Нам не спасцігнуць увесь ваш боль, але мы будзем рабіць усё, што можам, каб гэта хутчэй скончылася. Зварот рэдакцыі «Зеркала» ў Дзень незалежнасці Украіны
24 августа 2022 в 1661326800
«Зеркало»
Сёння Украіна адзначае Дзень незалежнасці. Але звыклых святаў не будзе: на галовы людзей могуць пасыпацца бомбы і ракеты. Падаецца, менавіта гэты дзень зараз самы важны для людзей, якія вось ужо паўгода адважна процістаяць расійскай агрэсіі. 24 жніўня - гэта пра права называцца ўкраінцамі, жыць на сваёй зямлі і самім вырашаць свой лёс. І наконт гэтага нам ёсць што сказаць і ўкраінцам, і беларусам.
Проста зараз Расія аспрэчвае само права Украіны на існаванне. Чамусьці людзі (чалавек?) у Крамлі вырашылі, што ваша краіна - гэта не ваша краіна. Пуцін адкрыта заяўляў, што вам (ды і нам) незалежнасць «шчодра падарылі» і пра такія падарункі «самыя заўзятыя нацыяналісты раней нават і не марылі».
Гэта, вядома ж, глупства. Мы расказвалі пра тое, чаму Украіна - гэта зусім не Расія, пра тое, як сфармаваліся межы вашай дзяржавы. Магчыма, прачытаць гэтыя матэрыялы расійскім палітыкам перашкаджае тое, што яшчэ ў першы дзень вайны генпракуратура РФ вырашыла заблакаваць «Зеркало» на тэрыторыі Расіі - як і многія іншыя медыя з усяго свету.
Тое, як украінцы ўжо паўгода даказваюць Расіі прапісныя ісціны, выклікае ў нас і, упэўненыя, у мільёнах беларусаў захапленне. Ваш прэзідэнт не ўцёк, а папрасіў зброю. Вы ўжо ў першыя дні вайны стаялі ў вялізных чэргах да ваенкаматаў, каб абараняць сваю краіну. Кожны дзень вам даводзіцца жыць з невымоўным болем - ад страты блізкіх, дому, усяго свайго звыклага жыцця.
Нам таксама вельмі баліць ад таго, што адбываецца зараз ва Украіне. Але мы разумеем, што ваш боль непараўнальна мацнейшы.
Сёння, у Дзень незалежнасці Украіны, мы б хацелі, каб і ўкраінцы, і беларусы ведалі: кожны ў «Зеркале» робіць усё, што ад яго залежыць, каб як мага больш людзей даведаліся пра жахі гэтай вайны і каб яна як мага хутчэй скончылася. Кожны месяц мы расказваем сапраўдныя навіны двум з паловай мільёнам людзей. Мы паказваем вялізнай аўдыторыі (беларусам, украінцам, расіянам) свет такім, які ён ёсць. Мы расказваем пра боль, волю, спагаду - усё тое, што цяпер характарызуе Украіну.
Беларусь у апошнія паўгода - плацдарм для расійскай агрэсіі. Гэта немагчыма адмаўляць. Але мы спадзяемся, што большасць з тых, хто гэта чытае, аддзяляюць народ Беларусі ад людзей, якія дэ-факта з'яўляюцца ўладай у нашай краіне. Проста зараз яны плацяць свае даўгі за 2020 год - калі Пуцін дапамог Лукашэнку ўтрымацца. І нават заявы прэзідэнта Расіі аб тым, што наша краіна не павінна быць незалежнай, не выціскаюць з беларускіх чыноўнікаў і пары слоў абурэння. Суверэнітэт нашай краіны пад пагрозай - і, як ні парадаксальна, шмат у чым акурат з-за тых, хто павінен яго адстойваць.
Мы верым, што нашыя народы ў выніку ўсё ж - як ні дзіўна гучыць гэта ў 2022 годзе - змогуць зрабіць так, каб на нашых землях не было чужых войскаў.
Украіна была, ёсць і будзе незалежнай. І гэтая вайна павінна скончыцца толькі вашай перамогай.
Рэдакцыя «Зеркала».