Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Складаная сітуацыя, у якой аказалася беларуская мова пасля двух стагоддзяў актыўнай русіфікацыі краіны ў складзе Расійскай імперыі, СССР і пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, выклікае сумныя думкі. Можа нават падацца, што адбыліся незваротныя змены і ўсе спробы выратаваць беларускую мову асуджаныя на няўдачу. На шчасце, гэта зусім не так. «Рэанімацыя» моваў — не такі ўжо і рэдкі працэс, і часам іх удавалася «выцягваць» і са значна цяжэйшага стану, чым той, у якім знаходзіцца беларуская. Успамінаем, якія гэта былі мовы, і разбіраемся, што можа спатрэбіцца для паўнавартаснага адраджэння нашай.

Мова наогул можа памерці?

Так, мовы паміраюць пастаянна, і гэта нармальны працэс.

Гісторыя кожнай мовы, як правіла, вельмі моцна нагадвае жыццёвы шлях арганізма або эвалюцыйны шлях біялагічнага віду. У нейкі момант ён з’яўляецца, затым развіваецца, часта «дае нашчадкаў» і ўрэшце з розных прычын можа памерці. Паводле ацэнкі ААН, больш чым палова моваў свету з тых 6000, якія існуюць цяпер, «вымра» да канца XXI стагоддзя.

Вельмі зручным прыкладам могуць служыць мовы раманскай групы, узнікненне і развіццё (а для часткі — ужо і смерць) якіх адбываліся ўжо ў часы распаўсюджанага пісьменства. Агульным іх продкам была мова старажытных рымлян — лаціна, пісьмовая гісторыя якой прасочваецца з 7 стагоддзя да нашай эры. Яна ўзнікла тыповым спосабам — як адзін з дыялектаў у ніжнім цячэнні ракі Тыбр у Італіі, якім карысталася племя лацінаў.

Разам з роднаснымі фаліскскай, умбрскай, вольскай, окскай, сабінскай, паўднёвапіцэнскім, эквійскай і вестынскай мовамі лаціна адносілася да групы італійскіх моваў. Амаль усе яны памерлі да I стагоддзя да нашай эры, не вытрымаўшы канкурэнцыі з самай паспяховай з іх ліку — лацінай. Палітычная экспансія Рыма, галоўнага горада лацінаў, ахапіла ўсю Італію — і мова заваёўнікаў паступова выцесніла ўсе астатнія.

Римский форум в наши дни. Фото: Stefan Bauer, ferras.at, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org
Рымскі форум у нашыя дні. Фота: Stefan Bauer, ferras.at, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org

Вядома, братазабойчая «вайна» паміж італійскімі мовамі, перамогу ў якой атрымала лаціна, не азначала поўнага фізічнага знішчэння носьбітаў іншых гаворак. Проста астатнія італійскія народы (і не толькі яны) пераходзілі на прэстыжнейшую і шырока распаўсюджаную мову заваёўнікаў, падвяргаючыся культурнай асіміляцыі. Гэта найбольш распаўсюджаны механізм моўнай смерці: выпадкі, калі мова знікае пасля знішчэння «пад корань» яе носьбітаў, значна радчэйшыя.

Адолеўшы астатніх сваіх «сясцёр» (а адначасова і іншыя мясцовыя мовы — напрыклад, этрускую, лігурыйскую, гальскую), лаціна на нейкі час засталася адзінай італійскай мовай у свеце. Пры гэтым увесь гэты час яна не была нязменнай, а развівалася — і ў розных рэгіёнах велізарнай Рымскай імперыі гэтае развіццё ішло нераўнамерна. У Італіі і аддаленых правінцыях з’яўляліся гутарковыя дыялекты, якія спачатку трохі, а потым усё больш і больш адрозніваліся ад літаратурнай, «афіцыйнай» версіі лаціны і адна ад адной.

Гэты працэс паскорыўся падчас распаду Рымскай імперыі, захопу розных яе рэгіёнаў прышлымі народамі і стварэння на заваяваных землях варварскіх каралеўстваў. Гісторыя лацінамоўных рэгіёнаў Еўропы і Паўночнай Афрыкі з гэтага часу пайшла сваімі шляхамі — як і гісторыя дыялектаў, якія ўтварыліся ў іх. У выніку адасобленыя дыялекты да нашага часу ператварыліся ў групу роднасных, але моцна адрозных нацыянальных літаратурных моваў раманскай (ад лацінскага Romanus — «рымскі») групы: французскай, іспанскай, італьянскай, румынскай, партугальскай.

Таксама ў гэтую групу ўваходзіць вялікая колькасць рэгіянальных моваў і моваў, якія з’яўляюцца пераходнымі формамі паміж іх «вялікімі сёстрамі»: каталонская, галісійская, арагонская, правансальская, рэтараманскія мовы Швейцарыі і Паўночнай Італіі, арумынская, мегленарумынская і іншыя. Частка раманскіх моваў і дыялектаў на цяперашні час ужо вымерла (далмацінская, кантабрыйская, мова габрэяў Паўднёвай Францыі шуадыт).

Паколькі прадстаўнікі раманскіх народаў стварылі некалькі шырокіх каланіяльных імперый, іх родныя мовы, уступіўшы ў кантакт з гаворкамі мясцовага насельніцтва, спарадзілі мноства крэольскіх (то-бок змяшаных) моваў, частка з якіх цяпер нават выкарыстоўваецца ў якасці афіцыйных — як кабувердзьяну (на партугальскай аснове) у Кабу-Вердэ і гаіцянская (на французскай аснове) у Гаіці.

Распространение романских языков и диалектов («потомков» мертвого латинского языка) в Европе. Изображение: Fobos92, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Распаўсюджанне раманскіх моваў і дыялектаў («нашчадкаў» мёртвай лацінскай мовы) у Еўропе. Выява: Fobos92, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Усяго на мовах раманскай групы («нашчадках» невялікага дыялекту італікаў з берагоў Тыбра) цяпер у свеце размаўляе больш чым 900 мільёнаў чалавек, галоўным чынам у Еўропе і Лацінскай Амерыцы. Пры гэтым працэс з’яўлення новых «дзяцей» (або, хутчэй, «унукаў») лаціны працягваецца: варыянты іспанскай і партугальскага моваў у метраполіях і былых калоніях з часам усё больш разыходзяцца паміж сабой. І цалкам магчыма, што праз нейкі час з’явяцца аргентынская або бразільская ці мексіканская мовы.

Цікавы лёс самой лаціны. Яна адносіцца да нешматлікай групы мёртвых моваў, якія, цалкам знікшы з паўсядзённай гутарковай камунікацыі, працягваюць выкарыстоўвацца ў іншых мэтах. Цяпер гэта афіцыйная мова Святога Пасаду (то-бок папы рымскага), Ватыкана і адна з богаслужбовых моваў Рымска-каталіцкай царквы ў цэлым, мова Мальтыйскага ордэна, а таксама адна з міжнародных навуковых моваў — так, лацінай шырока карыстаюцца медыкі, фармаколагі, біёлагі, юрысты. Да ліку такіх «муміфікаваных» моваў, якія выкарыстоўваюцца нават пасля фактычнай смерці, адносяцца таксама індыйскі санскрыт, эфіопскі геэз і царкоўнаславянская.

Ці ёсць мовы, якія былі ў становішчы, падобным да цяперашняна становішча беларускай?

Іх мноства. Сітуацыя, у якой аказалася беларуская, не ўнікальная. Вельмі многія мовы рана ці позна сутыкаюцца з ціскам з боку суседзяў. Вельмі часта гэта звязана, як і ў беларускай, з працэсам уключэння адной краіны ў склад іншай — у выніку заваявання, аб’яднання, дынастычнай або асабістай уніі (калі некалькі незалежных дзяржаваў аб’ядноўваюцца пад уладай адной дынастыі альбо канкрэтнага манарха).

Мовы амаль усіх дзяржаваў — суседак Беларусі аказваліся ў падобнай сітуацыі. Літоўская дакладна гэтаксама прайшла праз перыяд паланізацыі пасля аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў складзе Рэчы Паспалітай. Да XVIII стагоддзя найвышэйшыя слаі грамадства ў балцкіх рэгіёнах ВКЛ перайшлі на польскую, а літоўская выкарыстоўвалася сялянствам і дробнай шляхтай. А ў XIX стагоддзі на змену паланізацыі прыйшла русіфікацыя. Пры гэтым заходнія раёны сучаснай Літвы з XIII стагоддзя знаходзіліся пад кантролем розных нямецкамоўных дзяржаваў. Працэсы германізацыі ў гэтым рэгіёне былі вельмі жорсткімі — распаўсюджаная трохі на поўдзень роднасная літоўскай пруская мова цалкам вымерла да пачатку XVIII стагоддзя.

Латышская мова складвалася на аснове мовы латгалаў і іншых балцкіх плямёнаў на тэрыторыі сучаснай Латвіі, якая ўжо з XIII стагоддзя паступова заваёўвалася нямецкім ордэнам мечаносцаў. Некалькі стагоддзяў нямецкая ў Латвіі была мовай шляхты і духавенства, а латышская — мовай вясковага насельніцтва. Нават стваральнікамі латышскай пісьменнасці ў XVI стагоддзі былі нямецкамоўныя святары, якімі рухала жаданне зрабіць рэлігійныя тэксты зразумелымі для вясковых жыхароў.

Пасля далучэння тэрыторый сучасных Літвы і Латвіі да Расійскай імперыі яны сутыкнуліся з палітыкай русіфікацыі, падобнай да той, праз якую праходзіла ў той жа час Беларусь. У моўнай сферы гэта выяўлялася, напрыклад, у забароне выкарыстоўваць лацінскі алфавіт для друку кніг на латышскай мове. У Латгаліі (усходні рэгіён Латвіі, які ўваходзіў у часы Расійскай імперыі ў склад Віцебскай губерні) з 1865 года латышскія кнігі мусілі выходзіць толькі кірыліцай.

Две версии молитвослова на литовском языке, изданных в 1864 году (на латинице) и в 1866 году (на кириллице). Изображения: общественное достояние, commons.wikimedia.org
Дзве версіі малітваслова на літоўскай мове, выдадзеныя ў 1864 годзе (на лацінцы) і ў 1866 годзе (на кірыліцы). Выявы: commons.wikimedia.org

За Латгаліяй гвалтоўная русіфікацыя «накрыла» Літву, а ў 1875−1882 гадах прыйшла і ў іншыя рэгіёны Латвіі і Эстонію, дзе ў школах у абавязковым парадку ўводзілася руская мова (на поўны пераход да рускамоўнай адукацыі давалася пяць гадоў). За размовы на латышскай мове ў школах Латвіі дзеці караліся і прыніжаліся. Адначасова павялічылася міграцыя на гэтыя землі з Расіі — рускія прыязджалі на пасады паліцэйскіх, суддзяў, настаўнікаў, чыноўнікаў. Пасля перапынку, звязанага з існаваннем незалежных дзяржаваў Літвы, Латвіі і Эстоніі ў міжваенны перыяд, русіфікацыя вярнулася ў гэтыя краіны (калі ў 1940 годзе іх захапіў Савецкі Саюз).

У выніку да 1989 года 42,1% насельніцтва Латвіі лічыла роднай мовай рускую — пры тым, што 34% называлі сябе этнічнымі рускімі (і 52% — латышамі). Пры гэтым у той ці іншай ступені рускай мовай валодала 81,6% жыхароў Латвіі, а латышскай — толькі 62,4%.

Пасля Люблінскай уніі 1569 года паўднёвая частка ВКЛ (у адрозненне ад цяперашніх беларускіх і літоўскіх земляў) перайшла ў склад Каралеўства Польскага, праз што паланізацыя тэрыторыі сучаснай Украіны праходзіла яшчэ інтэнсіўней, чым у Беларусі і Літве. Пасля Пераяслаўскай рады 1654 года і пазнейшых падзелаў Рэчы Паспалітай Украіна аказалася падзеленая паміж Расійскай імперыяй і ўладаннямі аўстрыйскіх Габсбургаў. Ва ўсходняй частцы краіны русіфікацыя і насаджэнне рускай мовы мала адрознівалася ад тых жа мерапрыемстваў, што адбываліся ў Беларусі.

Ва Украіне забаранялася друкаваць, увозіць з-за мяжы і распаўсюджваць кнігі на ўкраінскай мове, руская мова ўкаранялася ў навучальных установах. У заходняй частцы краіны сітуацыя была складанейшая: спробы аўстрыйскіх уладаў гуляць на супярэчнасцях паміж польскім і ўкраінскім насельніцтвам на землях Галіцыі мелі для ўкраінскай мовы станоўчае значэнне. У эпоху аўстрыйскай асветніцтва (кіраванне імператара Іосіфа II у 1765−1790 гадах) тут фармавалася ўкраінская інтэлігенцыя. У перыяд аўстрыйскага валадарства ў Львоўскім універсітэце ствараліся ўкраінскамоўныя кафедры (філалогіі і тэалогіі), у Галіцыі друкавалася ўкраінскамоўная літаратура.

Пасля Першай сусветнай вайны і распаду Расійскай імперыі і Аўстра-Венгрыі Украіна аказалася падзеленая адразу паміж чатырма дзяржавамі (СССР, Польшчай, Чэхаславакіяй і Румыніяй), і становішча ўкраінскай мовы ў іх было вельмі розным. А калі краіна цалкам аказалася ў складзе СССР у 1945 годзе, украінская мова тут ішла прыкладна тым самым шляхам, што і беларуская ў БССР. Яе «апорай» заставалася вясковая мясцовасць і невялікія мястэчкі, а насельніцтва сталіцы і іншых буйных населеных пунктаў паступова станавілася ўсё больш і больш рускамоўным.

Разделы Речи Посполитой. Графика: Halibutt, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Падзелы Рэчы Паспалітай. Графіка: Halibutt, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Польская мова ў сваёй гісторыі таксама сутыкалася з сітуацыяй арганізаванага і моцнага ціску з боку захопнікаў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і напалеонаўскіх войнаў этнічную тэрыторыю Польшчы падзялілі паміж Расіяй, Прусіяй (пазней Германіяй) і Аўстрыяй. Ва ўсіх гэтых трох краінах польская мова выцяснялася з ужытку. Праўда, тры імперыі, канкуруючы паміж сабой, імкнуліся выкарыстаць «польскую карту», час ад часу «перавабліваючы» палякаў з лагера праціўнікаў на свой бок. Аднак паступальны рух у бок русіфікацыі і германізацыі нашых заходніх суседзяў працягваўся ўвесь гэты час.

Польская мова выцяснялася са школ, дзе замянялася рускай і нямецкай, са сфераў адміністрацыі і судаводства. Паралельна з выкараненнем мовы скажалася і гісторыя — у прыватнасці, на акупаванай Расіяй тэрыторыі выкарыстозваліся падручнікі, што наўпрост фальсіфікавалі гісторыю Польшчы. Нарэшце, як і ў Беларусі (якую называлі Паўночна-Заходнім краем), з канца 1880-х гадоў у Расійскай імперыі мэтанакіравана знішчалася нават назва краіны — Царства Польскае перайменавалі ў Прывіслінскі край.

Гэтыя прыклады суседзяў Беларусі — толькі малая частка агульнай карціны. У падобную сітуацыю траплялі і многія іншыя мовы. У складаным становішчы вельмі часта знаходзяцца гаворкі народаў, якія не маюць уласных незалежных дзяржаваў — напрыклад, карэльская, каракская, бурацкая мовы ў Расіі, верхне- і ніжнелужыцкая мовы ў Германіі, валійская і гэльская мовы ў Вялікабрытаніі.

Арэалы распаўсюджвання некаторых падзеленыя адразу паміж некалькімі дзяржавамі — як калісьці польская, украінская або (у 1922−1939 гадах) беларуская. Да іх ліку адносяцца роднасныя курдскія мовы (Курдыстан падзелены паміж Сірыяй, Іранам, Іракам і Турцыяй), саамскія мовы (Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя, Расія), баскская мова (Іспанія, Францыя). Нарэшце, існуюць старажытныя гаворкі карэннага насельніцтва краін, якія паступова змяняліся мовамі пазнейшых прыхадняў — напрыклад, копцкая мова («нашчадак» мовы старажытных егіпцян) у арабскамоўным Егіпце або науатль (мова ацтэкаў), якая павольна вымірае ў пераважна іспанскамоўнай Мексіцы.

А выратаваць мову можна? І наколькі «жывой» яна мусіць для гэтага заставацца?

Тут адказ адназначны — выратаваць можна.

Нават тыя мовы, якія ў нейкі перыяд пачыналі паміраць, часта ўдавалася рэанімаваць і вярнуць да паўнавартаснага жыцця. Беларускую ведаюць мільёны чалавек, і значная іх частка выкарыстоўвае яе ў паўсядзённым жыцці. Мэтаскіраванае выцясненне мовы працягваецца на нашых вачах, але пакуль яна яшчэ вельмі далёкая ад той стадыі, якую можна было б назваць незваротнай.

Тым больш што як мінімум аднойчы мову ўдалося выратаваць, выцягнуўшы практычна «з таго свету».

Дорожный указатель в Израиле на иврите (сверху), арабском и английском языках. Фото: Sir kiss, Public Domain, commons.wikimedia.org
Дарожны ўказальнік ў Ізраілі на іўрыце (зверху), арабскай і англійскай мовах. Фота: Sir kiss, Public Domain, commons.wikimedia.org

Гаворка пра іўрыт — гістарычную мову габрэяў і дзяржаўную мову Ізраіля, якая перастала быць размоўнай яшчэ ў канцы II — пачатку III стагоддзя нашай эры. Амаль дзве тысячы гадоў іўрыт існаваў як рэлігійная, паэтычная і навуковая мова (прыкладна як згаданыя вышэй лаціна або санскрыт), каб у XX стагоддзі пасля аднаўлення габрэйскай дзяржаўнасці стаць паўнавартаснай афіцыйнай мовай і сродкам паўсядзённых зносін мільёнаў жыхароў Ізраіля.

Для ўваскрашэння іўрыту спатрэбілася спалучэнне двух фактараў: мэтаскіраванай і цвёрдай дзяржаўнай палітыкі і жадання саміх грамадзян Ізраіля. Важна, што адраджэнне мовы пачалося грамадскімі дзеячамі яшчэ да аднаўлення габрэйскай дзяржаўнасці. Першую палову шляху іўрыт прайшоў яшчэ ў гады, калі землі Ізраіля належалі Асманскай імперыі і былі падмандатнай тэрыторыяй Вялікабрытаніі. У 1890 годзе ўраджэнец Беларусі Эліэзер Бэн-Ехуда заснаваў «Камітэт мовы іўрыт», які займаўся нармаваннем іўрыту, складаннем слоўнікаў, а таксама выпускаў на ім СМІ і іншыя выданні. Дзякуючы гэтаму ўжо ў 1922 годзе, за 26 гадоў да здабыцця Ізраілем дзяржаўнасці, іўрыт стаў адной з афіцыйных моваў брытанскай Палестыны.

Ізраільская дзяржава, адрадзіўшыся, падтрымала запыт грамадства, зрабіўшы іўрыт дзяржаўнай мовай, ствараючы школы з выкладаннем на іўрыце, пераводзячы на яго дакументаабарот, выкарыстоўваючы ў войску і падштурхоўваючы да вывучэння іўрыту тых жыхароў, якія не асабліва ахвотна гэта рабілі — напрыклад, арабаў.

У выніку цяпер на некалі мёртвым іўрыце гаворыць большасць 8,3-мільённага насельніцтва блізкаўсходняй краіны і каля мільёна чалавек у іншых краінах свету.

З сітуацыі, падобнай да цяперашняй беларускай, у пачатку XX стагоддзя ўдалося «адкачаць» чэшскую. Шматвяковае знаходжанне Чэхіі пад уладай Святой Рымскай імперыі і пазней Аўстрыі абярнулася для нацыянальнай мовы сур’ёзнымі праблемамі — цяпер лічаць, што яна выжыла ў гэты час цудам. Яе выкаранялі са сферы дзяржаўнага кіравання, літаратуры, школ і ўніверсітэтаў, кнігі на чэшскай мове палілі. Яна ператварылася ў сродак зносін сялянаў, часта непісьменных — а знатныя чэхі і гараджане выкарыстоўвалі нямецкую. Але ў канцы XVIII стагоддзя мог абрынуцца і сялянскі «бастыён»: у 1774 годзе аўстрыйская імператрыца Марыя Тэрэзія ўвяла агульнадаступную пачатковую адукацыю на нямецкай мове для дзяцей ад 6 да 12 гадоў. Нямецкая мова патрабавалася для паступлення ў сярэднія школы і ўніверсітэты.

Тым не менш новая аўстрыйская палітыка германізацыі ў гэты перыяд адрознівалася ад русіфікацыі беларусаў і ўкраінцаў у суседняй Расіі. У прыватнасці, пачатковыя школы ў Чэхіі вучылі і чэшскай мове — а нямецкая мова ўкаранялася як сродак далучэння чэхаў да дасягненняў эпохі Асветніцтва. Ідэі Асветніцтва, у сваю чаргу, абуджалі ў чэхаў цікавасць да роднай культуры і мовы. У такім супярэчлівым кантэксце пачыналі сваю дзейнасць актывісты, якія адраджалі літаратурную чэшскую мову.

Тыповым іх прадстаўніком быў стваральнік «Граматыкі чэшскай мовы» 1809 года Ёзэф Даброўскі, які з дзяцінства гаварыў па-нямецку, але засвоіў чэшскую ад аднакласнікаў у гімназіі. Паступова (яшчэ ў апошнія дзесяцігоддзі знаходжання Чэхіі ў складзе Аўстра-Венгрыі) амаль забытая па-за вясковай мясцовасцю чэшская ператваралася ў літаратурную мову культурнай эліты краіны. Стварэнне незалежнай Чэхаславакіі, у якой яна стала адной з дзяржаўных, замацавала гэтую тэндэнцыю (так, чэшская была абавязковай мовай унутранай камунікацыі паміж бюракратыяй). А вынікі Другой сусветнай вайны, пасля якой сотні тысяч судэцкіх немцаў пакінулі Чэхію, яшчэ больш узмацнілі пазіцыі нацыянальнай мовы ўнутры краіны.

Падобным чынам адбывалася «рэанімацыя» і іншых нацыянальных моваў, носьбіты якіх дамагаліся дзяржаўнай незалежнасці — у Польшчы, Венгрыі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Харватыі, Македоніі, Нарвегіі, Фінляндыі, Украіне, Казахстане, Карэі, Алжыры і многіх іншых. У залежнасці ад таго, наколькі далёка зайшоў працэс уніфікацыі ўнутры імперый, у склад якіх уваходзілі гэтыя краіны, адрозніваліся і адпраўныя пункты на шляху да адраджэння нацыянальных моваў. Так, хуткае адраджэнне чэшскай мовы, напрыклад, стала магчымым дзякуючы «мяккай» германізацыі ў яе аўстрыйскім варыянце, якая, дазволіўшы захаваць школьнае выкладанне на чэшскай, абышлася з гэтай мовай значна мякчэй, чым русіфікацыя ў Расіі рабіла з беларускай, украінскай або латышскай. Але далейшы маршрут быў прыкладна аднолькавым. Пасля атрымання незалежнасці нацыя і яе палітычная эліта прыходзілі да разумення неабходнасці адраджэння нацыянальнай мовы, гэтая мова абвяшчалася дзяржаўнай, а вобласць яе ўжытку паступова пашыралася.

Якім можа быць «рэцэпт» для адраджэння беларускай мовы?

Сітуацыя, у якой аказалася беларуская мова пасля больш чым тры дзесяцігоддзі незалежнасці, выглядае анамальнай. За гэты перыяд нацыі, якія атрымалі палітычную самастойнасць, як правіла, адраджалі свае родныя мовы і моцна пашыралі вобласць іх ужытку. Выключэнняў з гэтага правіла зусім няшмат. У Еўропе іх толькі два: беларуская і ірландская мовы.

Доля населения районов и городов областного подчинения Беларуси, которая заявила, что обычно разговаривает дома на белорусском языке. Данные переписи 2009 года. Изображение: Чаховіч Уладзіслаў, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Доля насельніцтва раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання Беларусі, якая заявіла, што звычайна размаўляе дома на беларускай мове (чым больш сіняе адценне, тым большы працэнт). Дадзеныя перапісу 2009 года. Выява: Чаховіч Уладзіслаў, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Пры гэтым у Ірландыі адпраўны пункт для адраджэння сваёй мовы быў значна горшы: да канца XIX стагоддзя ірландская была блізкая да поўнага вымірання, застаючыся размоўнай толькі ў аддаленых вясковых раёнах. Хоць колькасць людзей, якія ведаюць ірландскую, паступова расце, яе паўсядзённы ўжытак застаецца на вельмі нізкім узроўні. З іншага боку важнасць захавання і адраджэння нацыянальнай мовы разумее не толькі грамадства, але і дзяржава. У краіне з’явіліся моладзевыя радыёстанцыі, якія вяшчаюць на ірландскай, камедыйныя шоу высмейваюць дзяжурныя адгаворкі пра складанасць вывучэння ірландскай мовы — і адначасова расце колькасць ірландскамоўных школ. У выніку ў сучаснай Ірландыі ірландскамоўныя людзі — гэта ўсё яшчэ меншасць, але актыўная, якая да таго ж расце і маладзее.

З беларускай мовай сітуацыя адваротная. Нягледзячы на наяўнасць у грамадстве прыкметнай цікавасці да роднай мовы і да пашырэння сферы яе ўжытку, дзяржава працягвае палітыку русіфікацыі. У Беларусі змяншаецца абсалютная і адносная колькасць беларускамоўных школ, у якіх у 2019/2020 гадах вучылася ўжо толькі 10,2% школьнікаў (за пяць гадоў да гэтага іх было13,3%, а ў 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка — 40,6%).

Усё сведчыць пра тое, што галоўнай перашкодай на шляху да адраджэння беларускай мовы застаецца менавіта палітыка русіфікацыі, якая праводзіцца дзяржавай і якая супярэчыць чаканням і памкненням значнай часткі грамадства. У гісторыі Беларусі былі перыяды, калі цікавасць насельніцтва да нацыянальных культуры і мовы супадала з рухам дзяржавы ў тым жа кірунку. І за гэтыя кароткія перыяды беларусізацыі (першы — у 1920−1929 гадах, другі — у 1991−1994) пазіцыі нацыянальнай мовы ўмацаваліся настолькі, што яна здолела захавацца ў значна больш працяглыя перыяды русіфікацыі, якія ішлі за імі.

Як паказвае досвед іншых краін і самой Беларусі, для адраджэння беларускай краіне не хапае толькі аднаго — удзелу ў гэтым працэсе дзяржавы, якая пакуль мэтаскіравана сабатуе беларусізацыю і супрацьстаіць ёй. Калі грамадства і дзяржава зноў пачнуць рухацца ў адным кірунку, беларуская мова з вельмі высокай ступенню імавернасці зойме належнае становішча досыць хутка. Каб яна стала сапраўды (а не дэкларатыўна) дзяржаўнай, на яе паступова мусіць пераводзіцца дакументаабарот, яе мусяць разумець і ведаць чыноўнікі і суддзі.

Ну, а пакуль гэтага не адбылося і суды адмаўляюць беларускамоўным грамадзянам весці працэс на фармальна дзяржаўнай мове, захоўваць беларускую мову давядзецца самім беларусам.