Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. «Много мы сбиваем. Мы не смотрим, это российские или украинские». Лукашенко рассказал о беспилотниках, залетающих в Беларусь
  2. СМИ сообщили о ликвидации нового лидера «Хезболлы». Вот как жестоко его уничтожил Израиль
  3. Власти ввели изменение по пенсиям
  4. Выложить видео в чат и сесть в тюрьму. Адвокатка — о границах дозволенного в Беларуси и почему Азаренка не привлекают к ответственности
  5. В Калинковичах задержали хозяйку дома, рядом с которым было снято видео со звуком падения беспилотника
  6. «Юридически разбираемся в документе». В «Альфа-Банке» рассказали, что будет с картами клиентов после введения британских санкций
  7. Еще рано говорить о значительном похолодании. Уходим в глубокую осень? Какой будет погода на следующей неделе
  8. Лукашенко недвусмысленно дал понять, что вновь идет на выборы
  9. Для владельцев автомобилей намерены ввести изменение в 2025 году. Придется раскошелиться
  10. Войска РФ наступают в нескольких районах Донецкой области и заявили о захвате села. Есть также продвижение на Харьковщине и Луганщине
  11. Депутат партии Зеленского предложил перенести боевые действия на территорию Беларуси
  12. Доклад «Украденное детство»: беларусские власти стирают идентичность украинских детей посредством перемещения, перевоспитания и милитаризации
  13. В Минске вынесли приговор 12 задержанным по делу об атаке российского самолета в Мачулищах


З Беларусі Лявон Вольскі з’ехаў летам 2021 года — спачатку на шэраг запланаваных канцэртаў, але гастролі крыху зацягнуліся. Музыкант працягвае вандраваць па розных краінах з акустычнымі канцэртамі, абяцае хутка выдаць новы альбом і філасофскі ставіцца да магчымых ваенных падзей ў Еўропе. Пагутарылі з ім пра эміграцыю, вайну і творчасць, змены ў беларусах і песню, якую Лявон Вольскі зайграе ў «той самы дзень».

Фота з асабістага архіву
Лявон Вольскі на канцэрце ў Вільнюсе, чэрвень 2022 году. Фота з асабістага архіва

«Адчуванне, што знаходзімся на зацягнутых гастролях»

— З моманту вашага ад’езду з Беларусі прайшло каля года. Як вы ўспрымаеце сваю эміграцыю?

— А мы пакуль не ўспрымаем гэта як эміграцыю, — кажа Лявон пра сябе і сваю жонку Яну. — Можа, гэта такія абаронныя сілы арганізму. Адчуванне, што мы знаходзімся на зацягнутых гастролях. Тым больш, у нас пастаянна розныя справы, не сядзім на адным месцы. Атрымліваецца, што мы стасункі з Радзімай паставілі на паўзу, але ўсё роўна — шмат якія рэчы дагэтуль не перавозілі.

Яшчэ летам мінулага году, калі мы паехалі граць канцэрты, увесь час хацелі вярнуцца, але нешта гэтаму замінала. То былі нейкія справы, то ў Беларусі пачыналіся рэпрэсіі супраць музыкантаў. Гэта ўсё адцягвала вяртанне, а потым з’явілася столькі справаў, што ўжо цяжка знайсці час, каб наведаць Радзіму.

— І разумення, што гэта ўсё доўгая эміграцыя, няма?

— Не, такога не адчуваю. Я і раней выязджаў на досыць доўгія тэрміны. Гэты, праўда, найдаўжэйшы, ужо год цягнецца. Але паколькі ты змяняеш краіны, пастаянна бачыш штосьці новае, усё гэта можна залічыць як цікавае падарожжа. Але ж натуральна, па Беларусі сумуеш. Напэўна, больш па беларускай прыродзе, вясковых ландшафтах.

— Зараз вы граеце канцэрты ў розных краінах: Літва, Польшча, Чэхія, і збольшага вас прыходзяць паслухаць беларусы. Наколькі моцна гэтыя выступы адрозніваюцца ад тых, што былі ў Беларусі?

— Глабальнага адрознення не бачу, беларусы досыць падобныя ва ўсім свеце. І зараз яны гавораць прыкладна адно і тое ж: калі можна будзе вярнуцца дамоў, калі скончыцца вайна. Але на канцэртах людзі пазітыўныя, у іх ёсць такая «калектыўная надзея» (смяецца). Але я тут не крытэр, бо заўсёды казаў, што такая сітуацыя ў краіне ненадоўга. Але я так казаў у 2006 годзе, і ў 2010-м. Мяне апраўдвае толькі тое, што ў кантэксце сусветнай гісторыі 10 гадоў — і праўда нічога.

Калі казаць пра саміх беларусаў замежжа, сярод іх ёсць такая пойма людзей, якія выехалі нядаўна, а да 2020 году не займаліся ніякімі грамадска-палітычнымі справамі. А тут яны ўцягнуліся ў пратэсты, і паўстала неабходнасць выязджаць. І вось яны дагэтуль застаюцца досыць актыўнымі. Як мне сказалі ў Беластоку, ніхто раней па-беларуску не размаўляў, а цяпер яны пачалі гаварыць, аддаваць дзяцей у беларускамоўныя садкі і школы.

То бок расце новая генерацыя маленькіх беларусаў. І я гэтаму вельмі рады, таму што раней за мяжой людзі былі досыць пасіўнымі, а большасць тых, хто выехаў, наогул не пачувалі сабе беларусамі. Напрыклад, у Злучаных Штатах яны прыбіваліся да ўкраінскай эміграцыіі, да расійскай. А цяпер — куды не прыязджаеш, досыць вялікая колькасць беларусаў, якія гавораць па-беларуску.

Фота з асабістага архіву
Фота з асабістага архіва

«Людзі вырашылі: будуць самі ратаваць сваё жыццё»

— Калі разважаць пра саміх беларусаў і тыя змены, якія адбыліся ў іх за апошнія некалькі год, відавочна, што дагэтуль працягваецца выказванне незадаволенасці. Мы бачылі пратэсты на рэферендуме, рэйкавых партызанаў, і ўсё гэта нягледзячы на рэпрэсіі і больш за 1200 палітзвязняў. Адкуль у людзей сілы рабіць гэта зараз?

— Па-першае, гэтая сітуацыя вельмі адрозніваецца ад 2006 і 2010 гадоў. У шостым годзе быў студэнцкі моладзевы пратэст на плошчы. Людзі выходзілі два дні, а потым пачалі разыходзіцца. Студэнты і моладзь засталіся ў намётах, усе іх падтрымлівалі, музыкі тады хадзілі на плошчу штовечар, як на працу. Але ў рэшце рэшт гэта быў досыць вузкі моладзевы пратэст, які быў задушаны.

У 2010 годзе пратэст быў больш масавы, але гэта быў адзін вечар. Потым усё разагналі, і ўжо не было ніякага руху. На наступны вечар выйшлі пара чалавек з плакатамі, але да іх падышлі ўпаўнаважаныя людзі: «Хлопцы, давайце вы дахаты». Пратэст, які пачаўся пасля — інтэрнэт-пратэст, творчы пратэст — гэта каштоўна, бо ён паказваў, што ёсць грамадскае абурэнне. Гэта і прывяло да так званай лібералізацыі ў 2017 годзе.

Але тое, што было цяпер, немагчыма параўнаць. Паўсталі ўсе гарады, нават гарадскія пасёлкі, паўсюль была грамадзянская актыўнасць. Яна была справакаваная каранавірусам і памылковай палітыкай уладаў, калі яны да гэтага ніяк не паставіліся: «Захварэў — ну і сам шукай, як ачуняць». І людзі вырашылі: калі ім дадзена права самім ратаваць сваё жыццё, так і будуць рабіць. Яны сталі валанцёрыць, і пачалася інтэграцыя і аб’яднанне — а ўлада якраз вельмі доўгі час працавала, каб гэтага не было. Каб не было двароў, знаёмых паміж сабой суседзяў, каб кожны проста займаўся сваёй сям’ёй, блізкімі і роднымі. Каб не было размоваў пра грамадства і палітыку, кожны быў сам па сабе.

— То бок менавіта гэтае яднанне дазволіла людзям дагэтуль працягваць барацьбу?

— Безумоўна. І гэтыя вялікія народныя массы і натхнілі на працяг пратэсту. Шмат хто быў змушаны з’ехаць, і яны ўжо з-за мяжы працягваюць змаганне. І ўнутры краіны таксама — калі ўлады думаюць, што гэта ўсё можна задушыць і ўтрымаць уладу такім чынам, то гэта вельмі цяжка зрабіць.

Вядома, ёсць група людзей, якім усё роўна, яны працягнуць займацца сваім дабрабытам. Яны былі не там і не там — безумоўна, спачувалі пратэсту, разумелі, што далей у такім існаванні не мае сэнсу, але ўсё роўна былі асцярожныя і памяркоўныя. Але гэтая частка людзей ніколі нічога не вырашала.

А людзі, што актыўна ўдзельнічалі, раней таксама належалі да гэтай масы, якая нічога не вырашала. Яны проста не звярталі ўвагі на тое, што адбываецца ў краіне. Але тут яны абудзіліся, шмат у каго расплюшчыліся вочы. І ўсё кардынальна змянілася.

Фото: TUT.BY
Лявон Вольскі падчас канцэрту ў Мінску, лета 2019 году. Фота: TUT.BY

«Калі трэба будзе нешта бараніць — я гатовы»

— У лютым карціна свету змянілася амаль кардынальна. Ці думалі вы, што вайна сапраўды будзе?

— Ясна, што ўсё прадчувалася, але здаровы сэнс адмаўляўся гэта прымаць. Было разуменне, што гэтая вайна нікому непатрэбная, і перш за ўсё — самой краіне-агрэсару. Ідзе зусім бессэнсоўная і абсурдная вайна. Тыя, хто нападаюць, ваююць за пральную машыну і новый айфон — гэта максімум матывацыі, якая можа быць. Альбо яны проста абалваненыя і сапраўды недзе шукаюць нейкіх фашыстаў (смяецца). Гэта толькі падкрэслівае накал абсурду.

— Якім было вашае 24 лютага?

— Мы тады былі ў Германіі, прыехалі ў Берлін — і з’явілася навіна, што Расія будзе прызнаваць гэтыя непрызнаныя нікім «квазі-дзяржавы» (смяецца). Потым прыехалі ў Варшаву, і на раніцу пачалася вайна. Для мяне гэта было чакана — бо гэтыя ідыёты могуць зрабіць усё, што хочаш.

— У вашым рэпертуары значная частка песен так ці інакш датычыцца ваеннай тэматыкі: «Гэта вайна», «Партызанская», «Сэрца паўстанца», «То ня дудка» ды іншыя. Ці не дзіўна вам разумець, што тое, пра што вы спявалі столькі год, зараз адбываецца насамрэч?

— У мяне і раней былі адчуванні, што гераічная беларуская гісторыя хутчэй за ўсё будзе паўтарацца. І песні пра змаганне ў мяне яшчэ з «Мроі», з самага першага праекту — там была песня «Вайна». Усё стылізаванае, прыдуманае, але цяпер гэта выглядае рэчаіснасцю, без усялякіх перабольшванняў. Хаця было напісана каля 80-х, калі і блізка не было ніякіх перадумоваў.

У суседняй краіне ідзе сапраўдная гарачая вайна. Але не трэба адмаўляць і тое, што ў нашай краіне ў 2020 годзе было становішча, вельмі падобнае да вайны. Проста народ вырашыў не ўжываць зброі і гвалту супраць гэтых людзей. Але яны і на той час, і цяпер дзейнічаюць як ва ўмовах вайны: спакойна страляюць без дай прычыны. Усе пашкоджанні або забойства людзей — ужыванне зброі ў тых выпадках не было неабходным. Таму можна сказаць, што мы перажылі вайну. Безумоўна, ракеты не ляцелі, будынкі не гарэлі. Але было прадчуванне, што і гэта магчыма. Бо ў мяне ніколі не было ілюзій, што тыя людзі, якія акапаліся ва ўладзе апошнія дзесяцігодзі, скажуць: «Ах, так шмат пратэстоўцаў, усё, я падаю ў адстаўку!»

Можа быць, гэтая ўнутраная напруга і дыктавала такі падыход да песень. «Мы партызаны, лясныя браты» — вось гэтую песню можна прыцягнуць да нашых умоваў. Ды і ў 1996-м, калі я яе напісаў, не было спакою: масавыя мітынгі, людзі перакульвалі машыны, кідаліся камянямі. І АМАП адступаў пад націскам. З таго часу гэтае напружанне нікуды не падзелася — проста вялікая частка народу сказала: «Ай, ладна, раз так не атрымліваецца, будзем займацца сям’ёй».

— Праз вайну беларусы сутыкаюцца з калектыўнай адказнасцю за тое, што з нашай тэрыторыі вядуць абстрэлы. Вы раней казалі, што праз гэта былі пэўныя праблемы з музычнымі пляцоўкамі, і даводзілася тлумачыць, што вы супраць вайны. Як вы ставіцеся да такіх абвінавачванняў?

— Тут цяжкае пытанне. Калі казаць пра міжнародныя нормы, то безумоўна, краіна з’яўляецца суагрэсарам і ўдзельнічае ў вайне на баку Расійскай Федэрацыі, таму што дае свае тэрыторыі пад ваенныя базы, з гэтай тэрыторыі абстрэліваецца суседняя краіна. Такога не можа быць, што з нашай тэрыторыі ўсё ляціць, але мы не ўдзельнічаем у вайне.

Але таксама ёсць нюанс, калі можна так сказаць — гэтыя тэрыторыі ўжо знаходзяцца пад акупацыяй. Ці можна лічыць гэта рашэннем самастойнай краіны і народу, які вымушаны жыць пад пастаянным прыгнётам? Жыць са страхам, што цябе не проста пасадзяць у турму, але будуць катаваць, ты будзеш знаходзіцца ў нечалавечых умовах.

Гэта называецца акупацыяй: народ не належыць сабе, не можа прамовіць тое, што думае, бо гэта падлягае крымінальнай адказнасці паводле законаў, прынятых акупацыйнай адміністрацыяй. Прычым людзі ў Беларусі двойчы акупаваныя: спачатку горсткай людзей, якія захапілі ўладу і не хочуць сыходзіць, а цяпер краіна фактычна акупаваная Расіяй.

— Вы асабіста сутыкаліся з негатывам?

— Мы перыядычна кантактуем з украінцамі па розных творчых справах, і ў наўпроставых дачыненнях ніколі не было, каб хтосьці штосьці такое сказаў. Мы, безумоўна, тлумачым, што адбываецца.

Тут яшчэ трэба зазначыць, што ўкраінцы вельмі кепска валодаюць беларускай сітуацыяй. Яны былі вельмі доўга ачараваныя магіяй Лукашэнкі, ім здавалася, што ў іх вечны бардак, а тут «крэпкі хазяйственнік» узяў усё ў сваю руку. Калі пачаліся пратэсты, яна толькі паглядзелі: «А чаго, бацька ж нармальны». Таму з пачаткам вайны яны не разумелі, як гэта — ён прыязджаў і абдымаўся з Зяленскім, а тут вось такое зрабіў. Яны не адсочвалі, што ў іх пад бокам робіцца. І вось з гэтага складаецца непрыемная карціна неінфармаванасці і нянавісці.

Фота з асабістага архіву
Лявон з жонкай Янай у цэнтры. Фота з асабістага архіва

— Да тэмы вайны ва Украіне: ці ёсць у вас адчуванне, што гэтым ўсё не скончыцца, і вайна будзе распаўсюджвацца на іншыя тэрыторыі?

— Я сам не палітычны аналітык, але калі іх паслухаць, то гавораць рознае, і нават смешна: учора казалі адно, а сёння ўсё перайначылася. Як прагнозы надвор’я. Тут праблема, што ўсё залежыць не толькі ад кіраўніцтва нашай краіны, а ад іншага, якое кажа: «Калі што, мы бомбу кінем», і гаворыць пра гэта ўсё часцей. Я спадзяюся, што да гэтага не дойдзе, але калі нават адзін з іх загнаны ў вугал, усяго можна чакаць.

Ніякага асабістага страху ў мяне няма. Калі будзе трэба дзейнічаць па сітуацыі — буду дзейнічаць. Калі трэба будзе рэагаваць, нешта бараніць — то, у прынцыпе, я гатовы.

«Для творчасці мала што змянілася: вораг застаецца той жа, змянілася толькі фаза канфлікту — цяпер яна страшна гарачая»

— Зараз у Беларусі склалася сітуацыя, калі амаль усе музыкі, за выключэннем праўладных, з’ехалі з краіны, выступаюць перад беларусамі замежжа. Ці ёсць у вас адчуванне, што гэта неяк уплывае на творчасць, што вы паступова становіцеся спеваком эміграцыі?

— Не (смяецца). Спявак эміграцыі — гэта трэба спяваць пра бярозкі, пра старонку родную. Такога няма (смяецца).

Але калі я толькі прыехаў у Варшаву граць першы канцэрт, быў такі эпізод. Звычайна ў грымёрцы ходзяць розныя людзі, ты іх візуальна ведаеш, усе з музычнай тусоўкі. І ў Мінску хадзілі. Дык вось гэтыя самыя людзі былі і на варшаўскім канцэрце: тут ходзіць рэжысёр, якога ты ведаеш, гэта мастак, гэты тэксты піша. То бок ўся цалкам мінская тусоўка за сцэнай пераехала ў Варшаву. І я быў страшна здзіўлены, бо толькі тады зразумеў, якая кольскаць людзей выехала.

— Вы раней казалі, што новы альбом будзе да канца лета…

— Як скажаш, так ужо і ўсё (смяецца). Трэба маўчаць і нічога не казаць, каб пасля адразу рэліз.

— А цяпер усё, позна! Пра што будзе гэты альбом?

— Ён будзе нават не на мае словы. А на чые — гэта ўжо таямніца. Плануецца адразу два альбомы, першы якраз не на мае словы. Ён будзе задуменны, значна больш лірычны за папярэдні, хутчэй за ўсё там будзе шмат акустычнай гітары, інструментаў з арсеналу сімфанічнага аркестру, дзесьці габой, дзесьці кларнет.

Частка песень ужо існуе у дэма, трэба проста ўзяцца — там справа аднаго-двух тыдняў. Але тут такая пастка: паколькі мы ўвесь час едздім, не паспяваем займацца асноўнай дзейнасцю — ствараць ці запісваць альбом. Трэба проста сабрацца з музыкамі ў студыі, адрэпетаваць і запісаць. Але на гэта няма часу, бо і зараз зноў трэба ехаць.

— Ці стала складаней зараз у плане творчасці?

— Не, а чаму? Некаторыя паэты казалі, што зараз наогул немагчыма пісаць. Але у мяне не было такога, што калі гавораць пушкі, музы маўчаць. Адразу пасля пачатку вайны мы зрабілі песню «Героям слава!», яе імгненна пераклаў на ўкраінскую мову паэт Вячаслаў Лявіцкі (у запісу ўдзельчалі таксама Юры Стыльскі, Аляксандр Памідораў і польскі музыкант Томаш Органэк. — Удакл. рэд.).

— Але вайна паўплывала неяк на тое, што вы ствараеце?

— Я сам думаў пра гэта. Але ваенна-вайсковая тэматыка і так была багата прадстаўлена. Нават песня «Свабоды не стрымаць», якую граю на акустычных канцэртах, таксама пра гэта: мы ідзем кудысьці, у працэсе вайны. Таму для творчасці мала што змянілася: вораг застаецца той жа, змянілася толькі фаза канфлікту — цяпер яна страшна гарачая. А зараз гэты нарыў ускрыецца, гэта ўсё разваліцца. Чаго так даўно жадалася. І на аскепках імперыі збудуецца шэраг нармальных цывілізаваных дзяржаў. На гэта патрэбны доўгі час, але варта, каб яно хаця б пачалося.

— І апошняе пытанне, пра светлую будучыню. Шмат хто з беларусаў пасля 2020 году ўяўляе сабе «той самы дзень», калі ўсё скончыцца. Якую песню тады зайграе Лявон Вольскі?

— Як ні круці, але давядзецца «Тры чарапахі» (усміхаецца). А потым можна і шэраг іншых — для любой урачыстасці, і асабліва для такой ёсць шмат песень. Але найперш яе, бо гэта своеасаблівы гімн пратэсту. На плошчы, з шампанскім і морам бел-чырвона-белых сцягоў будуць гучаць «Тры чарапахі».