Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Падаткі на карысць Люстэрка
  1. «У ЗША людзі шчаслівейшыя, чым у нас». Блог «Людзі» ўзяў інтэрв'ю ў топавага беларускага хакеіста, які гуляе ў НХЛ
  2. На «Гродна Азоце», дзе нядаўна быў буйны ўзлом «Кіберпартызан», забароняць карыстацца смартфонамі і мабільным інтэрнэтам
  3. «Нечуваная колькасць аўтобусаў». Чарга на мяжы з Польшчай ідзе на рэкорд
  4. В Бресте в одном из кафе предлагали сет из четырех блюд — по официальным данным, зарегистрировано 19 случаев отравления
  5. Роман Протасевич рассказал о долге перед беларусскими властями — он потянул на 7,6 млн долларов
  6. «Вучыцца ўнук Шэймана». Расследавальнікі высветлілі, з кім звязаныя пяць прыватных школ, якія засталіся пасля «зачысткі»
  7. «Яны тады адчувалі сябе гаспадарамі жыцця». У базе даносаў у КДБ апублікаваныя дэталі інтрыг у гомельскім ведамстве
  8. Дочь Латушко Яна идет в политику. Интервью об отце и матери, которая вышла замуж за топ-чиновника, работающего на Лукашенко
  9. Улады раптам палічылі «экстрэмістам» вядомага дзеяча БССР, які быў паплечнікам Машэрава. Разбіраемся, што адбылося
  10. Нацбанк предупреждает о возможной девальвации. На этом фоне вспомнили Прокоповича и посмотрели, какой недвижимостью владеет его семья
  11. Расія раніцай нанесла масіраваны ўдар па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры Украіны — вось што вядома на гэты момант
  12. Рэпер Сярога казаў пра «паняволены народ Германіі», а цяпер едзе выступаць у нямецкі горад. Паспрабавалі даведацца чаму
  13. Лукашенко потребовал скромные выпускные, Минобразования предлагает варианты (и они вряд ли кому-то понравятся)
  14. Лукашэнка адкапаў на савецкіх «могілках» ідэю, як вырашыць праблему на рынку працы. Эксперт растлумачыў, чаму яна асуджаная на правал
  15. Лукашэнка вонкава вельмі змяніўся за апошнія гады. Успамінаем яго метамарфозы з вусамі, лысінай, акулярамі і дрыготкай галавой
  16. МУС паведаміла пра маштабную карупцыйную справу ў сферы будаўніцтва і АПК. Затрыманыя 23 чалавекі
  17. Российские войска продвинулись в четырех областях и пытаются взять под контроль острова в дельте Днепра
Читать по-русски


У сярэдзіне ліпеня ў Іванаве сілавікі зладзілі аблаву на мясцовых: падчас затрымання жыхаркі горада Алены Пуцыковіч у двары яе дома стрэлілі гумавай куляй у сабаку, той быў моцна паранены. Калі Алена і яе блізкія выехалі з Беларусі, яна расказала «Зеркалу» іншыя падрабязнасці і жахі затрымання яе самой і абыходжання праваахоўнікаў з яе 15-гадовай дачкой.

Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото: pixabay.com
Фота выкарыстанае ў якасці ілюстрацыі. Фота: pixabay.com

Алена Пуцыковіч — настаўніца рускай і беларускай моваў з 30-гадовым стажам, працавала ў адной са школ горада Іванава. 13 ліпеня 2022 года да жанчыны прыйшлі сілавікі, падчас ператрусу яны стрэлілі ў яе сабаку — жывёліне спатрэбілася дапамога ветэрынараў. Пуцыковіч на той момант адбывала пакаранне па палітычнай справе — у сярэдзіне красавіка 2021 года суд прызнаў яе вінаватай у паклёпе на міліцыянтаў і асудзіў на два з паловай гады «хатняй хіміі», а таксама абавязаў выплаціць прызнаным пацярпелымі супрацоўнікам па 1,5 тысячы рублёў маральнай шкоды. Паклёпам суд палічыў тое, што Алена зрабіла ў тэлеграм-чат два рэпосты, дзе гаварылася, што мясцовыя міліцыянты давалі ілжывыя сведчанні ў судах супраць актывістаў.

«Запатрабавалі прыбраць сабаку. Не прайшло і хвіліны, як у яго ўжо стрэлілі»

Алена жыла ў прыватным доме, у двары — вялікі сабака, аўчарка. Жанчына расказвае, што ў той дзень з ночы адчувала сябе кепска, раніцай выклікала хуткую, а пасля ад’езду медыкаў вырашыла прылегчы. Каля 10 гадзін пачула брэх сабакі, а потым стук у дзверы: «Адчыняйце, міліцыя».

— У іх была пастанова на ператрус, але прычына — цалкам надуманая: ставілася ў віну, што я, магчыма, злівала звесткі супрацоўнікаў міліцыі ў «Чорную кнігу Беларусі» і тэлеграм-канал «Карнікі Беларусі», — успамінае падзеі суразмоўніца. — Адзін з супрацоўнікаў паказаў мне пасведчанне — я бачыла чырвоную вокладку, але не ўчытвалася, таму спытала, якое гэта падраздзяленне. Мне сказалі толькі: «Якая розніца? МУС». Па іх паводзінах я зразумела, што гэта ГУБАЗіК. Магчыма, з імі былі людзі з «Алмаза» — чалавек у цывільнай вопратцы, шлеме, бронекамізэльцы і са стрэльбай трымаў майго сабаку пад прыцэлам, пакуль я не выйшла.

Адзін з іх запатрабаваў прыбраць жывёліну. Не прайшло і хвіліны, як той чалавек ужо стрэліў у сабаку. Яны спрабавалі апраўдацца пазней перад грамадскім меркаваннем, што сабака нібыта некага пакусаў, але гэтага не было. Сабака на іх не нападаў. Так, гучна брахаў, але ён ахоўваў сваю тэрыторыю.

Алена кажа, што ў той час была дома яе 15-гадовая дачка, і яна ў суправаджэнні сілавіка перанесла параненага сабаку ў вальер, а калі вярнулася, той пачаў штурхаць яе ў плячо, хапаць, крычаць і патрабаваць, каб яна вымыла рукі і змяніла вопратку, якія былі запэцканыя крывёю жывёліны. У доме ішоў ператрус.

— Яны абураліся: «Як яна ў вас выхаваная, чаму не слухае старэйшых?» На што я адказала, што такіх старэйшых, як яны, яна слухаць і не мусіць. Хоць яны забралі ў нас тэлефоны, ноўтбук, працягвалі ўсё выварочваць з шафаў, на верандзе перавярнулі мэблю, вытраслі са скрыні старыя цацкі маіх дзяцей — нібыта прыйшлі, каб як мага больш нагадзіць. Потым запатрабавалі разблакаваць усе тэлефоны — «інакш разнясём усё ўшчэнт, нават плітку на падлозе, і напішам, што было падазрэнне на захоўванне наркотыкаў». Я разблакавала ўсю тэхніку.

Сабаку сілавікі дазволілі выклікаць ветэрынараў. Алена кажа, што ў жывёліны дыягнаставалі пнеўматоракс (гэта збіранне паветра вакол плеўральнай поласці лёгкага), але праапераваць мясцовыя ветэрынары яго не маглі, таму накіравалі ў Пінск. Туды, па словах жанчыны, яе дачку з сабакам ГУБАЗіК павёз на мікрааўтобусе. Лячэнне, якое спатрэбілася пасля стрэлу, дзяўчынка аплачвала сама.

Собака Елены Пуцыкович после оказания медицинской помощи. Фото предоставлено собеседницей
Сабака Алены Пуцыковіч пасля аказання медыцынскай дапамогі. Фота ад суразмоўніцы

У гэты ж час самой Алене было кепска, яна зноў выклікала хуткую. Але, па яе словах, доктар, які прыехаў, не стаў аказваць ёй неабходную дапамогу.

— У мяне быў крывацёк, лекі, якія ўвялі першы раз, не дапамаглі. Сілавікі бачылі, што я магу страціць прытомнасць, дазволілі выклікаць хуткую. Прыехалі дзве жанчыны і мужчына. У мяне быў ціск 160 пры нармальным 110, тахікардыя. Пры гэтым доктар сказаў: «Можа, вы спецыяльна ўсе службы выклікалі?» Яго калегі настойвалі, што мне патрэбная шпіталізацыя, а ён для гэтага прычын не бачыў. Але я не магла пакінуць дачку, таму падпісала адмову. А потым мяне павезлі ў РАУС.

«Табе п****. Я табе зашыю матку»

Пуцыковіч расказвае, што па дарозе ў аддзел яе абражалі, а на месцы супрацоўнікі ГУБАЗіКа пагражалі.

— Яшчэ ў машыне казалі: «Мы вас ненавідзім. Вы ўсе здраднікі, працуеце на Польшчу. Дзяржава вам усё дала, раз у вас такі катэдж». У РАУС мяне сустрэў супрацоўнік брэсцкага ГУБАЗіКа — нервовы, раздражнёны. Чытаў маю перапіску і казаў: «Мусар'ё? Усё, табе п***а. Я табе зашыю матку». У кабінеце ўчастковага ён схапіў мяне за куртку — можа, напалохаць хацеў. Я паглядзела яму ў вочы — ён адпусціў. Ім чамусьці не падабаецца, калі глядзіш ім у вочы. Некаторыя проста крычалі: «Не глядзі на мяне! Глядзі ў падлогу! Глядзі ўбок!» Потым мяне завялі ў кабінет, дзе сядзела мая сяброўка. Як яна потым расказала, ёй надзявалі кайданкі дома проста пры непаўналетніх дзецях. З рукамі, заведзенымі за спіну, яна праседзела на допыце каля пяці гадзін — у яе спрабавалі атрымаць пароль ад тэлеграма. А гэты губазавец пагражаў ёй, што забярэ да сябе і «пасадзіць на бутэльку». Пры гэтым побач сядзеў участковы і не сказаў ні слова. Мабыць, яны ГУБАЗіКа баяцца яшчэ больш за нас.

Алена расказвае, што ў той жа дзень у РАУС прывезлі і яе дачку. Па яе словах, у інспекцыі па справах непаўналетніх (ІСН) сказалі, што ГУБАЗіК даў указанне паставіць дзяўчынку на ўлік, але ніякіх падставаў для гэтага не агучыў, таму супрацоўніца адмовілася гэта рабіць. Саму жанчыну з прычыны кепскага самаадчування з дачкой у той дзень адпусцілі дадому.

— Калі мы прыехалі, сляды крыві сабакі ў вальеры ўжо былі замытыя, мабыць, гэта таксама зрабілі сілавікі — не ведаю, магчыма, прыбіралі сляды. Назаўтра прыехаў муж, адвёз мяне ў бальніцу, там мне аказалі меддапамогу, правялі аперацыю. Ведаючы, што ў тэлефоне ў мяне была падпіска на тэлеграм-каналы [прызнаныя экстрэмісцкімі], і памятаючы, што мне паставілі ўжо тры парушэнні адбыцця «хатняй хіміі», я была ўпэўненая, што мне пагражае адпраўка ў калонію і новая крымінальная справа. І я была вымушаная проста з лякарні бегчы. Пэўны час хавалася і аказалася ў дэмакратычнай краіне, дзе выконваюцца законы, — падкрэслівае жанчына.

Фото: правозащитный центр "Весна"
Алена Пуцыковіч. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Алена расказала, за што яе абвінавацілі ў парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання:

— Першае — за тое, што я нібыта «не забяспечыла бесперашкодны ўваход у жыллё», калі да дома пад’ехаў міліцыянт. Гэта было ў першы ж дзень майго тэрміну. Другое — у сакавіку, калі пачалася вайна ва Украіне. Я пайшла адзначацца ў РАУС і па дарозе зайшла ў банк, каб пазбавіцца расійскіх грошай, якія ў мяне былі. Я не адхілялася ад курсу. Але хтосьці напісаў заяву, і мне сказалі, што я ў банку знаходзілася ў неўстаноўлены час. Трэцяе — калі я пайшла адзначацца чарговы раз, мне паставілі ў віну, што я мусіла па новых правілах гэта зрабіць на дзень раней. За гэта мяне тады на 5 сутак адправілі ў ІЧУ.

Хаця Алена цяпер у бяспецы, з сабакам, у якога сілавікі стралялі, таксама ўсё ў парадку, для сям'і гэтая гісторыя не скончылася.

— Пакуль мяне не было дома, прыязджала міліцыя, пытала пра мяне. Адзін раз з’явіліся з ператрусам — супрацоўнікі СК і крымінальнага вышуку пры падтрымцы АМАПа. Шукалі мяне па ўсім доме, нават з цеплавізарам, у цяпліцах.

«Міліцыянт ударыў маю дачку па твары, абзываў яе «п*****чка малалетняя, с**а, борзая»

Жанчына кажа, што ціск на яе і яе сям’ю пасля гэтага працягнуўся. Ад дзеянняў сілавікоў у канцы жніўня пацярпела яе 15-гадовая дачка.

— 31-га да нас дадому прыйшлі супрацоўнік крымінальнага вышуку і дзве жанчыны — калі не памыляюся, супрацоўніца ІСН і, здаецца, дырэктар раённага прытулку. Дачка спалохалася і адчыніла дзверы. Міліцыянт запатрабаваў замкнуць сабаку ў суседнім пакоі, пагражаючы, што яшчэ раз у яго стрэліць. Дачка папрасіла паказаць пасведчанне — гэтага не зрабілі. Яна ведала толькі жанчыну з інспекцыі. Ёй сказалі, паступіла інфармацыя, што яна жыве адна без дарослых. Дачка патлумачыла, што тата з’ехаў па справах, але яна застаецца пад наглядам бабулі.

Пасля чалавек у форме стаў патрабаваць у дзіцяці паказаць яму тэлефон. Яна адмаўлялася, таму што мінулым разам на ператрусе яго забралі. Ён увесь час паўтараў: «Я буду рабіць усё, што захачу». Не тое, што яму дазваляе закон, а што ён хоча! Казаў, што яе забяруць у міліцыю ці ў прытулак, калі яна не аддасць тэлефон. Кішэняў у яе не было, таму яна схавала яго ў ніжнюю бялізну. Міліцыянт палез туды і выхапіў гэты тэлефон. Моцна схапіў яе за рукі, заламаў іх (у яе пасля гэтага з’явіліся сінякі) і, карыстаючыся яе безабароннасцю, прыклаў палец, каб разблакаваць экран. Патрабаваў паказаць нашу перапіску, напісаць мне, каб я сфатаграфавалася з пашпартам і сказала, у якой краіне знаходжуся. Казаў, што цяпер тэлефон «разаб'ецца», «неспадзявана ўпадзе». Ударыў маю дачку па твары, шпурнуў у яе тэлефон. Удар быў такой сілы, што яна некаторы час адным вухам нічога не чула. Абзываў яе «п*****чка малалетняя, с**а, борзая». Яна чула гэтыя словы ў свой адрас ад чалавека, які называў сябе супрацоўнікам міліцыі!

Дочь Елены Пуцыкович с пострадавшей собакой. Фото предоставлено собеседницей
Дачка Алены Пуцыковіч з пацярпелым сабакам. Фота ад суразмоўніцы

Па словах Алены, гэтыя людзі сышлі, калі дадому прыехала бабуля. У дзяўчынкі-падлетка пасля таго, што здарылася, балела галава, яе ванітавала, таму выклікалі хуткую, медыкі яе шпіталізавалі. Дзіця шэсць дзён правяло ў бальніцы (фота выпіскі ёсць у рэдакцыі). У яе, па словах маці, было падазрэнне на страсенне мозгу, боль у вобласці кісці. Пра ўсё падлетак расказала дактарам — тыя паведамілі ў міліцыю.

— Пасля паўночы да яе ў палату зайшлі два чалавекі. Яны не прадстаўляліся і не паказвалі дакументы, але на адным дачка разгледзела форменны швэдар з надпісам «Следчы камітэт», другі — гэта той міліцыянт, які збіваў яе дома. Яны спрабавалі яе запалохаць, што яна павінная даць паказанні [што нічога не здарылася], расказвалі, што такое паклёп, якое пакаранне за ілжывыя паказанні. Дачцэ стала горш. Мяркую, што супрацоўнік крымінальнага вышуку зразумеў, што за ўсё давядзецца несці адказнасць, і спрабаваў паўплываць на сітуацыю. Але медсястра не павінная была прапускаць старонніх людзей ноччу да дзіцяці ў палату, дзе яно адно, без бацькоў і іншых людзей!

Алена абураная тым, што здарылася, не разумее, чаму медыкі ў бальніцы пусцілі пасярод ночы да непаўналетняй, якая ў палаце знаходзіцца без бацькоў, старонніх людзей. Жанчына лічыць, што ўсё гэта — спробы пераследу і ціску ў яе адрас.

— Дзіця перажыло моцную псіхалагічную траўму, фізічны гвалт і сэксуальнае дамаганне ў тым ліку — дарослы дзядзька лазіў да яе ў ніжнюю бялізну. Я лічу, што супрацоўнікаў, якія яе збілі, а потым прыходзілі запалохваць, трэба прыцягнуць да адказнасці. Чалавек, які праяўляе жорсткасць да дзяцей, небяспечны для грамадства. І для мяне вельмі дзіўна, што дзве жанчыны, якія пры гэтым прысутнічалі ў мяне дома, не спынілі дзеянні, калі ён заломваў ёй рукі, залазіў у ніжнюю бялізну. У яго не было ніякіх падставаў для гэтага.

Мая дачка — выдатніца, пераможца раённых алімпіяд, яе фота вісіць на дошцы гонару ў гімназіі за поспехі ў вучобе і выдатныя паводзіны. Дзіця 31 жніўня рыхтавалася пайсці ў школу, а яе вось так з Днём ведаў павіншавалі мясцовыя праваахоўнікі. Такі ў нас «кранальны клопат» пра дзяцінства!

«Следчы сказаў, што ў дачкі буйная фантазія»

Сям’я Пуцыковіч у пачатку восені звярнулася ў міліцыю і пракуратуру, каб там правялі праверку па факце здарэння з іх дачкой. Была прызначаная судова-медыцынская экспертыза. У выпісцы з мясцовай бальніцы ўказана, што ў дзяўчынкі — лёгкая ЧМТ, страсенне мозгу, удары на целе. Да сярэдзіны кастрычніка, кажа Алена, вынікі экспертызы так і не з’явіліся, а пераслед працягнуўся — на патрабаванне міліцыі школа правярала «становішча ў сям'і» непаўналетняй.

— Усе службы пабывалі дома, правяралі, у якіх умовах жыве маё дзіця, хоць яно ніколі не было ў нейкім сацыяльна небяспечным становішчы. Бацька ў нас афіцэр запасу, маці — настаўніца, звольненая з палітычных прычын, старэйшае дзіця з вышэйшай адукацыяй, сама мая дачка — выдатніца. Шукалі ў нас нешта дрэннае, але не знайшлі. У школе ў выніку разглядалі пытанне аб становішчы нашай сям'і, я вельмі была здзіўленая прозвішчам засядальнікаў. Гэта людзі, якія добра ведаюць мяне, маю дачку, бачылі яе кожны дзень. Адправілі ў міліцыю адказ, што ніякай небяспекі для дзіцяці яны не бачаць, але дзіўна, што ніхто не адмовіўся ўдзельнічаць у гэтым, — кажа жанчына.

— А на неправамерныя дзеянні гвалтоўнага характару супрацоўніка міліцыі нам адказалі, што ён дзейнічаў «як трэба». Муж падаў заяву ў СК, іх з дачкой выклікалі туды на гутарку. Яна потым расказала, як следчы сказаў, што ў яе буйная фантазія. У выніку нам даслалі адказ (дакумент ёсць у рэдакцыі. Заўв. рэд.), што праверка прыпыненая, таму што яны не атрымалі заключэння экспертызы. Чаму яны не маглі яе запатрабаваць, не разумею. Гэта ж крымінальная справа ў чыстым выглядзе — збітае супрацоўнікам у форме дзіця трапіла ў бальніцу! І тое, што людзі прыходзілі да дачкі ў шпіталь пасярод ночы, таксама мусіла быць расследавана, — кажа Алена.

Што адбывалася з іншымі затрыманымі 14 ліпеня

У адзін дзень разам з Аленай былі затрыманыя яшчэ шасцёра жыхароў Іванава. Яна расказала, што да астатніх сілавікі прыязджалі з той самай прычыны, усе гэтыя людзі на волі.

— Гэта быў налёт, у дачыненні да людзей ўжывалі сілу. Яны прыязджалі і да былога ідэолага Іванаўскага РАУС — у аддзел яго заводзілі з рукамі за спінай, галавой уніз, казалі: «Што, пазнаяце? Былы калега». Яму тады далі суткі, здаецца, за непадпарадкаванне. Яшчэ адну жанчыну спачатку пасадзілі на «суткі», потым адпусцілі, другі далі 15 сутак. Быў мужчына, якому далі 25, яго таксама збівалі. Нашага мясцовага прадпрымальніка білі патэльняй, пакуль пілі ягоную ж каву, — на ім ніжэй пояса ўсё было сіняе. Гэта была проста такая карная акцыя, каб усе баяліся, — мяркуе Алена.

Нядаўна да яе ў іншую краіну прыехалі дачка. Жанчына вырашыла не маўчаць пра тое, што здарылася.

— Я не хачу, каб людзі, прачытаўшы гэты тэкст, падумалі толькі пра тое, наколькі ўсё дрэнна ў нашай краіне, і пачалі больш баяцца. Не. Я лічу, што ўсе факты трэба фіксаваць, іх нельга пакідаць без увагі. Людзі павінныя разумець, што ў іх ёсць правы і свабоды, нягледзячы на сітуацыю. І не трэба чакаць, што гэта адбудзецца калісьці потым. Вінаватыя за гвалт над дзіцем павінныя быць пакараныя не ў новай Беларусі, якую мы ўсе хочам пабудаваць, а ўжо цяпер, у гэтай Беларусі. Ва ўсіх ёсць дзеці, і яны могуць сутыкнуцца з падобным.