жонкай яны здымаюць кватэру ў старым зялёным раёне Антакальніс. 49-гадовая Алена трапіла ў літоўскую сталіцу ў адной з першых партый вызваленых пры пасярэдніцтве амерыканскіх дыпламатаў — яшчэ 12 лютага мінулага года. Гэта таксама быў яе першы выезд у Еўрасаюз.

— Лена сустрэла мяне ў шэлтары 19 сакавіка. Я быў разгублены, спалоханы. Мы абняліся, пабылі там трошкі і паехалі дадому. Ці пазнаў я жонку? Безумоўна. Яна за год паправілася, стала такой самай, як і раней была, — нешматслоўна і без лішніх эмоцый апісвае Сяргей.

Ён прызнаецца, што дагэтуль прывыкае да свабоды і новай краіны і лічыць, што поўная адаптацыя зойме каля шасці месяцаў.

«Плакаў, што ніяк не магу ёй дапамагчы«

Сямейную пару Сяргея і Алену Маўшукоў асудзілі за ўдзел у «масавых беспарадках» у Пінску 9−10 жніўня 2020 года. Пара выйшла пратэставаць на плошчу, абое кідалі палкі ў бок АМАПа, за што і атрымалі вялікія тэрміны: Сяргею далі 6,5 года строгага рэжыму, Алене крыху менш — шэсць гадоў.

— Да суда мяне пакінулі пад падпіскай пра нявыезд, а Лену забралі ў СІЗА, — успамінае мужчына. — Было цяжка. Плакаў нават, што ніяк не магу ёй дапамагчы. А мне ж яшчэ трэба было кожны дзень, як дэбілу, тэлефанаваць у 102 і паведамляць: «Я такі і такі, я знаходжуся там і там». І ў дзесяць гадзін быць дома. Мянты з праверкамі прыходзілі кожны дзень. У гадзіну, дзве або ў тры, а то і ў пяць раніцы — калі ўздумаецца. Прыйдуць, у дзверы лупяць, ускаламуцяць дзіця, мяне — усё, ужо ж не сплю. І так вось восем месяцаў правяралі. Калі шчыра, то ратавала толькі дачушка. Калі б не яна, то я не ведаю, што было б.

Сяргей кажа пра іх агульную з Аленай дачку. Іншую няпоўнагадовую дачку, апекуном якой ён быў, на той момант забралі ў прытулак. Саму ж Алену ўжо ў калоніі пазбавілі бацькоўскіх правоў у дачыненні да яе. Апеку над сястрой аформіла старэйшая з пяці дзяцей Алены — Вольга.

Пару судзілі ў адзін дзень — 30 красавіка 2021 года. Алена была ў «клетцы» за кратамі. Сяргей сядзеў «на лавачцы».

— Я б, можа, і не сеў бы, калі б не відэа, якое сілавікі знайшлі ў снежні 2020-га. Там я палку кідаў у бок АМАПа. Як яны яго адшукалі, я не ведаю. Хутчэй за ўсё, кагосьці затрымалі, хто ў той фатальны дзень здымаў, — разважае мужчына. — Ён, відаць, выйшаў у горад, і яго прынялі. Праверылі тэлефон — а там відэа са мной. Мне здаецца, толькі так, па-іншаму ніяк. Злуюся, вядома, на гэтага чалавека, што ён, дурань, відэа не выдаліў. Але што ўжо зробіш.

Пасля абвяшчэння прысуду Алена напісала на паперцы: «Я павешуся». Пазней у інтэрв'ю яна тлумачыла свой эмацыйны парыў тым, што ўжо была ў калоніі і ведала, што гэта такое. «Таму быў у мяне намер — лепш сысці на нябёсы, чым з’ехаць у гэтую калонію», — казала яна. Сяргей кажа, што гэтай паперкі, на шчасце, не бачыў.

Пінчука арыштавалі ў зале суда. Кажа, быў да гэтага гатовы і ўжо сабраў торбу — гарбату, каву, цыгарэты, сала, бо разумеў, што іншага выніку не будзе. Потым было СІЗА № 7 Брэста.

«Быў час, што чысціў зубы гаспадарчым мылам»

Сергей Мовшук после задержания жены. Беларусь, Пинск, октябрь 2020 года. Фото: правозащитный центр «Вясна»
Сяргей Маўшук пасля затрымання жонкі. Беларусь, Пінск, кастрычнік 2020 года. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Пасля ўступлення прысуду ў сілу Алену адправілі ў ПК-24, што ў Рэчыцы Гомельскай вобласці. Туды змяшчаюць тых, у каго ўжо была судзімасць. Яна расказвала «Люстэрку», што ў 2003 годзе ўзяла на сябе віну былога мужа, які пабіў іншую жанчыну. За гэта Алене далі пяць гадоў «хатняй хіміі», але за парушэнне адправілі на 2,5 года ў калонію. На момант суда ў 2021 годзе судзімасць ужо была пагашаная.

Сяргей таксама не быў «першаходам». У 1990-я ён некалькі разоў адседзеў за крадзеж. Нягледзячы на тое што апошняя судзімасць была больш за 20 гадоў таму, гэта ўсё роўна ўлічылі, прызначылі строгі рэжым і адправілі ў папраўчую калонію № 8 у Оршы.

— Там я праседзеў 3,5 года, а потым яшчэ паўтара года ў спецтурме № 1 у Гродне. Навешалі усялякіх парушэнняў мне, так туды і перавялі, — успамінае мужчына. — Што за парушэнні? То не павітаўся, гузік не зашпілены, не паголены, чаравікі не пачышчаныя. Карацей, нічога асаблівага. Калі ёсць 50 парушэнняў, ужо могуць перавесці ў крытую. А маглі і 411-ы завесці, але бяда абмінула.

Сяргей кажа, што ў калоніі ў яго была жоўтая «экстрэмісцкая» бірка. Праз гэта кіраўніцтва ставілася да яго перадузята і ўсяляк абмяжоўвала ў перадачах, званках, пасылках і спатканнях.

— Відаць, да жанчын лаяльней ставяцца, бо Лена і пасылкі атрымлівала, і дзеці да яе прыязджалі. А мяне пазбаўлялі ўсяго, — апісвае мужчына. — Я атрымаў толькі тры пасылкі за 3,5 года. Прычым пазбаўлялі акурат тады, калі падыходзіў час, каб іх адправіць. А ліміт па атаварцы быў дзесьці на 70 рублёў. Быў час, што чысціў зубы гаспадарчым мылам. Бо не было грошай пасты купіць. А даслаць яе не маглі, бо ўсяго пазбаўлялі.

Асобна Сяргей успамінае правакацыі, на якія ішлі супрацоўнікі калоніі. Так, напрыклад, аднойчы яму падкінулі лязо ў тумбачку.

— Выклікалі дзяжурнага памочніка начальніка калоніі з камерай. Прыходзіць ён не адзін, там цэлы кагал, адкрываюць маю тумбачку, робяць ператрус і ў слоічку з-пад крэму знаходзяць лязо. Пытаюць: «Гэта вашае лязо?"Кажу: «Не маё, я не ведаю, першы раз бачу. Навошта мне лязо, калі ў мяне ёсць станок? Навошта мне яго захоўваць?» І вось так я трапіў у ШІЗА. Потым не прадставіўся па поўнай форме — яшчэ 15 сутак. Потым, памятаю, гадзіннік у мяне скралі. Мабыць, думалі: «О, пацан у дзевяностых сядзеў». Думалі, я некага буду шукаць, біць пайду. І, мабыць, яшчэ адну «крыміналку» хацелі навесіць. А я не пайшоў нікога шукаць. Думаў сам сабе: «Ну, скралі гадзіннік, значыць, некаму патрэбнейшы. Бог усё бачыць». За гэты час, мабыць, з дзясятак правакацый было, можа, нават больш. Можа, калі б быў першаходам, я б павёўся.

«Перажываў за яе, як яна будзе ў чужой краіне, прападзе ж адна…»

Елена Мовшук после освобождения. Вильнюс, Литва, 12 февраля 2025 года. Фото: Франак Вячорка
Алена Маўшук пасля вызвалення. Вільнюс, Літва, 12 лютага 2025 года. Фота: Франак Вячорка

Увесь час у зняволенні Сяргей не мог наўпрост камунікаваць з Аленай: лісты не даходзілі, зрэдку нешта маглі перадаць родныя. Пра тое, што жонка выйшла, Сяргей даведаўся, калі з яго перасталі браць грошы на ўтрыманне дзіцяці паводле дэкрэта № 18. У калоніі ён і Алена сталі абавязанымі асобамі — гэта грамадзяне (у асноўным бацькі), якія паводле рашэння суда абавязаныя кампенсаваць дзяржаве выдаткі на іх дзяцей.

— І вось мне прыходзіць папера: «З вас зняты дэкрэт». Я такі: «У сэнсе?» Аж рукі задрыжалі, — апісвае Сяргей. — Потым думаю: «Ага, калі адзін вызваляецца, значыць, дэкрэт здымаецца з дваіх». То-бок Лена вызвалілася. Як? Яшчэ ж сядзець год. А потым ужо бацька кажа, што 13 лютага яе вывезлі ў Літву, маўляў, без права ўезду ў Беларусь. Вось так і даведаўся. Я перажываў за яе, як яна будзе ў чужой краіне, прападзе ж адна…

Сам Сяргей на памілаванне не разлічваў. Асабліва калі яго перавялі ў гродзенскую турму.

— Думаў, дык што тут засталося. Засталося год і пяць месяцаў. Думаў, адсяджу тэрмін, вярнуся дадому і буду жыць як раней, — тлумачыць ён.

Таму калі 18 сакавіка яму сказалі збіраць рэчы, мужчына вельмі здзівіўся.

— Я на працы быў. Мы там рабілі корпусную мэблю: шафы, сталы, ложкі, кухні, — успамінае Сяргей. — І вось прыйшоў цэлы кагал мянтоў. Палкоўнікі прыйшлі, начальнік турмы быў. Мне кажуць: «Збірайся з рэчамі». Я пытаю: «Куды?» — «У ізалятар паедзеш». — «Ды за што? Я ж нічога не зрабіў». — «Збірайся, табе пяць хвілін». Сабраў рэчы з працы, завялі ў камеру, загадалі выкінуць матрац, потым сарвалі жоўтую бірку з целагрэйкі і адвялі ў бокс. Але асабістыя рэчы ўзяць не далі. Пяць папак дакументаў у іх засталося, пашпарт, фатаграфіі — нічога не дазволілі браць. У торбу накідалі толькі тое, што трапілася пад руку, — тапкі, мыла, вяхотку, майткі, пасту і штаны спартыўныя.

Потым Сяргея з іншымі палітвязнямі адвялі ў мікрааўтобус. Ён пытаў у начальніка турмы, куды ўсё ж іх вязуць, але той не адказаў.

— Сказаў: «Пытанняў не задаваць. У выпадку ўцёкаў будзе ўжывацца зброя на паражэнне», — успамінае суразмоўца. — У выніку мы прыехалі ў Калядзічы, СІЗА-1. Там нам далі нейкую тухлую смярдзючую капусту, катлету, два кавалкі хлеба і гарбату. Я нічога не еў, папіў гарбаты і лёг спаць. Раніцай пераапранулі ў цывільнае і прывезлі ў Вільнюс. Вось і ўсё, увесь шлях.

«Прыгразілі, што забяруць дзяцей. Вось з таго моманту кажа: «Люблю Беларусь і Лукашэнку таксама»»

Сергей и Елена Мовшук в Литве. Весна 2026 года. Фото: личный ахив
Сяргей і Алена Маўшукі у Літве. Вясна 2026 года. Фота: асабісты архіў

Галоўнае, пра што цяпер хвалюецца Сяргей, — гэта дзеці. У сям'і іх пяцёра: чацвёра — ад іншых шлюбаў Алены і адно сумеснае. Дзве дзяўчынкі яшчэ напоўнагадовыя — ім 15 і 9. Іх пара і хоча перавезці ў Літву.

— Да іх усіх я стаўлюся як да родных. Будучыні ў іх там, у Беларусі, няма. А пакуль малодшыя тут і мову схопяць, і вучыцца змогуць, і працаваць, — разважае мужчына. — Астатнія дзеці дарослыя — старэйшая 1994 года нараджэння (32 гады ёй). Яна нарадзілася ў траўні, а ў ліпені выбары былі 1994-га. І вось усё яе жыццё фактычна прайшло пры Лукашэнку. І яна цяпер кажа: «Беларусь люблю, Лукашэнку таксама». Потым дачка 2000-га і сын 2001-га, яны таксама дарослыя ўжо. І таксама ехаць нікуды не хочуць. Але гэта іх выбар. Навязваць свой ім не буду. Я вось дагэтуль супраць гэтай хунты. Тое, што выйшаў на плошчу і пацярпела сям’я — пра гэта шкадую. Але ідэалагічна я не змяніўся.

Малодшыя дзеці цяпер пад апекай старэйшай дачкі Алены, Вольгі. І ад яе рашэння залежыць, пераедуць малодшыя ці не. Паводле Сяргея, у гэтай сітуацыі ўсё складана. З маці яны стэлефаноўваюцца праз Viber, але Сяргей кажа, што старэйшая вельмі моцна ўплывае на малодшых у пытанні пераезду.

— Думаю, Воля кажа: «Ды што ты туды паедзеш, тут табе добра». Я спрабую паказаць іншы бок, кажу: «Дачушка, тут можна і на шары пакатацца, і на мора з’ездзіць, і фітнесам пазаймацца, і ў горадзе тут прыгожа ўсё». Відэа кідаю ім розныя, — адзначае мужчына. — Але мы ж не ведаем, што паміж званкамі адбываецца, чым яны жывуць і як камунікуюць. Але Воля не заўсёды такой была.

Экс-палітвязень лічыць, што старэйшая дачка змяніла меркаванне з нейтральнага на падтрымку Лукашэнкі праз сілавікоў, якія яе напалохалі.

— У калоніі ў Оршы ў нас кожныя дзесяць дзён была магчымасць патэлефанаваць. І я тэлефанаваў бацьку, маме і Волі — запісаў яе як дачку, — апісвае Сяргей. — Аднойчы я патэлефанаваў, калі яна была ўся ў істэрыцы і слязах: «Ды што ты нарабіў? Ды вы такія-сякія. Я Беларусь люблю, Лукашэнку таксама». Я спытаў: «Што здарылася?» Яна: «Я табе ўсяго не магу сказаць, бо прыходзілі, прыйшлі, перавярнулі хату, забралі ноўтбук, тэлефон». І сказала яшчэ: «Праз вас не хачу страціць дзяцей». Відаць, прыгразілі, што забяруць дзяцей — так напалохалі яе. Вось з таго моманту яна кажа: «Люблю Беларусь і Лукашэнку таксама».

«Мы так, як тут, дома не харчаваліся. І мяса ямо, і рыбу»

Сергей и Елена Мовшук в Вильнюсе. Литва, весна 2026 года. Фото: личный архив
Сяргей і Алена Маўшукі ў Вільнюсе. Літва, вясна 2026 года. Фота: асабісты архіў

Першыя ўражанні ад літоўскай сталіцы ў Сяргея былі станоўчыя і за час знаходжання не змяніліся. Мужчына ўжо працуе на будоўлі — уладкаваўся плітачнікам даволі хутка.

— Я ж раней у Еўрасаюзе не быў, усё ў Расію ездзіў — Піцер, Масква, Разань. Але Літва мне падабаецца, краіна добрая, моцных мінусаў я пакуль тут не знайшоў. Так, цэны здзіўляюць пасля Беларусі, але плюсаў усё роўна больш, — разважае ён. — Адчуваю сябе тут свабодна, на ўздыме. І настрой ёсць, і музыку слухаю. Лёгка ўстаю, а пятай раніцы, на працу ездзіць хочацца. Вось ужо паўтара месяца не п’ю алкаголю. У Беларусі было як? Я не мог прайсці міма, каб не ўзяць піва ці гарэлкі сабе на вечар. А тут мне не хочацца.

Жонка Сяргея працуе прыбіральшчыцай. Са словаў мужчыны, на два заробкі ўдаецца жыць і не залазіць у даўгі.

— Заробак у параўнанні з Пінскам іншы. Там проста ад безвыходнасці даводзілася працаваць, але гэта не грошы. Тут жа на нашыя нават не самыя высокія заробкі можна жыць. Мы так, як тут, дома не харчаваліся. Тут нашмат лепш ямо: і мяса, і рыбу ямо, — кажа мужчына. — Ведаеце, калі б цяпер далі зялёнае святло: «Едзьце ў Беларусь», я б не паехаў. Па-першае, праз сітуацыю ў краіне. Я зразумеў, што самае каштоўнае ў жыцці — гэта свабода і здароўе. Тут я ведаю, што буду ісці вуліцай і ніхто мяне не выкрадзе, не будзе біць. За гэты час тут я ні разу не ўбачыў паліцэйскіх, якія проста ходзяць па горадзе.

Па-другое, у Беларусі я не зараблю гэтых грошай. Ды і справу сваю там праблематычна адкрыць. У ПК-8 я размаўляў з прадпрымальнікам вышэй за сярэдні, у яго свая будаўнічая фірма была. На яго наехала хунта: «Чуеш, ты за… шмат зарабляць стаў, так? Вазьмі на сябе два калгасы, забітыя, у мінусе». Ён такі: «Ды вы што? Ды нафіг мне патрэбныя гэтыя калгасы». Карацей, ён адмовіўся. Вынік: забралі ўсё і далі 12 гадоў тэрміну. Таму я не веру, што атрымаецца развярнуцца ў Беларусі, — не, не атрымаецца. А тут буду спрабаваць. Вось атрымаю дакументы — і буду займацца. Жонка таксама будзе працу іншую шукаць. У медыцыну каб пайсці, патрэбная мова, але вось на швейную якую вытворчасць можна. Плануем на мора з’ездзіць, жонка ўжо ў Клайпедзе і Нідзе была, а я яшчэ не. Вось як толькі грошай заробім, так і паедзем.

Чытайце таксама