Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. «Киберпартизаны» получили доступ к базам с официальными причинами смерти беларусов. В ней есть данные о Макее, Зельцере и Ашурке
  2. Интервью, в котором сооснователь ассоциации родных и бывших политзаключенных благодарит Лукашенко, разносит Тихановскую и критикует западных политиков
  3. Россия обстреляла центральные районы Киева баллистическими ракетами, есть погибший и раненые
  4. Эксперты: Украина впервые провела «атаку роботов», а Путин пытается «подкупить» бывших участников войны
  5. По госТВ сообщили о задержании «курьеров BYSOL». Его глава сказал «Зеркалу», что не знает такие фамилии (и это не все странное в сюжете)
  6. Настоящую зиму можно пока не ждать. Прогноз погоды на 23−29 декабря
  7. Что означает загадочный код R99 в причинах смерти Владимира Макея и Витольда Ашурка? Узнали у судмедэкспертки (спойлер: все прозаично)
  8. Завод Zeekr обещал превращать все машины, ввезенные в Беларусь серым импортом, в «‎кирпичи». Это были не пустые слова
  9. В российской Казани беспилотники попали в несколько домов. В городе закрыли аэропорт, эвакуируют школы и техникумы
  10. Стало известно, кто был за рулем автомобиля, въехавшего в толпу на рождественской ярмарке Магдебурга. Число погибших выросло
  11. Эксперты проанализировали высказывания Путина о войне на прямой линии по итогам 2024 года — вот их выводы
  12. Кто та женщина, что постоянно носит шпица Умку во время визитов Лукашенко? Рассказываем


Хутка ў праграмы «Новая Беларусь» з’явіцца новы сэрвіс — нешта падобнае да каўчсёрфінга, але толькі для «сваіх». Сузаснавальнікі таксама працуюць над стварэннем «лічбавага ID». Аб гэтым, амбіцыйных планах і рэальных дасягненнях «Люстэрку» распавёў сузаснавальнік праекта Яраслаў Ліхачэўскі.

Ярослав Лихачевский. Фото: TUT.BY
Яраслаў Ліхачэўскі. Фота: TUT.BY

«Унутры Беларусі папулярныя анлайн-кансультацыі дактароў»

— Мы ствараем новы праект, — распавёў Яраслаў Ліхачэўскі. — Мы вырашылі паспрабаваць да лета зрабіць такі сэрвіс накшталт каучсёрфінгу. Мы прапануем беларусам і беларускам у розных краінах размясціць сваю прапанову, каб карыстальнікі маглі знайсці для сябе кароткатэрміновае прыстанішча. Гэткім чынам беларусы і беларускі будуць знаёміцца, умацоўваць сувязі. У нас ёсць для гэтага тэхналагічная аснова. Гэта будзе выглядаць як яшчэ адзін слой на нашай мапе, дзе цяпер пазначаны беларускі бізнес.

Спадзяемся, што паспеем запусціць яго ў чэрвені.

— Мінулым разам, калі мы размаўлялі з Паўлам Лiберам, быў акцэнт на тым, што Беларусь праходзіць дэнацыяналізацыю з боку Расіі. «Новая Беларусь» — гэта адзін з тых праектаў, якія мелі сваёй мэтай неяк склейваць сувязі беларусаў і дапамагаць адчуваць сябе беларусамі. Што робіцца ў гэтым кірунку і да якога пункту вы прыйшлі?

— Мы добра разумеем, што палітыка дэнацыяналізацыі з боку Расіі ў Беларусі ідзе не першы год і нават не першае стагоддзе. Гэта пачалося яшчэ з акупацыі беларускіх зямель напрыканцы 18 стагоддзя. То бок гэты працэс ідзе больш за 200 гадоў, а наш праект існуе толькі пяць месяцаў. Таму нам пакуль цяжка цягацца з 200 гадамі русіфікацыі, але мы прыкладаем усе магчымыя намаганні. Наш праект складаецца з трох слаёў, першы з іх — сацыякультурны, то-бок напачатку мы надаём больш увагі працы з захаваннем і развіццём беларускай культурнай прасторы.

У нас ёсць пэўная колькасць сэрвісаў, якія, з аднаго боку, накіраваныя на аб’яднанне беларусаў і беларусак, дзе б яны ні знаходзіліся. З іх дапамогай і разам з імі мы збіраем Беларусь разам. З другога боку, гэтыя сэрвісы накіраваныя на тое, каб пашыраць беларускі кантэнт, прычым не толькі беларускамоўны, але любы, які ёсць часткай беларускага культурнага слоя, прасторы, такім чынам пашыраючы беларускую інфармацыйную, культурніцкую і медыяпрастору і дазваляючы беларусам і беларускам праводзіць больш часу ў ёй — і праз гэта лепш і дакладней адчуваць сітуацыю.

Адзін з самых папулярных сэрвісаў сёння — «Афіша», якая дазваляе знаходзіць беларускія культурніцкія падзеі, такія як канцэрты, выставы, імпрэзы, кінафестывалі. На жаль, большасць афлайнавых мерапрыемстваў (якія трапляюць у гэты сэрвіс. — Заўв. рэд.), праходзіць па-за межамі Беларусі: там зрабіць гэта прасцей, больш бяспечна і наогул там больш спрыяльная сітуацыя. Але таксама ёсць шмат анлайнавых івэнтаў — і вось імі актыўна карыстаецца аўдыторыя ўнутры краіны. Гэта вельмі важная функцыя, таму што яна, з аднаго боку, падтрымлівае беларускіх артыстаў і дазваляе ім даваць канцэрты і нешта зарабляць, з іншага боку, гэта дазваляе прыводзіць да іх беларусаў і беларусак і такім чынам палягчаць ім доступ да беларускай культуры.

Іншы прадукт, які варта ўзгадаць, гэта нашая будучая медыяплатформа, якую мы будуем у межах «Новай Беларусі». Там цяпер найлепш працуе агрэгатар беларускага YouTube. Мы ведаем, што ў нас ёсць праблемы ў прасоўванні беларускага кантэнту, бо YouTube не прасоўвае ролікі, якія падпісаныя па-беларуску. Мы дапамагаем ім прасоўваць кантэнт праз наш уласны агрэгатар. У праграме можна па сваіх інтарэсах пабудаваць плэйліст.

Важна адзначыць, што, калі я кажу «наш сэрвіс», гэта не значыць, што мы яго пабудавалі, гэта можа быць партнёрскі сэрвіс, які ёсць часткай праекта.

Фото: TUT.BY
Ілюстратыўны здымак. Фота: TUT.BY

— Ці бачыце вы кірункі, магчымыя для прасоўвання ўнутры Беларусі?

— Адзін з такіх сэрвісаў — гэта анлайн-кансультацыі беларускіх дактароў. Прычым ён больш папулярны ў невялікіх мястэчках, дзе няма доступу да медыцынскіх спецыялістаў, дзе, мабыць, ёсць толькі фельчарскі пункт, а да бліжэйшай паліклінікі — ехаць аўтобусам дзве гадзіны. Беларусы ўнутры краіны маюць магчымасць ім карыстацца бясплатна, бо адтуль немагчыма аплаціць такія паслугі. У той жа час частка медыкаў, якія кансультуюць, знаходзіцца ў краіне — і ім складана атрымоўваць грошы.

Адзін з сэрвісаў, над якімі мы працуем (спадзяемся, яго першая версія з’явіцца ўжо ў маі), — плацежны. Гэта будзе фундамент для нашай будучай фінансавай сістэмы. Ён дазволіць людзям у краіне больш бяспечна і зручна прымаць плацяжы з-за мяжы, плаціць за сэрвісы.

— Як гэты сэрвіс будзе ўбудаваны ў праграму, якая прызнаная экстрэмісцкай?

— Гэта найменшая з праблем, таму што калі нават ён не будзе ўбудаваны ў «Новую Беларусь», ён будзе прызнаны экстрэмісцкім яшчэ хутчэй за праграму (нагадаю, цэлых 27 дзён спатрэбілася «губопікам», каб прызнаць праект экстрэмісцкім). Важна разумець, што ў рэжыма ёсць манаполія на фінансавы сектар, суцэльны кантроль усіх банкаў. І сэрвіс, які парушае гэтую манаполію і пазбаўляе кантролю, будзе прызнаны экстрэмісцкім вельмі хутка.

Але мы разумеем важнасць стварэння такога сэрвісу, бо сітуацыя ў краіне пагаршаецца, стан з вайной ва Украіне зацягваецца, праз што ў Беларусі становіцца толькі горш, бо павялічваецца ўплыў і кантроль з боку Расіі. Нам трэба выбудоўваць свае ўласныя сувязі паміж тымі, хто знаходзіцца за межамі і хто ў Беларусі. Няма больш важных сувязяў, чым эканамічныя і фінансавыя. Таму нам патрэбна мець уласны інструмент і фінансавую інфраструктуру, каб гэта забяспечваць.

«Трэба браць прыклад з украінцаў, якія перад пагрозай паўсталі плячом да пляча і разам ад яе адбіваюцца»

— Працягваючы тэму захавання беларускасці. Што ўвогуле, як вы лічыце, патрэбна рабіць, каб заставацца беларусамі?

— Адзінае, што можна і неабходна рабіць, гэта трымацца разам. Бо інакш па аднаму нас вельмі хутка разбяруць. Што зараз адбываецца? У нас адбіраюць наш дом, нашую зямлю. У кагосьці іх ужо адабралі, як, напрыклад, у мяне, бо я не магу вярнуцца ў Беларусь. Калі мы не будзем трымацца разам і разам адстойваць сваё, то ў нас усё гэта адбяруць і нічога ў нас не застанецца.

Напэўна, нам трэба браць прыклад з украінцаў, якія перад пагрозай паўсталі плячом да пляча і разам ад яе адбіваюцца. Магчыма, нам недаступныя тыя сродкі барацьбы, якія ёсць у ўкраінцаў, але прынцып мусіць заставацца тым жа: быць разам, быць моцнымі і адстойваць сваё тымі сродкамі, якія нам даступныя.

— У «Новай Беларусі» была даволі амбіцыйная доўгатэрміновая мэта — дапамагчы стварыць лічбавую краіну. Ці ёсць нейкія дасягненні альбо, можа, вы вырашылі пайсці трохі іншым шляхам?

— Не, іншым шляхам мы не вырашалі пайсці. Гэта застаецца асноўнай мэтай праекта, дзеля якой ён задумваўся і дзеля якой мы працуем. Мы верым у тое, што ў тых умовах, у якіх мы ёсць, мы мусім ставіць перад сабой найбольш амбіцыйныя і, адпаведна, найбольш складаныя задачы. Гэта адзіны шлях для нас, каб дасягнуць таго, да чаго мы імкнёмся. Мы больш не можам сабе дазволіць пагаджацца на меншае, мусім браць на сябе рызыку і рабіць нешта сур’ёзнае і вялікае. Толькі так мы дасягнём сваіх мэт. Галоўная нашая мэта — вяртанне дадому і вяртанне сабе гэтага дому.

Таму добра, што мэта амбіцыйная і складаная. Як некалі сказаў адзін з маіх знаёмых (цяпер гэта зрабілася дэвізам майго жыцця), кожная складаная праблема пачынаецца з драматычнай недаацэнкі яе складанасці. Гэта акурат тая гісторыя, якая ёсць у нас з гэтым праектам. За пяць месяцаў ад запуску тэставай бэта-версіі мы зразумелі, што ў нас працуе лепш, а што — горш, дзе трэба палепшыць падыходы і працэсы. Але я б сказаў, што за гэты час мы ўпэўніліся, што наш план — у слушным кірунку, і што мы мусім працягваць рухацца па ім. Пакуль на дробных выніках і маштабах, але ўсё ж мы бачым, што абраныя намі падыходы могуць працаваць на ўзроўні цэлай дзяржавы і яны змогуць прынесці нам тыя вынікі, на якія мы разлічваем.

— Ці правільна я разумею, што вы бачыце набліжэнне да гэтай мэты?

— Мы кажам пра дзве вялікія рэчы, якіх мы хочам дасягнуць. Гэта пабудова грамадскіх інстытутаў і дэмакратычных працэсаў, з дапамогай якіх беларусы будуць вырашаць свае праблемы і дасягаць наступныя мэты. Другая рэч — гэта наяўнасць лічбавых грамадзян, то-бок людзей, якія будуць удзельнічаць у гэтых працэсах і інстытутах. Дастаткова зразумелыя задачы.

За мінулы перыяд мы пратэсціравалі нейкія гіпотэзы, датычныя інструментаў, працэсаў і інстытутаў, якія мы выбудоўваем. Таксама ўбачылі, як прыцягваць карыстальнікаў на платформу, якія ў пэўны момант змогуць стаць лічбавымі грамадзянамі.

Мы запусцілі пілотны праект для Польшчы і Літвы, дзе апрацоўваем дэмакратычнае ўзаемадзеянне, якое можна назваць лічбавым самакіраваннем. Калі атрымаецца, то мы зможам яго маштабаваць на іншыя рэгіёны.

— Ці бачна зараз, наколькі падаткавы праект папулярны?

— Мы бачым колькасць удзельнікаў, якія далучаюцца да яго. Важна адзначыць, што мэта пілоту — не даведацца аб яго папулярнасці, а адпрацаваць працэсы і інструменты. Напэўна, у дачыненні да беларусаў мы спрабуем, умоўна кажучы, прадаць аўтамабіль напрыканцы 19 стагоддзя. То-бок гэта нейкая прыкольная штука, я яе бачыў, але ніколі не сядзеў за стырном, і ўвогуле ў мяне ёсць кабыла, якая выконвае ўсе задачы, якія мне трэба. Таму спачатку нам трэба гэты аўтамабіль пратэсціраваць, паглядзець, як ён працуе. А калі ён паедзе і мы правядзём на ім нейкія першыя гонкі, то потым зможам пабачыць, што гэта сапраўды працуе, што гэта класная штука.

Пакуль у нас пара соцень удзельнікаў (можа, іх стане больш). Будуць эксперты, якія адкажуць ім на пытанні аб тым, як высоўваць праекты, абмяркоўваць іх, галасаваць, абіраць выканаўцаў, як кантраляваць выкананне і выкарыстоўванне сабраных грошай.

Ярослав Лихачевский. Фото: TUT.BY
Яраслаў Ліхачэўскі. Фота: TUT.BY

— Калі казаць пра лічбавыя вынікі, колькі ў вас карыстальнікаў, наколькі ёсць цікавасць да розных праектаў?

— Праграмай «Новая Беларусь» карыстаецца 25 тысяч чалавек, з якіх 11 тысяч — гэта карыстальнікі айфонаў, а 14 — тэлефонаў на платформе «андроід». Сярод апошніх больш за палову знаходзіцца ўнутры Беларусі, чвэрць — у Польшчы, астатнія — гэта Літва, Расія, Нямеччына і іншыя краіны. Траціна карыстальнікаў айфонаў знаходзіцца ў Польшчы, літаральна на 100 чалавек менш, то-бок таксама амаль траціна, — людзі з Беларусі, наступныя краіны — ЗША, Літва і Расія.

Пасля таго як нас абвясцілі экстрэмістамі, частка карыстальнікаў у Беларусі выдаліла прыкладанне, але гэта адносна невялікія лічбы. Напрыклад, сярод карыстальнікаў айфонаў яе выдалілі каля 600 чалавек. Гэта значна, але не вельмі драматычна, бо большасць людзей працягвае карыстацца ёй, нягледзячы на экстрэмісцкі статус. Гэта значыць, што цікавасць да платформы ў іх вышэй за адчуванне рызык праз тое, што яны маюць гэтую праграму на тэлефоне.

Агулам бліз 50 тысяч чалавек карыстаецца ўсімі сэрвісамі. Пэўнымі сэрвісамі можна карыстацца не толькі праз праграму, але і праз адпаведныя сайты.

— На што яшчэ вы абапіраецеся, каб разумець, што гэта не толькі праект дзеля таго, каб ён быў, а што ён патрэбны беларусам?

— На тое, што людзі актыўна карыстаюцца. Гэта людзі, якія не проста ўсталявалі праграму і забылі на яе, а якія звяртаюцца да яе. Пакуль гэта не тая праграма, якой людзі карыстаюцца штодня, але карыстаюцца ёй для выканання канкрэтных функцый. Як я казаў, найбольш папулярныя сэрвісы — «Баймапка», афіша, тэлемедыцына і агрэгатар YouTube.

Акрамя гэтага, мы актыўна працуем з ключавымі актарамі беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежнымі медыя, праваабаронцамі. Наша мэта — прапаноўваць ім інструменты для вырашэння іх асноўных задач. Гэта значыць, што платформа цікавая не толькі карыстальнікам, але і тым ініцыятывам, якія працуюць на тое, каб пабудаваць грамадскую супольнасць у Беларусі. Бізнесу яна цікавая, таму што ён размяшчаецца на «Баймапцы» і прамоўціць сябе з дапамогай гэтага сэрвісу.

Новая Беларусь. Фото "Зеркало"
«Новая Беларусь». Фота: «Люстэрка»

«У карыстальніка „Новай Беларусі“ з’явіцца магчымасць стаць лічбавым грамадзянінам»

— Вы прапанавалі карыстальнікам фінансава падтрымліваць ваш праект. Колькі чалавек прянылі ў гэтым удзел?

— Мы пакуль не надта рэкламавалі такую магчымасць, але кожны соты карыстальнік падтрымлівае праект фінансава. У сярэднім 10 еўра штомесяц ад такога карыстальніка. Першыя грошы мы сабралі ў снежні — каля 1,5 тысячы еўра. Да іх мы дакінулі столькі ж ад сябе і разам з партнёрамі з праваабарончай ініцыятывы набылі падарункі дзецям з сем’яў палітвязняў.

— Ці ідзе праца па стварэнні альтэрнатыўнага пашпарта?

— Ёсць прататып такога пашпарта. Трэба дамаўляцца з краінамі-партнёрамі, у першую чаргу еўрапейскімі, пра прызнанне такога дакумента, пра тое, як ён будзе інтэграваны ў еўрапейскую сістэму бяспекі, як увогуле ён будзе функцыянаваць з пункту гледжання палітыкі і бюракратыі. Гэтай часткай працы займаецца Аб’яднаны пераходны кабінет. Мы тут мала чым можам дапамагчы, бо гэта не нашая вобласць экспертызы.

Другая частка — тэхнічная. Вось над ёй мы і працуем. Яна будуецца вакол інстытута і інфраструктуры лічбавага ID (digital identity). Гэта тое, што мы распрацоўваем і што хутка выйдзе ў рэліз. Нам літаральна засталося апрацаваць апошнія юрыдычныя дэталі, каб можна было выпускаць прадукт.

Гэта будзе сістэма, якая дазволіць ствараць лічбавае айдэнціці. Далей яно будзе выконваць шмат розных важных функцый, пачынаючы ад таго, што менавіта праз яго будзе адбывацца верыфікацыя дакументаў чалавека, па ім будзе ісці праверка, ці ёсць чалавек у санкцыйных спісах. Пасля паступова будзе дадавацца розны функцыянал, які дапаможа больш эфектыўна дамаўляцца з еўрапейскімі партнёрамі. Напрыклад, у святле прынятага ў Літве міграцыйнага закона мы бачым, што еўрапейскія краіны надаюць усё больш увагі нацыянальнай бяспецы, і для іх трэба нейкая верыфікацыя і больш пільная праверка беларусаў, якія прыязджаюць у іх краіну. Мы тэхнічна будзем забяспечваць выкананне гэтых функцый: напрыклад, праверка пашпартоў, праверка па санкцыйных спісах, датычнасць да сілавых структур, выбарчай камісіі.

Калі мы вяртаемся да пытання лічбавай дзяржавы, дэмакратычных інстытутаў і інструментаў, калі мы хочам мець сістэму, каб праводзіць нейкія галасаванні і выбары, нейкі будучы протапарламент ці рэферэндум. Калі ўявіць, што сабяруцца некалькі соцень тысяч беларусаў, гатовых фарміраваць сваю палітычную суб’ектнасць і адстойваць свае правы разам, то нам патрэбныя будуць інструменты і працэдуры, каб яны маглі эфектыўна паміж сабой узаемадзейнічаць і калектыўна прымаць удзел у прыняцці рашэнняў. У гэтым digital identity таксама будзе граць ключавую ролю.

— Як гэта будзе працаваць цяпер, калі з’явіцца лічбавае ID, — гэта будзе абавязковы этап для ўсіх карыстальнікаў платформы, каб абавязкова пацвердзіць сваю асобу, альбо гэта будзе рабіцца па жаданні карыстальніка?

— На шчасце, у нас няма «губопікаў» і амапаўцаў, каб прымушаць людзей нешта рабіць, таму ўсё выключна дабравольна. Напрыклад, я год жыву ў Нідэрландах, але я грамадзянін Беларусі, а не гэтай краіны. Мае правы тут значна меншыя, чым правы грамадзян Нідэрландаў: я не магу ўдзельнічаць у выбарах, размеркаванні бюджэту. Але ў мяне ёсць магчымасць падацца на грамадзянства. Нешта падобнае будзе ў нас: будуць карыстальнікі, якія будуць карыстацца платформай, сэрвісамі, але ў іх не будзе нейкіх функцый, якія даступныя толькі «грамадзянам». Мы нацэленыя на тое, каб стварыць інстытут лічбавага грамадзянства. Але ж ён можа быць створаны толькі ў той момант, калі пэўная колькасць удзельнікаў платформы дамовіцца паміж сабой, па якіх правілах гэта будзе адбывацца, і складзе нейкую сацыяльную дамову паміж сабой.

У карыстальніка «Новай Беларусі» з’явіцца магчымасць альбо пагадзіцца на гэтую дамову і стаць лічбавым грамадзянінам, узяўшы на сябе пэўную адказнасць і абавязкі, узамен атрымаць правы і, скажам так, стаць сябрам гэтага беларускага клуба. Альбо чалавек можа вырашыць, што яму гэта не патрэбна, і застацца ў статусе карыстальніка без доступу да галасавання і іншых сэрвісаў, для якіх будзе патрэбная верыфікацыя.

— Мы зараз разважаем пра лічбавае ID, магчымую будучую лічбавую краіну і нават пра падаткавы праект. Але беларусы, якія ўнутры краіны знаходзяцца, могуць сказаць, што, пакуль мы гуляемся ў дэмакратыю, у іх ёсць сапраўдныя актуальныя праблемы тут і цяпер. Ці можаце сказаць, навошта ўсё гэта беларусам унутры краіны?

— Я веру ў тое, што мы прайшлі той час, калі людзі ўнутры краіны маглі ўцягнуцца ў сацыяльна-палітычны праект толькі праз тое, што яны вераць у нейкую ідэю. Сёння ў праекта мусіць быць практычнае прыкладанне.

У нас усё ж не Instagram, галоўная функцыя якога — паказваць фотачкі, і мы не Revolut, у якога адзіная функцыя — быць фінансавым інструментам. Наш праект — больш шырокі. Гэта значыць, што кожны карыстальнік сам сабе абірае, навошта ён яму. Вядома, мы будзем дапамагаць карыстальнікам зразумець, у чым непасрэдна для яго можа быць карысць праекта. Тут няма адназначнага адказу. Камусьці ва ўмоўных Бешанковічах патрэбная тэлемедыцына, другому — адвакат, трэцяму — доступ да анлайн-адукацыі.

Мы не верым у тое, што гэта будзе хуткі працэс, але нашая задача — будаваць такія сэрвісы і прадукты, якія маюць адказ на праблемы сённяшняга дня. Мы разумеем, што ў першую чаргу праблемы палягаюць у эканамічнай плоскасці. Нават ва ўмовах вайны і пагрозы суверэнітэту, напэўна, у людзей няма дастаткова назапашаных рэсурсаў, каб узяць і пайсці супраць танкаў. Таму прагназуючы, што сітуацыя ўнутры краіны будзе пагаршацца з медыцынай, легальнай сферай, працай, коштамі, трэба працаваць з такімі праблемамі. Калі чалавек унутры краіны зможа знайсці аддаленую працу, адукацыю, каб павысіць сваю кваліфікацыю і перайсці ў новую сферу, то яму гэта будзе цікава.

Калі ў людзей нават будзе доступ да якаснага забаўляльнага і медыякантэнту з дапамогай гэтай платформы, яны будуць ёй карыстацца.

Калі ж мы не зможам гэтага стварыць, то на адной палітычнай ідэалогіі і ідэях пра будучыню мы нікуды не дойдзем.