Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. Что у солдата на обед? Сравните фотографии армейских блюд из Беларуси, Латвии, Литвы, Польши, России и Украины
  2. «Россияне могут либо воевать, либо работать в экономике». Эксперты рассказали о проблемах для России из-за потерь в Украине
  3. BELPOL: Соглашение с РФ о гарантиях безопасности позволит привлекать беларусов «для защиты территориальной целостности России»
  4. В Гомеле поликлиника судится с 20 медиками. С них пытаются взыскать причиненный ущерб
  5. Банкир рассказал, почему в обменниках могут не принять некоторые доллары для обмена
  6. Лукашенко начал понимать смысл научных работ — и ужаснулся? Мнение химика о последней атаке политика на Академию наук
  7. Беларуса уволили с госпредприятия из-за подозрений в протестах и выдали «волчью» характеристику. Как думаете, на чью сторону встал суд?
  8. «Бортпроводники начали пристально следить в окошко». Самолет «Белавиа» вернулся в Минск из-за проблемы с двигателем
  9. «Станет возможным во второй половине следующего года». Россия поставит Беларуси ракетный комплекс «Орешник»
  10. Генпрокуратура в закрытом письме раскритиковала работу организации, которую возглавляет экс-глава МВД
  11. «Спецназ Карпенкова» занимался ночными облавами. Задержаны «финансировавшие ВСУ и экстремистские организации»
  12. Дружественные Минску эксперты оценили, что в Беларуси ближайшие три года будет с долларом и ценами. Их прогноз вам вряд ли понравится
  13. В Беларуси массово судят дропов. Некоторые узнают, что стали соучастниками преступной схемы, только когда приходят силовики
  14. Расследование «Бюро»: личный парикмахер Лукашенко и «автор знаменитого зачеса», возможно, родила ему дочь. А кто еще обслуживает политика?
  15. Принята резолюция. Утверждается, что Беларусь и Россия договорились об отмене роуминга, — когда это заработает
Чытаць па-беларуску


Кацярына Батлейка,

Фудблогерка з Івянца Алеся працуе ў Польшчы і гатуе для беларусаў. У размове з «Салідарнасцю» жанчына распавяла пра асартымент прадуктаў у Польшчы, чаму ўмомант пераклала блог на беларускую, як змагла ўладкавацца кухаркай без адукацыі і як у Польшчы можна законна не адкрываць ІП, маючы маленькі бізнес.

Фублогерка Алеся. Фота з асабістага архіва
Фублогерка Алеся. Фота з асабістага архіва

Алесі 32 гады, жанчына вырасла ў горадзе Івянцы і вывучылася на настаўніцу геаграфіі і біялогіі, але працавала не па спецыяльнасці — менеджаркай па продажах. Усё жыццё Алеся любіла гатаваць і падчас каранавіруса вырашыла завесці кулінарны блог у Instagram.

Спачатку яна вяла яго на расійскай мове, але потым перайшла на беларускую — і ў блогу, і ў жыцці. Пасля вымушанага пераезду ў Польшчу блогерка таксама ўладкавалася на працу кухаркай нават без профільнай адукацыі. Алеся працягвае весці свой блог, піша кнігі з рэцэптамі, а таксама арганізавала ўласны кейтэрынг.

— Я стварыла блог падчас кавіду, каб проста не звар’яцець. Спачатку ён быў на расейскай мове. Рэцэпты былі максімальна простыя, з прадуктаў, якія заўсёды былі дома. Мяне цікавілі міні-версіі розных страваў: дэсерты, фінгерфуд. Аўдыторыя расла, і блог быў даволі паспяховы.

У адзін дзень я апублікавала пост, што выдаляю блог і ствараю новы — на беларускай мове. Гэтае рашэнне я прыняла даволі хутка: мы з мужам былі ў гасцях у Італіі, знаёмыя спыталі, на якой мове размаўляюць у Беларусі. Мы адказалі — беларускую ведаюць, але размаўляюць у большасці на расейскай. Яны былі вельмі здзіўленыя, казалі, што не ўяўляюць, як бы размаўлялі не на італьянскай.

Мы з мужам пераглянуліся, і зразумелі: трэба нешта рабіць. Ну вось, спачатку я завяла новы блог на беларускай мове, а потым паступова мы з мужам перайшлі на беларускую і ў жыцці.

Фублогерка Алеся. Фота з асабістага архіва
Фублогерка Алеся. Фота з асабістага архіва

Зараз на Instagram Алесі падпісана трохі болей за пяць тысячаў чалавек. Жанчына прызнаецца, што кулінарыі спецыяльна нідзе не вучылася, яе развіццё — гэта відэа на YouTube, Pinterest і ўласнае ўяўленне.

Са з’яўленнем новага блога ў суразмоўніцы «Салідарнасці» таксама змяніўся погляд, як павінна выглядаць ежа на талерцы, фотаздымкі сталі больш якаснымі. Рэцэпты Алеся імкнецца выкладаць максімальна простыя — яны, кажа жанчына, больш папулярныя сярод беларусаў.

— Што тычыцца мовы, то ў мяне добрыя водгукі на старонку. Негатыўных амаль няма. Пару разоў пісалі «ябацькі», некалькі разоў пісалі людзі хіба з Расеі, што трэба пісаць на «зразумелай для іх» мове. Таксама людзі могуць адпісвацца пасля нейкіх відэа, якія хоць неяк кранаюць тэму палітыкі.

Напрыклад, пасля відэа са стравамі на Дзень Волі ад мяне адпісалася 500−600 чалавек, але я не шкадую.

Страва з блога. Фота з асабістага архіва
Страва з блога. Фота з асабістага архіва

Людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, баяцца каментаваць публікацыі, у асноўным гэта робяць тыя, хто па-за межамі краіны. Камунікацыя з падпісчыкамі ў мяне адбываецца праз асабістыя паведамленні. Людзі дасылаюць фотаздымкі страваў па маім рэцэпце, пытаюць, якія прадукты лепш купіць у Польшчы.

У блогеркі ёсць некалькі падпісчыцаў, чые мужы працуюць дальнабойшчыкамі. Для іх, па запыце, Алеся складае спіс прадуктаў, якія для пэўных страваў лепш купіць у Польшчы.

— Ёсць цяжкасці, бо не ўсё можна правезці. Але я рэкамендую набываць у Польшчы маскарпонэ фірмы Galbani, аліўкавы алей Monini, макарону, польскую какаву — і я, і падпісчыцы заўважылі, што яна значна лепш, чым у Беларусі. Калі пашукаць, у Беларусі гэтыя прадукты таксама можна знайсці, напрыклад, на Камароўцы.

Таксама з падпісчыцамі з розных краінаў мы абмяркоўваем склад розных страваў, бо ў залежнасці ад тыпу, напрыклад, мукі і цукру можа атрымлівацца зусім па-іншаму, і трэба камбінаваць.

Дарэчы, заўважае суразмоўніца, у эміграцыі шмат беларусаў набірае вагу.

— Па-першае, гэта ад стрэсу, а па-другое, з-за даступнасці прадуктаў. Яшчэ адна справа, калі чалавек прыехаў з Мінску, а вось калі з нейкага маленькага гарадка… Ты прыязджаеш у Польшчу, ідзеш у Auchan, і вочы разбягаюцца: а як гэта на смак, а як тое? І кладзеш у кошык шмат чаго. Таксама тут у крамах бываюць тыдні Італіі, Грэцыі і іншых краін, і ўсё хочацца паспрабаваць.

У Беларусі, як кажуць, ёсць усё, але пры гэтым нічога. Напрыклад, мы з мужам хацелі прыгатаваць італьянскі рысавы салат, куды патрэбны сыр правалонэ: у якіх толькі крамах мы ні былі, але знайшлі яго толькі на Камароўцы. Кавалачак быў вельмі дарагі, але ўзялі.

Калі мы прыйшлі па гэты сыр у польскі Auchan, то тут было каля дзевяці варыянтаў на выбар. Я не ведала, які ўзяць. То-бок там не было чаго ўзяць, а тут не ведаеш, што ўзяць. Тая ж самая сітуацыя з маскарпонэ: у Беларусі ў буйных крамах хіба два віды было, а тут пяць як мінімум.

Таксама ў Польшчы ў параўнанні з Беларуссю крута быць веганам. У мяне была замова дэсертаў для веганаў, я спачатку разгубілася, а потым зайшла ў аддзел для веганаў і знайшла ўсё, што мне трэба.

З беларускіх прадуктаў, кажа беларуска, у Польшчы ёй не хапае толькі глазураванага сырку з пандай і сушанага мяса ад «Галерэі смаку».

Нядаўна Алеся таксама пачала публікаваць стравы беларускай кухні. А ў яе кнізе са стравамі на Вялікдзень ёсць нават рэцэпты ад бабулі. Дзякуючы гэтай кніжачцы, распавядае кухарка, яна зразумела, як шмат ёсць у беларускай кухні.

— Калі ў каго спытаць, што такое беларуская кухня, больш за ўсё адказаў будзе пра дранікі і бліны. Так, гэта і мае самыя ўлюбёныя беларускія стравы. Але ў нас шмат чаго ёсць. Мая бабуля полька, у нас у Івянцы ўвогуле жыло шмат палякаў. Таму рэцэпты ў маёй бабулі былі беларуска-польскія. Цікава, што яны былі напісаныя па-беларуску, але часта там праскоквалі польскія словы.

З дзяцінства мне запомніліся аладкі з макам на Каляды, суп з крапівы, шарлотка, дзьмухаўцы, мачанка, дранікі і бліны, халаднік у нас быў толькі са шчаўя. Таксама ў кніжцы ёсць суп жур — па інгрэдыентах і смаку ён нагадвае польскі журэк.

Таксама ў бабулі ёсць рэцэпт з цікавай назвай: мяса па-радзівілаўску. Гэта такая адбіўная з поліўкай. Вось трэба гэтым і дзяліцца, каб свет бачыў.

Цікава, што ў Алесі ёсць і свае кнігі з рэцэптамі, але ў фармаце анлайн: на Вялікдзень, Каляды, восеньская кніга і на пікнік, то бок летняя.

Свой блог жанчына называе дарагім хобі, грошай жанчына з яго не атрымлівае, хутчэй укладае ў ежу, разыгранкі і рэкламу. Для заробку ў жанчыны дзве працы — у рэстарацыі гатэля і ўласны кейтэрынг.

Страва з блога. Фота з асабістага архіва
Страва з блога. Фота з асабістага архіва

— Я прыйшла ў рэстаран гатэля ад Mariott да таго, як ён адчыніўся. Паказала свой блог, што гатую і сказала, што хачу папрацаваць, каб набрацца досведу ў гэтай галіне. Я шчыра прызналася, што ніколі ў гэтай сферы не працавала.

Але ім быў патрэбны чалавек, і мне прапанавалі іспыт на тры месяцы з невялікім заробкам. Я пагадзілася, бо гатэль ад Mariott: зразумела, там будзе чаму павучыцца.

Спачатку я працавала на сняданнях, потым перайшла на банкеты, і заробак павысілі. Досвед гэты вельмі карысны, і я думаю шукаць нешта новае і ісці наперад. Апроч асноўнай працы, у мяне таксама ёсць уласны кейтэрынг.

ІП беларуска не адчыняла: па польскім законе, калі чалавек са сваёй дзейнасці атрымлівае на картку менш за 3180 злотых (каля 800 долараў. — Заўв. «Салідарнасць»), ён можа не рэгістраваць ІП. Але для кулінарыі дома неабходны дазвол ад санэпідэму.

 — У Беларусі я ніколі не працавала ў сферы грамадскага харчавання, бо ў нас нялёгка зрабіць санкніжку, а я яшчэ і была прапісаная ў бацькоў у Івянцы. Тут усё робіцца хутка: здала аналізы, два дні чакаеш, потым прыходзіш да доктара, ён робіць яшчэ некалькі тэстаў і ўсё.

Таксама для маёй дзейнасці быў патрэбны дазвол ад гаспадыні здымнай кватэры, што яна згодная, каб я займалася ў кватэры хатняй гаспадаркай. Потым застаецца атрымаць дазвол ад санэпідэму: трэба напісаць заяву, атрымаць кнігу па бяспецы, купіць дадатковую лядоўню, зрабіць апісанне кухні.

Праз некалькі дзён да мяне прыйшлі, паглядзелі, што дома ўсё як і напісана, і выдалі дазвол. Няма такога, што ты трасешся, баішся, што будзе нешта не так і дазвол не атрымаеш. Нават калі было нешта не так, яны проста падказалі, як зрабіць лепей, і ўсё.

Тое, што можна не адкрываць ІП, значна паляпшае жыццё, калі хочаш сябе ў нечым паспрабаваць: ты не ведаеш, пойдзе ці не. Паспрабаваў — не пайшло, ну і ўсё, займаешся іншым. А ў Беларусі для гэтага трэба адкрываць ІП, а потым закрываць яго, што не так проста. Я ведаю, бо ў Беларусі была аформленая як рамеснік (шыла цацкі) і закрыць гэта было няпроста.

Ежу з кейтэрынгу Алеся дастаўляе на бізнес-спатканні для беларусаў. Кажа, што з беларусамі лягчэй працаваць з-за падобнага густу ў ежы. А вось палякі, напрыклад, дадаюць у стравы вельмі шмат воцату і гарчыцы.

Спраўляцца з працай і блогам, прызнаецца Алеся, ёй дапамагаюць добрыя словы ад падпісчыкаў:

— Бывае цішыня-цішыня, і здаецца, што гэта нікому не патрэбна. А потым напіша чалавек, дашле фота, як прыгатаваў па маім рэцэпце. Нават калі аднаму чалавеку гэта патрэбна, трэба рабіць.

Я раблю гэта і для сябе. Рэцэпты захоўваюцца, я імі карыстаюся. Таксама мой галоўны фанат — гэта мой муж, ён каментуе ўсе мае пасты.

А яшчэ ўсё гэта дапамагае мне ў эміграцыі — па-першае, гэта мова, па-другое, праца з беларусамі: прыходзіш на імпрэзу, чуеш, як усе размаўляюць на беларускай мове, і адчуваеш сябе як дома.