Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Падаткі на карысць Люстэрка
  1. В Минобороны заявили о полном контроле над Кисловкой и Новокалиново. В ISW рассказали, где еще удалось продвинуться российским войскам
  2. «Вучыцца ўнук Шэймана». Расследавальнікі высветлілі, з кім звязаныя пяць прыватных школ, якія засталіся пасля «зачысткі»
  3. Во сколько выходят на пенсию в Беларуси, а во сколько — в соседних странах (есть над чем призадуматься)
  4. Лукашэнка адкапаў на савецкіх «могілках» ідэю, як вырашыць праблему на рынку працы. Эксперт растлумачыў, чаму яна асуджаная на правал
  5. «У ЗША людзі шчаслівейшыя, чым у нас». Блог «Людзі» ўзяў інтэрв'ю ў топавага беларускага хакеіста, які гуляе ў НХЛ
  6. Расія раніцай нанесла масіраваны ўдар па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры Украіны — вось што вядома на гэты момант
  7. Роман Протасевич рассказал о долге перед беларусскими властями — он потянул на 7,6 млн долларов
  8. МУС паведаміла пра маштабную карупцыйную справу ў сферы будаўніцтва і АПК. Затрыманыя 23 чалавекі
  9. Пропагандист поинтересовался у сбежавшего в Беларусь судьи, удалось ли ему вывезти из Польши секретные документы
  10. Очереди на выезд в Европу увеличиваются. На некоторых пунктах пропуска на прохождение границы уйдет до двух суток
  11. Лукашэнка вонкава вельмі змяніўся за апошнія гады. Успамінаем яго метамарфозы з вусамі, лысінай, акулярамі і дрыготкай галавой
  12. Нацбанк предупреждает о возможной девальвации. На этом фоне вспомнили Прокоповича и посмотрели, какой недвижимостью владеет его семья
  13. Дочь Латушко Яна идет в политику. Интервью об отце и матери, которая вышла замуж за топ-чиновника, работающего на Лукашенко
  14. Улады раптам палічылі «экстрэмістам» вядомага дзеяча БССР, які быў паплечнікам Машэрава. Разбіраемся, што адбылося
  15. Нефарт ПСЖ и невероятный камбэк «Реала». Стали известны финалисты футбольной Лиги чемпионов — рассказываем
  16. Вертолет МЧС доставлял силовиков в Пинск во время протестов. Рассказываем, за что власти требуют у Протасевича 7,6 миллиона долларов
Читать по-русски


Маладафронтавец і добраахвотнік Дзяніс Урбановіч не раз атрымліваў сур’ёзныя раненні, пасля аднаго з іх перажыў клінічную смерць. У баі ў сярэдзіне траўня на яго групу пасля трапляння буйнакалібернага снарада абрынулася частка будынка, чацвёра пабрацімаў Дзяніса загінулі — ён выжыў. Мужчына хутка вяртаецца на фронт і марыць пасля перамогі Украіны ў вайне вызваляць Беларусь. Мы пагаварылі з байцом і кіраўніком «Маладога фронту» пра адны з апошніх бітваў за Бахмут да яго поўнага захопу Расіяй, пра стаўленне апазіцыянера да дэмсілаў і пра сілавы сцэнар зрынання дыктатуры ў краіне.

Фото: Euroradio.fm
Дзяніс Урбановіч на вайне ва Украіне. Фота: Euroradio.fm

Дзяніс Урбановіч — 33-гадовы беларускі актывіст, з 2018 года — кіраўнік адной з найстарэйшых у Беларусі апазіцыйных арганізацый «Малады фронт». У сям'і Урбановіча было чацвёра дзяцей, бацька выхоўваў іх адзін. Дзяніс скончыў Мінскі каледж па спецыяльнасці «зваршчык», працаваў на «Мотавела», пазней — на прадпрыемстве з замежным капіталам.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ён зняў дзяржаўны сцяг з даху будынка, дзе праходзіла галасаванне, — яго разам з братам асудзілі на два гады. У 2018-м актывіст штодня ўдзельнічаў у абароне мемарыяла Курапаты.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года, а таксама ў сакавіку — красавіку 2021-га Урбановіч некалькі разоў быў асуджаны на 15 сутак. Пасля маладафронтаўца і ягоных паплечнікаў абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў і завялі крымінальную справу. Ён пераехаў ва Украіну, з пачаткам вайны ўступіў у тэрабарону, а потым далучыўся да палка Каліноўскага.

«Такое адчуванне, што я не быў ні ў Бахмуце, ні на зямлі: не можаш выкапаць акоп, бо побач ляжаць у два-тры слаі трупы»

— Як вы цяпер, пасля ранення?

— Не люблю расказваць пра гэта, але раненне было цяжкім — адкрытая траўма галавы. Да гэтага яшчэ чатыры кантузіі, адна — вельмі цяжкая, год таму, з парванай барабаннай перапонкай, галаву так нармальна патрэсла, калі я падарваўся.

Гэтым разам мы былі на ўскраіне Бахмута, рускія спрабавалі, забіралі апошнія ўчасткі горада. Нам паступіла каманда прайсці ўглыб. Мы пайшлі наперад па разбураных дамах. Занялі пункт — дом. Наперадзе ўжо ў лоб выйшлі рускія — без бронекамізэлек, проста ў форме з аўтаматамі. Завязаўся бой, мы іх знішчылі, але нам давялося застацца на тым месцы. Па нас працаваў танк. Трымалі кругавую абарону, пакуль не загарэўся дом. Пачаўся пажар, і мы нават не ведалі, як адтуль выйсці, бо спераду, справа — п*****сы, не маглі зразумець, хто дзе сядзіць. Апошняе, што мне наш камандзір Міраслаў Лазоўскі перадаў па рацыі, — «Не ідзіце наперад, там канцэнтрацыя рускіх. Трымайцеся. З Богам». Ён ніколі не казаў такіх словаў. Я павярнуўся да пабрацімаў, кажу: нешта дзіўнае, відаць, мы загрымелі канкрэтна.

Мы адступілі на 100 метраў назад, маленькімі групкамі перабеглі ў іншы дом, які стаў магілай нашым хлопцам. Рускія зайшлі ў гэты прыватны сектар, а мы сядзелі ў шматпавярхоўцы праз дарогу. Адстрэльваліся, яны працавалі па нас — авіяцыя, танкі, аўтаматычныя гранатамёты, мінамёты, буйнакаліберка. Трапіла нешта буйное ў гэты дом — і на нас абрынуліся два паверхі. Памятаю толькі выбліск і як на мяне ўпала пліта, але побач былі канапа і сценка — і мне, як заўсёды, трохі пашанцавала: толькі заваліла ногі і ўдарыла па галаве. А пабраціма побач перабіла 16-тоннай плітой. Хтосьці адразу памёр, кагосьці моцна прыціснула. Я не памятаю як, але здолеў выбрацца, кагосьці яшчэ спрабаваў выцягнуць… Усе, хто быў каля мяне, падалі з крыкамі, вакол — дым, усё гарыць, страляніна. Мяне эвакуявалі парамедыкі.

Бой ішоў інтэнсіўна 24/7, а здавалася — адну хвіліну. Не магу апісаць пачуцці, калі побач ляжыць паранены чалавек, побач з ім — яшчэ параненыя, якія самі ж аказвалі дапамогу. Потым мёртвыя, яшчэ мёртвыя. Усё гарыць, ты не можаш устаць, дзесьці ідзе чалавек 30 украінцаў з адарванымі рукамі, вушамі, пашкоджанымі верхнімі часткамі цела — у крыві, як зомбі. Гэта поўная д**а, я так скажу. Ні разу такога не бачыў. У мяне такое адчуванне, што я не быў нават ні ў Бахмуце, ні на зямлі — нібыта я трапіў у іншы свет, дзе проста ўсіх забіваюць, і мы забіваем.

Цяпер я ўжо адчуваю сябе добра. Праз страту нашага камандзіра Міраслава Лазоўскага і яшчэ чатырох байцоў з маёй групы, з якімі я ўжо больш за год ваяваў, якія загінулі ў мяне на вачах, псіхалагічна было цяжэй, чым фізічна. Я рыхтуюся вяртацца на фронт і выконваць баявыя задачы.

Медики в стабилизационном пункте под Бахмутом оказывают помощь раненому перед отправкой его в тыловой госпиталь. Фото: instagram/libkos
Медыкі ў стабілізацыйным пункце пад Бахмутам аказваюць дапамогу параненаму перад адпраўкай яго ў тылавы шпіталь. Фота: instagram/libkos

— Раскажыце, як вы перажылі страту блізкіх пабрацімаў. Звычайна вайна паказваецца як справа дарослых сур’ёзных мужчын, няма месца эмоцыям.

— Цяжка, бо ў нас былі планы на будучыню, хлопцы — маладыя, хтосьці хацеў уступіць у «Малады фронт». Мы планавалі вярнуцца ў Беларусь, дарэчы, за гадзіну да іх смерці абмяркоўвалі, хто куды паедзе пасля Бахмута, калі можна будзе адпачыць тыдзень. Не думалі, што так будзе. Цяпер у мяне словаў няма. Будзем помсціць за іх, рабіць усё магчымае дзеля таго, за што яны змагаліся.

Эмацыйна ёсць надрыўчык, бо і Лазоўскі загінуў. Адна рэч, калі страчваеш аднаго-двух чалавек, іншая — адразу чатырох, палову групы, і яшчэ і камандзіра. Магу сказаць толькі, што гэта героі. Тыя хлопцы мелі досвед у парамедыцыне і маглі нават праапераваць на месцы, яны столькі жыццяў выцягнулі!

Я, выязджаючы на задачу, ніколі не думаў, што яна будзе апошняй. Я ўжо паміраў, у мяне было кулявое раненне — праламала грудзіну, парвала печань, лёгкае. Была гэтая клінічная смерць, ці як яна там… Спынялася сэрца — мяне Север (Анастасія Север Махамет. — Заўв. рэд.) эвакуявала. Пасля гэтага было трохі страшна, я ляжаў дні два і думаў: «Ух ты, яшчэ выжыў!» Гаварыў з адным святаром, ён сказаў: «Калі ты выжыў чатыры разы, будзеш жыць доўга».

— Як вы самі сабе гэта тлумачыце: вас нешта абараняе ці проста шанцуе?

— Я хрысціянін, веру ў Ісуса Хрыста. Хоць я казаў (можа, і не маю рацыі), што лепш бы мяне забіла. Я проста камандзір, кіраваў працэсам, а забіла будучых дактароў, якія могуць ратаваць іншыя жыцці. Але, бачыце, Бог іх забраў, а мяне і яшчэ некалькіх хлопцаў вырашыў пакінуць. Мы павінныя разумець, што справа, якая знаходзіцца на небе, — самая галоўная і важная. Смерць — усяго толькі пераходны перыяд. Я спадзяюся, што будзем жыць усе, можа, я ў Беларусь вярнуся. Трэба разумець, што сёння мы размаўляем, а заўтра можам ужо і не размаўляць… Але я на 100% упэўнены, што Бог вырашае і гісторыю, і жыццё чалавека, якім бы ён ні быў.

— Калі вы седзіце ў гэтых страшных умовах пад Бахмутам, на вас ляціць усё, што толькі можа, вы не думаеце, чаму Бог гэта дапускае? І тое, што адбываецца на полі бою, і што перажываюць цывільныя, калі прылятаюць ракеты.

— Вы такое пытанне задалі… Д’ябал прасоўваў свае ідэі: адкрываў казіно, бардэлі, штурхаў да гарэлкі чалавека. А Бог натхняў чалавека адкрываць цэрквы, распаўсюджваць слова Божае. Увесь гэты стык адбываўся на зямлі. Бог дае ўсім выпрабаванні і чакае, калі ж той чалавек у Крамлі ці гэтая нацыя скажа: «Украінцы, прабачце нас за смерці, забойствы». Калі яны спыняць вайну, выведуць войскі, адрамантуюць усё, што нарабілі, — вось гэта будзе справа Божая. На гэта Бог і разлічвае. Але калі чалавек вырашае: «Ды буду я ваяваць далей, мы рускія — з намі Бог», — гэта ад злога. Таму ёсць такія людзі, як мы, ёсць моцная ўкраінская нацыя, якая верыць у Бога і змагаецца за сваю сям’ю, дом, мову. Бог усё ж спрабуе спадзявацца на чалавека, што ён адумаецца.

Ты не можаш выкапаць акоп, бо побач ляжаць у два-тры слаі трупы, і там наогул ужо незразумела, гэта рускія ці ўкраінцы, — але гэта людзі, хрысціяне. І глядзіш: і навошта мы біліся? Бог робіць так, каб ты (і твой вораг) пастаяў і падумаў. У гэтай вайне ёсць планы Бога і ёсць яшчэ шанец для ўсіх нацый падумаць: а нам гэта ўсё, спадарства, трэба? Гэтыя разбураныя, сцёртыя з зямлі гарады, забітыя дзеці, жанчыны, палёты ракет, пагрозы адно аднаму. Проста да гэтага ніхто не даходзіць.

«Сілавікі, якія ўвесь час прыходзяць да бацькі, разумеюць, што за ўсё давядзецца адказваць»

— Бахмут рэальна вярнуць Украіне найбліжэйшым часам?

— Я на лячэнні і ў мяне няма цяпер аператыўнай інфармацыі. Можа, і вернем. Усё, што Расія адабрала, вернецца Украіне. Не ведаю, колькі часу на гэта спатрэбіцца — год-два. Але Бахмут цяпер — вялізная-вялізная магіла. Вось пад Мінскам ёсць Курапаты, дзе расстрэльвалі беларускую інтэлігенцыю, іх называлі заўсёды месцам пакаяння, сэрцам Беларусі. Бахмут — таксама месца пакаяння, месца, якое мусіць паказаць і ўкраінскай, і беларускай, і расійскай нацыям, што такое вайна. Год таму мы праязджалі праз яго на Севераданецк, ён быў радасным горадам, каву там пілі. І які ён цяпер — паглядзіце фатаграфіі, аэрааблёты.

24-тая отдельная механизированная бригада имени короля Данила Оперативного командування «Захід» Сухопутних військ Збройних Сил України Так выглядит Бахмут 14 мая 2023 года. Это не туман, а дым из-за пожаров. Фото: 24-тая отдельная механизированная бригада
Так выглядаў Бахмут 14 траўня 2023 года. Гэта не туман, а дым ад пажараў. Фота: 24-я асобная механізаваная брыгада імя караля Данііла

Не ведаю, як будзе, але я б хацеў, каб тое, што адбылося ў Бахмуце, Салядары, Вуглядары, стала ўрокам для будучых пакаленняў і для расіян, якія гэтае гора нясуць. Дарэчы, пакуль мы там былі, у падвалах заставаліся мясцовыя. У горадзе ўжо надыходзіў каюк, а яны яшчэ там сядзелі з нейкай надзеяй. Не ведаю, што з імі адбылося далей, бо потым гэтыя месцы занялі рускія. Яны, хутчэй за ўсё, іх перабілі — наколькі мне вядома па перахопах, у іх быў загад забіваць усіх.

— Раскажыце пра вашую сям’ю. Колькі вы ўжо не бачылі тату?

— Майму бацьку 74 гады, У мяне ёсць браты і сястра. Я не бачыў іх з 2021 года, як з’ехаў. Мы доўга не камунікавалі і паразмаўлялі пасля таго, як кадэбісты выпусцілі з ім гэтае незразумелае відэа. Ён заўсёды казаў, што Расія-гэта вайна, яшчэ ў тыя гады, калі ў 90-я яна толькі зарадзілася. Яго прымусілі запісаць гэтае відэа, ён у закладніках. Спецслужбы праз яго спрабуюць прымусіць мяне ці скласці зброю, ці з’ехаць куды-небудзь. А яшчэ лепш — вярнуцца на радзіму: нібыта мяне там «даруюць», дадуць дзесяць гадоў.

Самае галоўнае — мая сям’я не мяняе сваіх поглядаў. Што сказана на камеру — гэта на камеру. А сілавікі, якія ўвесь час прыходзяць да майго бацькі, разумеюць, што за ўсё давядзецца адказваць, і гэта пытанне часу: не было ніводнага дыктатара і памагатых, якія б не адказалі за свае злачынствы. Гісторыю будуе Бог.

— Што цяпер з «Маладым фронтам», вы кіруеце арганізацыяй?

— Акурат збіраемся зрабіць з’езд, але не ведаем, як зручней, бо многія маладафронтаўцы ў турмах сядзяць, частка (больш за дзясятак) — у батальёне «Волат». Я яшчэ кіраўнік арганізацыі, але, можа, бліжэй да восені на з’ездзе ўвядзём змены. Мне ўжо будзе 34 гады, я не падыходжу па статуце як кіраўнік. Ёсць маладыя хлопцы — сапраўдныя байцы і героі, якія могуць заняць гэтую пасаду. Думаю, праз месяц-паўтара ўжо даведаецеся імя гэтага чалавека. Цяпер мы не можам займацца палітыкай, бо мы на фронце, але я вяду перамовы з рознымі палітыкамі, дзеячамі. З Наталляй Радзінай мы бачыліся, з дарадцам кабінета Зяленскага была закрытая размова. Асноўнае пытанне — вайна, але што будзе далей, у Беларусі, як мы пойдзем, хто нам дапаможа — гэта таксама прапрацоўваецца.

«Ціханоўская мела кантакты з КДБ. Падаляк агучваў гэта, не агучваў… Мне не трэба агучваць — я сам ведаю»

— З беларускімі дэмсіламі ў вас ёсць камунікацыя?

— Я вам адразу скажу, што Ціханоўскіх вось гэтых, кабінеты мы не падтрымліваем і не прызнаём. Я ўжо наслухаўся: «Пуцін — мудры», «Чый Крым?» — «Ён жа быў рускім»… Сяргея Ціханоўскага я ведаў яшчэ да ўсіх гэтых падзей. Ён прыйшоў да нас, калі мы арганізоўвалі акцыі супраць інтэграцыі [з Расіяй] у 2019 годзе. Потым ён ужо неяк завязаўся з Мікалаем Статкевічам, Паўлам Севярынцам, мы размаўлялі, і ад яго таксама ішоў такі расійскі душок. Ён адмаўляўся асвятляць акцыі ў Мінску праз тое, што там былі плакаты, дзе расіян называлі маскалямі.

Прайшоў час, з’явілася спадарыня [Святлана] Ціханоўская — нічога не змянілася. Гэта чалавек, які ніколі ў жыцці не будзе прызнаваць беларускую мову. Яна ўсё жыццё жыла, і пытанні палітыкі, нацыяналізацыі, мовы яе не хвалявалі. Як яна сама сказала: «Я не ўмею размаўляць на беларускай мове, але паспрабую. У далейшым не планую вучыцца». Яна не будзе размаўляць па-беларуску.

У ліпені 2020-га Ціханоўская, адказваючы на пытанне «Еўрарадыё», сказала, што «юрыдычна Крым украінскі, але фактычна ён расійскі». У лістападзе ўкраінскай рэдакцыі «Радыё Свабода» растлумачыла, што паўвостраў належыць Украіне паводле міжнароднага закона, а дэ-факта «маем тое, што маем». Пазней не раз называла Крым украінскім.

Улетку 2020-га ў інтэрв'ю «Медузе» лідарка дэмсіл расказвала, што свабодна гаворыць па-беларуску. Тады ж на сваім сайце яна публікавала перадвыбарчую праграму, дзе выступіла за беларусізацыю і развіццё адукацыі на беларускай мове.

— Ціханоўская размаўляе па-беларуску цяпер, відэазвароты выпускае.

— Па-першае, яна гаворыць, бо гэта неабходнасць. Па-другое, па Канстытуцыі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, мы «Маладым фронтам» заўсёды стараліся, каб рускую прыбралі. Ціханоўская сказала: «Не трэба прыбіраць рускую, у нас жа шмат людзей на рускай мове размаўляе!» Вось гэтай фразы дастаткова.

У канцы ліпеня 2020-га Ціханоўская ў інтэрв'ю Lenta.ru адзначала: «Калі чалавеку зручней размаўляць на рускай, мы не павінныя яго прымушаць размаўляць на беларускай. Але гэта не значыць, што мы не павінныя папулярызаваць родную мову». Яна дадала, што пытанне статусу дзяржаўнай для рускай мовы беларусы мусяць вырашаць на абмеркаванні або рэферэндуме.

Я камунікаваў і з [Віктарам] Бабарыкам — ён чыста расійскі (гаворка пра пазіцыю. — Заўв. рэд.), ненавідзеў Кастуся Каліноўскага. А як толькі камеры ўключаліся — любіць Беларусь, 25 сакавіка і Каліноўскага. Таму ўсе гэтыя пераходныя кабінеты з рознымі іх агентамі незразумелымі, плюс ГУР Украіны пацвердзіла, што Ціханоўская мела кантакты з КДБ. Я сам на свае вочы бачыў вось гэтую аператыўную інфармацыю, ці як яе назваць. Я гэта ведаю і ад іншых крыніц плюс служу ў разведцы. Мне гэтага дастаткова.

Денис Урбанович. Фото: svaboda.org
Дзяніс Урбановіч. Фота: svaboda.org

— ГУР не рабіла афіцыйна такіх заяваў. «Люстэрка» часта размаўляе з Міхаілам Падалякам, дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны, ён у сваіх выказваннях пра Ціханоўскую таксама такіх фактаў не агучваў. У вас ёсць доказы?

— Я не памятаю, гэта было год таму, але дзесьці была інфармацыя пра супрацоўніцтва. Паслухайце, Падаляк агучваў гэта, не агучваў… Мне не трэба агучваць — я сам ведаю. Я ведаю Сяргея Ціханоўскага больш, чым вы, журналісты, усе разам узятыя. І ведаю, што гэта рускі душок, як і яго жонка. Бабарыкі, Ціханоўскія — усе яны прыедуць разам з Прыгожыным па этапе. І не трэба гэтых правакацыйных пытанняў задаваць: а хто, а каму, а як. Да Ціханоўскай вельмі шмат увагі. Вучыце мову, змагайцеся за Беларусь, і ўсё. А Ціханоўская — гэта не Беларусь. І Пазняк гэта казаў. У Зянона Станіслававіча ўсё гэта апісана.

Ёсць яшчэ былыя міліцыянты ў BYPOL — яны пасадзілі столькі нашых пабрацімаў, што ім, гэтым Азаравым, даравання няма. Я ўжо летам 2020-га, калі вызваліўся пасля сутак, разумеў, што выбары скончацца поўнай д**ай, бо Ціханоўская, Цапкала і Калеснікава будуць перашкаджаць трошкі сітуацыю павярнуць у іншы бок: мірны пратэст, кветачкай памахаць, зліў большай часткі актыўнага народа — тых, хто пойдзе на плошчу кідаць камяні.

Яны сваю функцыю выканалі, зрабілі спектакль, што нібыта Ціханоўскую ў ЦВК Ярмошына затрымала. Паверце, калі б Лукашэнку моцна трэба было яе пасадзіць, яна села б разам з мужам. Але на яе разлічвалі спецслужбы, таму яе ніхто ніколі ў жыцці б не пасадзіў. Яе мусілі адправіць у Літву, гэта было загадзя падрыхтавана, мы гэта ведалі за два месяцы да 9 жніўня. Але беларускі народ чамусьці, як і ў 1994-м, вырашыў па-іншаму: тады «ёсць Лукашэнка, давайце мы за яго прагаласуем» — і тут «трэба галасаваць за Святлану Георгіеўну, яна ж расхістала рэжым. Нам пофіг на беларускую мову, пофіг на ўсё». Але Ціханоўская, калі б выйграла выбары, прывяла б Беларусь да Расіі, як гэта рабіў Лукашэнка.

— Ціханоўская заяўляла, што збіралася не кіраваць краінай, а правесці новыя выбары. Другі момант: адкуль у вас інфармацыя пра падрыхтоўку яе вывазу ў Літву? Калі яна была завербаваная, як вы кажаце, чаму яна так шмат праблем уладам у Беларусі стварыла пасля ад’езду?

— Вы мяне не даслухалі да канца. Па-першае, Лукашэнка таксама не заяўляў, што будзе кіраваць краінай 28 гадоў. Не забывайце, што ФСБ працавала на некалькі франтоў. З Ціханоўскай нешта не прайшло б — з’явіўся б Бабарыка, яна б сказала, што ён добры кандыдат. Для гэтага побач была Калеснікава — павярнуць яе [Ціханоўскую] куды трэба. Быў яшчэ Цапкала — ён яшчэ горшы, чым гэтыя двое разам узятыя.

Вы, дарагія мае беларусы, павінныя разумець, што Расія ніколі ў жыцці не выпусціць Беларусь з-пад увагі і не пусціць у прэзідэнты чалавека нацыянальна свядомага ці таго, хто больш цягнецца да Еўропы. Ні Бабарыка, ні Цапкала, ні Ціханоўская не былі такімі і не ішлі да Еўропы. Іх палітыка — пагроза незалежнай Беларусі. Можа, яны і разумныя людзі, сваю справу ведаюць, але я ў іх не бачу лідараў нацыі. Такіх, «вулічных салдатаў» — Севярынец, Дашкевіч, — іх пасадзілі адразу хуценька. Ну і Ціханоўскага, бо ён тады праўда быў пагрозай, збіраў людзей шмат — пытанняў няма.

І паверце, калі Лукашэнка памрэ, «Ісусам Хрыстом», хутчэй за ўсё, будзе Віктар Бабарыка, які скажа: «Дзякуючы рускім выпусцілі ўсіх палітвязняў». Я такі варыянт разглядаў яшчэ да вайны, але цяпер для РФ гэта будзе глупствам — беларусы могуць не так зразумець: там ідзе вайна, а тут рускія палітычных выпускаюць.

Калі Лукашэнка памрэ і Віктар Лукашэнка падпіша 31-ю карту, Беларусь ужо будзе часткай Расіі (у выпадку смерці палітыка ўлада пяройдзе да кіраўніцы Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, у выпадку гібелі — да кіраўніка Савета бяспекі, які ў такім выпадку таксама ўзначаліць Качанава. Старэйшы сын Лукашэнкі, Віктар, фармальна не можа атрымаць уладу ў краіне ў выпадку смерці бацькі. — Заўв. рэд.). І тут ужо пытанне да народа, да Пераходнага кабінета, да ўсіх — як будзем вызваляць краіну? Лукашэнка ж яшчэ можа нешта ляпнуць на Расію, але ягоныя сыны, хунта — не. Яны як шэрыя мышы, ім прасцей інтэгравацца, каб былі адны законы, мова, валюта — нацыянальнае пытанне ў Беларусі фактычна закрытае. Гэта, можа, адзінае, чаму я рады, што Лукашэнка жывы, — бо пасля яго смерці Беларусі ўжо не будзе.

— Вы не заўважаеце, што Ціханоўская выказваецца супраць Пуціна, расійскай агрэсіі, дала зразумець, што нам не па дарозе з Расіяй? І калі б Бабарыка, як вы кажаце, выйшаў і падзякаваў за дапамогу Крамлю, гэта значыла б, што ён падтрымлівае вайну. Такое цяжка ўявіць, да таго ж беларусы б яго асудзілі.

— Змагаюцца з расійскай агрэсіяй на фронце, украінская нацыя. А седзячы ў Еўропе за нейкім круглым сталом — гэта не барацьба. Ну так, яна сказала супраць. Я таксама магу сказаць супраць, магу сказаць за. Лукашэнка таксама крытыкаваў Пуціна — успомніце месяцы два таму, калі ён сказаў: «Контрнаступленне УСУ — піпец Расіі» (Аляксандр Лукашэнка не рабіў такіх заяваў. 31 сакавіка ён казаў, што не верыць у поспех украінскага контрнаступлення. — Заўв. рэд.). Што б ні казала Ціханоўская, для мяне пачатковы этап важны. Чаму так не пачыналі Пазняк, Севярынец, Дашкевіч, Статкевіч?

Спадарства, я быў на прыёме ў кіраўніцтва Украіны, і мне наўпрост было сказана, што з Ціханоўскай размаўляць ніхто не будзе, бо яна такі і такі чалавек. Нашая задача — будаваць незалежнае беларускае войска на нацыянальных ідэях і ісці вызваляць Беларусь. З Ціханоўскай і ўсім Пераходным кабінетам мы не будзем гэтага рабіць відавочна. Я вам больш скажу: можна 100 гадоў праседзець з гэтым Пераходным кабінетам, і ён пра Беларусь ні разу не заявіць. Што Рада БНР, выгнаная ўлада, за апошнія 20 гадоў зрабіла для Беларусі і беларускага народа? Ніхрана яна не зрабіла, актыўных дзеянняў ад іх не было. Яны праіснавалі ў Канадзе як ляжачы камень, і ўсё. Гэтак жа і КР праз 20 гадоў будзе сядзець у Літве, і ўсё.

Я паважаю Зянона Станіслававіча Пазняка, але і ягоная партыя — яна проста ёсць. Добра памятаю «Еўрапейскую Беларусь» — Максім Вінярскі, Зміцер Дашкевіч, Яўген Афнагель, яны нешта рабілі, даносілі да людзей, што Лукашэнка і Расія — зло. Не за 10 тысяч кіламетраў у Амерыцы, а ў Беларусі. Гэтыя людзі для мяне маюць вялікую каштоўнасць і павагу.

— Вы ж разумееце, што любы чалавек, які супраць улады, можа цяпер у краіне быць толькі за кратамі? Вы і самі з’ехалі.

— Я не асуджаю тых, хто з’ехаў у 2020-м: былі масавыя рэпрэсіі, велізарныя тэрміны. Я асуджаю тых, хто з’ехаў 20 гадоў таму і нават не ведае, як Беларусь цяпер выглядае, але заяўляе пра сябе. Я з’ехаў у 2021-м, бо мне пагражаў тэрмін 20 гадоў. Мяне доўга ўгаворвалі родныя, пабрацімы. І выязджаў я не адзін — з маладафронтаўцамі.

Денис Урбанович. Фото: Радыё Свабода
Дзяніс Урбановіч на вайне ва Украіне. Фота: Радыё Свабода

«Калі б Лукашэнка перашкаджаў народу, ён бы даўно ад яго пазбавіўся. Беларусы ж жывуць цяпер у краіне? Жывуць»

— У вас ёсць крыўда на беларусаў за тое, што ў 2020-м многія хацелі пратэставаць мірна? Вы ўжо казалі пра «кветачкі, акцыі».

— Я разумею ўсё, але беларусы маглі б дзейнічаць і крыху радыкальней. Ніводзін дыктатарскі рэжым не падаў ад мірных выбараў — усё вырашалася заўсёды праз кроў і зямлю. Прыклад той жа Украіны — калі б у свой час там з’явілася свая Ціханоўская, Украіна б ужо была з рускім сцягам. А нацыяналісты, дзякуючы іх радыкальным спосабам барацьбы супраць рэжыму Януковіча, учапіліся намёртва за сваю свабоду і за свой выбар. Гэтая нацыя вартая чагосьці. А ў нас за свабоду ніхто не чапляўся, людзі рабскі ашыйнік дагэтуль носяць, схадзілі — кветачку кінулі.

— Людзі не хацелі крыві.

— Паслухайце, гэта гучна сказана. Кроў была, прычым у нас (з боку пратэстоўцаў. — Заўв. рэд.). Я вам скажу, што, калі б тады ў Беларусі нешта пайшло не так, гэтыя архараўцы, якія цяпер бегаюць па ўкраінскай зямлі, бегалі б па беларускай. І там бы ўжо не лічылі 10, 20, 30 — зусім па-іншаму лічылі б. Ёсць агонь і меч, толькі так можна вырашыць пытанне.

— Цяпер шмат абмяркоўваецца пытанне вызвалення Беларусі пасля перамогі Украіны. Як вы сабе гэта ўяўляеце?

— Я яшчэ нават не думаў, шчыра кажучы, як вызваленне будзе выглядаць. Давайце спачатку вырашым пытанне ва Украіне, потым будзем разбірацца з Беларуссю. Я па-рознаму гэта ўяўляў, маладафронтаўцы — гэтак жа. Шчыра кажучы, мы не прыйшлі да аднаго меркавання. План па вызваленні Беларусі ў нас ёсць (я не буду яго агучваць), але мы не прапрацоўвалі, як гэта ўсё будзе выглядаць. Нешта можна пралічыць, напрыклад смерць Лукашэнкі, прызначэнне якой-небудзь Качанавай, але цяпер складана казаць. Адзінае, калі беларускі народ хоча, каб яго вызвалілі, ён гатовы для гэтага зрабіць усё магчымае, — гэта не пытанне. Калі яму падабаецца жыць так, як ён цяпер жыве, — калі ласка, гэта воля народа. Бо ўлада — гэта і ёсць народ. Калі б Лукашэнка перашкаджаў народу, ён бы даўно ад яго пазбавіўся. Беларусы ж жывуць цяпер у краіне? Жывуць. Можа, іх не ўсё задавальняе, але большасць — задавальняе. Усё.

— Полк Каліноўскага заяўляў пра палітычныя амбіцыі. Беларусы на гэта рэагавалі па-рознаму, хтосьці казаў, што вайскоўцы мусяць займацца вайной, палітыкі — палітыкай. Як вы гледзіце на тое, што вайскоўцы могуць прыйсці і кіраваць у Беларусі?

— Трохі папраўлю вас: вайскоўцы — гэта статут, прысяга, а мы добраахвотнікі. Так, у нас ёсць структура, мы падпарадкоўваемся, ёсць пэўныя правілы, але крыху па-іншаму. Полк і палітычныя амбіцыі… Ну, я лічу, што вайна вайной — палітыка палітыкай. Я не займаюся арганізацыяй (гаворка пра «Малады фронт». — Заўв. рэд.) — у мяне проста няма часу. Я або ў Бахмуце, або ў іншай абстаноўцы, дзе мне трэба, скажам, з самай раніцы да вечара працаваць з асабовым складам, зброяй, аперацыямі. Якая нахран палітыка? Калі я пачну займацца ёю, будзе прасядаць баявая праца. А ў камандаванні палка не ваююць — штаб, я маю на ўвазе, астатнія каліноўцы ж на вайне.

— Вы сочыце за меркаваннямі беларусаў, пытаеце сваіх знаёмых? Вам можа гэта не падабацца, але людзі могуць не хацець вырашэння пытанняў сілавым варыянтам.

— Ніхто не хоча, каб у Беларусі пачаліся баявыя дзеянні, таму ўсё залежыць ад нашага заходу. Беларускі народ можа «вырыгнуць» вызваленчую армію, бо яна прынясе кроў, разбурэнні. Вы ж разумееце, што ты ж не зойдзеш у трусіках і тапачках у Беларусь і не скажаш: «Дзень добры, мы прыйшлі вас вызваляць!» Давядзецца, вядома, страляць, забіваць (я пра тых, хто будзе аказваць супраціў з сілавікоў), таму я разумею. І размаўляў з людзьмі рознымі ў Беларусі, у мяне шмат сяброў. Кажуць, не ўсе нас чакаюць. То-бок і Лукашэнку не любяць, але і нас не чакаюць, бо лічаць, што наш прыход прынясе вайну і разруху. Памятаеце такую фразу: «Не хочам як ва Украіне»? Я не выключаю варыянту, што беларускі народ можа не ўспрыняць сваё вызваленне.

Чытайце таксама