Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьму Чорнага. Герой гэтага тэксту — Максім Танк.
1. Стаў голасам Заходняй Беларусі
У мінулым стагоддзі Беларусь амаль дваццаць гадоў існавала падзеленай: у 1921−1939-м заходняя частка нашай краіны належала Польшчы, усходняя — СССР. Выпадкова ці не, але ў пасляваеннай беларускай літаратуры агульнапрызнанымі класікамі пераважна станавіліся ўсходнікі, заходнікаў жа на гэтым «Алімпе» было вобмаль. Сярод апошніх самым значным празаікам лічыўся Вячаслаў Адамчык, аўтар рамана «Чужая бацькаўшчына», а галоўным паэтам — Максім Танк.
Яўген Скурко (яго сапраўднае імя) нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына цяперашняга Мядзельскага раёна. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я эвакуіравалася ў Маскву, але ў 1922-м вярнулася на радзіму — і далей Яўген рос менавіта ў Заходняй Беларусі. З 14 гадоў ён вучыўся ў рускай гімназіі ў Вілейцы, дзе рабіў першыя паэтычныя спробы. А з 16 гадоў — у беларускай гімназіі ў Радашковічах, дзе і пазнаёміўся з беларускай літаратурай, захапіўся творамі Купалы і Коласа. Праўда, хутка быў выключаны і накіраваўся ў Вільню, дзе вучыўся ў беларускай і далей у рускай гімназіях.
У тыя часы ў рэгіёне праводзілася палітыка паланізацыі. Беларускія навучальныя ўстановы закрываліся, мясцовых дзяцей пераводзілі на адукацыю па-польску, з чым сутыкнуўся і юны Скурко (за забастоўкі супраць гэтага яго і выключалі з беларускіх гімназій у Радашковічах і Вільні). Міністр асветы Леапольд Скульскі заяўляў, што «праз дзесяць гадоў у Польшчы нават са свечкай не знойдзеце ніводнага беларуса».
У адказ яму ў 1931-м юнак напісаў верш, які стане знакамітым:
Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога, —
Дык для каго будуеце, панове,
Канцлагеры, катоўні і астрогі?Супроць каго рыхтуеце расправы
І шыбеніцы ўзносіце пад хмары,
Штодня арганізуеце аблавы
І ўсіх мабілізуеце жандараў?Супроць каго рыхтуеце вы змовы
З прадажнымі і юдамі, і богам, —
Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога!
Выратаванне ад дзеянняў польскіх уладаў многія жыхары Заходняй Беларусі тады бачылі ў камунізме (якога на сваім досведзе не ведалі). Сціплыя ўмовы жыцця, недахоп зямлі, немагчымасць атрымаць адукацыю на роднай мове прыводзілі да ўсё большай папулярнасці левых ідэй. Іх галоўным выразнікам выступалі камуністы, якія апелявалі да досведу БССР, дзе ў дваццатых рэалізоўвалася беларусізацыя — развівалася беларуская мова і культура, нашыя суайчыннікі вылучаліся на дзяржаўныя пасады, установы пераводзіліся на беларускую. Не дзіўна, што ў такіх умовах малады адукаваны «заходнік», які цягнуўся да беларушчыны, стаў актывістам камуністычнага падполля.
Для сваёй пратэснай творчасці Яўген Скурко выбіраў адпаведныя псеўданімы. У ранніх творах сустракаўся Аўгень Бура, аднак першым вядомым псеўданімам стаў А. Граніт — так паэт падпісваўся ў рукапісным часопісе «Пралом», які выдаваў разам з сябрам яшчэ ў гімназіі ў 1932 годзе. Часопіс трапіў у БССР, і там вершы А. Граніта нават уключылі ў «Хрэстаматыю заходнебеларускай літаратуры». А ў красавіку таго ж года ў газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё», выдадзенай у Львове, з’явіўся верш пра забастоўку польскіх шахцёраў «Заштрайкавалі гіганты-коміны», падпісаны псеўданімам «Максім Танк» (праз пару тыдняў за ўдзел у нелегальным друку хлопец быў арыштаваны і месяц ці два правёў у віленскай турме Лукішкі).
«Максім — гэта ад Горкага, пад уплывам якога мы ўсе тады знаходзіліся, — тлумачыў пазней класік. — А Танк — нават сам добра не магу растлумачыць, чаму Танк. Як многім пачынаючым паэтам, мне здавалася, што літаратурны поспех залежыць ад гучнага псеўданіма. Свет „раслінных“ псеўданімаў быў ужо, што называецца, разабраны: Пушча, Колас, Чарот, Васілёк… Мне нічога не заставалася, як пашукаць што-небудзь „жалезнае“, вось я і спыніўся на Танку. Тады я не ведаў яшчэ, што гэта слова мае адносіны да вершаў: танка — адзін з класічных жанраў японскай паэзіі».
Вельмі хутка Максім Танк стаў голасам Заходняй Беларусі, бо ставіў пытанні нацыянальнага вызвалення і сацыяльнай справядлівасці, самыя вострыя на той момант. «Творы Танка — гэта лавiна, якая парывае ўсiх, трасе ўсiм i ламае ўсё», — пісалі пра яго ў заходнебеларускім друку.
Улады адказвалі яму належным чынам. У 1936 годзе выйшаў яго першы зборнік «На этапах», наклад якога адразу канфіскавала цэнзура. Газеты з’едліва паведамлялі, што ў якасці ганарару паэт атрымаў шэсць месяцаў турэмнага зняволення.
У гэты ж час у БССР было не лягчэй, праводзілася аналагічная палітыка: беларусізацыю 1920-х змяніла русіфікацыя 1930-х. Ды толькі адказаць на гэта калегі Танка па той бок мяжы публічна ўжо не маглі: рэпрэсіі ішлі поўным ходам. У адных гэты боль заставаўся невымаўленым, у іншых трапляў хіба што ў рукапісы, якія потым пераважна так і не пабачаць свет. Мо ў гэтым адна з прычын, чаму для людзей у здранцвелай ад страху Беларусі аказаўся такім сугучным Танкаў голас: ён адгукаўся па абодва бакі мяжы.
Але прызнанне Танка тлумачылася не толькі гэтым. Літаратуразнаўца Мікола Арочка так пісаў пра шэраг іншых заходнебеларускіх паэтаў: «Лозунгавая дэкларатыўнасць часам змянялася адчайнай журбой, слёзнымі нараканнямі. Пераломнаму этапу патрэбны быў іншы грамадзянскі тонус, жыццядзейная ўпэўненасць у сілах». А вось Танк, на думку даследчыка, змог аб’яднаць «паэзію моцы і паэзію красы» (грамадзянскі пафас і мастацкую форму, эстэтыку). А вось і прыклад — верш «Паслухайце, вясна ідзе», дзеянне якога адбываецца ў турме.
Паслухайце, вясна iдзе.
Звiнiць ў маiм акне жалеза.
З вiнтоўкай стражнiк ноч i дзень
Пiльнуе куст пахучы бэзу.А ён расцвiў, агнём гарыць,
Такiм пахучым, мяккiм, сiнiм,
На дрот калючы, на муры,
Як хустку, полымя ускiнуў.Я цiха разбудзiў другiх.
Ад слёз сiнелi вочы бэзам.
I недзе хруснула ў худых
Руках iржавае жалеза.
Максім Скурко, сын Танка, прызнаўся, што бацькаву паэзію дзеліць на два этапы — да і пасля 1939 года. «На мой погляд, самая моцная, яркая, самая пранізлівая паэзія — першы этап, — казаў ён. — У савецкі [ж] перыяд трэба было выжыць».
2. Дапамог мадэрнізаваць беларускую паэзію
У міжваенны час у СССР ужо ўсталёўвалася жалезная заслона, а вось Польшча ўсё ж заставалася часткай Еўропы, у тым ліку ў сферы культуры. У 1930-я Вільня ўяўляла сабою сапраўдны літаратурны Вавілон, дзе адначасова выходзілі беларускія, польскія, літоўскія, расійскія і яўрэйскія перыядычныя выданні. Мясцовыя літаратары перакладалі адзін другога, ладзілі супольныя паэтычныя вечарыны. Максім Танк у той час шмат перакладаў польскіх паэтаў.
«Праз польскую паэзію была магчымасць рэтрансляваць дасягненні заходнееўрапейскай паэзіі ў Беларусь, і Танк паспяхова справіўся з гэтай няпростай задачай. Многія яго вершы ўзніклі з прыслухоўвання да Захаду, хоць паэт часцей быў вымушаны глядзець на Усход», — адзначаў даследчык Міхась Скобла.
Знаходзячыся ў віры літаратурнага жыцця, Танк наракаў, што беларуская паэзія «усё яшчэ развіваецца ў нейкай самаізаляцыі ад усіх сучасных авангардысцкіх напрамкаў, якія адмовіліся ад старых рыфмаў, дакучнай меладыйнасці, кананічнай логікі развіцця вобразаў». І сам ён імкнуўся пісаць іначай, «па-новаму».
«Вершы сведчаць, што Танк увесь свет лічыў сваім, набыткаў ягоных не цураўся — і карыстаўся напоўніцу з еўрапейскай і сусветнай культуры, досыць вольна ў іх пачуваючыся. Па колькасці прамых і прыхаваных алюзій ён, відаць, абсалютны чэмпіён у беларускай савецкай паэзіі», — адзначаў літаратар Альгерд Бахарэвіч. З ім згодны і Мікола Арочка: «Выдатныя творцы культуры з усіх шырот свету, з усіх гістарычных эпох (Гамер, Авідзій, Дантэ, Скарына, Шэкспір, Рэмбрант, Мікеланджэла, Міцкевіч, Шапен, Шагал, Норвід), а таксама міфічныя багі, праведнікі, д’яблы, героі народных паданняў — усё асэнсоўваецца [Танкам] дзеля вельмі актуальнай праекцыі ў сучаснасць».
Чым ты, Сакраце,
Афіны праславіў,
Што залаты бюст табе люд паставіў,
Перш атруціўшы…
Такому падыходу Танк заставаўся верным усё жыццё. «Яго пазнейшыя вершы стракацяць цытатамі — тут табе і любімая ім лаціна, і французская, і нямецкая, і італьянская, і іспанская, і грэцкая, і польская, і розныя „мовы народаў СССР“, і нават кітайская <…>. Танк з сімпатыяй піша пра Японію, падсвядома адчуваючы блізкасць сваёй паэтыкі да традыцыйнай японскай, — і нічога дзіўнага няма ў тым, што пад канец жыцця ён сам пачынае пісаць хоку, да гэтага ўсё і ішло», — працягвае Бахарэвіч.
Гаворачы пра паэзію Танка, немагчыма не згадаць яго хрэстаматыйныя вершы. Наступны, прадстаўлены ў школьных падручніках, — «Родная мова», — ён напісаў у 1943 годзе, падчас Другой сусветнай вайны.
…Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калі ж ападзе і развеецца дым
І нівы васкросшыя закаласяцца, —
Ізноў прашуміш ты вясновым дажджом,
Ізноў зазвініш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасі іх сярэбраны гром
І вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.
У 1957-м з’яўляецца яго Ave Maria.
«Непрыняцце любых формаў духоўнага марнатраўства і аскетызму прыгожа, незвычайна пластычна ўвасоблена праз напружанае жывапісанне вобраза манашкі. <…> Развярэджанасць пачуццяў нарастае ад захаплення да актыўнай лірычнай размовы з гераіняй, да страснай мальбы („О, як кармілі б грудзі такія, — Ave Maria!“). Эстэтычная пропаведзь высокіх чалавечых ідэалаў — гэта страсная малітва, якая для паэта набыла значэнне цяжкай, неадступнай бітвы за чалавека», — пісаў Мікола Арочка.
Звон кафедральны кліча на Ave.
З цесных завулкаў злева і справа
Гуртам манашкі ў чорным адзенні
Цягнуцца, быццам сумныя цені.
Тут і старыя, і маладыя, —
Ave Maria…Я не звярнуў бы і ўвагі, можа,
Каб не пабачыў між іх прыгожай
Адной манашкі, якая мае
Не больш, хіба, як семнаццаць маяў;
Чорныя вочы, бровы густыя, —
Ave Maria!
[…]
3. Адкрыў для беларускай літаратуры свабодны верш
У масавай свядомасці вершы асацыююцца з рыфмамі і рытмам, а свабодныя вершы (верлібры) без іх — нібы парушэнне правілаў гульні. У англійскай літаратуры апошнія распаўсюдзіліся яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. Аднак да беларускай дабіраліся з цяжкасцямі доўгія гады, бо яшчэ на рубяжы 1920-х — 1930-х іх бязлітасна выкаранялі як заходнюю «моду» і «мёртванароджанае дзіця».
У 1950-я Максім Танк стаў, бадай, першым беларускім класікам, які зрабіў крок насустрач гэтай новай форме. «У нейкі момант ён адышоў ад рыфмы да свабоднага верша, казаў, што ў рыфме столькі не скажаш, трэба вады шмат наліваць. І дадаваў: „Давай пачнем з таго, што ў рыфмаванай паэзіі Пушкіна ўжо ніхто не пераплюне“», — згадваў яго сын.
Высокі статус Танка — як грамадскі, так і паэтычны — спрыяў хуткім перакладам яго твораў на рускую мову, і яны хутка станавіліся вядомымі ў СССР. Таму ён, па ацэнцы літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы, «адчувальна паўплываў на нараджэнне/адраджэнне верлібра не толькі ў роднай беларускай, але і ва ўсёй савецкай паэзіі».
«Рыфмы заўсёды яго скоўвалі, і па меры свайго развіцця ён карыстаецца імі ўсё радзей і, здаецца, звяртаецца да іх у асноўным з нейкіх афіцыйных нагодаў: каб не ўзнікала сумневу ў яго палітычнай — і паэтычнай — лаяльнасці, — меркаваў Альгерд Бахарэвіч. — Там, дзе ён пачуваўся вольным ад навязанай яму формы, Танк і цяпер чытаецца, і праз стагоддзе будзе — бо меў што сказаць».
Сваё вершаскладальнае крэда сам паэт апісаў так:
Калісьці хапала мне
Ямбаў, харэяў,
Адмераных,
Строгіх радкоў.
А зараз пішу
У рытме свайго
Арытмічнага сэрца,
Зямлі і падзей.
«Танкавых верлібраў — адточаных амаль да дасканаласці, напоўненых унутраным гудзеннем, нібы ракавінкі, сціснутых да такога стану, калі ў вершы не застаецца нават ніводнага лішняга гуку, не кажучы ўжо пра лішняе слова — можна набраць сабе ў калекцыю столькі, што рызыкуеш не ўтрымаць усе іх у памяці», — адзначаў Бахарэвіч.
Вось прыклад:
Ідзе сляпец, асцярожна
Пастуквае кавенькай,
Быццам баючыся,
Каб на яго стук
Зямля не адказала:
«Калі ласка…»
І яшчэ адзін:
Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
І воды,
І медныя трубы:
— Што самае цяжкае
На гэтым свеце?І ён адказаў:
— Прайсці праз вернасць.
І апошні.
Ты яшчэ толькі намёк
на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці;
Ты яшчэ — чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу;
Ты толькі — паўчалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на любоў,
І толькі тады становішся чалавекам,
Калі ўсе могуць спадзявацца
На цябе.
4. Нягледзячы на веру ў камунізм, падтрымліваў БЧБ і «Пагоню»
Максім Танк быў шчырым камуністам. Яго любімай кнігай быў стары зборнік паэзіі Маякоўскага, падараваны жонкай, — творца ведаў яго ўвесь на памяць. Ён супрацоўнічаў з нелегальнымі камуністычнымі выданнямі, уваходзіў у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Але разам з тым лічыў нацыянальнымі сімваламі менавіта бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» — дзяржаўныя сімвалы абвешчанай у 1918-м Беларускай Народнай Рэспублікі, якія ўспрымаліся моладдзю таго часу як свае. У 1938-м Танк у дзённіку з пашанай пісаў пра стваральніка гэтага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага. А яшчэ раней, у 1930-м, васямнаццацігадовы паэт стварыў верш «Ты чуеш, брат?»:
Tы чyeш, бpaт, як нaпpaдвecнi
Bятpы, лёд кpышyчы, гyдyць,
Як нa cвaю paдзiмy з пecняй
Знoў птyшкi з выpaю лятyць.Пaгoнi ciлы бaявыя,
I вы pыxтyйцecя ў пaxoд,
Kaб знiшчыў пyты вeкaвыя
Haш зaнявoлeны нapoд.Глядзiцe ў бyдyчыню cмeлa!
Hacтaў дoўгaчaкaны чac,
Пaд cцягaм бeл-чыpвoнa-бeлым
Чaкae пepaмoгa нac.Hяxaй жa мeч Пaгoнi ззяe!
Гapтyймa нaшy eднacць, мoц!
Bядзi нac, Boля пpacвятaя,
Дa нoвaй cлaвы, нoвыx coнц!
Аднак камунізм ніяк не асацыюецца з нацыянальнай ідэяй, носьбітаў падобных каштоўнасцяў там здзекліва называлі нацдэмамі (ад нацыянал-дэмакратаў). У 1930-х тыя сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Як жа Максім Танк пазбег падобнай долі?
Спачатку яго зберагло жыццё ў Заходняй Беларусі. Там было таксама не соладка: апрача палітыкі паланізацыі, Варшава яшчэ і трактавала нашыя землі толькі як аграрны прыдатак, што штурхала беларусаў да эканамічнай эміграцыі. Паводле розных звестак, з Заходняй Беларусі з’ехала ад 130 тысяч да 180−250 тысяч чалавек. У дадатак пасля дзяржаўнага перавароту 1926 года Польшча стала аўтарытарнай краінай.
Пры гэтым цэнзура і закрытая мяжа дапамаглі СССР прыхаваць усталяванне таталітарызму ад людзей у Заходняй Беларусі, а ўласныя ілюзіі апошніх перашкаджалі ім прыслухацца да звестак пра рэаліі савецкага жыцця, якія ўсё ж прасочваліся праз жалезны мур.
У выніку ў 1932 годзе Танк — як і сотні, калі не тысячы маладзёнаў яго веку — збег праз мяжу ў Савецкую Беларусь за «светлай будучыняй». І тут яму неймаверна пашанцавала (хаця сам ён тады, бадай, быў іншай думкі).
У Мінску перабежчыка арыштавалі і кінулі за краты, нават падсылалі ў камеру правакатара, які закідваў яму, што па вяртанні ў Польшчу паэт папросіць прабачэння ва ўладаў (Скурко даў яму ў вуха). Але праз два тыдні пільнай праверкі проста выдварылі назад праз мяжу (відаць, нейкай небяспекі для савецкага ладу ў маладым хлопцы не пабачылі, наадварот, зразумелі, што такія актывісты-камсамольцы ў Заходняй Беларусі ім патрэбныя).
Гэта стала для будучага паэта вялікім жыццёвым шчасцем: многіх, хто тады ўцёк з Польшчы і застаўся ў БССР, паверыўшы савецкай прапагадзе, пазней абвінавацілі ў шпіянажы і расстралялі. Ды і большасць «карэнных» літаратараў стала ахвярай рэпрэсій 1930-х.
Скурко-Танку ў наступныя гады пад польскай уладай таксама даставалася: за падпольную камуністычную дзейнасць яго (ужо сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі) не раз арыштоўвалі, сумарна каля двух гадоў ён правёў у турме, канфіскоўваліся яго кнігі. Аднак усё гэта нават блізка не было падобна на рэпрэсіі па іншы бок мяжы.
А потым здарыўся 1939 год: дамова СССР з нацысцкай Германіяй, сумесны напад на Польшчу. Гэта стала пачаткам Другой сусветнай вайны, але дапамагло ўключыць Заходнюю Беларусь у склад БССР. Рэпрэсіі, якія адразу ж пачаліся на далучаных тэрыторыях, Танка, як ужо вядомага камуніста і паэта, не закранулі, хоць яго жыццё неаднаразова трымалася на тонкім лёдзе.
«У нас дома заўсёды стаяла катомка з сухарамі, — расказваў сын класіка Максім Скурко. — Прыязджаў „варанок“ — звычайна ў гадзіну ці дзве ночы, — яго везлі „куды трэба“… з кіраўніком ведамства (кіраўніком беларускага НКУС Лаўрэнціям Цанавай. — Заўв. рэд.) пагуляць у більярд. У працэсе гульні нібыта між іншым гучалі пытанні: „Яўген Іванавіч, а што вы думаеце аб гэтым, аб тым…“ Пагулялі — дзякуй — бліжэй да раніцы адвязуць дадому».
Свае думкі і погляды Танк, відаць, трымаў пры сабе. У іншым інтэрв'ю сын адзначаў пра яго: «Цяжка сказаць, што было ўнутры. Памятаю такія эпізоды, калі раздаваўся званок і ў слухаўцы гучаў загад: да 1 мая напісаць верш у газету. А калі натхнення няма? Твае праблемы. Такія былі жорсткія рамкі».
З часам Танк прыстасаваўся да савецкай сістэмы і стаў яе часткай, а таму спачатку адмоўна ўспрыняў распад СССР. «Гаварыў, што ўся Еўропа аб’ядноўваецца, а мы, наадварот, — асобныя дзяржавы і межы. <…> Думаю, узрост быў ужо не той і ўнутраных сіл не засталося, каб успрыняць змены. І бацька, і маці моцна хварэлі. Гадоў пяць — то ён, то яна ў рэанімацыі. Потым мама ў каляску села. Не да палітыкі ўжо было», — расказваў сын паэта.
Але праз нейкі час Танк стаў глядзець на сітуацыю іначай. У 1994-м, за год да смерці, ён адзначаў: «Сённяшні XI з’езд [Саюза] пісьменнікаў сапраўды заслугоўвае звання гістарычнага, бо ўпершыню сабраўся ў свабоднай і суверэннай нашай Беларусі, над якой горда рэе бел-чырвона-белы сцяг». У 1995-м, перад смерцю, ён выступіў супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму па змене дзяржаўнай сімволікі.
5. Нечакана стаў вялікім начальнікам, але застаўся сапраўдным паэтам
Здавалася б, сапраўдная літаратура не сумяшчаецца з вялікай уладай і значнымі грамадскімі пасадамі. Тым не менш для пасляваеннай БССР гэта было не зусім рэдкасцю. Старшынямі Вярхоўнага Савета рэспублікі — яго дэпутаты фактычна прызначаліся і за ўсё галасавалі аднагалосна — у 1971−1990-м былі празаікі Іван Шамякін і Іван Навуменка. Ужо ў незалежнай Беларусі адну з камісій парламента ўзначальваў паэт Ніл Гілевіч. Але, падобна, першым літаратарам на такой вышыні, ды не з «прыземленых» празаікаў, а з паэтаў, быў менавіта Максім Танк. Ён займаў пасаду старшыні Вярхоўнага Савета БССР з 1965 па 1971 год.
Пры гэтым у яго была процьма іншых пасад і рэгаліяў, у тым ліку адначасова. З 1948 па 1967 год Танк быў галоўным рэдактарам самага прэстыжнага літчасопіса краіны «Полымя». Далей ажно да 1990 года ўзначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Меў званне Народнага паэта Беларусі (1968), акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук (1972), ганаровага грамадзяніна Мінска (1987). Усё гэта давала шмат дабротаў і магчымасцяў. Яшчэ ў 1954 годзе менавіта Танку (а таксама Міхасю Лынькову і Аркадзю Куляшову) дазволілі пабудаваць лецішчы на возеры Нарач. У сярэдзіне 1970-х паэт-чыноўнік атрымаў кватэру ў знакамітым «даляры» — S-падобным дзевяціпавярховіку на вуліцы Кульман, дзе жылі прадстаўнікі савецкай эліты.
Такая колькасць рэгаліяў па ўсёй логіцы жыцця павінна былі ператварыць Танка ў забранзавелага начальніка. Але гэтага не адбылося. Ён ахвотна дапамагаў людзям.
Яшчэ ў сталінскія часы Танк намагаўся надрукаваць творы вязня ГУЛАГа Барыса Мікуліча; дзякуючы яго лісту былі палепшаны лагерныя ўмовы Пятра Бітэля, перакладчыка «Пана Тадэвуша». Пазней ён спрыяў і Ларысе Геніюш, якая таксама прайшла ГУЛАГ. Хоць яна адмовілася прыняць грамадзянства БССР (а Танк пераконваў яе асабіста), не ўступіла ў Саюз пісьменнікаў і не імкнулася ўдзельнічаць у савецкім грамадскім жыцці, ён дапамог ёй выдаць кнігу «Невадам з Нёмана» (1967).
Тады ж, у сярэдзіне 60-х, маладога Зянона Пазняка, які вучыўся на акцёра, выключылі з Тэатральна-мастацкага інстытута (сучасная Акадэмія мастацтваў) за «палітычную нядобранадзейнасць». Дзякуючы свайму ўплыву Танк дапамог яму аднавіцца на мастацтвазнаўчым аддзяленні. І нават калі перад абаронай дыплома Пазняка (які нібыта сарваў рускамоўную насценгазету) выключылі другі раз, паэт зноў дапамог, і будучы археолаг і палітык усё ж атрымаў дыплом.
Больш за тое, жыццё вялікага начальніка не паўплывала на літаратурную працаздольнасць Танка. Нават у 80-гадовым узросце ён пісаў па тры вершы ў дзень. У такім тэмпе ён працаваў гадамі, прычым мог ствараць творы, нават седзячы ў прэзідыумах.
«Максім Танк быў сапраўдным паэтам, нават больш ад Бога, чым ад сябе самога. Нягледзячы на сваё непрабойнае і наступальнае прозвішча, [ён] болей жыў сваім унутраным жыццём, і ўсім заставалася толькі здагадвацца, што ў яго насамрэч у галаве. Танк <…> быў высокім статным мужчынам і, у адрозненне ад [папярэдняга кіраўніка Саюза пісьменнікаў] Броўкі, не мітусіўся, а хадзіў гэтак па-міністэрску размерана і грунтоўна. Ён усё болей выседжваў у прэзыдыюмах, ездзіў па свеце і, здаецца, ні пра што й не думаў, а толькі чакаў — увесь час цярпліва чакаў імпульсу ад свайго найвышняга патрона. Патрон час ад часу дыктаваў яму геніяльныя вершы», — пісаў крытык Сяргей Дубавец.
Нягледзячы на высокае становішча, Максім Танк да апошняга заставаўся сціплым чалавекам, які не гнаўся за вонкавымі атрыбутамі ўлады. У тэстаменце ён забараніў хаваць сябе, як іншых высокіх пасадоўцаў, на прэстыжных Маскоўскіх могілках: «Там і так месца мала», запатрабаваў не ладзіць афіцыйных цырымоній з аркестрам і вынасам ардэноў. Яўген Скурко прасіў пакласці яго цела каля роднай хаты, на сельскіх могілках. Там паэта і пахавалі ў адной магіле з жонкай Любоўю — яго першай чытачкай і рэдактаркай, з якой ён пазнаёміўся яшчэ ў гімназіі і ў згодзе пражыў ўсё жыццё.
Чытайце таксама

