Пайшоў з жыцця пісьменнік, сцэнарыст, перакладчык Алесь Жук. Дзякуючы яму «Майстар і Маргарыта», «Сабачае сэрца», «Белы Бім Чорнае вуха» загучалі па-беларуску. Развітанне з Алесем Аляксандравічам пройдзе 17 кастрычніка, пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў літаратар Міхась Скобла.
— Памёр Алесь Жук, чые кнігі хочацца перачытваць. Асабліва люблю яго апавяданні, дзе ўсё да месца, усё суладна — і мова, і адносіны герояў, і ўмельства карыстацца метафарай, якое Міхась Стральцоў называў святам у будзень, — написаў Міхась Скобла. — Алесь Жук для мяне майстар прозы ў класічным бунінскім разуменні. Апошнім часам пісьменнік даводзіў да ладу кнігу мемуарных эсэ пра тых, з кім яго зводзілі жыццёвыя дарогі. Дзейнымі асобамі той кнігі меліся стаць Мікалай Улашчык, Васіль Быкаў, Анатоль Кудравец, Яўгенія Янішчыц, Юрка Голуб.
Алесю Аляксандравічу было 75 гадоў. На працягу жыцця ён працаваў ў літаратурных газетах і часопісах краіны. Сярод іх «Маладосць», «Полымя», «Літаратура і мастацтва». Займаў пасады галоўнага рэдактара і намесніка.
Развітанне з пісьменнікам адбудзецца 17 кастрычніка, у рытуальнай зале на вул. Куляшова, 49, з 12.00 да 13.00.