Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

«Сямейная пара беларусаў з Берліна нечакана даведваецца пра запуск у Беларусі спецыяльнай дзяржаўнай Праграмы. На месца людзей, якія выехалі з краіны і не могуць вярнуцца, перасяляюць жыхароў расійскай „глыбінкі“. Не проста перасяляюць, а прысвойваюць ідэнтычнасць з’ехаўшых — надаюць тыя ж імёны і прозвішчы, пашпарты, засяляюць у кватэры былых насельнікаў». Так гучыць анонс рамана Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы», які 28 жніўня выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч». Мы загадзя атрымалі асобнік і, прачытаўшы, паразмаўлялі з аўтарам пра незвычайную ідэю кнігі, крытычныя выказванні адносна пісьменнікаў і некаторых чытачоў, жыццё ў Германіі, а таксама пра будучыню пісьменніка — і ўсёй беларускай літаратуры.

«Чакаў 20 гадоў, каб на Захадзе беларускую літаратуру ўспрынялі не як ілюстрацыю да палітычных навін»

— Наша рэдакцыя размаўляла з вамі ў 2023 годзе. У 2024-м вы атрымалі за раман «Сабакі Эўропы» Лейпцыгскую кніжную прэмію — адну з самых прэстыжных у Германіі — за ўнёсак у еўрапейскае ўзаемаразуменне. Наколькі гэтая ўзнагарода змяніла ваш статус у літаратурным свеце?

— Яна даволі моцна змяніла маё жыццё. Столькі інтэрв'ю і запрашэнняў выступіць на розных сцэнах і ў розных гарадах, як летась, я не меў яшчэ ніколі. Здаралася, што я раніцай выступаў, напрыклад, у Нюрнбергу перад трохтысячнай аўдыторыяй, а ўжо ўвечары таго самага дня ў Штутгарце. Тры-пяць выступаў на тыдзень… Пра «Сабакаў Эўропы» здымалі сюжэты нямецкія і аўстрыйскія тэлеканалы. Кніга вельмі няблага прадаецца, і рэцэнзіі на яе выйшлі ва ўсіх буйных нямецкамоўных медыях.

З аднаго боку, было цяжкавата вытрымліваць такі вар’яцкі графік, і часу на тое, каб пісаць, заставалася не так шмат. З другога — кожны пісьменнік марыць быць прачытаным, і я рады, што мой галоўны раман, «Сабакі Эўропы», чытаецца менавіта як вартая ўвагі літаратура, а не як чарговая скарга на гаротны лёс. Гэта тое, чаго я чакаў дваццаць гадоў, — каб тут, на Захадзе, беларускую літаратуру ўспрынялі як літаратуру, а не як яшчэ адну ілюстрацыю да палітычных навін. А яшчэ дзякуючы прэміі я пазнаёміўся з мноствам цікавых людзей з розных краін — з крытыкамі, журналістамі, арганізатарамі фэстываляў, пісьменнікамі, паэтамі, актывістамі, даследчыкамі. Так што мой свет значна пашырыўся, а «Сабакі» зрабіліся пазнавальнымі.

Альгерд Бахарэвіч у Берліне з польскім выданнем сваёй кнігі "Сабакі Эўропы" ("Psy Europy"), 2026 год. Фота: smakksiazki.pl
Альгерд Бахарэвіч у Берліне з польскім выданнем сваёй кнігі «Сабакі Эўропы» (Psy Europy), 2026 год. Фота: smakksiazki.pl

Сёлета ўсё выглядае значна спакайней, хоць я і цяпер даволі часта выступаю перад нямецкамоўнай публікай. Апошнім часам — з маёй кніжкай «Папяровы голем», якая выйшла ў нямецкім перакладзе мінулай восенню. Такія тут правілы: калі ў цябе выходзіць кніжка, ты мусіш гаварыць пра яе са сцэны і ў інтэрв'ю, ездзіць у турнэ і на кніжныя кірмашы.

— Галоўная гераіня «Падземных пераходаў» — паэтэса Агнія Бортнік, якая з мужам Раманам Некрашэвічам з’ехала з Беларусі, а на іх месца прыехалі перасяленцы з Расіі, атрымаўшы тыя ж імёны. Сапраўдная Агнія жыве ў Берліне і зарабляе на жыццё выступамі, публікацыямі вершаў. У Беларусі за выступы амаль не плацяць, ганарары мізэрныя. У Германіі за кошт гэтага можна жыць? Ці даводзіцца вам займацца чымсьці іншым, апрача літаратуры?

— Як і Агнія, я таксама жыву ў Берліне. І зарабляю выключна літаратурай. Зрэшты, я так жыву ўжо вельмі даўно, я жыў так і ў Беларусі — вяду сціплае жыццё прафесійнага пісьменніка і, па шчырасці, не магу сабе ўявіць нейкіх іншых варыянтаў. Літаратура — гэта адзінае, што мне па-сапраўднаму цікава, гэта тое, чым я дыхаю, тое, што я ўмею і ведаю, тая таемная краіна, дзе жывуць мае амбіцыі, мае страхі, мае мары, мая свабода. Гэта тое, што ад мяне застанецца. Некалі мне дапамагалі выжываць літаратурныя стыпендыі, але апошнія гады я проста жыву за кошт прададзеных кніг, збольшага ў нямецкім перакладзе і па-беларуску, і за ганарары ад выступаў. І лічу гэта цудам і шчасцем — бо жыць за кошт творчасці могуць сабе дазволіць нямногія аўтары. Пагатоў, калі яны жывуць у эміграцыі і працягваюць пісаць на сваёй мове (ды яшчэ і не самай вядомай у свеце). Магу сказаць, што гэта вельмі нестабільнае, але сапраўды вольнае жыццё.

А яшчэ ёсць тэатральныя пастаноўкі, ёсць пераклады на іншыя мовы: не так даўно ў мяне выйшлі кніжкі па-ўкраінску і па-шведску… А ўжо зусім хутка ў вельмі добрым, вядомым на ўсю Еўропу кракаўскім выдавецтве Wydawnictwo Literackie мае «Сабакі Эўропы» выходзяць у польскім перакладзе Яаны Бэрнатовіч. Падзея. Перакладчыкі для мяне наогул — героі. Для пісьменніка ў эміграцыі іхняя роля неацэнная, бо найперш дзякуючы перакладам мы існуем як аўтары ў чужой прасторы. Зрэшты, Германія — краіна, дзе выходзіць неймаверна шмат перакладной літаратуры і дзе жыве мноства пісьменнікаў-эмігрантаў з усяго свету.

— У папярэднія гады вы часта пераязджалі, жывучы ў розных літаратурных рэзідэнцыях у Германіі і Аўстрыі. Цяпер вы ўжо даўно ў Берліне. Чаму?

— Так, першыя гады ў эміграцыі мы з маёй жонкай, пісьменніцай Юляй Цімафеевай, жылі ў Аўстрыі і Швейцарыі, потым быў Гамбург, але ўрэшце мы пасяліліся ў Берліне. Берлін заўсёды быў для мяне асаблівым месцам, гэта адзін з двух маіх любімых гарадоў. Нездарма гэта быў першы заходнееўрапейскі горад у маім жыцці. У Берліне я і дагэтуль бываў вельмі часта. Гэта горад, гісторыю якога я ведаю вельмі добра, горад, пра які я чытаю кнігу за кнігай і які я сам штодня чытаю як кнігу, горад, у якім б’ецца сэрца Еўропы. Горад, які я разумею. У Берліне натуральна быць чужым, тут жывуць людзі 190 нацый, якія гавораць больш чым на 150 мовах. Я даўно марыў жыць у Берліне, але пасяліцца ў ім было няпроста. Не стамляюся дзякаваць Юлі: гэта яна атрымала тут пару гадоў таму пісьменніцкую стыпендыю і мы змаглі сюды перабрацца — а далей трэба было неяк «зачапіцца», і я вельмі рады, што ўдалося знайсці і зняць кватэру (тут гэта суперскладаны эмігранцкі квэст) і ўрэшце сказаць сабе і свету: «Ich bin ein Berliner».

Юлія Цімафеева. Фота: Альгерд Бахарэвіч
Юлія Цімафеева. Фота: Альгерд Бахарэвіч

«Беларусь і так была перанасычаная расейшчынай, расейскай культурай, расейскай папсой»

— У рамане «Сабакі Эўропы» 2019 года вы ўявілі, што ў будучым Беларусь стане часткай расійскага Рэйха, а ад Захаду нас аддзеліць жалезная заслона. У пэўнай ступені ваш страшны прагноз збыўся. У 2026-м у «Падземных пераходах» у Беларусь па дзяржаўнай праграме перасяляюць жыхароў расійскай глыбінкі, якім аддаюць ідэнтычнасць эмігрантаў — іх імёны і прозвішчы, пашпарты і кватэры. Што натхніла вас на стварэнне гэтай яшчэ больш постапакаліптычнай карціны? І што трэба зрабіць, каб падобнага не здарылася насамрэч?

— Я думаю, што апошнім часам мы ўсе жывем у эпоху новых Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і ў эпоху новага Вялікага перасялення народаў. Захад са здзіўленнем нарэшце адкрывае для сябе Украіну і Беларусь, якіх раней для яго не існавала (быў толькі вялікі кантынент пад назвай Расея, які заходнім людзям падаваўся маналітным, аднародным і аднамоўным). Мільёны людзей перасяляюцца ў іншыя краіны, гнаныя вялікай гісторыяй. Вядома, я чытаю навіны з Беларусі, чытаю і слухаю, што расказваюць беларусы, якія застаюцца ў краіне. І я ўважліва чытаю, што пішуць расейцы, якія масава пераязджаюць у Беларусь. Чытаю пра іх уражанні, праблемы, мары, іх мэты і матывы… І мне здаецца, што ў іх адсутнічае разуменне аднаго важнага факта. Масавае перасяленне ў краіну, з якой адбыўся неймаверны адток насельніцтва з палітычных прычын, так ці інакш выглядае злавеснай заменай «беглых» на «нармальных» — бо, як ні круці, людзі з Расеі апынаюцца на месцы тых сотняў тысяч беларусаў, якія вымушаныя былі з’ехаць.

«Вымушаныя» — гэта важнае слова ў кантэксце нашай тэмы. Большасць беларусаў у эміграцыі з’ехалі з Беларусі не па сваёй волі. Ці разумеюць перасяленцы з Расеі, куды яны пераязджаюць? Кожная іміграцыя ў кожным разе змяняе краіну, куды перасяляюцца людзі, — а Беларусь і так была перанасычаная расейшчынай, расейскай культурай, расейскай папсой, і, на жаль, Расея для многіх беларусаў была і ёсць адзіным акном у свет, як і расейская мова. Некалі я марыў, каб мая Беларусь была прытулкам для ўцекачоў з усяго свету. Адбылося нешта зусім іншае: Беларусь робіцца такой сабе таннай даступнай Еўропай для расейцаў, лецішчам імперыі: хорошо в деревне летом…

Раман Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы». Фота: knihauka.com
Раман Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы». Фота: knihauka.com

У беларусаў і расейцаў блізкі культурны код, не аднолькавы, але, на жаль, падобны, бо імперыя добра тут папрацавала — і гэта ператварае сацыяльную, міграцыйную праблему ў праблему гістарычнага, цывілізацыйнага маштабу. Але большасць з тых, хто едзе ў Беларусь з Расеі, не тое што пра рэпрэсіі і русіфікацыю нічога не чулі — гэта людзі, якія смяюцца са слова «малако». Уяўляеце, што мае быць у галаве ў чалавека, які смяецца са слова «малако»? А на пытанне «Што з гэтым усім рабіць?» у мяне стары адказ: гаварыць па-беларуску, пісаць па-беларуску, чытаць па-беларуску, акцэнтаваць сваю іншасць. Мы ж не проста так паўтараем дзесяцігоддзямі гэтае замучанае, святое слова «мова». Не з рытуальнымі мэтамі мы пра яе гаворым… А з прагматычнымі. Мова на самой справе самы магутны сродак супрацьстаяння асіміляцыі.

— У «Падземных пераходах» вы малююце ўсіх усходніх суседзяў густой чорнай фарбай. Руская Агнія піша з жахлівымі граматычнымі памылкамі. Рускі Раман, мяркуючы па ўсім, не грэбуе забойствам, яго брат — удзельнік вайны ва Украіне. Як вы бачыце далейшае суіснаванне з такімі людзьмі, з расіянамі і Расіяй, у будучыні, у мірныя часы? Мяжа з РФ нікуды ж не знікне.

— Фарбаў у мяне вельмі шмат, усе яны розныя і я гуляю з іх адценнямі. Фальшывы Раман (рускі перасяленец, які атрымаў імя беларуса. — Заўв. рэд.) шчыра хоча зразумець горад і краіну, куды ён прыехаў. Нават мову нашу вучыць пачынае… Ён прагне дапамагчы беларусам. Дый фальшывая Агнія — зусім не пачвара, а проста няшчасная жанчына. Для іх важна, што яны «ратаваць людзей» прыехалі, для іх важная «місія», а не проста: «хорошо, что хозяев расстреляли».

Так, на нейкім палітычным узроўні «Падземныя пераходы» — раман пра расейцаў, якімі замяняюць беларусаў. Але гэта было б занадта проста, мне не цікавыя такія прымітыўныя наратывы. Я пішу найперш пра памяць і пра час, пра віну і апраўданне, я пішу пра тое, чаму нам так важна быць сабой, пра тое, чаму нам так важнае нашае мінулае, чаму так важна захаваць сваё імя і сваю біяграфію, пражыць самому тое, што ніхто іншы за нас не пражыве. Я пішу пра падземныя пераходы паміж жыццямі, паміж мінулым і будучым, гарадамі, мовамі, гісторыямі, паміж смерцю і жыццём, паміж людзьмі, якія ніколі б не сустрэліся, калі б не вялікая гісторыя. Адзін з герояў рамана прыходзіць да высновы, што «насельніцтва горада складаецца не толькі з тых, хто жыве ў ім цяпер, але і з тых, хто некалі ў ім жыў, і з усіх тых, хто будзе ў ім жыць». І тут я з ім згодны.

Альгерд Бахарэвіч вядзе экскурсію па Берліне, 25 красавіка 2026 года. Фота: Сяргей Балай / lookby.media
Альгерд Бахарэвіч вядзе экскурсію па Берліне, 25 красавіка 2026 года. Фота: Сяргей Балай / lookby.media

«Мы жывём у розных светах, жывём зусім розныя жыцці і не разумеем адно аднаго»

— «Я бачу, як расце прорва паміж тымі, хто жыве ў эміграцыі, і тымі, хто застаецца ў Беларусі. З цягам часу мы ўсё менш будзем разумець адны адных. <…> Немагчыма пісаць, выкарыстоўваючы толькі памяць. Каб пісаць пра Мінск, трэба бачыць, чуць яго кожны дзень. Трэба адчуваць яго смак і пах», — казалі вы нам у 2023-м. Пры чытанні «Падземных пераходаў» складваецца ўражанне, што раман напісаны з любоўю да Берліна, а вось Мінск на яго старонках ужо растае ў імгле. Вы згодзіцеся з гэтым?

— У сваіх кнігах я напісаў пра Менск столькі, што на патрэбу ў будучым яго можна будзе рэканструяваць паводле гэтых тэкстаў. Чытачы дагэтуль пішуць мне, што з настальгіяй шпацыруюць па Менску 2016-га з «Сабакаў Еўропы». Працуючы над «Падземнымі пераходамі», я цудоўна ўсведамляў, што таго майго Менска больш няма, і я не ставіў перад сабой задачы стварыць праўдападобны Менск узору 2025 ці 2026 года. Я яго не ведаю. Дарэчы, у новым рамане Менск напраўду розны: ёсць Менск 2020-га (у канцы таго году мы пакінулі Беларусь), я добра яго памятаю. Ёсць Менск 2018-га… Але найперш у новым рамане Менск — гэта аднапакаёўка ў не самым прэстыжным раёне, у якой пасяляецца Беласнежка з жонкай (рускія перасяленцы, якія атрымліваюць імёны Рамана і Агніі). Яе прастора, яе прывіды, яе пасткі, яе сны — вось што такое Менск у «Падземных пераходах». Берлін і гэтая менская кватэра — асноўныя месцы дзеяння кнігі.

— У рамане шмат злосці і крыўды. Вы з іроніяй згадваеце «беларускіх пісьменнічкаў старэйшага пакалення», крытыкуеце творцаў-эмігрантаў (у тым ліку і нобелеўскую лаўрэатку), адзначаеце, што з пісьменнікаў у Беларусі «засталіся тыя, каго мы некалі збольшага зналі <…> без асаблівай радасці» (а потым, маўляў, гэтыя людзі занялі вашыя месцы). Вы сапраўды лічыце, што нікога вартага ў Беларусі не засталося? Не баіцеся пакрыўдзіць тых пісьменнікаў, якія там усё яшчэ жывуць?

— Літаратура не абязбольная таблетка і не зборнік анекдотаў, літаратура існуе не для таго, каб забаўляць і суцяшаць. І літаратура не мусіць пераймацца тым, каб кагосьці выпадкова не пакрыўдзіць. Калі хочацца далікатнасці, павагі і ветлівасці, трэба жыць сярод рыбаў, а не сярод людзей, рыба нікога не пакрыўдзіць. Літаратура мае быць злоснай, іранічнай, саркастычнай, правакатыўнай, вольнай, у літаратуры можна ўсё, бо гэта адзіная тэрыторыя свабоды. Жыць сярод людзей — значыць не толькі любіць, але і крыўдаваць, і крыўдзіць, і крычаць ад роспачы, бо мы ўсе кожную хвіліну судакранаемся: словам, думкай, целамі, ценямі. Раман Некрашэвіч і праўда чалавек злосны і з’едлівы. Але Раман Некрашэвіч — не я, і мая жонка — не Агнія з кнігі (хоць, вядома, раман у нечым аўтабіяграфічны).

Альгерд Бахарэвіч з жонкай паэткай і перакладчыцай Юліяй Цімафеевай. Фота: асабісты архіў
Альгерд Бахарэвіч з жонкай паэткай і перакладчыцай Юліяй Цімафеевай. Фота: асабісты архіў

Тое, што кажа Раман, — маё мастацкае выказванне як аўтара. Нядаўна мы з жонкай глядзелі фільм пра сусветна вядомага нямецкага мастака Ансельма Кіфера: у канцы шасцідзясятых ён зрабіў серыю фота, на якіх ускідваў руку ў нацыстоўскім прывітанні на фоне еўрапейскіх славутасцяў, так ён асэнсоўваў цёмнае мінулае сваёй краіны… І некаторыя крытыкавалі яго за «нацызм», хоць гэтае яго мастацкае выказванне мела акурат цалкам адваротны, антытаталітарны сэнс.

Не, я зусім не лічу, што ў Беларусі нікога не засталося, я асабіста ведаю людзей, якія жывуць там і працуюць, і я зычу ім плёну. Мне хочацца верыць, што кожны з іх не апошні. Нават калі яны сябе так называюць. Але я не абавязаны любіць іх і паважаць за гэта — як і яны мяне.

Раман з «Падземных пераходаў» агучвае і завастрае тое, што мноства людзей сёння баяцца прамовіць уголас, і вось гэта адна з задач літаратуры — гаварыць тое, што іншым сказаць няёмка або страшна. Але пытанне пра «Там» і «Тут» нікуды не знікае, і Там, і Тут ёсць крыўда, і ёсць боль, і ёсць дыстанцыя, якая з кожным годам расце, і неразуменне расце таксама. Я добра ведаю гісторыю эміграцыі, асабліва літаратурнай, і я ведаю, што гэта натуральны, хоць і балючы працэс. Не варта рабіць выгляд, што ўсе мы, Там і Тут, разам і заадно, і што ўсе мы па розныя бакі мяжы робім адну справу, як любяць казаць, «на карысць Бацькаўшчыны». Гэта самападман. Аднойчы надыходзіць момант невяртання.

Адзінае, што нас яшчэ яднае, Тут і Там, — мова. А ў астатнім — мы жывём у розных светах, жывём зусім розныя жыцці і не разумеем адно аднаго, і гэта заканамерна, мастак ні ад каго не мусіць чакаць разумення, і не трэба рабіць выгляд, што ўсе мы існуем і там, і тут адначасова. Так не бывае. Гэта адно з галоўных пытанняў у рамане: што рабіць, калі мы сустракаемся з нашым мінулым у падземных пераходах, то-бок на могілках? Што мы скажам адно аднаму?

Раман Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы» ў Берліне. Фота: асабісты архіў Альгерда Бахарэвіча
Раман Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы» ў Берліне. Фота: асабісты архіў Альгерда Бахарэвіча

— У «Падземных пераходах» ваш лірычны герой з абурэннем кажа пра беларусаў-эмігрантаў, што тыя ведаюць родную мову на ўзроўні А2, хоць — каб чытаць сучасныя айчынныя творы — павінны ведаць на C2. Але вашая аўдыторыя пасля 2020 года якраз і пашырылася за кошт такіх рускамоўных чытачоў, якія толькі прыходзяць да беларушчыны. Вы гатовыя, што такая крытыка адштурхне ад вас частку аўдыторыі?

— Але хіба гэта не так? Я згодны з Раманам. Мяркуеце, можна прачытаць беларускі пераклад «Іліяды», ведаючы мову на А2? А Борхеса? А Джойса?

Ведаеце, я наогул не баюся ніякай крытыкі. Асабліва той, пра якую вы кажаце. Яна ж не мае дачынення да літаратуры, а літаратурнай крытыкі ў нас няма. З маёй аўдыторыяй такая рэч… Яна ўвесь час мяняецца. А я пішу далей. Хтосьці ў захапленні ад «Сабакаў Эўропы», хтосьці ад «Капітана Лятучай Рыбы», а «Сабакаў» не можа адолець. Ёсць людзі, якія прачыталі ўсяго адну маю кніжку і дагэтуль яе цэняць. А ёсць тыя, хто дваццаць — і больш не чытаюць. Стаміліся. За сваё жыццё я напісаў нямала розных кніг, і ўсе яны знайшлі чытача. Аўдыторыя — «ліючаяся форма». А яшчэ — я ж пішу не толькі для беларусаў. Я пішу для ўсіх, каму цікава, для людзей з розных краін, і чамусьці ўсе яны валодаюць уласнай мовай у дастатковай ступені, каб чытаць на ёй кнігі.

Вось і для беларусаў я пішу, чамусьці верачы, што яны здольныя чытаць па-свойму, бо як іначай. Ведаеце, я даволі часта сустракаюся з маімі беларускімі чытачамі. І людзі, якія яшчэ нядаўна былі абсалютна расейскамоўнымі, часам пытаюцца ў мяне: як нам вывучыць беларускую мову? Чытаць беларускія кнігі, адказваю я. Некалі я вучыў беларускую менавіта так. Чытанне літаратурных твораў — гэта вялікая праца, як і іх напісанне. Каб чытаць кнігі, трэба зрабіць немалыя высілкі — інтэлектуальныя, псіхалагічныя і нават фізічныя. І моўныя таксама. Калі я бяру ў рукі нейкую кнігу — гэта я мушу валодаць мовай у дастатковай ступені, каб яе зразумець, а не аўтар мусіць пісаць як мага прасцей, каб мне дагадзіць.

«Пісьменнік цікавы, калі ён або свой і піша пра сваё, або недасяжны і піша пра недасяжнае»

— Цяпер вы — як, зрэшты, і вашыя калегі — эмігранцкія пісьменнікі, чые творы часцей за ўсё адразу пасля публікацыі становяцца «экстрэмісцкімі»: такі статус атрымалі ўсе вядучыя айчынныя незалежныя выдавецтвы. Беларусы ў Беларусі могуць прачытаць вас хіба ў электронным варыянце. Хто цяпер вашая аўдыторыя? Тое, што яна часткова пераехала, паўплывала на вашую творчасць? Прымусіла змяніць оптыку?

— Сапраўды, на сёння тры мае кнігі — у афіцыйным спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а фактычна ўсё, што я напісаў, знаходзіцца пад забаронай. Яшчэ адносна нядаўна да мяне звярталіся чытачы з Беларусі, прасілі даслаць ім новыя кнігі ў электронным варыянце, бо ў папяровым іх мець небяспечна і правезці праз мяжу амаль немагчыма. Але, відаць, мы жывём з імі настолькі розныя жыцці, што мая літаратура ўжо не знаходзіць у іх водгуку, і гэта нармальная сітуацыя. Людзі любяць чытаць або тых пісьменнікаў, з якімі ходзяць па адных вуліцах, або тых, з якімі ім наўрад ці некалі давядзецца жыць у адным горадзе. Пісьменнік цікавы, калі ён або свой і піша пра сваё, або недасяжны і піша пра недасяжнае… А мы нейкія такія… Няясна, ці яшчэ свае… А калі ўсё ж свае, дык чаму тады недасяжныя? Мы недзе паміж.

Альгерд Бахарэвіч і перакладчык Богдан Задура на прэзентацыі польскага выдання кнігі "Ператрус у музэі", Люблін, ліпень 2026 года. Фота: Warsztaty Kultury
Альгерд Бахарэвіч і перакладчык Богдан Задура на прэзентацыі польскага выдання кнігі «Ператрус у музэі», Люблін, ліпень 2026 года. Фота: Warsztaty Kultury

Я на гэта не наракаю. Я мог бы сказаць, што сёння пішу пераважна для эмігрантаў, і гэта таксама зусім не скарга, гэта проста канстатацыя факту — бо такіх эмігрантаў, як я, сотні тысяч. Тысячы і тысячы людзей, якія тэарэтычна маглі б чытаць кнігі па-беларуску. Гэта вельмі шмат. Але ж у мяне ёсць нямецкія, польскія чытачы, ёсць англамоўныя чытачы, ёсць чытачы ў Швецыі і ва Украіне. Там, дзе выходзяць сёння мае кнігі. Эміграцыя — вельмі важны досвед, кожны пражывае яе (і выжывае) па-свойму, але, мяркую, менавіта яна яднае мяне з маімі чытачамі сёння, адкуль бы яны ні былі. Бо свет, у якім мы жывем, — гэта вандроўны свет.

Зрэшты, мы заўсёды самі прыдумляем сабе чытача.

— Пісьменніца Ева Вежнавец (нядаўна памерлая Святлана Курс. — Заўв. рэд.) вельмі доўга рэдагавала рукапіс сваёй кнігі «Па што ідзеш, воўча?», скараціўшы яе ў некалькі разоў. Вы ж публікуеце новыя творы амаль кожны год і аддаяце перавагу вялікім фарматам. Што натхняе вас выпускаць кнігі так часта? Ці ёсць магчымасць у такім выпадку не паўтарацца?

— Я люблю пісаць кнігі, мне цікава гэта рабіць, я хацеў бы і далей займацца толькі гэтым. Словам даследаваць цемру. Ну, магчыма, яшчэ часам ладзіць бясплатныя экскурсіі па Берліне для ахвотных (нядаўна я правёў такую экскурсію). Літаратура — гэта вялікая гульня. Мастацтва рамана і мастацтва эсэ для мяне — найпрыгажэйшыя формы існавання чалавечай фантазіі і думкі. Ёсць людзі ў розных краінах, якім цікава тое, што я пішу. І такіх людзей робіцца ўсё больш.

Свет для мяне — гэта літаратура. Я апантаны мовай, я працую з мовай, я слухаю мову кожнае імгненне — а мова ніколі не паўтараецца і нідзе не канчаецца. Літаратура — гэта голас. Каб знайсці яго, аднойчы зімовай раніцай мы выходзім з дому і выпраўляемся ў падарожжа, з якога немагчыма вярнуцца. Вось, уласна кажучы, і ўсё.

Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева
Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева

— Якой вы бачыце сваю будучыню і будучыню беларускай літаратуры праз дзесяць гадоў?

— Ёсць такі вядомы верш Купалы: «Перад будучыняй». У 1922 годзе ён пісаў, як мы стаім перад будучыняй і «ў страху без толку хлопаем крыллем». Што будзе з намі далей, цяжкае пытанне — найперш таму, што мы самі так і не вызначыліся, што называць беларускай літаратурай. Дзе крытэрыі беларускасці — у мове, тэмах, нацыянальнай прыналежнасці, у нечым іншым? Беларуская літаратура сёння ствараецца не толькі па-беларуску — можна налічыць сем-восем моваў, на якіх пішуць фармальна цалкам сабе беларускія літаратары. Ад нямецкай і англійскай да трасянкі, палескай мовы і бальбуты (гаворка пра мову, прыдуманую Альгердам Бахарэвічам у рамане «Сабакі Эўропы». — Заўв. рэд.). Не кажучы ўжо пра расейскую.

Калі ўсё ж называць беларускай перадусім беларускамоўную літаратуру, усё выглядае цікава. Сітуацыя выгнання, экзылю, эміграцыі, у якой знаходзіцца сёння вялікая частка беларускай літаратуры, адкрыла перад намі вялікі свет — і вялікія магчымасці быць нарэшце заўважанымі і прачытанымі гэтым светам. Беларуская літаратура яшчэ ніколі ў сваёй гісторыі не была такой «міжнароднай», такой «кантактнай» і такой чытанай. Тое, як мы скарыстаемся гэтымі магчымасцямі, залежыць ад саміх пісьменнікаў, ад нашай свабоды і нашай здольнасці вучыцца: не «хлопаць крыламі без толку», не замыкацца ў гета, а пісаць пра сваё, убіраючы ў сябе ўсю сусветную культуру, быць адкрытымі да свету.

А тое, ці будуць пісьменнікі пісаць па-беларуску, залежыць выключна ад чытачоў. Ад таго, ці будуць людзі праз дзесяць гадоў чытаць на гэтай мове. Гаварыць і чытаць на ёй ніколі не было камфортнай, лёгкай і бяспечнай справай. Ці хопіць упартасці, веры і гатовасці да супраціву ў цяперашніх беларусаў, я не ведаю. Спадзяюся, так. Сам я некалі абраў гэтую мову ў той момант, калі яна стварала толькі праблемы. Абіраючы яе, ты мусіў быць гатовы да супрацьстаяння большасці. Магчыма, нешта змянілася?..

Будучыня — гэта цёмны падземны пераход, у які мы спускаемся па сходах часу. І мяркуючы па галасах, якія чуюцца з цемры, там, унізе, нехта ёсць.