Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. СМИ узнали о смерти предполагаемого деда Николая Лукашенко — бывшего узника ГУЛАГа, осужденного за сотрудничество с УПА
  2. Воскресенский назвал пять новых фамилий политзаключенных, которые вышли на свободу 7 ноября
  3. Украінская разведка расказала пра ракетны комплекс, якім Расія, імаверна, і ўдарыла па Дняпры (і гэта зусім не тое, пра што казаў Пуцін)
  4. У 2025 годзе запрацуе новаўвядзенне, якое датычыць пенсій і рынку працы. Людзям яно наўрад ці спадабаецца
  5. Всем, кто годен к армии, напрячься. Юристы рассказали «Зеркалу» о нововведениях в законодательство о призыве
  6. Для некаторых уладальнікаў кватэр, што пустуюць, уводзяць змяненні па аплаце жыллёва-камунальных паслуг
  7. Для мужчын укарэняць пенсійнае новаўвядзенне
  8. О чем свидетельствует демонстративный удар по Днепру и последовавшие за ним заявления Путина — мнение экспертов
  9. Путин рассказал об ударе баллистической ракетой по «Южмашу» в Днепре
  10. Расія нанесла ўдар па Украіне міжкантынентальнай балістычнай ракетай
  11. Лукашэнка прыгразіў поўным адключэннем інтэрнэту ў краіне
  12. Telegram хранит данные о бывших подписках, их могут получить силовики. Объясняем, как себя защитить
  13. Улады прыдумалі, як завабіць людзей у рэгіёны — праз мехкалоны, даільныя ўстаноўкі і меліярацыю. Чаму гэтаму пагражае правал — эканаміст
Читать по-русски


У пачатку гэтага навучальнага года ў японскіх студэнтаў з’явілася ўнікальная магчымасць вывучаць беларускую мову ва ўніверсітэце Сафіі (Дзёці) у Токіа. А выкладае яе Сіёры Кіёсава — японка, якая яшчэ 10 гадоў таму палюбіла Беларусь. Пагутарылі з ёй пра вывучэнне мовы, любімыя месцы ў Мінску і ўспрыманне 2020 года.

Сіёры Кіясава. Фота: Facebook
Сіёры Кіёсава. Фота: старонка Сіёры ў Facebook

«Наш курс беларускай мовы — вялікая рэдкасць»

Як кажа сама Сіёры, універсітэт Сафіі — адна з найлепшых прыватных ВНУ Японіі. І менавіта там студэнты сёлета вывучаюць беларускую.

— Усё гэта арганізаваў прафесар Сін'ічы Акіяма, які тут працуе. Ён спецыялізуецца на рускай філалогіі, але мае цікавасць таксама да іншых славянскіх моваў і лічыць, што веданне іх будзе карысным для студэнтаў. Таму ён зрабіў параўнальны курс славянскіх моваў — вось сёлета абраў беларускую і польскую, — расказвае Сіёры. — То-бок мае студэнты ўжо добра ведаюць рускую мову, і мне з імі крыху прасцей — не трэба выкладаць з нуля.

На першую пару па беларускай прыйшло амаль 30 студэнтаў. Для Японіі гэта вялікая лічба — з досведу суразмоўніцы, на заняткі рускай мовай ніколі не прыходзіла больш за 17 вучняў. І таму ў першы дзень нават давялося мяняць аўдыторыю.

— Прафесар вельмі актыўна рэкламаваў гэтыя заняткі. Бо такой магчымасці амаль няма, і наш курс — вялікая рэдкасць. У Японіі ў кнігарнях і бібліятэках нават не знойдзеш падручніка па беларускай мове. Мы выдавалі адзін у 2016 годзе, але не на продаж — я, мая выкладчыца і мой навуковы кіраўнік атрымалі па 20−30 экзэмпляраў, — тлумачыць суразмоўніца. — Таму гэта сапраўды ўнікальная магчымаць! І людзей не стала меней, усе працягваюць хадзіць. Студэнты вельмі апантаныя і з вялікай цікавасцю вывучаюць мову, мне вельмі прыемна!

Універсітэт Дзёці ў Токіа, верасень 2022 года Фота: Facebook
Універсітэт Дзёці ў Токіа, верасень 2022 года. Фота: старонка Сіёры ў Facebook

«Знаёмыя і сябры мяне, магчыма, лічаць дзівачкай»

Сіёры Кіёсаве 34 гады, яна нарадзілася ў прэфектуры Нагана. Японка скончыла аспірантуру, атрымала ступень PhD. Цяпер яна выкладае ў некалькіх універсітэтах.

Суразмоўніца прызнаецца: пачынала вывучаць мовы з рускай. Але на трэцім курсе ўніверсітэта выкладчык расказаў ёй пра моўную сітуацыю ў Беларусі. І тады яшчэ студэнтка Сіёры вырашыла даведацца пра гэта больш.

— Было цікава, што існуе мова, але на ёй размаўляе вельмі мала людзей — штосьці падобнае да Ірландыі. І я пачала чытаць кнігі, артыкулы пра Беларусь, а пасля вырашыла пісаць магістарскую дысертацыю на тэму моўнай сітуацыі ў Беларусі, — успамінае яна. — Калі я паступіла ў магістратуру, то атрымала магчымасць вучыцца ў Беларусі ў 2012 годзе. Там вывучала і рускую, і беларускую мовы. Прыехала, арганізавала гурток для ўсіх ахвочых — мы вывучалі беларускую разам. Пасля вырашыла працягваць сваё даследаванне ў аспірантуры, а потым ужо стала выкладаць. Спачатку рускую, з гэтага семестра — і беларускую. Нарэшце атрымалася афіцыйна, як прадмет ва ўніверсітэце!

На стажыроўцы ў Мінску Сіёры паспрабавала вывучаць украінскую і польскую разам з беларусамі.

— Было складана, бо вашыя студэнты ўсё праходзілі вельмі хуткімі тэмпамі (смяецца). Таму гэтыя мовы я пачала пазней вывучаць самастойна. Сёлета вельмі шчыльна ўзялася за ўкраінскую, бо гэта цяпер актуальна, — расказвае Сіёры. — Знаёмыя і сябры мяне, магчыма, лічаць дзівачкай, але маці і бацьку я так часта расказваю пра Беларусь, што яны ўжо самі зацікавіліся. Час ад часу нават пытаюць, што там адбываецца. І вельмі палюбілі беларускія стравы. Асабліва маці: мы з ёй нават хадзілі ў рэстаран беларускай кухні ў Токіа.

Згадаўшы пра рэстаран, дзяўчына пералічвае і сваю любімую беларускую ежу. І на першым месцы, як ні дзіўна, аказаліся не дранікі.

— Мне падабаецца халаднік — гэта мая любімая страва. Я ўпершыню была ў Беларусі ўлетку, і мяне амаль адразу ім пачаставалі. Яшчэ мне вельмі падабаецца бабка. Дранікі, вядома, смачныя, я нават сама іх гатую часам, але не на першым месцы! — са смехам дадае суразмоўніца.

Cіёры Кіясава на філфаку, 2020 год. Фота: Facebook
Cіёры Кіёсава на філфаку БДУ, 2020 год. Фота: старонка Сіёры ў Facebook

«Дагэтуль мая беларуская не вельмі добрая, але стараюся!»

— Калі я пачала вучыць беларускую мову, то вельмі мала ведала пра саму краіну. Але зразумела, што менавіта праз мову змагу хутчэй пазнаёміцца з вашай культурай, гісторыяй. Бо на японскай не было амаль нічога пра гэта! А мова — гэта такі добры інструмент, каб наблізіцца да краіны, — лічыць дзяўчына.

Сіёры ўспамінае: калі толькі пачала вучыць славянскія мовы, цэлы месяц сышоў на тое, каб вывучыць кірылічныя літары.

— Калі я пачала вучыць беларускую, то праз 9−10 месяцаў магла адказаць на пытанні, штосьці расказаць. Праўда, тады яшчэ з цяжкасцю. Самым складаным быў месны склон, таму што там чаргаванні кшталту «Няміга — Нямізе». І ўвогуле, цяжка было запамінаць канчаткі. Дагэтуль мая беларуская мова не вельмі добрая, але я стараюся! (смяецца)

Пра стажыроўку ў Мінску дзяўчына расказвае асобна. Горад падчас першага візіту ў 2012 годзе падаўся Сіёры вельмі спакойным і ціхім.

— Нават не верылася, што гэта сталіца, — кажа яна. — Яшчэ было вельмі цікава пачуць беларускую мову. Але яе было не так шмат, у метро і іншым транспарце, напрыклад. Людзі на вуліцах размаўлялі па-руску, але калі я пачала прыслухоўвацца, то заўважыла, што яны вымаўляюць з іншым акцэнтам, ёсць сваё беларускае вымаўленне. А яшчэ мне вельмі спадабалася, калі людзі размаўляюць па тэлефоне і ў канцы кажуць: «Ну добранька, давай». Я спачатку яшчэ думала, што гэта штосьці з рускай, але не!

Чытае па-беларуску японка не вельмі шмат. Але мае ўлюбёны твор — верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей».

— Гадоў 5-7 таму я пабачыла гэтыя радкі ў аэрапорце ў Мінску. Яны мяне вельмі ўразілі, бо гэта як зварот да тых, хто з’язджае: «Хутчэй вяртайся ў Беларусь, гэта твой дом». Я так адчуваю.

Верш Барадуліна

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці.

Не забыць, як падвялы аер

На памытай падлозе пахне,

Як у студню цыбаты асвер*

Запускае руку да пахі.

Не забыць сцежкі той, што цябе

На дарогу выводзіла з дому,

Што у хаце там быў рубель

У цане і па курсу старому.

Не забыць, як марозам злым

Клямка пальцы пячэ балюча

І адкуль на стале тваім

Бохан свежага хлеба пахучы.

Помніць свой на іржышчы цень,

Не забыць, як завуць суседа,

Не забыць, як пяе пад дзень

За вясёлым сталом бяседа.

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою ты стаў чысцей

І не страціў святое штосьці.

«Беларусь для мяне — гэта другая радзіма»

Пра Беларусь Сіёры кажа каротка: гэта ўжо не проста іншаземная краіна. І расказвае: аднойчы яна была на навуковай канферэнцыі па беларусістыцы ў Лондане. Адчувала сябе няёмка, бо не валодае англійскай. Але дзякуючы таму, што там было шмат людзей, якія валодалі беларускай, у японкі было адчуванне, нібыта яна на радзіме.

— Калі я бываю ў Мінску, мне там вельмі ўтульна, знаёма. І людзі такія ветлівыя, сціплыя. На маю думку, у гэтым яны падобныя да японцаў. Але, магчыма, мне так падаецца праз маю любоў да Беларусі, — разважае дзяўчына.

Большасці месцаў нашай сталіцы, якія з любоўю згадвае суразмоўніца, ужо няма. Напрыклад, Сіёры вельмі любіла кнігарню «Логвінаў», якая да 2017 года месцілася побач з галерэяй «Ў». Пасля будынак знеслі.

— Там супрацоўнікі размаўлялі па-беларуску са мной, што мне было даспадобы. Яшчэ філфак БДУ, бо я там бавіла шмат часу, вывучала беларускую. На ёй там размаўлялі і выкладчыкі, і студэнты, што вельмі крута, — успамінае Сіёры. — Нацыянальная бібліятэка мне таксама падабаецца, там вельмі зручна працаваць. Заўсёды, калі я бываю ў Мінску, еду ці туды, ці ва ўніверсітэт. Таксама любіла хадзіць у Купалаўскі тэатр і глядзець спектаклі. Пасля 2020 года там ужо нічога амаль не паказваюць, праз што мне сумна. І ўніверсам «Цэнтральны»! Там мы часта сустракаліся з беларускімі сябрамі, маглі выпіць піва ці гарбаты, пагутарыць. Унутры ўсё так атмасферна, неяк па-беларуску.

Беларусь для мяне — гэта другая радзіма, якую я вельмі люблю. Амаль кожны дзень пра яе думаю. Але пакуль не магу ўсебакова разумець менталітэт беларусаў. Як і мову: ведаю толькі яе літаратурны варыянт. Застаецца штосьці незразумелае, кшталту дыялектаў, але мяне, наадварот, гэта цікавіць, вабіць да Беларусі, — тлумачыць японка.

Сіёры Кіясава на фестывалі ў Беларусі. Фота з архіву гераіні
Сіёры Кіёсава на фестывалі «Камяніца» ў Беларусі, верасень 2015 года. Фота ад суразмоўніцы

«9−11 жніўня не магла паверыць, што гэта адбываецца ў Мінску»

Падзеі 2020 года ў Беларусі Сіёры перажывала так, нібы знаходзілася ў краіне. Чытала навіны, хвалявалася за сваіх знаёмых і сяброў.

— Калі пачаўся гвалт 9−11 жніўня, я спачатку не магла паверыць, што гэта ўсё адбываецца ў Мінску. Што людзі загінулі. Было вельмі цяжка эмацыйна. Вельмі перажывала, сачыла за сітуацыяй. І ўвогуле, мне было вельмі страшна за людзей. Яны хацелі жыць у краіне, дзе маглі б самі штосьці вырашаць, хацелі жыць у той Беларусі, якой яны яе бачылі. Некаторых маіх знаёмых арыштоўвалі. Але, на жаль, сітуацыя вельмі складаная. І да гэтага часу з’яўляецца вялікай праблемай, — кажа японка. — Цяпер ужо ўсе менш гавораць пра Беларусь, а больш пра Украіну. Мне праз гэта таксама сумна. Праблема пакуль не вырашаная, а ўвагі стала менш.

Вайну ва Украіне яна таксама прымае досыць блізка да сэрца, называе ўсё гэта страшнай і вялікай трагедыяй для краіны.

— З іншага боку, шмат маіх знаёмых, якія тут, у Японіі, выкладаюць рускую мову, перажывалі і за жыхароў Расіі, якія не змаглі адкрыта выказацца супраць вайны. І цяпер дзяржава арыштоўвае там людзей, як і ў Беларусі. Гэта таксама страшна. Але для ўкраінскіх людзей гэта вялікая страта. І матэрыяльная, і духоўная, — разважае суразмоўніца. — І для Беларусі ўсё гэта трагедыя — расійская армія ідзе ва Украіну праз яе тэрыторыі. Вельмі цяжка чытаць такія навіны.

«Мне асабіста важна гаварыць пра Беларусь»

— Для мяне вялікае значэнне мае тое, што ва ўніверсітэце ў Японіі нарэшце з’явіліся заняткі беларускай мовы. Дарэчы, гэта не адзінае дасягненне: калі я вельмі даўно рабіла гурток па вывучэнні беларускай, адзін хлопец, Кэн Сібата, які тады са мною выкладаў мову ў гуртку, перакладаў вершы на японскую. І ён нават выдаў кнігу вершаў Багдановіча ў перакладзе! — дзеліцца дзяўчына.

Сборнік вершаў Максіма Багдановіча ў перакладзе на японскую мову. Фота з асабістага архіву гераіні
Зборнік вершаў Максіма Багдановіча ў перакладзе на японскую мову. Фота ад суразмоўніцы

— Вельмі доўга была такая сітуацыя, што, калі мы тут, у Японіі, гаварылі пра ўсходнеслявянскія мовы і культуры, гэта амаль заўсёды было пра Расію. Але цяпер пачалі звяртаць увагу на іншыя краіны: Украіну і Беларусь, — тлумачыць Сіёры. — І, я лічу, трэба паказваць, што ёсць гэтыя краіны, расказваць пра гэтую культуру з іншага боку. Мне асабіста трэба гаварыць пра гэта, для мяне гэта важна. І заняткі мовай — першы крок на гэтым шляху.